Skip to main content

Мой шлях у Будслаў з баранавіцкімі пілігрымамі

баранкі 4Упершыню я задумалася аб тым, каб пайсці ў пілігрымку “Баранавічы-Будслаў” паўгода таму, калі пра яе падчас рэкалекцый у Гродне ўзгадаў святар з Пінскай дыяцэзіі Павел Рудзьман. Тыя з маіх знаёмых, якім ужо даводзілася хадзіць у Будслаў з “Баранкамі”, горача раілі далучыцца да паломніцтва. Іншыя казалі, што там ідуць адны шалёныя і нацыяналісты. Я з цікаўнасцю вырушыла ў пілігрымку. Крыху пра тое, што запомнілася.

Пілігрымы-нефармалы

Першымі, хто кінуўся мне ўвочы сярод паломнікаў, былі дзяўчына з яркімі сінімі валасамі і хлопец, пакрыты татуіроўкамі. “Цудоўна, прадузятасці тут няма”, – узрадавалася я. І ўзгадала выпадак, калі аднойчы ў касцёл зайшла маладая пара нефармалаў. Пачулася незадаволенае шыпенне вернікаў, якія лічылі сваім абавязкам як мага хутчэй выправадзіць маладых людзей са святыні… Дарэчы, хлопец з татуіроўкамі быў першым, хто падышоў прывітацца і пазнаёміцца.

баранкі 4

Асэнсаваная вера

У пілігрымцы адчувалася шмат весялосці, і часам – дзікаватай нястрыманасці. Але ў той жа час адразу было заўважна, што за ўсім гэтым тоіцца дух пакоры і ціхай набожнасці - плаўна і глыбока атрымівалася ўваходзіць у атмасферу малітвы падчас шляху. Як мне падалося, гэта адбывалася таму, што кожным з удзельнікаў паломніцтва кіраваў адпаведны матыў. Шлях не перажываўся пілігрымамі як цікавае падарожжа. Іх не вабілі знешнія атрыбуты веры, традыцыя не з’яўлялася для іх тым самым штуршком – яны проста захапляліся Божай любоўю, маючы ў сэрцы асэнсаваную веру.

Сямейны дух

Увагу прыцягнула і тое, якія адносіны існуюць паміж маладымі вернікамі і духавенствам. Большасць пілігрымаў звярталася да духоўных асоб проста па імені, што надавала паломніцтву сямейны дух. Такая вольнасць у адносінах, што важна, не скарачала дыстанцыі паміж святарамі і моладдзю, не парушала дысцыплінавасці пілігрымкі. Паломнікі адчувалі адначасова брацкае плячо і бацькоўскую падтрымку.

баранкі 2

Фізічныя пакуты

Немалыя кіламетры, нястомная спякота, перабінтаваныя ногі, сонечныя ўдары. Але сярод пілігрымаў не было відаць “кіслых” твараў, не было чуваць ніякіх нараканняў. Гэта падбадзёрвала і інспіравала.

баранкі 1

Што датычыць мяне, у шлях я вырушыла ў нетыповым для паломніцтва абутку – сланцах. Пілігрымка ішла і асфальтам, і лесам, і полем, і гравейкай, таму не дзіўна, што ў меня амаль сто разоў спыталі, ці зручна ў іх ісці і ці не нацерла я мазалёў. Вельмі зручна і зусім не нацерла.

Толькі цяпер ужо пасля заканчэння паломніцтва з кожным надыходзячым днём на нагах па аднаму пачалі дранцвець пальцы. Маю надзею, што далей так не пойдзе.

баранкі 6

“Горка прабачэння”

У апошні дзень паломніцтва пілігрымы збіраюць і нясуць з сабою камяні. Традыцыйна за некалькі кіламетраў да Будслава паломнікі збочваюць з дарогі ў лясок, дзе складаюць іх у гэтак званую “горку прабачэння”, што сімвалізуе пакаянне. Пасля пілігрымы падыходзяць адзін да аднаго, абдымаюцца, дзякуюць і просяць прабачэння. З аднаго боку, гэта падаецца крыху тэатральным: не ўсе ведаюць адзін аднаго, часам чуваць, што словы прамаўляюцца з пэўнай няёмкасцю. Але, з другога боку, гэта добрая магчымасць, каб падысці да чалавека, з якім, магчыма, не паспеў пазнаёміцца або якому не адважыўся сказаць штосьці важнае.

баранкі 5

На фінішы

Пілігрымка "Баранавічы - Будслаў" была для мяне хутчэй дарогай самапазнання. Назіраючы за хлопцамі і дзяўчатамі, што крочылі побач, я зразумела слабасць сваёй веры. Яны ўсё натхнёныя, я не да канца. Толькі гэта не расчараванне, а разуменне таго, што заўсёды ёсць да чаго імкнуцца:шлях самаўдасканалення не мае межаў.

Але галоўнае здарылася: пілігрымка “Баранавічы – Будслаў” выклікала смагу Бога, любові і чарговага шляху. 

І апошняе. Калі адчуваеце, што вашая вера застаялася, і патрэбны глыток свежага паветра, то шлях з "бела-блакітнымі" да Маці Божай Будслаўскай - гэта для вас.

баранкі 3

Ангеліна Марцішэўская

Фота: Уладзіслава Неліповіч

Рэдагавана: 07 Ліпеня 2016