Святыя місіі – гэта вялікі час для кожнага чалавека. Гэта час для духоўных зменаў у жыцці. Айцы-місіянеры з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі Бога, бо каб паказаць Езуса трэба шмат малітваў і ўчынкаў.
Таму было вырашана запытаць а. Андрэя Ядкоўскага, як ён прыйшоў у касцёл і стаў місіянерам.
Як Вы вырашылі стаць місіянерам і чаму выбралі менавіта айцоў-рэдэмптарыстаў?
Як вырашыў стаць місіянерам? Бо Бог паклікаў. Шчаслівы там, дзе знаходжуся, бо веру ў тое, што іду дарогай паклікання, якую выбраў для мяне Езус. Чаму менавіта рэдэмптарысты? Бо можа таму, што мой пробашч быў рэдэмптарыстам. Сапраўды, рэдэмптарысты – гэта місіянеры,якія ездзяць па розных краінах, а я вельмі люблю бываць у розных месцах, і гэта такасама быў адзін з повадаў, каб пайсці менавіта да рэдэмптарыстаў. Яны не простыя святары, бо ездзяць па розных парафіях і абвяшчаюць Божае слова, тлумачаць усім, што Езус любіць кожнага чалавека.
У якіх краінах Вы праводзілі місіі, і можа якая-небудзь чымсці запомнілася?
Больш за ўсё быў у Польшчы, таксама ездзіў у Расію, у Сібір. У Беларусі ў асноўным ездзім па Гродзенскай вобласці, бо зараз мы рыхтуем парафіі да святкавання 25 год дыяцэзіі, духоўна рыхтуем людзей да гэтага моманту. А больш за ўсіх запомнілася Расія, бо здаецца, што гэта такая вялікая праваслаўная краіна, але там таксама існуюць каталіцкія парафіі. Яны зусім невялікія, некаторыя па 50, па 100, па 200 чалавек. Але вось памятаю адтуль, што людзі, якія прыходзяць у касцёл, сапраўды перажываюць сваю веру. Відаць, што яны не толькі прыйшлі, што трэба( бо і раней яны не адчувалі гэтага “трэба”, а толькі спаткалі Езуса), але прыйшлі, бо ведаюць, што іх чакае Бог. З другога боку людзі там хочуць быць пры Езусе, хоць часам трэба дабірацца праз увесь горад, як напрыклад у Улан-Удэ ў Буратыі, ці у некаторых выпадках да касцёла трэба ехаць аж гадзіну, як у Іркуцку. Яны ўсё роўна знаходзяць час, каб пабыць у касцёле.
Як Вы перажылі сваю першую сустрэчу з Езусам?
Вось гэта цяжкае пытянне, бо я паходжу з каталіцкай пабожнай сям’і. Памятаю, што заўсёды, з дзяцінства, хоць і ў часы камунізма, кожную нядзелю ездзілі ў касцёл. У хаце была свая малітва, і набажэнствы маёвыя па ўсёй ваколіцы былі, і кастрычніцкія, і ружанцовыя да Маці Божай, таму Езус як бы заўсёды быў у маім сэрцы, і таму цяжка адказаць на такое пытанне. Але сапраўдны “смак” Бога пачуў, калі пачаў ездзіць на місіі, можа нават не ў семінарыі. Там было іншае, бо быў свой план: ідзеш на малітвы бо трэба, бо ўсе ідуць. Але калі пачаў ездзіць, то сапраўды адкрыўся на Духа Святога і пачуў любоў Езуса. Хаця таксама заўсёды адчуваў, што Бог мяне вядзе, нават калі працаваў у фірме (каля году а. Андрэй працаваў на вытворчасці галаўных убораў – рэд.), адчуваў Яго прысутнасць. Але ўсё роўна, сапраўдны смак прыйшоў з місіямі.
Калі б Вы мелі магчымасць перажыць жыццё яшчэ раз, ці сталі бы Вы святаром?
Так, так, менавіта так. Бо калі б адчуваў такое ж пакліканне як і зараз, то стаў бы святаром і таксама рэдэмптарыстам. Хоць і падабаюцца мне габіты ў іншых законнікаў, у францішканаў, ці іншых, але пайшоў бы на рэдэмптарыста.
Што Вам кожны дзень прыносіць шчасце?
Ну напэўна тое, што Езус мяне вядзе, што дае мне ласку і патрэбныя сілы пераадолець свае слабасці і заставацца аптымістам. Дзякуючы Езусу я штодзённа такі вось жыццёвы аптыміст; і вось такая радасць, што людзі, калі глядзяць на мяне, хоць трошкі ўсміхаюцца.
Ці спадабалася Вам наша парафія Ліда-Фара? Якой вы бачыце будучыню нашага касцёла і наогул усяго каталіцкага Касцёла?
Ліда-Фара з’яўляецца вялікай парафіяй і заўсёды тут шмат людзей. Часам сюды прыходзяць людзі з іншых парафій, таму цяжка ацаніць. Але з таго, што бачу і адчуваю ад тых людзей, якія прыходзяць да касцёла ў гэты час, – людзі тут вельмі добрыя. Ліда – гэта каталіцкі горад, дзе шмат хрысціянаў. Калі нават дзесьці ішоў па горадзе, то ад людзей можна было пачуць “Хвала Хрысту”, людзі ўсміхаліся да нас, і гэта прыемна. Бо сапраўды, калі прыязджаеш у парафію, адразу адчуваеш яе атмасферу: ці гэта парафія жыве ў згодзе, у радасці і з Богам, ці дзесьці адныя крыўдзяцца на другіх і нават можа у касцёле сварацца. Тут, у Лідзе-Фары, адчуваеш цеплыню, дабрыню людзей і вялікую адкрытасць. Гэта таксама відаць падчас споведзі ці простай размовы з людзьмі. Напэўна шмат што трэба рабіць, шмат маліцца за ўсю парафію. Але касцёл сапраўды пазітыўны і адкрыты на Бога і на людзей.
Што датычыцца ўвогуле ўсяго Касцёла, то я па жыцці аптыміст. Бачу будучыню вельмі светлай і веру, што ён у Беларусі не загіне, а наадварот будзе развівацца. Бачу шмат людзей, якія сапраўды любяць Езуса і Касцёл, якія сапраўды адданыя і іх шмат, пачынаючы ад старзйшых, якія баранілі нашу веру ў часы камунізму, да іх дзяцей, якіх яны давялі да Бога. Бачу моладзь, якая цяпер сваёй маладосцю ўсхваляе Бога. Таму будучыня Касцёла будзе пазітыўнай, хоць яшчэ ёсць шмат праблемаў. Веру, што Езус будзе жыць у Беларусі і ўвогуле ў цэлым свеце.
Размаўляла Ганна Маёрава. Ліда-Фара