Невысокі, сярэдняга ўзросту святар сустракае нас на падворку. Вітаемся, адбываем small talk і не адцягваючы кіруемся ў парафіяльны музей. Сёння мы з рэдактарам grodnensis.by наведаліся ў Гожу да кс. Паўла Шанчука, вядомага не толькі ў нашай дыяцэзіі калекцыянера і збіральніка розных старых рэчаў.
“Калекцыянаваннем старых рэчаў я займаюся ўжо 10 гадоў. Калісьці прачытаў гісторыю Гожы, якую напісаў мясцовы арганіст у 1931 г., і зацікавіўся, захацеў яшчэ больш гэта развіць”, - так растлумачвае нам пробашч сваё зацікаўленне.
Сцены невялічкага пакою ў сутарэнні парафіяльнага дому застаўленыя зашклёнымі сталамі з экспанатамі. З боку не выглядае шмат, але, як мы пазней упэўніліся, рэчаў насамрэч процьма і кожная па-свойму асаблівая. Святар збірае экспанаты сам, лазіць па стрэхах, пытаецца ў людзей ці штосьці засталося. Часам парафіяне самі нешта прыносяць.
Акрамя рэчавых экспанатаў, на сценах вісіць шмат старых здымкаў.
“Для мяне вельмі важны вось гэты. Гэта адзіны здымак касцёла перад вайной. У 1941-1942 г. ён згарэў, пасля была пабудавана сённяшняя святыня. Акрамя гэтага няма аніякай інфармацыі як выглядаў даваенны будынак храма”, - паказвае на адзін са здымкаў кс. Павел. Навокал фотаздымкі папярэдніх святароў, парафіяльнага хору з 30-х гг. і простых мясцовых людзей.
Заўважаем спіс усіх пробашчаў гэтай парафіі, які сканчваецца 1868 годам. Аднак, сумоўца паказвае нам, што з другога боку карткі ёсць рэшта святароў. “Я сябе таксама вось дапісаў. Я бачу, што папярэднія святары таксама сябе ўпісвалі”, - усміхаючыся паказвае нам дакумант, - “Я вось дату смерці папярэдняга плябана ўпісаў і пачатак майго служэння таксама”.
На адной частцы сцяны гуртам вісяць здымкі розных капуцынаў каля касцёла. Кс. Павел распавёў, што гэта гістарычныя здымкі капуцынскай парафіі ў суседняй в. Пералом. Калісьці кляштар разам са святыняй былі цалкам разбураны, ад усяго застаўся толькі крыж, які сёння стаіць паміж выраслымі дрэвамі. Святар дадае, што Пералом быў маленькай вёсачкай, але здымкаў адтуль засталося вельмі шмат.
Кс. Павел хваліцца здымкам пасляваеннай Гародні, які быў зроблены Аляксеем Карпюком. Калісьці дачка вядомага гродзенскага дысідэнта падаравала яго ў музейную калекцыю.
Не амінуў мясцовы пробашч і савецкага перыяду. Сярод стандартных папераў, поўных чырвоных заклікаў да будавання камунізму, знаходзім таксама «Свидетельство о регистрации служителя культа». Падчас СССР мясцовы пробашч Баляслаў Гаўрухоўскі афіцыйна працаваў качагарам у Парэччы і толькі па сумяшчальніцтву з’яўляўся ксяндзом у парафіі.
У 2008 г. у Гожы здымалі мастацкі фільм “Марго. Огненный крест”. Тут удзельнічалі каскадзёры, яны па-сапраўднаму скакалі з вежы касцёла. Здымкі працягваліся каля двух месяцаў, у галоўнай ролі была Вольга Пракоф’ева. Святар паказвае нам здымак з актрысай, а таксама падзяку ад фільмоўцаў за “цярпенне і неверагодную дабразычлівасць да супрацоўнікаў здымачнай групы і акцёраў”.
