Скончыла кіраванне і мэнэджмэнт у Беластоку. Усе рэчы ўжо перавязла ў Гродна. Яшчэ некалькі год таму кінула першы курс магістратуры ў Варшаве і пачала працаваць. Гэта больш адпавядала. Упершыню Вераніка апынулася на сустрэчы Тэзэ ў Роттэрдаме, пасля была яшчэ ў Рыме. “Там я падыйшла да адной з сясцёр з Тэзэ. Яна размаўляла па-руску і па-польску. Мы пагаманілі 10 хвілін і штосьці мяне кранула.
Яна сказала, што з Беларусі яшчэ ніхто не заставаўся на доўга, можна прыехаць. Пазней мне казалі, што там шмат каму прапаноўвалі прыехаць валанцёрам”, - распавядае гарадзенка, якая 8 месяцаў пражыла ў супольнасці Тэзэ ў Францыі.
Пасля той размовы яна яшчэ шмат думала ехаць ці не. Для Веранікі было важным меркаванне брата. Запыталася ў яго. “Ён сказаў: “Гэта месца цябе зменіць”. А я хацела нешта змяніць у маім жыцці, мне не падабалася тое, як я жыву”, - працягвае Вераніка, - “Я напісала мэйл да сястры Евы ў Тэзэ. Папрасілася на год”. З Францыі прыйшоў адказ, што спачатку трэба прыехаць на адзін месяц, каб паспрабаваць.
Першы месяц у вёсцы
Суразмоўца распавядае, што калі яна выйшла з аўтобуса ў вёсцы, то адразу адчула супакой і радасць. Гэта была пятніца, нешта каля 19-й. Адразу пайшла на малітву і пачула песні, якія ўжо чула на сустрэчах у Роттэрдаме і Рыме. Паспавядалася. Пазней сустрэла там святара-паляка, які жыве на поўдні Францыі ўжо 7 гадоў. У той дзень ён прыехаў дапамагчы братам спавядаць. “Ён мне сказаў не зачыняцца на цішыню, каб слухала яе. Параіў схадзіць у раманскі касцёл, туды дзе пачалося Тэзэ. Там я навучылася слухаць у цішыні”, - распавядала дзяўчына.
“Я была здзіўлена, што там было так шмат валанцёраў. Дзяўчат, якія прыехалі на адзін месяц, было каля 80, усіх разам - каля 250 чалавек”, - працягвае Вераніка. На кожны тыдзень там рыхтуецца праграма, якую пасля ўсе выконваюць. Дзяўчына некалькі разоў паўтарала, што адчувала сябе на сваім месцы, што знайшла Святога Духа, адкрыла, хто такі Езус. Было добра і яна “проста забыла, што хацела застацца тут на год”. “Аднойчы ў нядзелю, падчас традыцыйнага праважання аўтобусаў адна сястра сказала: “Як добра заставацца тут і махаць ад’язджаючым. Можа прыедзеш на год?”, - распавядае мая суразмоўца, - “тады я ўспомніла, што існуе магчымасць застацца на даўжэй”.
Падрыхтоўка да гадавога побыту
Пасля Вераніка вярнулася ў Варшаву, бо водпуск на месяц у Тэзэ сканчваўся. Аднак існавала пачуццё перамененасці, усё падавалася бессэнсоўным. Кожны дзень хадзіла на св. Імшу, думала. “Пасля побыту ў Тэзэ я прабыла ў Варшаве яшчэ месяц, прыехала ў Гродна і пазваніла да сястры Эвы і сказала, што хацела б прыехаць да іх на год”, - сказала дзяўчына.
“Бацькоў, брата і сясцёр я паставіла перад фактам, хоць, зразумела, іх меркаванне было важным для мяне. Тата сказаў: “Калі хочаш – чаму не?”. Натуральна, яны баяліся мяне адпускаць. Але ў цэлым маё рашэнне было прынята”, - распавядае суразмоўца. Звальненне з працы, неабходныя зборы, - і Вераніка накіравалася ў Францыю.
