Я ўпэўнены, што кожны веруючы чалавек на Гродзеншчыне ведае шматгадовага кусташа санктуарыя ў Тракелях кс. Паўла Галіньскага. Кожны год перад дыяцэзіяльнымі ўрачыстасцямі ў Тракелях ён дзеліцца з намі сваёй верай і расказвае пра тое, што нас чакае ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай. У гэтым годзе ў ролі кусташа ён запрашае нас у апошні раз, бо вяртаецца ў Польшчу. Аб тым, як было, як ёсць і як будзе ў Тракелях, з кс. Паўлам Галіньскім размаўляе галоўны рэдактар кс. Павел Салабуда.
- Гэта пачалося яшчэ ў Польшчы, адразу ж пасля пасвячэнняў. У парафіі Маці Адкупіцеля ў Астраўцы-Свентакшыскім працаваў кс. Войтэк, мой сябар з семінарыі. У той час ён выязджаў у Эйшышкі, а я пайшоў на гэтае месца замест яго. Кс. Войтэк запрасіў да сябе парафіяльную моладзь з Астраўца, і на канікулы ў 1992 г. я вырашыў паехаць з моладдзю ў Эйшышкі. Гэта быў мой першы выезд на Віленшчыну. Тады яшчэ не было такой моцнай беларуска-літоўскай мяжы, і мы з кс. Войцехам паехалі ў Гродна, дзе ўжо існавала семінарыя. Яе якраз рамантавалі. Я ўбачыў панішчаныя касцёлы. У пэўны момант да нас падышла нейкая бабуля і спытала, ці мы з Польшчы. “Так, з Польшчы”, – адказалі мы. “А можа, ксяндзы?” – Так, ксяндзы”. – “А можа, хто-небудзь застаўся б, бо ў нас няма ксяндза?” Гэтае пытанне запала мне ў сэрца. Пасля пяці гадоў працы ў Польшчы я вырашыў прыехаць у Беларусь. Спачатку ксёндз біскуп накіраваў мяне ў Ашмяны на некалькі месяцаў, затым амаль на тры гады я быў накіраваны ў Беняконі, а ў 2000 г. ксёндз біскуп прапанаваў мне паслугу ў Тракелях. І тут я ўжо трынаццаты год.
- Ксёндз Павел, магчыма, прагучыць складанае пытанне, але ўсё-такі: што найбольш засталося ў Вашай памяці за гэты час душпастарскай паслугі? Што Вы забіраеце з сабой у Польшчу?
- Напэўна, ў маім сэрцы назаўсёды застанецца людская добразычлівасць, туга па Касцёлу, прастата веры. Гэта я як ксёндз вучыўся веры ад гэтых людзей. Яны, нягледзячы на розныя няшчасці і цяжкасці, заўсёды былі пры Хрысце, і гэта для мяне, святара, стала прыкладам і навукай у святарстве – вернасць Хрысту, нягледзячы на цяжкасці і пераслед. Гэтыя людзі, асабліва старэйшыя, вучылі мяне простай веры. І гэта застанецца ў сэрцы. А з сабой я забяру ўспаміны, памяць аб гэтых людзях з Крэсаў. Я ўдзячны Богу, што Ён нейкім чынам накіраваў мяне сюды і што я мог на працягу гэтых гадоў быць з гэтымі людзьмі, маліцца, спавядаць і ўдзяляць святыя сакраманты. Для мяне як ксяндза гэта самае важнае.
- Вы прысвяцілі Тракелям 13 гадоў свайго святарства. Якія ўспаміны аб санктуарыі застануца ў памяці?
- У першую чаргу, тая пашана, якую людзі аддавалі Найсвяцейшай Маці. Я не аднойчы бачыў, як людзі на каленях хадзілі вакол касцёла, молячыся на ружанцы (гэта так мяне захапляла!). Усё, што маглі, яны аддавалі Найсвяцейшай Маці і разлічвалі на Яе дапамогу. Я думаю, яны ніколі не былі расчараванымі, таму што заўсёды пасля ўрачыстасцей ёсць шмат запісак з падзякамі. Сюды прыходзяць шматлікія пілігрымкі. І гэта вельмі цудоўна і важна, што, нягледзячы на ўсе гады пераследу, засталася туга па духоўных каштоўнасцях.
У санктуарыі Вы перажывалі розныя сустрэчы, яго наведвалі розныя людзі. Што, на Вашу думку, неабходна Касцёлу Беларусі для лепшай евангелізацыі?
Сталая праца, сталая духоўная фармацыя дзяцей і моладзі, а таксама і старэйшых, хаця яны патрабуюць толькі таго, каб з імі былі і маліліся. Таксама сталая катэхетычная і рэлігійная фармацыя. Вельмі важна, каб ксёндз быў з вернікамі, каб быў прыкладам веры і чалавечнасці, таму што часта гэтая чалавечнасць у іх недзе знікае. На жаль, ёсць шмат п’янства і нездаровая маральнасць. Таму ксёндз павінен быць з людзьмі найперш як ідэал, як прыклад, павінен дапамагчы ім знайсці правільны шлях. Касцёлу патрэбна спакойная, грунтоўная праца ў парафіі, без феерверкаў. Гэта вельмі важна.
