Гісторыю акультызму даследаваць нялёгка за цяжкасцей да доступу крыніц. А акультызм ў краінах, дзе «народаўладдзе» - гэта наогул тэрра інкогніта. Але гэта і вельмі цікава: бо камуністычныя ўлады былі вельмі зацікаўленымі магчымасцямі медыумаў і народных «прарокаў», бераглі іх і самі звярталіся да іх паслуг. Многія з такіх «пасрэднікаў» знаходзіліся пад іх наглядам: дастаткова паглядзець на досвед балгарскай празорлівай Вангі, каб зразумець некаторыя механізмы іх ўзаемадзеяння.
Бачанні
Бачанні Вангі пачаліся ў 1941 г. з размоў з тым, каго яна сама называла «Наезнікам». Аднойчы ён проста з'явіўся ў жыцці Вангі: быў высокі, падобны на рускага, неверагодна прыгожы, апрануты ў старажытныя даспехі, якія ззялі ў святле месяца. Яго белы конь трос хвастом і біў капытамі зямлю. «Наезнік спыніўся перад варотамі дома Вангі ў Струміцы, зышоў з каня і ўвайшоў у цёмны пакой. Яго з'яўленне прынесла ў пакой столькі света, што стала ясна, як у белы дзень. Нізкім голасам ён сказаў: «Хутка свет перавернецца і шмат народу загіне. На гэтым месцы ты будзеш стаяць і прадракаць мёртвым і жывым. Не бойся! Я буду з табой побач, і буду казаць тое, што ты ім маеш перадаць!»
Ванга дрыжала ад страху. Падчас гэтага «візіту» побач з ёй была сястра Любка, якая па паводзінах Вангі даведалася, што нешта адбываецца. Яна адчувала, як сястра дрыжыць, і бачыла, як яна звяртаецца да кагосьці нябачнага. Але сама яна нічога не бачыла. Да раніцы абедзве не маглі заснуць ад трывогі. Хто быў той, хто з'явіўся Ванзе? Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што непадалёку ад дому Вангі калісьці закапалі залатую статую наезніка. Гэта было старажытнае фракійскае боства Хероса або статуэтка нейкага цара? Толькі легенда; але сама Ванга прыводзіла яе ў прыклад духоўнага абгрунтавання сваіх бачанняў. Ці не таму яна так доўга не жадала пакідаць гэтага месца? Шмат хто казаў, што сваю сілу яна чэрпала з месца, якое магло быць звязана з язычницкім культам.
Ініцыяцыя магла адбыцца і інакш. Сваякі казалі, што ў дзяцінстве Вангу навучылі чар, каб ёй было чым зарабляць на жыццё. У тых краях яшчэ была жывая традыцыя «сляпых прарокаў», якая цягнецца яшчэ з часоў Гамера, а слепата лічылася не хваробай, а знакам выбранасці, духоўнага зроку. Таму сляпых вучылі магіі і схілялі да эзатэрычных практык.
Хто гаварыў?
Пасля бачання наезніка пачалася сусветная вайна. Цэлы год Ванга хварэла на бяссоніцу, мела галюцынацыі, звязаныя з прысутнасцю людзей. Вось як яна сама апісвае механізм сваіх бачанняў: «Калі да мяне прыходзіць нейкі чалавек, у мяне з'яўляецца адчуванне, што ў галаве прыадчыняецца акенца, праз якое я назіраю карціны, і жыццё гэтага чалавека праходзіць перад маімі вачыма, нібы кінастужка, а нада мной чуецца «голас», які кажа мне, што менавіта я маю перадаць наведвальніку».
Сям'я Вангі ўспамінае, што часам, нават у часе звычайнай гутаркі, яе голас мяняўся на мужчынскі, і Ванга казала пра рэчы, якія не адносіліся да тэмы размовы. Той, хто казаў праз яе, ведаў тое, пра што Ванга і паняцця не мела. Сваякі тады казалі, што «у размову нехта ўмяшаўся». Калі гэта скончвалася, празорлівая, быццам нічога і не было, працягвала гутарку. Часам сілы, якія казалі праз Вангу, прадстаўляліся душамі памерлых, напрыклад, Жаннай д'Арк, і распавядалі ёй тапаграфію Парыжа, дзе гэтая простая жанчына ніколі не бывала.
