“Я за кроснамі адпачываю і супакойваюся. Сядаю ткаць, пра нешта думаю, кручу ў галаве”, - распачынае размову на сваім рабочым месцы сённяшні герой. Пра Яўгена Маркевіча з Ліды ўжо шмат пісалі, але ж мала хто ўзгадвае, што вядомы беларускі ткач з’яўляецца выхаванцам тамтэйшага Фарнага касцёла, хадзіў у пілігрымкі, а сёстры назарэтанкі ездзілі да папы Бенэдыкта з ручніком вытканым сваім вучнем. Але ручнік у Ватыкане не галоўны гонар хлопца. Ёсць і больш важныя ўспаміны. Пра ўсё па парадку.
Раней, перад тым як сесці за кросны, жанчыны жагналіся. Пазней падчас ткання ўсе маліліся, спявалі. У звычайны перыяд былі простыя і рэлігійныя спевы, а вось у пост дык толькі пабожныя. Лідчанін падкрэслівае, што сёння адчувае сябе адвакатам ткацтва. Многія лічаць у наш час, што з кроснамі было звязана шмат забабонаў, але ж “людзі верылі, што гэта дапаможа, і хоць былі неадукаваныя, аднак па-свойму прыносілі ахвяру Богу”. Датычна магіі ў ткацкіх узорах, дык тут цяжка нешта меркаваць. Апошнія пакаленні бабуляў слаба захавалі значэнне шмат якіх узораў. Таму рабілі проста каб было прыгожа. Сам жа хлопец з усмешкай прызнаецца, што калі тчэ, то і сам любіць памаліцца якой песняй, хоць той жа ружанец, канешне, не адгаворыш – трэба ўвесь час лічыць ніткі.
“Ад самага нараджэння і да смерці чалавека суправаджала тканіна”, - працягвае суразмоўца, - “немаўля адразу спавівалі, адмысловыя ручнікі дарыліся з кожнай важнай нагоды, а таксама клаліся ў труну да нябожчыка”. Калі нехта паміраў, то за ноч ткаўся пахавальны ручнік, а раніцой выкідваўся з акна, нібы суправаджаючы душу да неба. Яўген кажа, што арнаменты нанесеныя па краях вопраткі, нібы аберагалі часткі цела якія не былі прыкрытыя адзеннем. Нездарма ручнік на Палессі называлі дарогай да неба.
Яўген кажа, што хоць з ткацтвам звязана ўся наша культура, але яно ўжо амаль вымерла. “Хутчэй ужо вымерла”, - неяк нечакана дадае. Разважаючы пра беларусаў учора і сёння ён кажа, што калі раней нешта пачыналася, то гэта трэба было скончыць, сёння да гэтай рысы па-іншаму ставяцца. Усе выйшлі з вёскі, але гэта не цэніцца. Дробязі і рэчы ўвогуле цэняцца ўжо ня так, людзі развучыліся рамантаваць: паламаў – выкінуў. Па-гэтаму тое, што ёсць, беражэцца ўжо не так. У тым ліку і культура.
Самая “цёплая” для яго праца знаходзіцца ў Расіі, у Краснаярску. З ноткай гонару за самога сябе кажа: “1,6 на 2,1 метраў, 4 дні і 4 начы рабіў”. Бацькі таго мужчыны пераехалі на Усход калі той быў малы. Але ўсё жыццё яго сагравалі ўспаміны пра канікулы ў бабулі ў Дзятлаўскім раёне. У той паўсюль былі разасланыя рознакаляровыя посцілкі. Па-гэтаму на памяць пра дзядоў той чалавек папрасіў Яўгена выткаць адну такую. Цяпер гэтая як кажуць “дзяруга” знаходзіцца дзесьці далёка ў Расіі і нагадвае людзям пра Беларусь, пра іх мінулае. У гэтым хлопец і бачыць сэнс – каб “тканіны жылі, прыносілі нейкаму карысць”.
“Да нас у Дом Рамёстваў прывезлі адзін станок з кавалкам недатканага матэрыялу. Аказваецца маці аднаго мужчыны навіла аснову на посцілку, палову выткала і памерла. Таму для яе сына было важна, каб кросны яго маці працавалі. Вось ён і аддаў іх нам”, - распавёў гісторыю аднаго станка. А вось ці навучыць ткач з Ліды сваіх дзяцей гэтаму рамёству ён не ведае. “З-пад палкі вучыць не буду”, - махнуўшы кінуў. Лічыць, што найлепшыя майстры – самавучкі. Па-гэтаму калі нашчадкі захочуць, дык навучацца.
Падрыхтаваў Арцём Ткачук