Кранальнае сачыненне-сведчанне маладой дзяўчыны, Вольгі Садоўскай, на тэму "Вера ў сэрцы маім" заняло ў гэтым годзе І месца, сярод каля 250 прац, на Міжнародным конкурсе на базе Мінскага Інстытута тэалогіі святых Кірыла і Мяфодзія. Аўтар паходзіць з Гродна, з катэдральнай парафіі імя св. Ф. Ксаверыя. Прапануем Вашай увазе поўны тэкст сачынення.
Вера кожнага чалавека мае сваю крыніцу. Яна не можа зарадзіцца на пустым месцы. З чаго пачыналася мая вера? У памяці ўсплываюць такія эпізоды жыцця. Я, пяцігадовае дзіця, разам з бацькамі, старэйшым братам, бабуляй і дзядулем ідзём у касцёл. Я яшчэ не зусім усведамляю, для чаго і чаму гэта раблю. Але іду таму, што там утульна, прыгожа і прыемна. І да гэтага часу ў маёй памяці ўзнікаюць тыя цудоўныя хвіліны, з якіх пачыналася мая вера. Я памятаю вочы бабулі, яе бясконцую адданасць Богу, яе глыбокія малітвы і абсалютную ўпэўненасць у тым, што той, каму яна прыйшла пакланіцца, бясконца добры і міласэрны да ўсіх людзей. Усё, што тычылася веры і Бога, бабуля і дзядуля рабілі неяк па-асабліваму. І малітва, і наведванне касцёлаў, і святкаванне Каляд, Вялікадня - усё гэта напаўнялася незвычайным, узнёслым зместам.
Прайшлі гады. Я пасталела, змянілася, шмат чаму навучылася. Але самае галоўнае, да чаго я сёння прыйшла, гэта тое, што мяне не пакідае жаданне і імкненне яшчэ больш палюбіць свайго Госпада, зрабіць так, каб ён пасяліўся ў маім сэрцы і стаў Тым, без каго я не ўяўляю ні адной хвіліны свайго існавання на гэтай зямлі. Маё імкненне паглыбіць сваю веру, спазнаць сутнасць Божых запаведзяў і жыць згодна з імі дапамаглі акунуцца ў атмасферу таго жыцця, у якой я адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Жыць з Богам кожны дзень, кожную гадзіну, кожную хвіліну. Ці можна так? Можна! І гэта сапраўднае шчасце, якое я адчувала і якім я хачу падзяліцца з усімі, хто мяне пачуе.
«Шукайце Бога ва ўсім», - гаварыў св. Ігнацій Лайола. Яго трэба шукаць, шукаць заўсёды і ў кожным месцы. І абавязкова сустрэнеш. Сапраўднае ўсведамленне Бога, Яго месца ў маім жыцці я шмат у чым зразумела пасля тых цікавых і важных мерапрыемстваў, якія праводзіліся Касцёлам ў нашым горадзе і ў якіх я прымала непасрэдны ўдзел . Я спаткала сапраўдных сяброў, акунулася ў тую атмасферу любові, дружбы, павагі, якія сапраўды ўзнікаюць паміж людзьмі, што жывуць у гармоніі з Богам. З трапяткім пачуццём я ўспамінаю хрысціянскія сустрэчы моладзі, якія адбыліся ў мінулым годзе ў Ваўкавыску і Івянцы і ўдзельнікам якіх мне пашчасціла стаць.
Цёплымі майскімі днямі мы прыбылі ў Ваўкавыск з вельмі шчырым і цёплым намерам у сваім сэрцы - выказаць сваю любоў Богу і пачуць у сэрцах словы Езуса «Я цябе люблю». Гэта былі цудоўныя хвіліны майго жыцця, калі разам са сваімі сябрамі, адчуваючы сябе адзінай сям'ёй, мы маліліся, спявалі, танцавалі, глядзелі на блакітнае неба і кожны ўдзельнік, я ў гэтым упэўнена, чуў Яго голас: «Я люблю Цябе! Ты важны для мяне!» Гэта вельмі цудоўна, чуць голас Бога ў сваім сэрцы, чуць не толькі тады, калі табе добра, але і ў тыя хвіліны, калі праблемы, непрыемнасці, адзінота пачынаюць валадарыць у тваім жыцці. Але менавіта ў гэтыя хвіліны мы павінны разумець, што Бог мяне любіць і побач з Ім я нічога не баюся! Пасля гэтай цудоўнай сустрэчы са сваімі аднагодкамі ў Ваўкавыску мне глыбока запалі ў сэрцы словы нашага біскупа аб тым, "што наша жыццё набудзе асаблівы сэнс, калі мы дазволім Госпаду быць нашым Настаўнікам і Сябрам". У маім жыцці Езус сапраўды Сябар і Настаўнiк. І як бы змяніўся свет, калі б уся моладзь пранікнулася б такімі ж пачуццямі! І яшчэ адна падзея аб'яднала моладзь усёй нашай Беларусі - ІІІ Усебеларуская сустрэча моладзі ў Івянцы, падчас якой мы духоўна аб'ядналіся з удзельнікамі Сусветнага дня моладзі ў Бразіліі. Не толькі само мерапрыемства пакінула глыбокі след у душы, але і сам працэс падрыхтоўкі да яго, у якім са сваімі сябрамі я прымала непасрэдны ўдзел. Узгадваюцца цудоўныя хвіліны працы ў музычнай майстэрні, дзе мы рыхтаваліся да выступлення на сустрэчы. Гэтае мерапрыемства аб'яднала ўсіх удзельнікаў у адну сям'ю, дзе мы з вялікай карысцю правялі свой час. Мы адпачылі ад паўсядзённых клопатаў, шмат маліліся, адчулі асаблівую атмасферу, у якой хочацца знаходзіцца заўсёды. А яшчэ мы шмат спявалі, спявалі тыя песні, якія праслаўляюць Езуса, якія па-іншаму дазваляюць адчуць смак святой Імшы, яны вучаць перажываць усю гісторыю нашага Збаўцы.
