Skip to main content

Арцём Ткачук: склалася такое ўражанне, што большасць каталіцкіх СМІ – як адно клішэ

Арцём Ткачук, які дапамагае ў працы нашага электроннага сервіса ў якасці валанцёра, некалькі дзён таму распавеў для журналіста вэб-сайта ККББ, сваё меркаванне, якімі ён бачыць Каталіцкія СМІ ў Беларусі ў будучым. 

Арцём узгадвае, што ў дзяцінстве выношваў думкі аб святарстве: яму падабаўся францішканскі хабіт, і ён лічыў, што, як вырасце, абавязкова стане братам францішканінам. Але Арцём стаў палітолагам. Сёння ён вучыцца ў магістратуры на факультэце міжнародных адносін Познаньскага ўніверсітэта.

«Мой шлях да Бога быў звычайным. Бацькі хоць і не былі асабліва веруючымі, але як і ўсе запісалі мяне на заняткі па рэлігіі – ішла падрыхтоўка да першай святой Камуніі, – узгадвае Арцём. – Там Бог чамусьці выбраў мяне. З таго часу маё жыццё звязана з Касцёлам. Азіраючыся сёння назад, я ўпэўнены, што Ён сапраўды вёў мяне як малое дзіця – цярпліва вучыў, падказваў, натхняў і здзіўляў».

Сваё сённяшняе служэнне на карысць Касцёлу Арцём бачыць у супрацоўніцтве з каталіцкім сайтам grodnensis.by.

«Хоць журналістыцы я і не вучыўся, але гэты занятак мне блізкі. Думкі аб журналістыцы калісьці, несумненна, былі, але прафесія і захапленне не заўсёды ідуць нага ў нагу. Спадзяюся, што пісаць буду заўсёды. А ці буду звязваць з гэтым жыццё, пакуль невядома.

Нашы афіцыйныя СМІ заўсёды падаваліся мне занадта акадэмічнымі. Па натуры я чалавек патрабавальны, таму імкнуўся знайсці для сябе той каталіцкі СМІ, які б адпавядаў сэрцу. Так я і вывучаў выданне за выданнем. У выніку склалася такое ўражанне, што большасць каталіцкіх СМІ – як адно клішэ. Стандартнае. І часта сумнае. Але гэта мая думка».

Нават апісваючы партал grodnensis.by, патрабавальны Арцём зазначае, што сайт выклікае ў яго адначасова як буру захаплення, так і мора крытыкі:

«Евангелізацыя праз інтэрнэт неабходная, але нам у гэтым накірунку яшчэ расці і расці. Але Бог стварае менавіта такую рэчаіснасць, і я ўдзячны за гэта Яго Провіду. Відаць, так трэба. Працуе нас вельмі мала, але мы стараемся, не апускаем рукі, шукаем выйсця і крок за крокам ідзём наперад. Калісьці мы абавязкова прарвёмся, трэба толькі старацца».

Ацэньваючы сваю працу на партале, хлопец усміхаецца: «Кожны перапост твайго артыкула ў сацыяльных сетках, на які выпадкова трапляеш, – самая высокая ацэнка тваёй “пісаніны”. Праўда, бывае гэта рэдка…»

Якімі павінны быць каталіцкія СМІ ў Беларусі?

«Каталіцкая прэса ў Беларусі мусіць быць праўдзівай, людской і адкрытай на меркаванні. На жаль, сёння журналісты застаюцца толькі асвятляльнікамі падзей, але не больш. Сітуацыя няпростая, тэксты ў СМІ падаюцца часта нязручныя для чытання. А навошта тады тыя сайты-газеты-часопісы, калі іх пішуць не для людзей? Не хапае Беларусі моцнага незалежнага каталіцкага выдання, якія ёсць, напрыклад, у Польшчы. Разумею, што на ўсё гэта патрэбны час, таму спадзяюся, што часы моцных каталіцкіх СМІ ў нас наперадзе».

Падрыхтаваў Ілья Лапато

Рэдагавана: 03 Снежня 2015