Імя гэтага беларускага рэкалекцыяніста большасць людзей атаясамлівае са "Школай хрысціянскага жыцця і евангелізацыі ў Оршы". Многія акрэсліваюць яго цяжка вытлумачальным словам “харызматык”. Мы паразмаўлялі з а. Аляксандрам пра яго шлях да хросту ў св. Духу, пра харызматычнасць Касцёла і сучасную евангелізацыю.
З харызматычным рухам а. Аляксандр сустрэўся 15 год таму.
“Першапачаткова я быў ганіцелем “харызматаў”, чуў розныя непрыемныя гісторыі і нават быў сведкай адыходу беларускай супольнасці Яна Хрысціцеля ад Касцёла”, - распачаў ён свой аповед. Але ў пэўным моманце задаў сабе пытанне: “Як можна не любіць тое, чаго ты не ведаеш?” Так пачаўся першы кантакт з рухам Адновы і першыя пошукі.
“Аднойчы я пайшоў на спатканне Адновы ў Святым Духу, там былі людзі з розных краінаў. Я ўпершыню ўбачыў, як свецкія асобы моляцца над святарамі. Пасля пачаў памалу хадзіць на малітоўную групу ў семінарыі айцоў марыянаў у Любліне, дзе тады вучыўся”. Першы ж большы кантакт з харызматамі а. Аляксандр перажыў падчас сустрэчы з індыйскім святаром-езуітам, прафесарам хіміі, а. Фіо Маскарэнасам. Тады на спатканні прысутнічала каля 5 тыс. чалавек. “Пасля гэтага я пачаў шукаць”, - працягвае аршанскі пробашч, - “у рэшце рэшт трапіў у езуіцкую групу пры каталіцкім універсітэце ў Любліне. Вельмі цаню яе да сённяшняга дня, тады гэта была вельмі здаровая супольнасць. Там я перажыў хрост св. Духам і сваё аздараўленне”.
Развіццё руху Адновы ў св. Духу ці па-іншаму "харызматычнага руху" сталася адным з жыццёвых прыярытэтаў айца Аляксандра. Ён падкрэслівае, што тады “проста не было другіх варыянтаў”. “Я ўбачыў іншае жыццё, гэта сталася маёй сям’ёй, я не мог па-іншаму. Так як я крытычна да гэтага ставіўся раней, гэтаксама я пачаў змагацца з крытыкай харызматаў”, - кажа ён.
Аднова ў Беларусі
А. Аляксандр зазначыў, што структураў харызматычнай адновы ў Беларусі няма і “ня трэба”. “У 2005 г. я стаў святаром, вярнуўся ў Беларусь і зразумеў, што тутэйшы Касцёл абсалютна не гатовы на Аднову. Я тут не сустрэў малітоўных групаў, але сустрэў людзей, якія хадзілі па шпіталях і мелі дар моваў ад Святога Духа. Яны самыя баяліся, не ведалі, чаму чуюць голас Бога, адкуль атрымалі дар моваў. Я зразумеў, што нам неабходны вопыт іншых супольнасцей. З 2006 г. мы пачалі ездзіць ва Украіну. Цяпер у Беларусі гэтых рэчаў дастаткова”, - распавёў суразмоўца.
Айцец ўзгадаў, як бельгійскі кардынал Ёзэф Суэнэнс, колішні адказны за харызматычную аднову ў Ватыкане, які разам з Ёзэфам Рацынгерам уваходзіў у камісію тэолагаў, якая павінна была даць адказ Касцёлу, што такое рух Адновы ў св. Духу, сцвердзіў, што харызматычную аднову нельга назваць рухам: тут няма структураў, няма заснавальнікаў, гэта звычайнае праяўленне Святога Духа ў жыцці простых веруючых.
Пра забытую харызматычнасць Касцёла
Адказваючы на пытанне, чаму ўсё-такі каталіцкія іерархі з пэўнай перасцярогай ставяцца да харызматычнага руху, айцец распачаў з таго, што “Касцёл па сваёй прыродзе харызматычны”. “Бенедыкт XVI на сінодзе біскупаў на тэму рухаў у Касцёле падкрэсліваў, што Касцёл мае два напрамкі: інстытуцыя і харызмат. Яны заўсёды былі, ніколі не ваявалі паміж сабой. Харызматы пачалі праяўляцца ў манаскіх ордэнах, першыя законнікі былі простымі харызматыкамі. Узяць таго ж св. Францішка: толькі тагачасны папа рымскі ўратаваў заснавальніка францішканаў ад залічэння яго да сектантаў. Сёння ж многія законы ў нейкім сэнсе згубілі радыкальны спосаб жыцця”, - распавёў.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўсё большую ролю ў харызматычным абнаўленні Касцёла павінны спаўняць свецкія людзі. “Канфлікт нараджаецца з-за таго, што большасць людзей прызвычаілася да Касцёла інстытуцыянальнага, да таго, што пробашч табе “пан і пахан”. Тое, што на Пасху ў храме збіраецца пару тысяч чалавек яшчэ нi аб чым не гаворыць. Гэта, у большасці, ананімныя людзі, якія не адчуваюць адказнасці за Касцёл. Яны лічаць і, зрэшты, так іх выхавалі, што ўсё будзе вырашаць выключна пробашч, а яны тут так, раз на тыдзень заходзяць”, - сказаў суразмоўца, - “францускі, італьянскі Касцёлы ўжо цалкам абнавіліся пасля Другога Ватыканскага сабору. Пасля яго свецкія пачалі ездзіць на місіі, пачалі праяўляць актыўнасць і там ужо мала каго здзіўляе Аднова ў Духу Святым”.
