Skip to main content

Роберт Фрыдрых: Вера, Надзея і Любоў

Чалавек, які называе сябе не веруючым, але тым, хто мае надзею. Рок-музыка, які не бачыць свайго жыцця без гітары і музычнага гурта. Тата, дзед і муж, які ў адзін момант змог змяніць сваё жыццё, калі запрасіў туды Бога.

Роберт Фрыдрых, вядомы таксама як Літца, сёння – гэта паважны муж і тата васьмі дзяцей, з якіх адно памерла яшчэ да нараджэння. Найлепшы прыклад для моладзі таго, як сапраўды трэба кахаць сваю жонку, паважаць кола сяброў і знаёмых, а перадусім Хрыста. Літца 20 гадоў таму – гэта рок-музыка з крыві і косці, які не думаў пра будучыню, не бываў у хаце некалькі месяцаў і “хацеў ажаніцца на гітары”.

 

Хард-рок жыццё васемнаццацігадовы Літца распачаў у 1985 годзе ў познаньскім гурце Los Desperados разам з Томашам Пукацкім – Цітусам, з якім яны будуць звязаны праз усё жыццё. Вельмі хутка гурт распаўся, але ўжо ў наступным годзе музыкі сустрэліся на канцэрце Iron Maiden, дзе вырашылі прадаць квіткі, купіць алкаголь і выдумаць назву новага гурта. Так нарадзіўся вядомы Acid Drinkers – новум на польскім рынку хэві-мэтал, які хутка стаў папулярным дзякуючы альбому Are you a rebel?

Папулярнасць Acid Drinkers расла, але Фрыдрых, які хацеў развівацца, у 1994 годзе далучыўся да складу Kazik na Żywo. Не папрацаваў там вельмі доўга, бо прызямліўся ў шпіталі – перад ім была аперацыя на сэрца. Доктары давалі яму мінімальныя шансы на жыццё. У адным з інтэрв’ю Літца ўспамінаў, што тады пазнаў сапраўдную, для некаторых незразумелую, любоў сваёй жонкі – калі яна прыйшла да яго з трыма дачкамі і сказала, што ўжо гатовая прыняць яго смерць.

Але другая аперацыя ўдалася і Роберт вярнуўся на сцэну ў 1995 годзе. Медыі кажуць, што менавіта тады ён прыйшоў да Бога, але Літца гэтаму пярэчыць і называе зусім іншы момант. У 1996 годзе заснаваў разам з Томашам Будзыньскім гурт 2Тм2,3, дзе спявалі псальмы. У тым самым часе Літца пастанавіў сыйсці з Acid Drinkers. У адным інтэрв’ю ён расказаў, што ў палове канцэрту ў Жэшове да яго раптам дайшло, што яго пакліканне – гэта быццё мужам, а потым татай. Тады запытаўся самога сябе, што ён робіць са сваім жыццём, і пакінуў гурт, у якім выступаў 12 год.

Разам з музыкамі 2Тм2,3 у 1999 годзе запісаў песню да пілігрымкі Яна Паўла ІІ у Польшчу. Дзеці праспявалі песню пад назвай “Nie boję się, gdy ciemno jest”. Пазней, на замову дзіцячай праграмы запісаў наступныя. Так утварылася Arka Noego. Роберт Фрыдрых пачаўі інтэнсіўна працаваць з Аркай. Першы дыск “А Гу Гу” ніхто не хацеў выдаваць, таму Літца зрабіў гэта за ўласныя грошы. Папулярнасць дзіцячага гурта, якая не мела сабе падобных, хутка ўзрасла і ў наступныя гады было выдана аж 9 дыскаў.

У 2010 годзе быў заснаваны новы гурт Літцы – Люкстарпеда, які грае гаражную музыку. “Я не мог выдумаць назву, але раптам успомніў сваю маму і яе любімае слова “люкстарпеда”. Яна казала так заўсёды, калі трэба было зрабіць штосьці вельмі спраўна і хутка” – кажа Літца.

Сёння Роберт Фрыдрых вельмі папулярны сярод хрысціянскай моладзі. Некалькі гадоў запар ён разам з сям’ёй уваходзіць у нэакатэхуменальную супольнасць, дзе, як кажа, вучыцца веры ад пачатку. Яго запрашаюць да сведчання сваёй веры, хоць ён кажа, што ніколі не ідзе на размову туды, дзе яго запрашаюць як прадстаўніка Касцёла. Калі яго запрасілі на праграму Кубы Ваявудзкага, вядомага са сваіх вострых пытанняў, увесь гурт быў у студыі і маліўся ў інтэнцыі Літцы.

Ён праводзіў таксама рэкалекцыі ў інтэрнэце разам з вядомым айцом-дамініканінам Адамам Шустакам “Два ваўкі”. Распавядаў там пра аблічча дабра і зла ў сваім жыцці, аб падзенні і паўстанні з граху.

Яна Ткачук

Рэдагавана: 03 Снежня 2015