Сусветная арганізацыя аховы здароўя рапартуе пра поспехі ў змаганнях з ліхаманкай Эбола ў Афрыцы. За апошні час у Ліберыі вірусам заразілася рэкордна малая колькасць людзей. Такім чынам, прагрэс назіраецца ва ўсіх трох заходнеафрыканскіх краінах, дзе ўспышка хваробы аказалася найвастрэйшаю. Найбольшая колькасьць заражэнняў — звыш 10 тысяч — зафіксаваная ў Сьера-Леонэ. У самым эпіцэнтры знаходзіцца і, бадай, адзін з нямногіх беларусаў, які дапамагае афрыканцам супрацьстаяць вірусу духоўна і матэрыяльна — каталіцкі місіянер, ксёндз Сяргей Гоман.
Айцец Гоман служыць місіянэрам у Афрыцы амаль паўтара дзясятка гадоў, апошнія сем гадоў — у Сьера-Леонэ. Дагэтуль нёс сваю паслугу ў Гане, Угандзе, Нігерыі, Кеніі. Толькі раз на 2–3 гады атрымоўваецца выехаць з Афрыкі на вакацыі дадому. З тэхнічных прычынаў аказалася ня так проста паразмаўляць з ім праз тэлефон ці скайп, давялося задаволіцца электронным ліставаннем. Пры гэтым суразмоўца папярэдзіў, што будзе пісаць па-ангельску, бо не мае клавіятуры з кірылічнымі літарамі.
Неўзабаве ад Сяргея Гомана прыйшлі першыя здымкі. На іх — глухая, цяжкадаступная вёска, дзе больш за 20 чалавек ужо памерлі ад ліхаманкі Эбола. Як удакладняе святар, гэта аддаленае месца, фактычна адарванае ад "вялікай зямлі", з дрэннай дарогай і нулявой інфраструктурай. Дапамагае верны сябра — матацыкл. Адметна, што ўсе жыхары ў той вёсцы мусульмане, але, як кажа Сяргей Гоман, "яны пачулі мой мэсэдж, што Бог любіць іх і клапоціцца пра іх".
Наколькі мясцовыя жыхары напалоханыя ліхаманкай Эбола?
- Мясцовыя людзі не баяцца ўвогуле нічога. Я не перабольшваю. Баяліся хіба напачатку: некаторыя перасталі паціскаць адзін аднаму руку ды ў сям’і асцерагаліся есьці з адной талеркі. Але цяпер і гэтыя страхі адыходзяць.Увогуле тут вельмі шмат хваробаў, ад якіх можна памерці. Некаторыя з'яўляюцца вельмі небяспечнымі толькі таму, што няма своечасовай медычнай дапамогі. У вёсках няма практычна ніякага доступу да лекаў і медычнага абслугоўвання, таму бедныя людзі звяртаюцца да так званых „witch doctors“ — ідуць да знахараў ці ведзьмакоў, якія лечаць заклінаннямі. У большасьці выпадкаў толькі шкодзіць.
Традыцыйнай бядой Афрыкі з'яўляецца высокая дзіцячая смяротнасць. Насуперак пашыранай думцы, што слабыя арганізмы дзяцей не вытрымліваюць выпрабавання хранічным голадам, спадар Гоман не такі катэгарычны:
- На жаль, у Сьера-Леонэ кожнае сёмае дзіця памірае не дасягнуўшы пяці гадоў. Што тычыцца наступстваў хранічнага недаядання, то, у большай ступені, ўсё ж такі паміраюць ад харчовага атручання, а не ад голаду.
Ці здольныя афрыканскія ўлады самастойна змагацца з праблемамі, якія прыносіць кожная новая эпідэмія — як ліхаманка Эбола ці любая іншая? Сяргей Гоман перакананы, што такая задача — з шэрагу невырашальных.
-Сьера-Леонэ — адна з найбяднейшых краінаў у свеце. І каб супрацьстаяць Эболе, у яе няма ні ўласных сродкаў, ні тэхнічных магчымасцяў. Іншымі словамі, самастойна, без дапамогі іншых дзяржаваў, справіцца з Эболай немагчыма. Зразумела, з іншых краінаў паступае немалая дапамога, у тым ліку фінансавая, але як урэшце расходуюцца гэтыя сродкі — нікому невядома. На жаль, тут карупцыя сярод палітыкаў таксама дасягнула высокага ўзроўню.