Маці Тэрэза сказала такія словы: "Ратуйце моладзь, таму што яна тоне ў граху, а Бог пастаянна сумуе па ёй". Вось такія сустрэчы - гэта выратаванне для тых, хто яшчэ не сустрэў Бога, гэта лодка, на якую, сеўшы аднойчы, будзеш спяшацца заўсёды.
І яшчэ адна старонка ў маім жыцці, вельмі важная, без якой я ўжо не ўяўляю сваёй будучыні - гэта пілігрымкі ў святыя месцы. Каб адчуць іх хараство, каб зрабіць часткай свайго быцця, трэба зрабіць некалі проста першы крок - пайсці на дзень, два, тры ў пілігрымку, а далей Бог сам здзейсніць цуд і зробіць гэта часткай твайго жыцця. Кожны чалавек шукае шчасце, радасць, каханне. Усе шукаюць па-рознаму. Але самы правільны шлях - праз веру да Бога. І ў гэтым вельмі дапамагаюць паломніцтвы. Яны цудоўна аб'ядноўваюць людзей з дапамогай сумеснай малітвы, сумеснага спеву, сумеснай дарогі, сумесных клопатаў, незалежна ад твайго светапогляду ці канфесійнай прыналежнасці. Бо мы ўсе - дзеці Божыя. І як прыемна праводзіць час у дарозе з людзьмі, блізкімі па духу, сустракаць новых сяброў, адчуваць сапраўдную хрысціянскую любоў. Усе гэтыя пачуцці авалодалі мною падчас пяцідзённага пешага паломніцтва да абраза Маці Божай Тракельскай. Далёкі ад веры чалавек, напэўна, не зразумее таго, што, пераадолеўшы пешшу 20-30 кіламетраў пад пякучым сонцам ці праліўным дажджом, мы адчуваем сябе самымі шчаслівымі людзьмі. Чаму? Таму што мы цалкам адкрываем дзверы сваіх сэрцаў Маці Божай, а Яна ўжо робіць з намі сапраўдныя цуды. Я да глыбіні душы перажываю тыя хвіліны, калі мы прыйшлі да цудатворнага абраза і ўбачылі дзіўныя вочы нашай Нябеснай Мамы - вочы, якія выпраменьвалі любоў, дабрыню, разуменне і перад якімі можна было гаварыць пра ўсё, якім можна было даверыць сваё сэрца. Яна ўсіх выслухоўвае і ўсіх разумее. Трэба толькі моцна верыць у гэта і мець надзею! Дзеля гэтых цудоўных хвілін сапраўднага шчасця можна ісці пешшу ўсё лета.
У жніўні са сваімі сябрамі я адправілася ў чарговае паломніцтва ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. Памятаю сказаныя на дарогу словы святара : "Падчас паломніцтва мы будзем адкрываць праўду пра Бога, будзем умацоўваць нашу сувязь з Панам і будзем сведчыць аб сваёй веры". Пераадоленыя ў першы дзень 45 кіламетраў шляху дазволілі зрабіць нам гэта спаўна, мы былі акрыленыя і не адчувалі стомленасці, таму што нас перапаўняла Божая любоў . Санктуарый у Росі - гэта незвычайнае месца, дзе сапраўды ўсё дыхае Божай аўрай, дзе пануе незвычайная цішыня, дзе кожны лісток, кожная травінка нясе адзнаку Божай прысутнасці. Такая атмасфера змяняе сэрцы кожнага чалавека, нават самага далёкага ад веры. Тут сам Езус вызначае для кожнага сапраўдныя каштоўнасці жыцця, трэба толькі даверыцца Яму і адкрыць сваё сэрца.
У гэтым годзе я заканчваю школу. Мой выбар звязаны з прафесіяй, авалодваць якой я буду ў іншым горадзе. Мяне заўсёды радуюць новыя сустрэчы, знаёмствы, новыя сябры. Але я ведаю, што я буду сумаваць па сваім доме, па бацьках, па аднагодках, з якімі прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Але больш за ўсё я буду сумаваць па адным непаўторным месцы, куды па закліку душы я імкнуся вельмі часта - гэта алтар Маці Божай Кангрэгацкай у Фарным касцёле нашага горада. Калі я прыходжу да абраза Панны Марыі, у маёй душы адбываюцца цуды. Мне цяжка перадаць словамі тыя пачуцці, якія агортваюць мяне тут. У гэтым дзіўным кутку я дзялюся са сваёй Нябеснай Мамай усім, што мяне перапаўняе: яе вочы блішчаць , калі я расказваю пра свае поспехі і дасягненні, яны становяцца сумнымі, калі я звяртаюся да яе са сваімі праблемамі. Але яна заўсёды мяне выслухае, напоўніць сэрца нейкім незямным трапятаннем, незямным спакоем і ўпэўненасцю ў тым, што ты знаходзішся пад надзейным заступніцтвам , што Яна ніколі ў жыцці цябе не пакіне.
«Не бойцеся, адкрыйце дзверы Хрысту» , - гаварыў св. Ян Павел ІІ. Як хочацца, каб гэтыя словы пачулі ўсе людзі!
Вольга Садоўская