7-8 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Троіцы ў Росі адбыліся рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Джон Башабора. Маючы свабодную хвіліну, ён згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў для grodnensis.by.
Ці гэта Ваш першы візіт у Беларусь? Якія былі Вашыя першыя ўражанні, адчуванні, калі Вы ступілі на гэтую зямлю?
Так, я тут першы раз і вельмі ахвотна прыехаў сюды. Вельмі шмат чуў пра гэты народ, пра тое, што ён вельмі мірны і спакойны. Я ўбачыў гэтую краіну вельмі зялёнай і для мяне гэта яшчэ адно сведчанне аб прысутнасці Бога. Вельмі захапляльна! Я адчуваю сябе як дома, адчуваю тут супакой. У гэтый частцы свету я адкрыў для сябе нашмат больш, чым давялося пачуць з вуснаў іншых людзей.
Шаноўны айцец, калі ласка распавядзіце пра Ваш прыход да веры і пра тое, як Вы адчулі сваё пакліканне.
Cкарб веры я атрымаў ад сваіх родных. Яны першыя адкрылі мне веліч, прыгажосць і дабрыню Езуса ў форме апавядання біблейскіх гісторый. І гэта, на мой погляд, вельмі добрая форма навучання, якая дае моцны педагагічны эфект.
Сваё пакліканне да святарства я адкрыў дзякуючы свайму сямейнаму асяроддзю, асабліва дзякуючы сваім бабулі і дзядулі. Калі мне было 6 год, я першы раз сказаў, што хачу стаць святаром, і з таго моманту я імкнуўся да святарства, каб стаць менавіта святаром для Хрыста, гэта вельмі захапляльна – стаць святаром для Хрыста! Вяртаючыся з касцёла дадому, я пачынаў прадстаўляць сябе святаром і рабіць тое, што звычайна робяць святары: цэлебраваць св. Імшу. Затым сваім дзядулі і бабулі я сказаў, што хачу быць святаром. Тады бабуля запытала мяне: Чаму ты хочаш ім стаць? Адкуль у цябе такое прагненне? Гэтыя пытанні пабуджалі мяне да глыбейшай задумы і яшчэ больш узмацнялі прагненне. Калі я крыху пасталеў, Божае Слова сталася маім настаўнікам. Перад тым, як пайсці ў семінарыю, падчас казання я пачуў з вуснаў святара такія словы: Калі зярно не памрэ, то яно не выдасць плён. Слухаючы сваім юнацкім сэрцам гэтыя словы я зразумеў, што перш павінен памерці, прапаведуючы Божае Слова, каб прынесці плён у будучыні. Таксама я ўсвядоміў сабе, што Хрыстос валодае моцай прыносіць нам аздараўленне, што Езус праганяе зло, д’ябла. Калі святары прыходзілі ў маё роднае паселішча, яны бачылі, наколькі шмат людзей памірае, памірае ад розных хваробаў. На той час у нашых умовах было толькі тры святары, якія абслугоўвалі вельмі вялікую тэрыторыю. Назіраючы, за тым, як яны прыходзяць ў нашыя дамы і бачаць гэтых паміраючых, я самому сабе задаў пытанне: Чаму негледзячы на тое, што святары сярод нас, столькі маладых людзей ўсё роўна памірае? Тады я запытаў Езуса: Езу, ты сказаў, што Ты, як Святар аздараўляў людзей, але цяпер Ты ў небе, а мы - Тваё Цела, ці магу я маліцца і прызываючы Цябе, ў Тваё Імя, накладаць рукі і аздараўляць іншых? Я папрасіў аб гэтым пасля 11-ці гадоў святарства. Нават цяпер, крочанне за Хрыстом, для мяне з’яўляецца вялікім і сур’ёзным заданнем і я ганаруся, што магу гаварыць пра Яго, але адначасова незадаволены сабой, з-за сваёй грахоўнасці. Гэта вельмі страшная рэч. Аднак мы павінны ўвесь час паўставаць з граху і вяртацца да Яго. Ён паказвае мне сваю вялікую любоў, калі я адчуваю сваю духоўную маласць. Ён робіць вельмі шмат цудаў, паказваючы, што гэта не мая заслуга, гэтыя цуды не залежаць ад мяне, але ад Яго. Так, гэта вельмі кранальны момант. Калі я гавару аб Божай любові, гэтую Любоў я адчуваю. Бог паслугоўваецца мною, найменшым сярод усіх і адным з грэшнікаў. Захапляюся бачачы цуды, якія Ён робіць, незалежна ад маіх заслуг і намаганняў. Як у тыя часы, таксама і сёння Ён не спыняецца аздараўляць людзей. Я думаю, што сёння, шмат людзей атрымала аздараўленне, нават без маіх працяглых малітваў і казанняў.
Вы маглі б сказаць пра галоўныя перашкоды, якія не даюць людзям крочыць Божым шляхам?
Мне выдаецца, што людзі, якія трымаюць уладу ў маёй краіне наклікаюць Божы гнеў. Яны ствараюць такое заканадаўства, якое настройвае людзей супраць Бога. Выходзіць так, што ўсяму (прагрэсу, развіццю, рэд.) перашкодай з’яўляецца Бог, сем’і. Яны паказваюць сваю злосць, намагаючыся стварыць атмасферу адрынутасці людзей Богам, паказаць іх нікчэмнасць. Складваецца такая сітуацыя, што з аднаго боку людзі вераць у Бога, але з другога боку яны гневаюцца на сваіх бліжніх. Гэтую злосць і напружанне можна адчуць у маім грамадстве, і, мне здаецца, што можа стацца прычынай пачатку пераследу і насілля. Калі мы вызнаем веру ў Бога, то мы не можам ствараць атмасферу адрынутасці. І, канечне, яны асуджаючы нас, гавораць пра нашую грахоўнасць. Аднак Езус кажа, што Я не прыйшоў асуджаць, але збаўляць.