Як удакладняе суразмоўца, практычна ўсе краіны Афрыкі сутыкаюцца з адной і той жа праблемай — закрытасцю і недаступнасцю інфармацыі. З аднаго боку, афіцыйныя крыніцы прызнаюць, што атрымліваюць адчувальную знешнюю дапамогу, а з іншага боку — надзвычай складана прасачыць шлях гэтых сродкаў да атрымальніка. На яго думку, у дадзеным выпадку больш эфэктыўнымі былі б адрасныя пералічэнні на стварэнне шпіталяў і месцаў занятасці насельніцтва.
-Тры краіны, якія найбольш ахопленыя ліхаманкай Эбола, — гэта Гвінея, Ліберыя і Сьера-Леонэ. Больш ці менш аднолькава яны выглядаюць і ў эканамічным плане. Мне даводзілася чуць меркаванні, што багатыя і ўладныя дзяржавы не хочуць, каб краіны трэцяга свету развіваліся. Вось чаму заможныя дзяржавы адпраўляюць дапамогу толькі на пэўных умовах — накшталт прызнаньня гей-шлюбаў.
Але час ад часу я чытаю ў часопісах, што ў тую ж Сьера-Леонэ паступаюць вялікія, нават гіганцкія ахвяраванні. Іншая справа, дзе яны асядаюць. Вось гэта сапраўды незразумела. Асабіста мне хацелася б, каб дапамога была рэальная, каб на гэтыя грошы будаваліся шпіталі, прадпрыемствы, каб людзі маглі працаваць, забяспечваць сябе і свае сем’і.
Сьера-леонцы, не далучаныя да выгодаў цывілізацыі, мужна пераносяць надзённыя праблемы. Таму, як кажа Сяргей Гоман, у гэтым выпадку для іх вельмі важная духоўная падтрымка:
- Як правіла, у людзей з багатых, развітых краінаў матэрыяльныя рэчы прэвалююць над духоўнымі. А вось у жыхароў Сьера-Леонэ такіх моцных сацыяльных адрозненняў няма, тут збольшага ўсе аднолькавыя ў сваёй нястачы. Часам у мяне пытаюцца: дзе больш небяспечна жыць — у Афрыцы ці ў Еўропе? Я адказваю, што больш бяспечна ў Афрыцы, бо тут менш спакусаў, каб забыцца пра Бога. У Еўропе ўсё так уладкавана, што боскія знакі губляюцца ў штодзённым існаванні людзей, іх складана разгледзець.
Каталіцкая місія аказвае тут вялікую дапамогу, палова школаў у Сьера-Леонэ належаць менавіта каталіцкаму Касцёлу, хоць каталікоў тут усяго каля 10%. Каталіцкі святы Дон Боска некалі трапна зазначыў: "Мы ў першую чаргу робім з людзей добрапрыстойных грамадзян, а ўжо затым — добрых хрысьціян".
Тым не менш, большасць канфліктаў у Афрыцы ўзнікаюць якраз на рэлігійнай глебе — праяўляецца нецярпімасьць да іншаверцаў. Часта супрацьстаянне заканчваецца крывавымі чысткамі. Таму адно са сваіх заданняў Сяргей Гоман акрэслівае так: паспрабаваць пасяліць мір у душах людзей — розных знешне, але аб’яднаных адзінымі памкненнямі:
-У Сьера-Леонэ, дзякуй Богу, мы жывём мірна з іншымі рэлігіямі. Пры гэтым я перакананы, што ў любой рэлігіі фанатызм уносіць толькі блытаніну і войны. Я ўжо амаль 14 гадоў у Афрыцы і вельмі рады, што магу дапамагчы духоўна, а часам і матэрыяльна людзям, жыццё якіх тут вельмі няпростае. Таму людзі тут шчыра ўдзячныя, калі ім хтосьці дапамагае. Што і намагаецца рабіць каталіцкі Касцёл і я ў яго асобе.