Дзень у Тэзэ
Дзень у супольнасці Тэзэ выглядае наступным чынам. У 07.30 адбываецца св. Імша (наша гераіня з усмешкай прызналася, што “не заўсёды ўставала”). У гэты час была таксама служба для пратэстантаў. Ранішнія малітвы пачыналіся ў 08.20. Малітвы ў вёсцы не абавязковыя, але, зразумела, браты заахвочвалі, каб усе прыходзілі, каб людзі, якія прыязджаюць на тыдзень, маглі ўбачыць, як жыве супольнасць. Падчас ранішніх малітваў раздавалася св. Камунія для тых, хто не быў на літургіі. Пазней сняданак. Штодзённа багетка, трошкі шакаладу, масла. Пасля - праца. У кожнага розная. Спачатку Вераніка мыла і чысціла намёты, прыводзіла ўсё з імі звязанае ў парадак. У 12.20 званы абвяшчаюць абедню. “Падчас малітвы ў Тэзэ ўсё спыняецца, усе кідаюць сваю працу і вёска нібы замірае - гэта проста неверагодна”, - кажа яна. У 13.00 абед, праз гадзіну ізноў пачынаецца праца. Ёсць час на цішыню, сустрэчы, некаторыя ўдзельнічаюць у семінарах-майстэрнях, якія праводзяць браты. А 19-й вячэра, пасля - малітва. Пасля вячэрняй малітвы кожны мае час для сябе. Па панядзелках і пятніцах - біблейскія разважанні ад братоў. Кожную сераду так званы шэрынг, дзяленне паміж тымі, з кім кожны жыве ў абшчыне. Усё выглядае проста.
Хлопцы і дзяўчаты
Перамігваючыся з Вовай, пытаемся, як выглядаюць адносіны хлопцаў і дзяўчат. Вераніка хутка развейвае ўсялякія намёкі: “Хлопцы жывуць каля братоў, дзяўчаты - каля сясцёр. Харчуюцца там асобна, таму хлопцы і дзяўчыны сустракаюцца толькі падчас працы і малітваў”. Каб цалкам супакоіць нашу цікавасць да гэтай справы, дадае: “Кожны прыязджае са сваёй мэтай, але ўсе шукаюць, спрабуюць даваць сябе і нічога не чакаць узамен. Падзел існуе дзеля таго, каб кожны зразумеў сваё пакліканне”.
Малітвы
Наша гераіня кажа, што малітвы там выглядаюць незвычайна. Пачынаецца ўсё са спеваў. “Спеваў там увогуле вельмі шмат”, - дадае. Пасля браты спяваюць псальм (каля ўвахода ёсць карткі з перакладамі). Пазней чытанні з Новага і Старога Запавету. Пасля цішыня – 8 хвілін. Малітвы розных канфесій адбываліся толькі па-за графікам, у вольны час. Напрыклад, Вераніка была на праваслаўнай св. Імшы і ёй вельмі спадабалася: “Спадабалася, як яны кланяюцца ўвесь час Езусу, толькі там вельмі глыбока я зразумела, як іншыя канфесіі любяць Езуса”. Распавядае, што людзі застаўляюць там шмат рэчаў, “У нас там была цэлая шафа Біблій на розных мовах і кожны, хто прыязджае, мог сабе ўзяць адну”.
Час ад часу па вечарах Вераніка хадзіла да сясцёр на ружанец. Яны каталічкі, таму іх малітва ўжо больш нагадвала наш стыль. Сэрца Тэзэ – малітва. “Калі ты там знаходзішся, сваёй прысутнасцю ты ўжо молішся”, - падкрэслівае дзяўчына.