Ванга і камунізм
Цікава, што акрамя рэдкіх фінансавых праверак, камуністычная ўлада ігнаравала яе дзейнасць або ўпотай падтрымлівала, тады як праваслаўныя ў Балгарыі цярпелі ганенні. Часам камуністы нават звярталіся да яе за дапамогай: яна была «штатнай празорлівіцай» Тодара Жыўкава, хоць афіцыйна ён гэта адмаўляў. Яна прымала яго важныя палітычныя рашэнні, а ён тэлефанаваў да яе ў любы час або загадваў прывезці яе да сябе. Менавіта Ванга параіла Жыўкаву ажыццявіць абмен грошай у Балгарыі 1962: «Што тут думаць! Калі не хочаце, каб была бяда ў дзяржаве, абмен грошай проста неабходны». Камуністы сцерагалі дом Вангі, запісвалі, хто і навошта прыходзіць, пра што пытае. Напэўна гэта было нядрэннай крыніцай інфармацыі для службы бяспекі. Не раз прарочыцу адвозілі да важных персон на патаемныя сустрэчы.
Вера Вангі
Верыла Ванга ў Бога? Яна не мела сур'ёзнага вопыту хрысціянскага жыцця, амаль нічога не ведала пра хрысціянскае вучэнне. Хоць яна і не адмаўляла існаванне Бога, называла яго Хрыстом, але яе стаўленне да Яго было спецыфічным: Хрыста яна апісвала як вогненны шар. З іншага боку, свае бачанні яна звязвала з «сіламі», якія часам бачыла ў дэталях. Гэта былі істоты: «Іх вопратка нагадвала даспехі, якія блішчаць, нібы луска рыбы. Мабыць, сярод іх ёсць і жанчыны. Іх валасы падобныя на водараслі і мяккія, як гусіны пух, акружаюць голавы ў выглядзе арэолаў. Вельмі часта, вяртаючыся ў свой дом у Петрычы, я бачу іх, як расселіся па пакоях. "Размаўляю" з імі. Часам, калі падыходжу да брамкі, чую працяглыя гукі, нешта накшталт мелодыі, быццам хор спявае псалмы ... Яны не кажуць, з якімі мэтамі прыходзяць сюды ... Гэтыя істоты ... не ведаю, як іх назваць ... яны нас кантралююць».
На думку Вангі, гэтыя істоты кантралююць свет, а асабліва яе саму. Бо яны прымушаюць яе гаварыць тое, што хочуць, а за адмову строга караюць. Наогул кантакт з тым, што выклікае бачанне, яшчэ нікому не быў прыемны. Ванга ж падчас сваіх бачанняў адчувала трывогу, а калі ўпадала ў транс, у доме пачыналіся сваркі і агрэсія. Сама празорлівая пасля гэтых сеансаў адчувала сябе абяссіленай, а раздражненне спаганяла на сваіх блізкіх.
Меркаванне балгарскага праваслаўнага даследчыка
1. Гэта не быў Бог
На думку Віталя Пітанова, Ванга ў сваім апісанні магла кіравацца тым, як выглядаюць анёлы на царкоўных фрэсках, якія яна магла памятаць з таго часу, калі яшчэ бачыла - аслепла Ванга ва ўзросце 12 гадоў. На гэта могуць паказваць такія дэталі як смутны намёк на крылы, даспехі, німбы. Праваслаўныя іконы часцяком ўяўляюць анёлаў у даспехах, акружаных арэолам вакол галоў. Але на знешніх атрыбутах ўсякае падабенства вычэрпваецца.
- У праваслаўным багаслоўі анёлы не з'яўляюцца сілай, якая кантралюе жыццё на зямлі, навязваюць абраным свае бачанне.
- Адносіны людзей з анёламі не бываюць пастаяннымі, яны эпізадычныя, асветленыя спакоем і любоўю.
- Мэта анёлаў - служыць Богу. Іх ўмяшанне заўсёды ўмацоўвае веру і накіроўвае чалавека да выратавання.