Ксёндз Павел, на працягу шматгадовай працы ў Тракелях Вам, з дапамогай Бога і людзей, удалося шмат зрабіць: касцёл, алтар, Дом пілігрыма... Што яшчэ трэба было б зрабіць?
У першую чаргу, трэба прывесці ў парадак усю гэтую тэрыторыю. Бо калі будзе дзейнічаць Дом пілігрыма, будуць і людзі, якія прыязджаюць сюды на два ці тры дні. Было б добра, каб яны маглі тут адпачыць і памаліцца. Таму гэтую тэрыторыю варта было б пераўтварыць у такое асаблівае месца малітвы: зрабіць стацыі Крыжовага шляху, дарожкі, паставіць лавачкі і ружанцовыя каплічкі, пасадзіць кветкі і дрэўцы... Гэта было б для людзей дапамогай у перажыванні сваёй веры. Менавіта да гэтага трэба імкнуцца, бо гэта добры духоўны адпачынак для людзей у такім мітуслівым свеце. Вельмі важна, каб гэтая тэрыторыя прыцягвала, каб людзі тут духоўна адпачывалі і атрымлівалі сілы для жыцця. Гэта намоленае месца, дзе Хрыстос і Марыя заўсёды чакаюць кожнага чалавека.
Вы ўзгадалі пра Марыю. Якое месца ў Вашым жыцці займае культ Маці Божай?
Мая першая парафія, дзе я працаваў, была марыйная. Я адчуваю, як Марыя – Каралева Святароў – вядзе мяне. Мне здаецца, што гэта менавіта Яна пэўным чынам мяне сюды паклікала, каб я быў тут і пастараўся добра працаваць пры Ёй. Але, перш за ўсё, менавіта пакорнасць Марыі, Яе вера і трыванне пры Хрысце з’яўляюцца найважнейшымі ў маім святарстве.
Напэўна, нашых чытачоў цікавіць, чаму Вы вырашылі вярнуцца ў Польшчу?
Я вяртаюся з-за сваіх хворых бацькоў. Я шмат маліўся і добра абдумаў гэтае рашэнне. Навучаючы людзей любові да іншага чалавека, я не магу пакінуць сваіх бацькоў у хваробе і старасці далёка ад сябе. Вельмі важна, каб яны ў гэтай старасці не адчувалі сябе адзінокімі. У дадатак, як ксёндз, сярод маіх родных я бліжэй за ўсё да іх, і яны, напэўна, на мяне разлічваюць. Мне цяжка будзе казаць пра любоў да іншага чалавека, калі сваіх блізкіх я недзе там пікіну ў адзіноце.
Ці вядомы ўжо Ваш далейшы лёс (рэд.: размова 04.06.2013)? Дзе Вы будзеце працаваць?
На дадзены момант не ведаю, але я веру Богу, што Ён пакіруе. А я прыму. Як ксёндз біскуп у Сандаміры вырашыць, так я і зраблю.
А ці вядома ўжо, хто будзе наступным пасля Вас кусташам санктуарыя ў Тракелях?
Яшчэ не. Напэўна, ксёндз біскуп думае аб гэтым.
Ці збіраецеся Вы наведваць Беларусь, а асабліва любімыя Тракелі?
Безумоўна, так. Таму што заўсёды, калі я прыязджаў сюды раней, я ўзгадваў месцы, звязаныя з Адамам Міцкевічам, Элізай Ажэшка, Чэславам Немэнам, напрыклад, такія прыгожыя мясціны як Навагрудак, Свіцязь, Нёман і г.д. Тут шмат блізкіх майму сэрцу куткоў, бо менавіта на гэтым я выхоўваўся ў школе, таму бясспрэчна, што я буду хацець наведваць, прыязджаць і, перш за ўсё, не забываць.
Ксёндз Павел, не выклікае сумненняў, што за ўсе гады душпастарскай паслугі ў Тракелях Вы знайшлі шмат сяброў і знаёмых, якія ў хвіліны развітання захочуць злучыцца з Вамі духоўна. Калі Вы развітаецеся з вернікамі?
29 чэрвеня я святкую свой Дзень нараджэння і Імяніны святых Заступнікаў. Таму гэта будзе, я так лічу, дзень, калі я пэўным чынам падзякую сваім парафіянам на св. Імшы а 10-й гадзіне.
Я ведаю, што Вы збіраецеся прыняць удзел у сёлетніх урачыстасцях у Тракелях. Калі ласка, выкарыстайце яшчэ раз гэтую магчымасць і як кусташ санктуарыя запрасіце ўсіх вернікаў у Тракелі.
Напэўна, сам я таксама захачу прысутнічаць. У гэтым годзе трошкі іншы тэрмін, але для тых, хто захоча, гэта будзе добры час. “Бласлаўлёная тая, што паверыла”, – гэта словы сёлетняга малітоўнага чування. Бласлаўлёная Марыя, якая паверыла. Яна вучыць нас веры, таму запрашаю, каб мы ў гэтым месцы праз супольную малітву вучыліся ад Марыі менавіта гэтай моцнай, але простай веры, бо кожнаму з нас яна патрэбная. Давайце будзем тымі бласлаўлёнымі, якія паверылі, і сустрэнемся тут 12 – 13 ліпеня на супольнай малітве.
Дзякуй вялікі за размову!
Размаўляў кс. Павел Салабуда