А. Аляксандр таксама заўважыў, што “харызматычны рух не дае канкрэтных адказаў”. Ён распавёў аб тым, што падчас малітвы заступніцтва чалавек пачынае плакаць, смяяцца і ніхто не можа сказаць ці гэта эмоцыі, ці гэта Дух Божы. “А чалавек хоча канкрэтных адказаў, каб усё зразумела было”, - дадаў. Разважаючы над гэтай праблемай, марыянін узгадаў словы аднаго харызматыка, які сказаў: “Калі мы не можам прыняць дар моваў, то як мы будзем па вадзе хадзіць і горы з месца на месца пераносіць?”.
Суразмоўца звярнуў ўвагу на істотную акалічнасць: рух харызматыкаў адчынены для ўсіх, сюды кожны можа прыйсці. “Прыходзяць людзі параненыя, псіхічна няўстойлівыя; прыходзяць таксама глыбока веруючыя”, - зазначыў ён. Менавіта па-гэтаму такое асяроддзе часам выклікае неадназначныя ўражанні. Аднак айцец падкрэсліў, што ведае шмат прыкладаў людзей, якія аздараўляліся ад наступстваў магіі, радавога праклёну, ці той жа псіхічнай і эмацынай няўстойлівасці.
“У адной жанчыны з-за няправільнага абмену гармонаў расла барада. Яна з-за гэтага, зразумела, мела шмат комплексаў, набудавала ўнутры сябе невядома што. Падчас аздараўлення яна смяялася некалькі гадзінаў. А хтосьці можа смяяцца проста так – адзін засмяяўся і ўсе пачалі смяяцца. Але не так проста ва ўсім гэтым разабрацца. Часам мы хочам мець адказы, а іх простa няма. Хоць з іншага боку, да такіх эмацыйных праяўленняў нельга ставіцца бескрытычна. Як і ўсюды, патрэбная мудрасць”, - распавёў суразмоўца. “Я быў у вельмі здаровай супольнасці, там усё гэта кантралявалася і фільтравалася. Калі я развітваўся з імі і выязджаў з Любліна, то сказаў, што калі да мяне прыходзіць чалавек і кажа, што ён харызматык, дык я не ведаю, ці гэта добрая вестка для мяне”.
Пра евангелізацыю святароў
Пытаюся пра ціхую патрэбу новай евангелізацыі Касцёла, пра якую так шмат гаворыцца. А. Аляксандр кажа, што тут, на яго думку, ідзе размова пра самую звычайную евангелізацыю. “Калі Папа Рымскі ўжывае тэрмін новай евангелізацыі, то для мяне гэта азначае розніцу сродкаў евангелізацыі. Гэта тая ж самая праўда нясення Евангелля. Святароў не трэба рэевангелізаваць, іх трэба проста евангелізаваць. Памятаю, як на адным спатканні святар кажа клерыкe: “Хто для цябе Езус?”. Той адказвае: “Што я табе? сектант які, каб на такое пытанне адказваць?”. Тады я зразумеў у якім багне мы, католікі, сядзім. Я зразумеў, што нам, святарам, трэба па-новаму расказваць, што Бог нас любіць. Калі прыходзіць Святы Дух, ёсць розніца паміж гаварыць і гаварыць, слухаць і слухаць. Той жа самы святар павінен па-новаму пачуць, што Бог прабачае, што Бог любіць”, - распавёў.
На яго думку, харызматычнасць святароў з’яўляецца неабходнасцю. Ён кажа, што “ў нас моцная іерархічная структура і яна такой павінна быць, без святароў у Касцёле нічога не дзеецца і таму евангелізацыя парафіі пачынаецца перш за ўсё з навяртання пастыра”, - падкрэсліў суразмоўца. “У пратэстантаў пастара можна скінуць, памяняць, у нас ксёндз – гэта ксёндз. Я кажу свецкім, каб яны ніколі не ўлазілі ў канфлікты са святарамі, а маліліся аб іх навяртанні. У Беларусі ўжо ёсць святары, якія гатовы сведчыць, што іх парафія вымаліла іх навяртанне”.
“Харызматы – гэта не галоўнае. Галоўнае – абнаўленне ў Святым Духу. Момант абнаўлення – адкрыццё Божай любові. Калі святар шчыра хоча служыць, для яго адкрыццё тэмы “Чаго, Госпад, ад мяне хочаш?” робіцца асновай. Рутына і рытуалізм сёння – асноўная праблема святароў. Таму неабходна адкрываць жывога Госпада і жаданне быць з Ім”, - скончыў а. Аляксандр.
А. Аляксандр Жарнасек МІС – беларускі святар, марыянін, сын беларускай пісьменніцы Ірыны Жарнасек. Нарадзіўся ў 1980 г. у Наваполацку, у 2005 г. прыняў святарскія пасвечанні. Арганізатар малітоўных сустрэчаў “Вінаграднік” і адзін з арганізатараў Школы Хрысціянскага Жыцця і Евангелізацыі. Экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі. Пробашч парафіі св. Язэпа ў Оршы.
Праз тыдзень з’явіцца размова з а. Аляксандрам пра яго служэнне ў 12-й калоніі ў Оршы. Суразмоўца распавядзе пра асаблівасці працы з вязнямі і веру тых, хто знаходзіцца па той бок дроту.
Размаўляў Арцём Ткачук