Хрысціяне ў Дагестане? Інтэрв'ю з дзяўчынай, якая пакінула іслам і перайшла ў каталіцтва.
-Вы каталічка з Дагестану. Гэта ўжо само па сабе здзіўляе. У Вашай сям’і ёсць яшчэ каталікі?
-Каталікоў, як і хрысціян у любой іншай дэнамінацыі, у маёй сям’і ніколі не было. Дый узяцца яны ні адкуль не маглі.
-Як адрэагавала ваша сям’я? Ці яны хацелі адмовіць вас ад хросту ў Каталіцкай Царкве і далейшага вызнавання веры?
-Я тры гады самастойна вывучала каталіцтва, перад хростам. Аб гэтай вучобе ведала мая мама, аб хросце – не. Як і пра наведванне Касцёла. І не даведалася б, каб не выпадак, калі мяне, скажам так, выпадкова “здалі”. Гэта была цяжкая размова, на самай справе, для нас абодзвюх. На пытанне, “ці ёсць шлях назад”, адказала “не” і растлумачыла сутнасць пячаткі хросту. Больш мы пакуль яшчэ не вярталіся да гэтага пытання, але я ведаю, што аб гэтым мы яшчэ будзем размаўляць. Адносна перашкод – вядома, аб тым, каб пайсці ў святыню з дазволу мамы, не можа быць размовы. Хаджу патаемна.
-Ці можна сказаць, што вы прыйшлі ў каталіцтва з ісламу?
-Хутчэй не, я ніколі не верыла сэрцам і розумам, хоць фармальна жыла па законах ісламу ў той меры, у якой гэта практыкуецца ў Дагестане.
-Як вы ўвогуле даведаліся пра Каталіцкі Касцёл? Якія былі вашы першыя крокі на шляху веры?
-Гэта было вельмі, вельмі прыватнае навяртанне. Самай галоўнай падзеяй быў сон ва ўзросце пяці год – Жанчына з пакуначкам каля грудзей. Памятаю, што доўга плакала з-за таго, што баялася ніколі не даведацца, што было ў гэтым пакунку. Мне гэта падавалася вельмі важным. Так я плакала шмат гадоў, але потым убачыла карціну Леанарда да Вінчы, Мадонну Літу. Тады ў мяне ўжо былі веды пра хрысціянства і я зразумела, што менавіта гэту Жанчыну, толькі ў іншым адзенні, я бачыла ўва сне. А значыць, цяпер я ведаю, што каля грудзей яна трымала Дзіцятка – у пяць гадоў гэта не было вядомым. Пазней я зразумела, на колькі важным было і ёсць пазнаць гэта Дзіцятка.
У дзесяць гадоў майго жыцця з’явіўся мюзікл “Нотр Дам дэ Пары”, адна партыя з яго. “Belle”, канешне. Прычым я не ведала ні зместу мюзікла, нічога. Ведала толькі часткі гісторыі: каталіцкі святар закахаўся ў цыганку. Дзіўна гэта ўявіць? Усе дзяўчынкі кахалі Брытні Спірз і Энрыке Іглесіаса…а я ноччу плакала з-за закаханага нешчаслівага святара і пакахала Вячаслава Петкуна, які граў Квазімода.
Потым былі кнігі Гюго і маё зацікаўленне лацінай, готыкай і Сярэднявеччам. Ну а якое Сярэднявечча без каталіцызму? Я была знаёма з рэлігіяй, але трошкі. Памятаю момант, калі чытала “Чалавека, які смяецца” і прачытала эпізод, дзе героі цярпелі крушэнне і перад смерцю маліліся “Ойча наш” на лаціне. Там быў поўны тэкст, які быў мной з любоўю перапісаны і шмат разоў перачытаны і вывучаны. Па-мойму, я заўсёды была каталічкай дзесьці ўнутры.
Апошняй справай было знаёмства з рускімі фанатамі “Гары Потэра” і потым – з творчасцю Лоры Бачаравай. Спачатку яе працы па слядах паттэрыаны, а потым прынялася за іншыя, якія прымусілі мяне сур’ёзна задумацца аб тым, што я хацела б бачыць у графе “веравызнанне”. Штосьці мне падказвала, што праўды шмат не бывае і да таго, аб чым спявае Лора, праўда мае найбольшыя адносіны. Потым я даведалася, што яна каталічка. І ўбачыла. Я зразумела, да чаго Госпад вёў мяне ўвесь гэты час, а мне было тады шаснаццаць год. Тры гады вывучэння асноў веры, якія толькі ўпэўнілі мяне ў тым, што я прыйшла куды трэба, і ў канцы снежня 2012 года у меня з’явілася думка аб тым, што мне трэба пахрысціцца да Раства.
Я вырашыла, што калі да Вігіліі (у запасе было тры дні) знайдзецца чалавек, які зможа мяне пахрысціць, значыць, Госпад падтрымлівае мяне ў гэтым. Знайсці ў Дагестане чалавека, які зможа мяне хрысціць каталічку? Так. І чалавек знайшоўся. Я разумею, якую навальніцу эмоцый выкліча гэта ўдакладненне, але я павінна сказаць па многіх прычынах. Мяне хрысціла фармальна праваслаўная дзяўчына, якая, аднак жа, сур’ёзна ставілася да сваёй місіі. Мы рыхтаваліся, я вышукала ў ККЦ, што ў прынцыпе хрысціць можа любы чалавек, які ведае, што ён робіць. Карацей, хрост праходзіў у экстрэмальных па ўсіх параметрах варунках.
