Аб евангелізацыі бедных, харызматах і духоўнай барацьбе з айцамі Энрыке Порку і Антанэла Кадэду можна знайсці ў гэтым матэрыяле-інтэрв'ю, якое зрабіў кс. Тамаш Яклевіч. Дарэчы 13-14 верасня ў парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, адбудуцца рэкалекцыі з адным з айцоў, кс. Антанэла Кадэду.
Кс. Тамаш Яклевіч: Падчас рэкалекцый для святароў айцы часта паўтаралі словы, якія Бог скіраваў да Ёны: "Устань і ідзі". Калі айцы пачулі такі заклік у сваім жыцці?
А. Энрыке Порку: Бог абудзіў нас праз бедных і харызматы. Пан Езус сказаў: “Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Такім чынам, у адзін цудоўны дзень мы пачалі запрашаць бедных у дом нашай супольнасці, ведаючы, што гэта Езус. Аднак гэта выклікала непаразуменні. Мы ўбачылі пэўны парадокс. Да гэтага часу мы навучалі, што Езус прысутнічае ў бедных, але калі мы самі пачалі прымаць іх у нашым доме, сядзець разам з імі за адным сталом, з’явіліся цяжкасці. Убогія ламалі рытм жыцця ў нашай супольнасці. Гэта было вельмі складана, таму што мы павінны былі выбраць паміж упарадкаваным жыццём, многімі любімымі братамі і прыняццем Божага Слова, якое гаворыць, што Хрыстос з'яўляецца бедным – Ён стукае ў нашы дзверы. Мы павінны былі выбраць. Уражваючым момантам была сустрэча з паралізаваным жабраком, які распавёў нам, што грукаў у дзверы дамоў многіх святароў, манахаў і манахінь, аднак адзінымі, хто яго прынялі, былі прастытутка і алкаголік. У гэты момант у сэрцы сваім мы пачулі, што Езус кажа: "прастытуткі і алкаголікі апярэдзяць вас, на вашым шляху да неба". Каб быць там, дзе быў Езус, мы павінны былі пакінуць наш дом, нашу бяспеку. Мы вырашылі быць без дома, каб прыняць тых, хто яго не мае.
А. Антанэла Кадэду: Цяпер пра харызматы. На кожным кроку, мы заўважаем іх, а менавіта Святога Духа, які дакранаецца да сэрцаў людзей, якіх мы сустракаем на вуліцы. У маладзёнаў, якія жывуць дыскатэкамі, у сужанцаў, якія знішчылі свае сем’і. Мы молімся за гэтых людзей. Мы бачым сілу Святога Духа, якая змяняе каменныя сэрцы на цялесныя. Мы здзіўляемся, калі назіраем, як у нашы гасцявых дамах людзі вылечваюцца ад наркаманіі або алкагалізму без усякіх лекаў. Проста Эўхарыстыя, асабістая малітва, ружанец, і людзі становяцца здаровымі. Вядома, на пачатку яны перажываюць момант нервовасці, але потым усё праходзіць. Акрамя таго, гэтыя ж людзі пачынаюць маліцца і дапамагаць адзін аднаму, яны – сіла Святога Духа і харызматаў. Пакінуўшы свае залежнасці яны становяцца евангелізатарамі разам з намі. У нас ёсць, напрыклад, гамасэксуаліст, якога мы сустрэлі у адной з фавел, у якіх працуем. Гэты чалавек рыхтаваўся да аперацыі, каб змяніць знешнасць. Калі мы пазнаёміліся, у яго была нейкая інфекцыя. Мы завезлі яго ў шпіталь, але ніхто яго не хацеў прыняць. Калі, нарэшце, уладкавалі яго ў шпіталі, ён папрасіў а. Энрыке, каб той ахрысціў яго. Ён пажадаў застацца мужчынам і скончыць з жыццём гомасексуаліста. А. Энрыке спытаў у яго, якое імя ён хацеў бы ўзяць сабе, а ён адказаў: "Ян". Айцец сказаў яму: «Ты – Ян Марыя". І цяпер ён з намі прапаведуе Евангелле на вуліцы, дзе жывуць гомасэксуалісты. Гэта плён выключна Святога Духа.
Такім чынам, можна сказаць, што вы перажылі такое "пакліканне ў пакліканні", як Маці Тэрэза ...
А. Энрыке: Так, з той толькі розніцай, што Маці Тэрэза была святой. Мы больш шалёныя, чым святыя (смяецца).
Падчас рэкалекцый для святароў у дыяцэзіі Кашалін – Кaлобжэг паўстала пытанне: “Як узнікла ідэя, каб на 40-годдзе дыяцэзіі зладзіць Евангелізацыю замест "духоўнай акадэміі"?
