Сястра Тэрэза паходзіць са Шчучынскага раёна. Была ахрышчана ў касцёле ў Новым Двары. Выхоўвалася ў сям’і католікаў. Яна малодшая з пяці дзяцей.
Пад матчынай апекай
“Мама ўвесь час сачыла, каб мы не забываліся пра касцёл, пра малітву. Збірала нас разам на Ружанец. Вучыла, што Бог павінен быць на першым месцы”.
Не заўсёды ўсё было дасканала. Часам дзеці забываліся маліцца. “Памятаю, прысніла ў сне Маці Божую, якая пагражала мне пальцам. Я разумела, з-за чаго: забывалася аб ранішняй або вяэрняй малітве. Таму не толькі зямная мама клапацілася пра маё духоўнае жыццё, але і нябесная”.
Калі ў нядзелю ў парафіі не адпраўлялася святая Імша, сям’я ехала ў Гродна, Жалудок, Васілішкі, Дубічы, Вільнюс.
“Аднойчы ў Вільнюсе начавалі на вакзале... Бог – гэта наша сіла, казала мама. Вера – наш скарб. Памятаю, стаіць мама на каленях, моліцца і плача. Я пытаю: чаму ж ты плачаш? А яна: прашу ў Бога, каб вы былі добрымі дзецьмі”.
Глыбокая вера ў сям’і
Узор адкрытасці на людзей дэманстраваў бацька. Быў добры, заўсёды з усмешкай. “Я «выцягнула» з бацькоў, здаецца, самае лепшае. Усё ж такі, як важна, калі ў сям’і ёсць добры прыклад”.
На мудрыя парады не скупілася бабуля, якая выхоўвалася пры ксяндзы. Некалі яе, асірацелую, да сябе забраў бацькаў брат, святар.
“Напэўна, у яго і набралася гэтай Божай мудрасці. Я шмат малюся за продкаў, аб іх вечнай радасці, таму што яны перадалі нам веру. Бясконца ўдзячная ім за гэта”.
Думкі аб пакліканні
У школе дзяўчынка моцна перажывала за сваіх сябровак, якія не верылі ў Бога. І малілася аб веры для іх.
Любіла бавіцца з меншымі дзецьмі. У старэйшых класах да яе часта забягалі малыя госці. “Я заўсёды адчувала, што мяне цягне да дзяцей. Хацела ў будучым з імі працаваць: быць выхавацельніцай, напрыклад. Але я слаба вучылася, таму гэтае жаданне было для мяне недасягальным”. Пасля школы дзяўчына скончыла курсы шыцця і ўладкавалася працаваць у атэлье. Але думка “што далей” не пакідала. Яна адчувала ў сабе Божую любоў і хацела на яе адказаць.
“У дзяцінстве ў мяне быў абразік маленькага Езуса. У такім вобразе Ён аднойчы прыйшоў да мяне ў сне і падараваў лілію. Я была ўражана і распаваля пра гэта маме. Яна растлумачыла, што лілія – гэта сімвал чысціні. Пан Езус чакае ад мяне чыстага сэрца. Гэта думка глыбока запала мне ў душу”.
А пазней дзяўчына знай-шла паштоўку са словамі: “Ты – Божае жаданне, гэта твая веліч і тваё хараство”. “Гэта яшчэ больш паглыбіла маё пакліканне”.
Бласлаўленне маці
Жаданне прысвяціць сваё жыццё Богу выспявала паступова. Дзяўчына пачала часцей сустракацца з сёстрамі. У выніку прыняла канчатковае рашэнне: стаць манаскай сястрой.
“Прызналася ў сваім жаданні маме. Яна сказала толькі адно: гэты шлях вельмі каштоўны і важны. Галоўнае, каб я вытрымала. І паабяцала маліцца за мяне. Успомніла, што ў свой час таксама моцна хацела быць манахіняй. Але была старэйшай у сям’і, таму бацька прымусіў яе выйсці замуж”.
Нягледзячы на гэта, дачка бачыла, як маці пранесла праз усё жыццё жаданне прысвяціць сябе Богу: пры касцёле прыбірала, сцірала, прасавала, ставіла кветкі, вяла працэсію. Гэтая ахвярнасць была для яе вялікім прыкладам. Дзяўчына ведала, што мама марыла, каб адзін з яе трох братоў стаў ксяндзом. Але Божы план быў іншы.
Праца з дзецьмі
Ва ўзросце 20 гадоў на ўрачыстаць Міхала Арханёла дзяўчыну прынялі ў манастыр у Гродне. Год пастулята, два гады навіцыята. У пілігрымцы з Варшавы ў Чанстахову яна дзякуе Маці Божай за дар паклікання. У 1995 годзе ў Гродне складвае першыя, а праз 5 гадоў 19 жніўня там жа – вечныя манаскія абяцанні. Некалькімі месяцамі раней, на беатыфікацыі сясцёр мучанніц у Рыме, Ян Павел ІІ блаславіў яе ў групе сясцёр, якія рыхтаваліся да вечных абяцанняў.
Працавала ў Шчучыне, Гродне, Навагрудку, Капцёўцы, Галынцы, Маладзечне, Смаргоні, Івянцы. Выконвала разнастайныя абавязкі: працавала на кухні і ў агародзе, наведвала адзінокіх пажылых людзей, вяла катэхезу.
“Служэнне ў манастыры як ружа з шыпамі. Шлях прыгожы, але са сваімі цяжкасцямі. Аднак цярпенні і праблемы нас ачышчаюць, набліжаюць да Езуса. І чым ты бліжэй да Яго, тым больш ясна ты ўсведамляеш, наколькі каштоўны гэты шлях”.
Мара працаваць з дзецьмі здзейснілася. Праз сястру Тэрэзу на катэхезе прайшлі сотні дзяцей. І ўсе яны засталіся ў яе сэрцы. Пра іх сястра ўвесь час памятае ў малітве.
“Бог – мой Айцец, а я – Яго дачка. Сваіх дзетак заўсёды вучу: не забывайцеся, што вы – дзеці Божыя і знаходзіцеся пад апекай Нябеснага Айца. Вы павінны несці ў свет Яго супакой, мір, любоў. Вера – гэта найкаштоўнейшы скарб. Калі Бог будзе на першым месцы, Ён блаславіць ва ўсім і адорыць усімі неабходнымі ласкамі”.
Ангеліна Пакачайла
Паводле Слова Жыцця