У гэтыя дні “Карытас” Беларусі, асаблівым чынам Нацыянальны “Карытас”, вітае свайго новага дырэктара і духоўнага кіраўніка, ксяндза Віталія Дабраловіча. Ніжэй чытайце інтэрв'ю Caritas.by з кс. В. Дабраловічам.
Кс. Віталій, распавядзіце, калі ласка, пра сябе.
- Нарадзіўся 36 год таму, у маленькай вёсцы Ляпешкі Гродзенскай вобласці, у звычайнай працоўнай сям’і, вучыўся, школу скончыў, потым атрымоўваў адукацыю ў вучылішчы, працаваў кіроўцам, затым скончыў Вышэйшую Духоўную Семінарыю ў Гродне, працаваў вікарыем у парафіі “Спаслання Духа Святога” г. Бярозаўка, з 2006 года займаў пасаду дырэктара ў “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, з 1 лістапада з’яўляюся дырэктарам Нацыянальнага “Карытас”.
Як вы ўспрынялі навіну аб сваім назначэнні на новую пасаду? Была яна нечаканай?
- Нельга казаць, што гэта нечакана. Бо перш чым даць якую-небудзь намінацыю, біскуп заўсёды пытаецца тваёй згоды, таму я ведаў, што з’яўляюся адным з кандыдатаў, але гэта яшчэ не азначала, што я павінен сюды прыйсці, бо апошнюю кропку ў прыняцці рашэння адносна гэтага пытання ставіць Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Маю згоду запыталіся, я адказаў, што калі ёсць такая патрэба, то вядома, бо кожнаму з нас цяжка змяняць адно месца на іншае, асабліва, калі працуеш доўга і ўкладаеш сваё сэрца. Але таксама ёсць і важнасць таго, што калі табе давяраюць людзі, то значыць, гэта важна, не ў адносінах да мяне, але ў адносінах да Каталіцкага Касцёла. Калі гаворка ідзе пра дабрачынныя арганізацыі, то для тых людзей, якія звяртаюцца да нас за дапамогай. Таму казаць аб нечаканасці - напэўна не,а аб тым прыгатаваны я, ці не - пакажа час.
Кс. Віталій, падчас Вашай паслугі ў “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі вялась шырокая дзейнасць, рэалізоўвалася вялікая колькасць праэктаў. Распавядзіце, калі ласка, як вашыя падначаленыя ў Гродзенскім “Карытас” успрынялі гэтую навіну?
- Лепш запытацца ў саміх супрацоўнікаў, я магу адказаць, што хтосьці задаволены, хтосьці не, але гэта будзе толькі мой адказ. Беручы пад увагу, што кадры сабраныя там, у “Карытас” Гродна, гэта пры маей функцыі сабраны калектыў, які вельмі добра зарганізаваны. Гэта прафесійны калектыў, які накіраваны на такі стыль працы, дзе адзін аднаму заўсёды павінен дапамагаць. Вучыцца таму, што гэта не толькі месца працы, але месца, дзе ствараецца сям’я - сям’я “Карытас”. І калі хтосьці адыходзіць з гэтай сям’і, якія пачуцці будуць у іншых? Вядома, яны будуць перажываць, будуць у незапакаенні, будуць думаць аб тым, хто прыйдзе на гэтае месца і чы атрымаецца з новым дырэктарам мець тыя ж самыя адносіны.
Якія будуць асноўныя мэты Вашай працы на пасадзе дырэктара Нацыянальнага “Карытас”?
- Тыя мэты, якія ёсць у мяне на гэты момант, калі можна, я не буду агучваць. Таму што, не буду ўкрываць, павінен перш за ўсё прыняць тое, што ёсць на сёняшні дзень, ва ўсім разабрацца і ўвайсці ў гэтыя справы. Трэба таксама і псыхічна прывесці сябе ў парадак, бо гэта пэўныя змены і таксама вялікая адказнасць, якую я ўзяў на сябе, і потым, калі ўжо ўвайду ў тое, чым павінен штодня займацца, буду гаварыць аб тых планах і бачыць тыя магчымасці, якія можна ў будучыні зарганізаваць. Але вядома, самае важнае тое, што маім папярэднікам, ксяндзом Віктарам, ўжо ёсць накіраванне, ёсць пэўныя планы, якія будаваліся, ёсць планы, якія зараз будуюцца. Маю надзею, што ў мяне атрымаецца працягваць тую справу, якую распачаў кс. Віктар. І гэта маё першапачатковае заданне - працягваць тое, што ўжо распачата.
Што Вам хацелася пажадаць супрацоўнікам і валанцёрам Рэлігійнай Місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас”?
- Перш за ўсё - веры! Бо тое, што робіцца ў дабрачыннасці, ня можа рабіцца так: “а можа станецца”…бо гэта была б праца звычайная, хаатычная, якая б не прыносіла столькі плёну, але беручы пад увагу тое, што мы арганізацыя людзей веруючых і, калі кіруемся ў пэўнай справе, то кіруемся Божым благаслаўленнем. Таму першае - веры, а чалавек які верыць - гэта чалавек, які напоўнены Любоўю, чалавек, які напоўнены Міласэрнасцю да тых, каму дапамагае. Што тычыцца супрацоўнікаў, вядома, гэта прафесійныя людзі, якія ведаюць сваю справу, а яшчэ гэта людзі добрага сэрца, якія прыйшлі ў “Карытас”, каб рабіць штосьці на карысць людзям патрабуючым. Валанцёр - гэта ўвогуле чалавек, які не прыйдзе сюды, як кажуць “патусавацца”, гэта чалавек, які таксама шукае рэалізацыі свайго добрага сэрца. Бо аддаючы, гэтае сэрца стане яшчэ больш багатым!