Кс. Павел распавёў нам таксама пра свае планы развіцця ў інтэрнэт-прасторы: “Цяпер плануем распаўсюдзіць справу ў інтэрнэце. Адзін добры чалавек, які калісьці нарадзіўся ў Гожы, быў тут ахрышчаны, а цяпер жыве ў Заходняй Еўропе, зрабіў нам старонку ў сеціве. Звонку касцёла былі ўстаноўлены дзве вэб-камеры, таму кожны ахвотны можа ў любы момант паглядзець што адбываецца каля касцёла. Гэтаму праекту толькі месяц, але мы плануем шмат яшчэ што зрабіць”.
Амаль на выхадзе з музею калекцыянер распавёў нам пра адзін выпадак, які здарыўся тут падчас вайны. Падчас першай сусветнай з-за Немана немцы абстрэльвалі рускіх, якія базаваліся ў Гожы. Усе хаткі, якія стаялі каля касцёла, былі цалкам разбураны і згарэлі, а на касцёл не трапіў ніводзін снарад. Існуюць сведчанні рускага падпалкоўніка медычнай службы і іншых жаўнераў, якія бачылі як Маці Божая сваім плашчом ахінае касцёл. Гэта быў акурат той час, калі Марыя аб’вілася над Аўгустоўскім лесам. Такі запіс таксама існуе ў парафіяльнай хроніцы. З гэтай нагоды застаўся абраз. А ў 30-я гады была выдадзена таксама паштоўка.
Пасля музея ідзем у старую плябанію. Гэты будынак быў узнесены падчас будоўлі касцёла ў 60-я гг ХІХ стст., гэта значыць сёння яму амаль 150 гадоў. Новы парафіяльны дом скончылі толькі некалькі год таму, а гэта значыць, што яшчэ кс. Павел першыя гады службы ў Гожы правёў у гэтым старэчым будынку.
“Думаю ў будучым зрабіць у будынку старой плебаніі музей. Дрэва, з якога яна зроблена, настолькі моцнае, што нават цвік цяжка ўвагнаць. Думаю спачатку зняць шыфер, а пасля пакрыць сапраўднай дранкай, так як гэта было першапачаткова. Сам будынак вельмі цікавы, асновай з’яўляецца комін і на ім абаперта ўся архітэктура плебаніі”, - распавёў пра ўнікальнасць гэтай пабудовы наш суразмоўца.
Пасля агляду старога парафіяльнага дому накіроўваемся аглядваць найбольш вядомую калекцыю кс. Паўла – збор старых медалікаў. На пытанне: “Дык чаму ўсё ж такі медалікі?”, святар адказаў: “Ну а каму гэтым займацца як не ксяндзу”. Ідучы па тэрыторыі парафіяльнага дому заўважаем розныя старыя рэчы, якія служаць тут замест кветак – упрыгожваюць мясцовасць. Адным словам, прыходзім да высновы, што тут куды не кінь вокам – паўсюль экспанаты. Парадны пакой новай плебаніі гэта пацвердзіў.
“Найбольш цікавыя для мяне медалікі, гэта медалікі з выявамі Маці Божай і святых з нашых тэрыторый”, - пачынае расповед пра свой маленькі скарб наш калекцыянер, - “вось вобраз Маці Божай Бялыніцкай, гэта каранацыя Маці Божай Віленскай, гэта Маці Божая Жыровіцкая з уніяцкіх часоў, гэта Маці Божая Барунская”. Складваецца ўражанне, што з кожным з 200 медалікаў святар мае нейкія асабістыя адносіны. Суразмоўца кажа, што на будучыню існуе план стварэння поўнага вопісу калекцыі.
Увогуле парадны пакой кс. Паўла нагадвае адзін вялікі музей. З аднаго боку тут бібліятэка, з другога - усялякія знаходкі рознага калібру. На адной са сценаў заўважаем Ганаровую Грамату Беларускага Нумізматычнага Таварыства. “У мяне яшчэ адна ёсць, толькі не было часу павесіць”,- смяецца святар.
Скончваем нашу размову за кубкам кавы пад пончыкі. Зразумела, што пазнаёміліся мы з калекцыяй святара-нумізмата вельмі павярхоўна, але нават гэта прыносіць задавальненне і ахвоту даведвацца больш пра сваю гісторыю. Спадзяёмся, што і вам таксама.
Арцём Ткачук