А. Энрыке: Біскуп Эдвард Дайчак знаёмы з адным з членаў нашай супольнасці. Праз яго нас сюды запрасілі. Мы хацелі б сказаць, што падчас нашага знаходжання тут, мы бачым, як Святы Дух вельмі ўнікальным спосабам дзейнічае ў гэтай дыяцэзіі. Важна, каб святары і свецкія разумелі, якой ласкай яны тут, у гэтыя дні, будуць адораныя. Не па прычыне нашай прысутнасці, але па прычыне адкрытасці Духу Святому. Гэта не чалавечыя планы, якія тут рэалізуюцца, але Яго дзейнасць. Перад гэтым мы не ведалі ні гэтую дыяцэзію, ні біскупа і яго чаканняў. Мы заўсёды захапляемся працай Духа Святога, таму што ў нас мала веры. Мы шукалі паразумення і былі здзіўлены, што нашыя чаканні супадаюць з інтуіцыяй біскупа. Цудоўна ўбачыць такую гармонію. Хто гэтага не ведае, мог бы сказаць, што біскуп напісаў нам, што мы павінны сказаць, што паінфармаваў нас аб дыяцэзіяльным праекце. Калі мы размаўлялі з ім аб сваіх пачуццях, былі ўзрушаныя. Для яго тое, што мы сказалі, было пацвярджэннем таго, што Дух Святы паказаў яму раней. Святы Дух заклікае, каб людзі ў дыяцэзіі валодалі гэтай зямлёй. Гэта першая думка, якая прыходзіць на розум. Другая заключаецца ў тым, каб прывесці тутэйшых людзей да Сэрца Марыі, якая стаіць пад крыжам, каб яны сталіся сям'ёй. Дух Святы збірае нас у адзіную сям'ю, таму просім аб Пяцідзесятніцы, новым ветры, які падзьме над Кашалінам.
Гэтая дыяцэзія лічыцца адной з самых бедных у Польшчы. Магчыма, Бог хоча выкарыстаць мясцовы Касцёл для дабра ўсёй Польшчы?
А. Энрыке: Пан Езус нарадзіўся ў бедным Бэтлееме ... Сапраўды Божыя планы несумяшчальныя з нашай логікай.
А. Антанэла: Чаму мы не можам думаць пра новую Пяцідзесятніцу для ўсёй Польшчы?
Вашае прапаведаванне суправаджаецца шматлікімі харызматычнымі знакамі, такімі як адпачынак у Духу Святым, дары моваў, прароцтвах. Некаторыя людзі толькі на гэтым засяроджваюць сваю ўвагу, іншыя - у тым ліку святары – застаюцца скептычнымі.
А. Антанэла: Боязь харызматаў, не новая з’ява. Вядомы быў яшчэ з часоў Дзеяў Апосталаў. У першыя стагоддзі існавання Касцёла мы бачым напружанасць у адносінах паміж установай і харызматамі. Складаная сітуацыя. На працягу гісторыі часта здаралася, што харызматы былі часам як "прыглушаныя" у Касцёле. З іншага боку, такія засцярогі ў некаторым сэнсе апраўданыя, таму што некаторыя харызматычныя рухі прыводзілі да ерасі. Сёння мы таксама бачым напружанасць паміж тымі, хто прымае харызматы і тымі, хто не прымае. Паводле мяне, не трэба зачыняцца ў сабе, але выкарыстоўваць дары і ўзрастаць, навучаць людзей, і гэта будзе ключом да ўсяго. Аднак цяжкасці заўсёды будуць. Святы Дух часам павінен страсянуць Касцёлам. У нас паўстае страх, хоць мы не можам баяцца. Трэба быць адкрытымі. Перш за ўсё неабходна фармаваць святароў, якія не ведаюць пра харызматы, а таксама свецкіх.
А. Энрыке: Наша ўвага не можа быць сканцэнтравана толькі на знешніх з'явах, але на любові. Святы Дух ёсць Любоў. Спосабы Яго дзейнасці самыя разнастайныя. Я ведаю людзей, якія прыйшлі да Бога з дапамогай ўсяго толькі аднаго позірка любові, а іншых трэба было толькі прытуліць з любоўю. Мы бачылі бандытаў, якія пакінулі свой стыль грэшнага жыцця толькі таму, што нехта ў першы раз успомніў аб іх дні нараджэння. Некаторыя былі адноўленыя гасціннасцю, ад таго, што нехта іх з любоўю прыняў. Мы бачылі Езуса, які памножыў ежу ў той час, калі ў нас не было дастаткова прадуктаў харчавання для ўсіх, каго мы прымалі ў нашым доме. Такім чынам, любоў з'яўляецца ключом. Любоў можна дасведчыць нават падчас адпачынку ў Духу, малітве на мовах, падчас выкарыстання харызматаў аздараўлення або вызвалення. Св. Павел кажа, што любоў праганяе кожны страх. Гасподзь стварыў Касцёл свабодным. Ён пастаянна павінен вяртацца да сваёй сутнасці, таму што Ён жыве шматлікімі схемамі, правіламі, структурамі ... Касцёл, які любіць, дазваляе Святому Духу дзейнічаць. Для нас важныя гэтыя два вымярэнні: служэнне бедным і харызматы. Яны павінны ісці разам. Калі людзі шукаюць толькі аздараўлення і незвычайных з'яваў, імкнуцца гэтае пабачыць, то прабачце мяне за такое выказванне – то яны здзяйсняюць духоўную мастурбацыю. Засяроджваюцца толькі на сябе самых, шукаюць задавальнення, камфорту. Каб даведацца, што нешта паходзіць ад Госпада, мы павінны ведаць, што такое радасць аддання Яму свайго жыцця, вымярэнне крыжа. Хто не аддае свайго жыцця, той не знойдзе яго. Убогія, церпячыя, няверуючыя турбуюць нас, прымушаюць пакінуць уласны камфорт. У такім выпадку, Касцёл становіцца місійным. Дух Святы заўсёды заклікае нас, не засяроджвацца на ўласных жаданнях і пераносіць нас далёка па-за ўласны эгаізм, схіляе да таго, каб пачынаць усё наноў.