Калі адказы на журналісцкія пытанні былі падрыхтаваныя і адасланыя, айцец Гоман прыслаў наўздагон яшчэ адну "рэфлексію для разважаньняў". Інакш кажучы, ён паказаў розніцу паміж еўрапейцамі і жыхарамі Чорнага кантыненту.
- Тут, у Сьера-Леонэ, калі я пытаюся ў кагосьці — „Як ты, як справы?“ — амаль заўсёды адказ гучыць аднолькава: „Дзякуй Богу, што яшчэ жывы“. Прычым тыя людзі, якія адказваюць падобным чынам, часцей за ўсё не маюць ані працы, ані дома, ані дастатку ў ежы, і іх будучыня зусім не акрэсленая, але ўсё ж яны не стамляюцца дзякаваць Богу, што працягваюць жыць. Калі я еду на радзіму ў Беларусь на вакацыі або наведваю сяброў у іншых краінах і задаю тое ж самае пытаньне — „Як ты?“ — значная частка адказаў будзе такая: грошай не хапае, праца не задавальняе, здароўе дрэннае і гэтак далей. Калі я гляджу на іх, я разумею, што на самой справе яны разоў у 50 жывуць лепш, чым жыхары Сьера-Леонэ. Людзі павінны больш любіць і менш скардзіцца, тады свет стане спакайнейшым месцам, дзе можна будзе жыць у міры і згодзе...
У святары — з дыпломам кіроўцы і электрагазазваршчыка
Сяргей Гоман нарадзіўся ў 1978 г. ў Дзятлаве Гродзенскай вобласці. Пасля базавай школы вучыўся ў Казлоўшчынскай ПТВ, дзе атрымаў спэцыяльнасці электрагазазваршчыка і кіроўцы-прафесіянала на аўтамабілі КамАЗ. Але пасля завяршэньня вучобы адчуў іншае пакліканне — стаць святаром Кангрэгацыі Салезіянцаў Дона Боска. Быў накіраваны ў Маскоўскую вобласць, дзе на працягу году знаёміўся з жыццём салезіянцаў. Адтуль быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург, стаў паслушнікам у семінарыі, два гады вывучаў філасофію. Затым зноў вярнуўся ў Маскву, служыў у Катэдральным саборы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, працаваў з моладдзю, займаўся іншымі пастырскімі справамі.
На пытанне, якім чынам апынуўся ў Афрыцы, а. Сяргей адказвае, што ніколі не меў у планах паехаць на Чорны кантынент. Хоць і адчуваў, што ягонае пакліканне — быць місіянэрам. Таму і адправіў вышэйшаму кіраўніцтву Кангрэгацыі Салезіянцаў Дона Боска ў Італіі просьбу выслаць яго у місію. Пры гэтым апошні сказ гучаў так: "Толькі, калі ласка, не адпраўляйце мяне ў гарачую краіну. Але калі ў гэтым будзе неабходнасць, я гатовы паехаць куды заўгодна". І дастаткова хутка атрымаў адказ, што будзе накіраваны ў Заходнюю Афрыку.
Спачатку святара адкамандзіравалі ў Ірляндыю вывучаць ангельскую мову, пасля чаго ён адправіўся ў Італію, каб атрымаць місіянерскі крыж. 11 верасня 2001 г., якраз калі тэрарысты атакавалі хмарачосы ў Нью-Йорку, а. Сяргей выляцеў у Гану. Вывучаў тэалогію ў Кеніі, а пазней пераехаў ў Сьера-Леонэ.
Чаму так надоўга зацягнулася афрыканская місія? Як кажа сам суразмоўца, у Афрыцы ён насамрэч адчувае сябе на сваім месцы, нягледзячы нават на тое, што экстрэмальныя ўмовы вельмі дрэнна ўплываюць на стан здароўя. І прыводзіць прыклад: калі раней хварэў на малярыю раз на год, то цяпер — амаль што кожныя 2-3 месяцы. Аднак у гэтым сэнсе Сяргей Гоман прытрымліваецца вядомага выслоўя: справа не ў тым, як доўга ты можаш пражыць, а ў тым, як ты жывеш.
Паводле Радыё Свабода