Не менш экстрэмальным быў наступны этап – мне было трэба вырашыць шматлікія пытанні: як атрымаць Сакрамэнт Канфірмацыі, як удзельнічаць у жыцці Касцёла, як атрымоўваць усе Сакрамэнты. Найбольш востра, канешне, стаяла пытанне пра споведзь, пра Камунію я тады яшчэ не магла марыць. Адзіным дасягальным Касцёлам у горадзе аказалася праваслаўная царква, але наведванне туды трэба было адкласці, бо спачатку трэба было даказаць факт хросту свайго Касцёла, а там ужо айцы падкажуць.
Праз паўгады ў мяне з’явілася магчымасць паехаць у Маскву па справах, і, вядома, першае, што мы з сяброўкай-каталічкай зрабілі, гэта пайшлі ў святыню. А раней, па дарозе ў Маскву, я вырашыла не думаць шмат, а проста спытацца Госпада пра тое, ці прыналежу я ўжо праз Хрост да Яго Касцёла. Успомніла метад свайго апекуна, св. Францішка, і, набраўшыся смеласці, перахрысціла Біблію і адкрыла з малітвай аб адказе. Чамусьці я тады не сумнявалася, што яго атрымаю. І атрымала. Кніга разгарнулася на Пасланні да Рымлянаў 11:25. Лепшага адказу і быць не магло.
Аднак, Госпад ведаў яшчэ цудоўнейшы спосаб. Так 10 чэрвеня 2013 года, праз паў гады пасля хросту, я атрымала ў адзін дзень тры Сакраманты – Канфірмацыю, першую Споведзь і першую св. Камунію. З гэтым шчасцем я паехала дахаты, дзе справа ўскладнілася. У праваслаўную святыню праз некаторы час я усё ж такі пайшла, паразмаўляла з бацюшкай, растлумачыла яму ўсё і папрасіла прыняць у мяне споведзь. Здаецца, ёсць магчымасць схадзіць да споведзі – жыві і будзь шчаслівы, просячы ў Госпада магчымасці пайсці да Камуніі калі-небудзь. Але чалавеку заўсёды мала таго шчасця, якое ў яго ёсць.
Якійсьці час я проста хадзіла на літургіі, але ў нейкі момант гэта стала невыносным і зрабілася галодным станам, зразумелае, думаю, кожнаму чалавеку, які калісьці быў без Камуніі доўгі час. Бясконцыя думкі, аргументы за і супраць, размовы і кансультацыі са старэйшымі… у рэшце рэшт, я проста не вытрымала, і, вытрымаўшы падрыхтоўку па правілах Праваслаўнай Царквы, пайшла да Камуніі. У святыні ніхто не ведае, што я каталічка. Так з таго часу і праходзіць маё царкоўнае жыццё.
-Там, дзе вы жывяце, няма ні адной каталіцкай парафіі?
-Шмат гадоў таму была супольнасць на кватэры, але на пачатку 2000-х яна знікла. Выйсці на былых вернікаў і святара знайсці нам не ўдалося.
-Якія перашкоды на шляху ўплываюць на вашы адносіны з Богам?
-Станоўча, як яны яшчэ могуць уплываць? Па-першае, гэта вучыць давяраць Яму без якіх б не было дадатковых страхаў і гарантый, акрамя Яго любові і Яго абяцанняў. Праз многае прыйшлося прайсці, перад тым як я навучылася – спадзяюся, што навучылася – разумець, што Ён хоча рабіць разам са мной, навучылася давяраць у самых жудасных сітуацыях. А ўменне давяраць Богу – гэта тое, дзеля чаго трэба было і будзе ўсё цярпець, таму што гэта ключ да большых радасцяў.
-Вашы сябры ведаюць, што вы каталічка? Як яны да гэтага ставяцца? Ці змянілася ваша кола?
-Раскрыць сваю веру тут – страшэнны рыск. Калі ты адзіны каталік на ўсю гэту зямлю, то адказнасць узнікае практычна першаапостальская (смяецца). І расказваць пра Бога хочацца, і трэба быць уважлівай – калі штосьці са мной здарыцца, то прыйсці сюды будзе, хіба што, і некаму – хто ж возьмецца казаць пра хрысціянства ў Дагестане? А тут былі каталікі. Памерлі ў выніку набегаў ці прынялі іслам па розных прычынах. У пятнаццатым веку тут жыў францішканін – брат Антуан Салпан. Судзячы па другім імені, каўказец, які навярнуўся. З таго часу, наколькі мне вядома, Слова тут яшчэ не прарастала.
Сябры ўспрымалі маю веру спакойна, некаторыя шчыра парадаваліся і віншавалі. Для іх я старалася прадставіць сітуацыю максімальна проста: у маім жыцці з’явіўся Каханы Чалавек, з якім я хачу іх пазнаёміць. Наколькі мне гэта ўдавалася і ўдаецца – не магу судзіць. Магу сказаць упэўнена адно: узнікла цікавасць да жывога каталіка як да насіцеля веры, якая для большасці была ў лепшым выпадку пустым месцам, у горшым – жудасным клубком непраўдзівай, нядобра зразумелай і няправільна пададзенай інфармацыяй.
-Ці ведаеце вы яшчэ маладых людзей на Паўночным Каўказе, якія павінны таямніча вызнаваць каталіцтва?
-Ведаю дзяўчынку з Чачні, якая хацела таямніча прыняць каталіцтва. Цяпер сувязь перарвалася, не магу сказаць, дайшла яна да свайго ці не.
-Што б вы маглі параіць людзям, якія знаходзяцца ў такой сітуацыі як вы?
-Маліцца і працаваць!
Паводле icatholic.ru