- Езус, Якога мы ведаем з Евангелля, не выглядаў як безасабовы агністы шар.
- Ключавы для псеўдамістычнага досведу Вангі залаты наезнік наогул не ўваходзіць у арсенал хрысціянскай сімволікі.
2. Можа, гэта быў д'ябал?
Калі гэта не быў Бог і Яго анёлы, тады кім былі тыя істоты, якіх Ванга прыняла за пасланнікаў, і якім быў характар іх духоўнага паслання?
Гэтыя істоты, з самай першай з'явы вершніка, уладна ўвайшлі ў яе жыццё, не пытаючыся аб меркаванні саму Вангу. Ды і адкуль ёй было ведаць, што ад падобных «істотаў» трэба пазбаўляцца? Яе жыццё прайшло на мяжы народных вераванняў і камунізму, які адкідваў Царкву. Яе ніхто не навучыў таму, як адрозніваць і адчуваць духаў, бо для абароны ад іх трэба было хоць бы першасная хрысціянская адукацыя. Свядомы верны хрысціянін - і тут мы згодныя з праваслаўнымі - не павінен згаджацца супрацоўнічаць з духамі, якімі б выдатнымі яны ні здаваліся. Ванга жыла мылілася, паколькі не звярталася са сваёй праблемай да святароў, хоць нават у Балгарыі ў камуністычны час яна магла іх знайсці і спытаць іх меркавання.
Ванга і акультызм
Наколькі далёка Ванга абыходзіла бокам праваслаўных (хоць і магла звярнуцца за парадай, (святара можна было знайсці нават у камуністычнай Балгарыі), гэтак жа ахвотна яна прымала акультыстаў. Яе не раз прасілі выказацца пра важныя асобы акультнага свету: напрыклад, пра Мікалая Рэрыха. Аднойчы яна сказала Святаславу Рэрыху, што яго бацька быў «незямным чалавекам» і нават заклікала сына працягнуць справу бацькі. Таксама і Анатоль Кашпіроўскі не абышоў Вангу, наведаў яе і выказаў сваю павагу. Пасля смерці Вангі на яе спадчыну спасылаюцца тыя, каго праваслаўныя ў Балгарыі называюць сектамі.
Некаторыя яе парады гучалі, як тыповыя магічныя рэцэпты. Напрыклад: аднойчы да яе прывялі мужчыну, які, у прыступе нянавісці накінуўся на сваякоў з сякерай. Ванга параіла ім купіць новы гліняны гаршок, напоўніць яго вадой з ракі, зачэрпваючы супраць плыні, і тройчы паліць хворага гэтай вадой. Пасля гэтага, не паварочваючыся, кінуць гаршок за сябе. Ці гэта дапамагло? Цалкам верагодна, таму што тут відавочна прыцягнута магія. Веруючы чалавек казаў бы пра споведзь, пакаянне, пакору, малітвы.
Часам Ванга бачылася з памерлымі тых з сем'яў, хто да яе прыходзіў (а гэта ўжо спірытызм). Яна была фаталістка: верыла, што лёс чалавека наканаваны (што супярэчыць веры ва ўсемагутнага Бога і веры ў свабодную волю чалавека).