Мова малітваў выбіраецца па-рознаму. Галоўнымі ў Тэзэ з’яўляюцца ангельская і французская. Большая частка малітваў тлумачыцца амаль на ўсе мовы краін, якія прысутнічаюць у вёсцы на гэтым тыдні. Калі людзей шмат, дык больш моляцца па-ангельску, калі менш - па-французску. Спевы ж адбываюцца на розных мовах. “Там ты хочаш-не хочаш, вывучаеш некалькі моваў. Ты бачыш пераклады і разумееш, што ты спяваеш. Мова там не праблема, ты робіш памылкі, але Дух Святы неяк там кіраваў намі. Асяроддзе там вельмі шматмоўнае”, - кажа Вераніка. Усе пропаведзі, пасланні, лісты публікуюцца на мовах людзей, якія прыязджаюць, іх вельмі шмат. За шмат гадоў існавання Тэзэ сабралася вялікая база перакладчыкаў-валанцёраў.
Грошы
Браты не прымаюць грошай. Аднак, шмат людзей хацела дапамагчы і было вырашана зрабіць асобны рахунак для патрабуючых. Супольнасць жыве за кошт сваёй працы, у іх ёсць свае ганчарні, майстэрні. Хтосьці піша кнігі, хтосьці робіць таксама паштоўкі. Кожны валанцёр нічога не плаціць і нічога не атрымоўвае. Усе маюць усё неабходнае для жыцця. Адзінае, што трэба, каб быць у Тэзэ - гэта даехаць туды і мець спальнік. “Я там зразумела, наколькі для мяне гэта не важна, што з сабою браць і колькі мець грошай”, - кажа дзяўчына.
Галоўнае
“Там ёсць усё: і вечарыны, і пасядзелкі, шматгадзінныя размовы і нават простыя людскія плёткі, але гэта ўсё было па-за мной. Такая няспынная малітва. Усё, пра што я распавядаю, жыццё ў супольнасці – гэта не тое, чым я жыла ад пачатку. Тэзэ стала для мяне святым месцам, супакоем”, - распавядае Вераніка, - “з часам шмат змянілася, я вучылася аб’ядноўваць жыццё ў супольнасці і жыццё душы”.
Дзяўчына кажа, што кожны хрысціянін у Тэзэ адчувае сябе дома. Там не важна, хто ты па канфесіі. Прыязджае, напрыклад, шмат агностыкаў. “Аднойчы прыехаў адзін аўтобус і людзі сказалі, што яны чулі аб нейкая тутэйшай секце. Валанцёры займаліся з імі, распавядалі пра Тэзэ”, - з усмешкай дадае.
“Я не канцэнтравалася на каталіцызме, але, разумеючы, іншыя канфесіі, я ўмацоўвалася ў сваёй канфесіі”, - кажа дзяўчына. Магчыма, гэта было з-за францускай мовы, якую Вераніка ведала дрэнна. Сумавала па цэласна зразумелай літургіі.
Цяпер Вераніка едзе дапамагаць арганізоўваць спатканне Тэзэ ў Празе. Спачатку ў верасні яна паедзе ў вёску ў Францыю, адтуль валанцёры накіруюцца ў Прагу і да пачатку студзеня будуць працаваць у чэскай сталіцы. “А пасля – будзе пасля. Я зразумела, што з Богам няма нічога немагчымага”, - сказала яна.
Кожнаму, хто б хацеў паехаць у Тэзэ, наша гераіня параіла “не баяцца паехаць хоць на кароткі час і пазнаёміцца з супольнасцю, з іх духам”. “Гэта месца вас зменіць, дапаможа адкрыцца і зразумець праўду. Браты не хочуць нікога там затрымліваць, яны хочуць, каб людзі там набіраліся іх духа, а пасля раз’язджаліся і давалі гэты дух іншым. Можа камусьці гэта і ня трэба, але пазнаёміцца з Тэзэ заўсёды варта”, - сказала Вераніка.
Арцём Ткачук
Вова Крупенка