А. Антанэла: Адзінае, што застаецца, гэта любоў. Харызматы з'яўляюцца толькі шляхам, знакамі.
Сёння ў Касцёле мы шмат гаворым аб Новай Евангелізацыі, а вы Евангелізуеце?
А. Антанэла: Асноўнае – дазволіць Езусу дзейнічаць. Размовы пра Новую Евангелізацыю не прынясуць шмат карысці, калі мы не выйдзем ад таго, чаму нас навучыў Езус. Вось чаму вы павінны вярнуцца да керыгмы. Мы павінны вярнуцца да таго, што казаў нам Госпад. Да таго, што прапаведуе а. Энрыке – дзейнічаць праз бедных, праз тых апошніх. Мы павінны быць з Езусам, бо інакш, будзем выдаваць толькі касцёльныя дакументы, а не Евангелізаваць. А. Энрыке: Я не ведаю, ці правільна назваць тое, што мы робім, Новай Евангелізацыяй. Магчыма лепш сказаць: "Евангелізаваць нанова". Бо Касцёл дзеля таго і быў заснаваны, каб так паступаць. Аднак ў пэўным моманце Ён спыніўся на духоўнай апецы тых, хто ўжо ёсць ў Касцёле. Таму неабходна вярнуцца да каранёў і проста Евангелізаваць.
А. Антанэла: Самай вялікай праблемай на сённяшні дзень з'яўляюцца дэманы розуму. Таму што, калі мы гаворым пра Евангелізацыю, пра бедных, пра харызматы, пра керыгму, то, на жаль, гэтая культура, у якой мы жывем, ўсё адфільтроўвае. Гэтыя фільтры існуюць унутры нас. Яны дзейнічаюць так, што мы ніколі не сустракаемся на адным узроўні. Слова Божае не трапляе ў сэрца.
А. Энрыке: Святы Павел папярэджвае нас, што мы не змагаемся толькі супраць стыхій гэтага свету, але, што дэманы сапраўды існуюць. Сёння мы бачым адмову ад аўтарытэтаў, што спрыяе рэлятывізацыі (адноснасці, рэд.) праўды і знішчэнне вобраза Айца. Мы бачым наступствы дэфармаванага стаўлення да сэксуальнасці. Экзарцысты падкрэсліваюць, што, напрыклад, аборт з'яўляецца адной з формаў сатанінскага "пасвячэння", так як дзяцей прысвячалі аднаму з дэманаў - Молаху. Наркаманы казалі нам, што наркотыкі з'яўляюцца свайго роду "эўхарыстыяй дэмана". Калі ты спажываеш кансэкраваную гостыю, у цябе ўваходзіць Езус, а калі ты ўжываеш наркотык, у цябе ўваходзіць сатана. Калі мы молімся за наркаманаў, многія вызваляюцца ад залежнасці. Таму гэта не проста дрэнная звычка. Усё, што перажывае чалавек знаходзіцца ў трох вымярэннях: фізічным, псіхічным і духоўным. У нашым матэрыяльным свеце мы бачым толькі фізічнае вымярэнне, памінаючы духоўнае. Папа Леў XIII меў містычнае бачанне, у якім сатана сказаў Езусу, што яму патрэбна 100 гадоў, каб знішчыць Касцёл. Святы Ян Боска, у сваю чаргу, меў бачанне буры, падчас якой карабель Касцёла быў атакаваны варожымі караблямі. Выратаваннем для карабля Касцёла былі дзве калоны: адной з'яўляецца Эўхарыстыя, а другой – Марыя. Гэта надзея. Трыумф Беззаганнага Сэрца Марыі набліжаецца.
А. Антанэла: Мы – два вослікі, але спадзяёмся, што разам нам атрымаецца стварыць каня (смех).
А. Энрыке: Вол і вослік, а пасярэдзіне – бедныя яслі, у якіх ляжыць Езус.
А. Энрыке Порку і а. Антанэла Кадэду – родам з Сардыніі, маюць па 30-гадоў святарства, жывуць з беднымі ў трушчобах Сан-Паўла ў Бразіліі. Заснавалі ў 2000 годзе асацыяцыю "Запавет Міласэрнасці" (Alianca de Misericordia), якая дзейнічае сёння ў 36 гарадах Бразіліі, а таксама ў Партугаліі, Італіі, Францыі, Бельгіі і Польшчы. Харызматам супольнасці з'яўляецца праца з беднымі і Евангелізацыя.
Паводле gosc.pl
Пераклад Марына Белаблоцкая