Прарокі і «прарокі»
Дактрынальныя памылкі Вангі, нехрысціянскія асновы яе дзейнасці і саветаў - не дробязь, а сур'ёзная праблема. Па-першае, гэта шлях да бязбожнасці. Па-другое, гэта цягне за сабой сур'ёзныя маральныя наступствы. Калі чалавек не свабодны ў сваіх учынках, дык ці можа ён несці поўную адказнасць за дрэннае? Вядома, не. Тады дастаткова будзе звярнуцца да празорлівай, а яна дапаможа пазбегнуць наступстваў дрэнных учынкаў. Ці ёсць сэнс звяртацца да Бога, калі лёс - вышэй за Яго? Відавочна, што такое меркаванне не прадугледжвае месца для Бога Жывога. З жыцця сапраўдных прарокаў вядома, што Бог не выкарыстоўвае чалавека, як марыянетку. Нават калі чалавек адыходзіць ад Яго волі (як было ў пэўныя жыццёвыя этапы з Іонай і Ераміяй), Бог чакае на яго згоду, стараецца накіраваць волю чалавека так, каб гэтая воля супала з Яго воляй. Прароцтва Бога ніколі не з'яўляецца следствам гвалту над чалавекам. Больш за тое, Бог, нават абвяшчаючы пакаранне, адначасова кажа, што яго можна пазбегнуць, калі чалавек адвернецца ад грахоўнага жыцця, пакаецца ў грахах. Зносіны Бога з чалавекам ніколі не бываюць аднабаковымі, гэта заўсёды таксама і зварот чалавека да Бога. Ні пра якую малітву ў вучэннях Вангі і мовы няма. А тое, што частка яе прадказанняў спраўдзілася, сведчыць як раз не на карысць: так, яны былі нечым большым, чым яе фантазі. З дастатковай упэўненасцю можна сказаць: гэта быў кантакт з сіламі цемры.
Ва ўспамінах аб Ванге згадваецца, як яна, знаходзячыся побач з распяццем, у якое было ўкладзена часцінка Святога Крыжа, патрабавала яго прыбраць, таму што ёй нешта відавочна перашкаджала. Пра гэта казаў мітрапаліт, на тэрыторыі дыяцэзіі якога жыла Ванга. Ён, як чалавек веруючы, насцярожана ўспрымаў паведамленні пра яе. Аднойчы яна паслала да яго і папрасіла сустрэцца. Святар, ведаючы, што яна сляпая і хворая, вырашыў яе наведаць, спадзеючыся, што бабуля можа, вырашыла пакаяцца. Узяў распяцце і пайшоў. Ванга прымала наведвальнікаў, калі ён увайшоў у яе дом. Нягледзячы на тое, што яна была сляпая, яна адразу яго пазнала. Змяніўся яе голас і знешнасць. Калі святар падняў распяцце над яе галавой, адбылося нешта наогул дзіўнае: яе голас стаў нагадваць рык. «Прыйшоў чалавек, скажыце яму зараз жа выкінуць тое, што ў яго ў руках. Я не выношу гэтага. Больш нічога не бачу», - менавіта гэта, па яго словах, сказала Ванга, якая на час страціла свой дар празорлівасці. Зрэшты, для экзарцыстаў у гэтым выпадку няма абсалютна нічога дзіўнага.
Успаміны пра Вангу, напісаныя яе роднымі, былі моцна папраўленыя и змененыя, а некаторыя факты наогул замоўчваліся. Праваслаўны святар Йоў Гумераў піша пра дэманічную крыніцу бачанняў Вангі. Лех Вінаградаў, аўтар даследавання «Ванга. Партрэт сучаснай вядзьмаркі», успамінае, што аднойчы ёй прынеслі абраз Багародзіцы - спачатку яна аб гэтым прасіла сваім, жаночым голасам. Але хутка, ужо мужчынскім голасам, патрабавала, каб да яе з абразом не набліжаліся. «Пакінь мне сілу!»
Ванга ў пекле?
Пасля смерці Вангі яе сястра Любка, паводле праваслаўнага звычаю, замовіла за яе Саракавуст (малебен 40 дзён). Падчас гэтай малітвы Ванга ёй прыснілася і сказала: «Любка, досыць, досыць малітваў. Я на самым дне пекла. Яны не дапамагаюць, ад іх агонь яшчэ большы». Вядома, гэта магло быць толькі сном, але сігнал трывожны.
У Балгарыі не так шмат тых, хто вядомы на ўвесь свет. А папулярнасць Вангі была менавіта такой. Яе не толькі не забываюць, але і рэкламуюць. У царкве, якую яна пабудавала за свае грошы, сёння дзейнічае турыстычны цэнтр. Як наогул атрымалася, што гэтую царкву асвяцілі? Шмат хто называе яе неправаслаўнай, там змяшчаецца партрэт Вангі, выкананы ў стылі іконы. Прычына гэтаму – вялікая дактрынальная блытаніна, якой да гэтага часу не пакладзены канец ў Балгарыі.
Паводле старонкі Рух Світло Жіття