"Колькі жыву, столькі буду дапамагаць". Валанцёры пра сваю дзейнасць у бясплатнай сталовай для бяздомных
Хутка пройдзе 10 гадоў з таго дня, як пачала працаваць бясплатная сталовая для бяздомных па вул. К. Маркса ў Гродне, у доме сясцёр-назарэтанак. У сталовай за ўсё адказваюць сёстры, але яны часта змяняюцца, пераязджаюць у іншыя месцы, атрымліваюць іншыя аабвязкі. У той жа час у сталовай дапамагаюць валанцёры, якія апошнія некалькіх гадоў кожны дзень прысвячаюць пару гадзін свайго часу абслузе бяздомных.
Сяргей працуе ў прыватніка і кожны дзень зрываецца з працы, каб дапамагаць у сталовай. Такі распарадак дня ён мае на працягу апошніх трох гадоў. Калі Сяргей быў дванаццацігадовым хлопцам, 31 снежня, напярэдадні Новага Года, памерла ягоная маці, а праз год загінуў бацька. Застаўшыся без бацькоў, хлопец трапіў у дзіцячы дом. Гаворыць, што ўспаміны з прытулку для дзяцей падштурхнулі яго дапамагаць людзям, якія нікому больш не патрэбныя.
- Я сам некаторы час знаходзіўся сярод такіх людзей і ведаю, як сябе паводзіць. Да таго ж я працаваў у органах Міністэрства ўнутраных спраў (скончыў факультэт правазнаўства) і ведаю, як камунікаваць з людзьмі, як сачыць за парадкам. А сачыць за парадкам , акрамя раздачы порцый, – гэта мой галоўны абавязак у сталовай.Большасць людзей, якія сюда прыходзяць, -гэта людзі, што страцілі ўсё па прычыне алкагольнай залежнасці. Здараюцца сітуацыі, калі яны не могуць падзяліць кавалак хлеба паміж сабой або адзенне, якое перадае “Карытас”. І я намагаюся менавіта прадухіліць скандал у такіх выпадках і ўвогуле падтрымліваць дружалюбную атмасферу падчас абеду. А людзі, якія прыходзяць сюды, заўсёды ставяцца да мяне з удзячнасцю, і гэта прыемна.
Наташа дапамагае ў сталовай прыблізна пяць гадоў. Яна пачала прыходзіць, калі яшчэ працавала вахцёрам у паліклініцы. Сёння жанчына ўжо на пенсіі, але “сваіх бяздомных” не пакідае.
- Колькі жыву, столькі буду хадзіць і дапамагаць. Мне гэта не цяжка. Сёння прыйшло няшмат людзей – з 20 чалавек, але калі яшчэ больш пахаладае, будзе каля 50. Калі на іх гляджу, разумею, што ў жыцці ўсё, што заўгодна можа здарыцца. Сёння ў цябе ёсць усё, а заўтра можа не быць нічога. Так, большасць з іх апынулася на вуліцы па прычыне алкаголю, але ніколі не ведаеш, што прымусіла іх узяцца за бутэльку.
Вячаслаў першы раз прыйшоў на падмогу ў 2003 годзе. І дагэтуль перыядычна прыходзіць.
- А хто ж яшчэ дапаможа, як не мы. Я раблю ўсю працу, разумею, што сястра з некаторымі рэчамі не справіцца. Акрамя таго, што дапамагаю ў сталовай, напрыклад, смецце выношу, магу таксама разетку, замок адрамантаваць, лямпачку ўкруціць. А ўвогуле, я атрымліваю нейкае маральнае задавальненне, калі сюды прыходжу.
Кожны, хто прыходзіць, адзначаецца ў журнале. Уваход пасля прадастаўлення мед. даведкі з "Карытас"
Сёстры-назарэтанкі, што працуюць у сталовай, распавядаюць, што без валанцёраў было б вельмі цяжка з усім спраўляцца. Манахіні маюць яшчэ іншыя абавязкі, акрамя кармлення бедных, а дзякуючы Сяргею, Наташы і Вячаславу можна часам знайсці хвілінку, каб заняцца іншай працай. Акрамя таго, у сталовай існуюць абавязкі , з якімі сёстры фізічна не справяцца без дапамогі мужчын.
- Сёстры займаеюцца прыгатаваннем ежы для бедных, валанцёры дапамагаюць у абслузе, а хто займаецца забеспячэннем прадуктамі?
- Справамі адносна прадуктаў і адзення займаецца “Карытас", падпісвае кантракты з рознымі харчовымі прадпрыемствамі і г. д. Але, вядома, фінансы “Карытас” абмежаваныя, і тут на дапамогу прыходзяць звычайныя грамадзяне. Людзі з уласнай ініцыятывы прыносяць мясныя супавыя наборы, крупы, гародніну. Мяне заўсёды вельмі радуе той факт, што са свайго ўраджаю людзі прыносяць не тое, што ім не патрэбна, а самыя лепшыя свае плады. За час працы ў сталовай можна было ўпэўніцца, што свет не без добрых людзей.
Дзякуючы такім ініцыятыўным людзям можна крыху разнастаіць меню. Кормім бедных толькі супам з хлебам, але гэта розныя супы. Для бяздомных, якія прыходзяць, гэта часам адзіная магчымасць паесці на працягу цэлага дня. Таму хочацца, каб суп быў смачны і не заўсёды той самы.
Варта адзначыць, што без дапамогі людзей добрай волі, з высілкам аднаго толькі "Карытас", арганізаваць дапамогу для бедных было б вельмі і вельмі складана.
Ніжэй размяшчаю нумар тэлефона адной з сясцёр (с. Вікторыі) на выпадак, калі захочаш ахвяраваць прадукты для бедных.
+ 375 33 625 60 60
Ангеліна Марцішэўская