Хачу сказаць, што ўрад у маёй краіне прыкладае намаганні, каб знішчыць інстытут сям’і. Даходзіць нават да таго, што яны кожнаму дзіцяці даюць прэзерватывы. Вось я і пытаю ў іх: Навошта вы так робіце? Яны пойдуць да сябе дамоў і што з гэтым будуць рабіць? Пазней, яны здзіўляюцца, чаму ж гэта няма дзяцей у сем’ях? Мы пакліканыя гаварыць праўду, і менавіта праўда зробіць нас свабоднымі, хоць мы можам за яе памерці, аднак выбіраючы жыццё паводле праўды, людзі выбіраюць добры шлях.
Як Вы думаеце, на чым Касцёл павінен засяродзіцца ў сваёй дзейнасці, каб як мага больш людзей сталі на шлях духоўнай адновы?
Касцёл перш за ўсё павінен выйсці насустрач маладым людзям, пачаць размаўляць з імі на іх мове. Наведваючы Польшчу, якая з’яўляецца вельмі каталіцкай краінай, я убачыў шмат маладых мінакоў на вуліцы, ў вушах якіх былі навушнікі. Дык вось, калі такая моладзь прыходзіць у касцёл і чуе стомленым голасам словы, кшталту: Езус ёсць сярод вас..., Езус вас любіць... – гэта іх не пераконвае, яны не ў стане зразумець такога тыпу мовы. Мяркую, што мы павінны, як мага больш маладых людзей уцягваць дзейнічаць на карысць Новай Евангелізацыі. Аднак найперш, мы павінны перайсці на іх мову, іх спосаб экспрэсіі, толькі так мы можам данесці ім праўду аб Хрысце. Таксама думаю, што ўсходнія краіны, які маюць моцную традыцыю, маюць святароў, якія гатовыя дапамагчы маладзёнам сваёй парадай. У век сучасных камунікацый, святар тым больш павінен валодаць неабходнай інфармацыяй, але перш за ўсё ён не можа згубіць здольнасці гаварыць ад шчырага сэрца пра Таго, у Каго ён верыць. Бог найперш прамаўляе да сэрца святара і тады святар з багацця свайго сэрца прамаўляе да іншых сэрцаў. Менавіта гэта прыносіць эфект, гэта спрацоўвае. Калі праз сэрца святара прамаўляе Святы Дух, гэта прыносіць сапраўдны плён. Гэта з’яўляецца нашым найвялікшым выклікам на сёння. Вы прамаўляеце да людзей, а Езус змяняе іх жыцці. Тым не менш, найбольшай нашай заклапочанасцю павінна быць нашая грахоўнасць.
Мы павінны прапаведваць Таго, у Каго мы паверылі і дзейнічаць суадносна. Гэта сапраўды складана. Мы патрабуем Святога Духа, малітвы і заступніцтва іншых. Мы вельмі шчаслівыя, што вялікая колькасць свецкіх асоб знаходзіцца побач, молячыся з намі ў храме.
Сярод тых, хто наведваў харызматычныя рэкалекцыі ў Росі, давялося сустрэцца з неадпаведным, нехрысціянскім стаўленнем некаторых людзей, да фізічных аздараўленняў. Што б Вы маглі ім параіць?
Калі прапаведуючы Слова, адбываюцца аздараўленні, фізічныя аздараўленні, то гэтая выключная з’ява мае больш глыбокі сэнс, аздараўленне закранае найперш маю душу і розум. Езус, толькі Ён, з’яўляецца Тым, Хто мае моц нас аздаравіць.
Cатана намагаецца будаваць сваё валадарства, каб нас бянтэжыць і прыніжаць. Аднак намаганні злога будуць знішчаныя ў моманце, прыняцця Бога ў нашае жыццё. Ён аздараўляе нас перш за ўсё духоўна, а цялесныя аздараўленні з'яўляюцца наступствам духоўнай перамены.
Чаго Вы б хацелі пажадаць людзям ў Беларусі, а асабліва тым, хто прысутнічае на гэтых рэкалекцыях?
Я хачу памаліцца за тое, каб мы моцна ўсвядомілі, што Бог прысутны сярод нас. Яго можна адчуць у атмасферы ўзаемнай братэрскай любові. Давайце задумаемся над словамі св. Яна апостала, які кажа, што немагчыма любіць Бога, не любячы бліжняга. Калі мы любім адзін аднаго, тады наш прыклад пачынае прыцягваць іншых. Таксама мы павінны зразумець, што не любоў з’яўляецца богам, але Бог ёсць Любоў. Апошнім часам людзі часта вымаўляюць слова “любоў”, маючы на ўвазе яе цялесны аспект. Менавіта такое разуменне знішчае людскую годнасць. Аднак толькі Бог ёсць Любоў і Ён з’яўляецца яе крыніцай. Таму я малюся, каб людзі сталі на шлях Сапраўднай Любові і зразумелі, што Ён ёсць Любоў і толькі тады, мы зможам палюбіць адзін аднаго.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын