Skip to main content

Айцец Кандыд Зялёнка

Пошукавая праца ў архівах і бібліятэках спрыяе цікавым знаёмствам. Прычым як у прамым сэнсе – з калегамі, краязнаўцамі, так і ў пераносным – з асобамі, пра жыццё, дзейнасць і светапогляд якіх распавядаюць разнастайныя гістарычныя крыніцы. У другім выпадку мімалётнае знаёмства часам праходзіць незаўважаным, а часам чапляе, і проста просіць развіцця адносінаў – далейшых пошукаў у дакументах і літаратуры. Менавіта так здарылася з чалавекам цікавага і трагічнага лёсу, святаром Кандыдам Зялёнкай.

Лёс звязаў а. Кандыда Зялёнку з Гродна на 8 год – з 1825 па 1833 гг. Аднак пра ўсё па парадку. Нарадзіўся будучы святар ў 1797 г. у шляхецкай сям’і Трокскага павета Віленскай губерні. Пры хросце дзіця атрымала імя Міхал. Маючы 18 год, Міхал Зялёнка ўступіў у ордэн дамініканцаў і атрымаў манаскае імя Кандыд. Акрамя паспяховай вучобы падчас ордэнскіх студыяў (меў ступень лектара тэалогіі), а. Кандыд скончыў курс навук на філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэту. Пасля завяршэння вучобы святар быў накіраваны на пасаду выкладчыка польскай і лацінскай моваў ў Нясвіжскае павятовае вучылішча. У 1825 г. ордэнскае кіраўніцтва прызначыла яго на пасаду прэфекта ў Гродзенскую гімназію – адну з найбольшых сярэдніх навучальных установаў на Беларусі (у сённяшніх межах нашай краіны). Вучылішча размяшчалася ў двухпавярховым флігелі, спецыяльна пабудаваным для гэтых мэтаў.

Дамініканцы распачалі працаваць у школе ў 1797 г. Манахі-дамініканцы з Гродзенскага кляштара кіравалі вучылішчам і выкладалі ў ім практычна ўсе прадметы. А. Кандыд з’яўляўся кіраўніком навучальнай установы – прэфектам. У той час прэфект выконваў функцыі сённяшняга дырэктара. Акрамя дырэктарскіх абавязкаў, святар займаўся і педагагічнай дзейнасцю – выкладаў у гімназіі польскую і лацінскую мовы. Ю. Ядкоўскі адзначыў у сваім даследаванні, што сярод вучняў а. Кандыд карыстаўся вялікай павагай.

У абавязкі а. Зялёнкі акрамя непасрэднага кіравання школай належала напісанне рэгулярных справаздачаў як губернскаму, так вучылішчнаму і ордэнскаму кіраўніцтву. Найчасцей у справаздачах а. Кандыд адзначаў, што ўсе выкладчыкі “прилежания превосходного, познания совершенного и способностей отличных, поведения хорошего и примерного, обращения с учениками благоразумного”.

Дзейнасць жа самаго а. Кандыда кантралявалі свецкія ўлады. Нягледзячы на недавер да каталіцкага духавенства, дзейнасць а. Зялёнкі ацэньвалася імі выключна станоўча: “Исполняющий должность смотрителя кс. Зелёнка и вместе с тем учитель Польской словесности и латинского языка, возложенные на него обязанности исполнял с примерным усердием. Рекомендуя его Правлению Императорского Виленского Университета как достойного доверия блюстителя порядка за Гимназиею и Училищем, покорнейше прошу в случае не назначения в сию Гимназию светского Смотрителя, сего кс. Зелёнку оставить в звании Смотрителя”.

Паколькі Гродзенскі кляштар дамініканцаў быў адначасова і домам студыяў Літоўскай правінцыі ордэна, многія манахі, у тым ліку і а. Кандыд, сумяшчалі выкладчыцкую дзейнасць на студыях і ў школе. Нагрузкі былі значнымі. У сувязі з гэтым візітатары прасілі вызваліць ад выкладчыцкай працы тых святароў, якія сумяшчалі абавязкі. Так, у 1828 г. дырэктар вучылішчаў Гродзенскай губерні пісаў “Но как кс. Зелёнка <…> кроме Смотрительской и Учительской должности в Гимназии занимался преподаванием наук клирикам своего ордена, что вместе весьма отягощало его <…> необходимо нужно облегчить его на будущее время, то есть оставить при одной должности Смотрителя, а от прочих обязанностей освободить, о чём и не оставил отнестись к Кс. Провинциалу Доминиканского ордена”.

Акрамя кіраўніцтва школай, жыцця ў супольнасці, а. Кандыд актыўна ўдзельнічаў і ў культурным жыцці г. Гродна першай трэці ХІХ ст. Ён уваходзіў у склад заснавальнікаў Гродзенскай публічнай бібліятэкі. У верасні 1830 г. было вызначана, што функцыі бібліятэкара ў новай бібліятэцы будзе выконваць менавіта а. Зялёнка. Аднак свецкія ўлады падчас зацверджання яго кандыдатуры на гэтую пасаду вырашылі, што святар “довольно занят на должности префекта Гродненской гимназии числящей 300 учеников”, а таму яму “невозможно будет присутствовать в библиотеке”. Нягледзячы на гэта, дамініканец актыўна ўдзельнічаў у рабоце бібліятэкі і дапамагаў папаўняць яе кнігамі.

Рэпрэсіі пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гг., якое пракацілася па Польшчы, Беларусі і Літве, у значнай меры закранулі каталіцкі касцёл. У 1832 г. у заходніх губернях скасавалі 199 кляштараў, сярод якіх быў і Гродзенскі дамініканскі. Дамініканскую гімназію напаткаў такі ж лёс. Асноўнай прычынай, па якой школа перастала існаваць, сталася “деятельное участие доминиканов а вслед за ними и их питомцев в мятеже 1831 г.”, а таксама “обнаружение участия монахов в злонамеренных замыслах”. Справа па закрыццю дамініканскай школы доўжылася нядоўга. Па загадзе М. Мураўёва дамініканцы павінны былі перадаць школьны інвентар, што і было зроблена. К. Зялёнка на працягу няпоўных трох тыдняў перадаў расійскім уладам школьную дакументацыю (з 1781 па 1833 г.), бібліятэку (апрача кляштарнай) і школьны гаспадарчы інвентар.

Вучні гімназіі былі высланыя па дамах. Лёсы дамініканцаў Гродзенскага кляштара склаліся па-рознаму. Двое з іх былі арыштаваныя. Будынак кляштара першапачаткова прыстасавалі пад турму, аднак пазней яе перавялі ў кляштар кармелітаў, а ў дамініканскім была адкрыта новая гімназія. Абвінавачванні ў сувязі з паўстанцамі былі скіраваны менавіта супраць а. Кандыда. Следства ўсё ж назвала яго “найменш вінаватым”, аднак у якасці меры пакарання святару была прызначана высылка ў глыб Расіі – у г. Аранбург. Пад канвоем жандарма святар адправіўся ў ссылку 2 верасня 1833 года. Дарога доўжылася роўна месяц.

Па-рознаму асобы перажывалі такую меру пакарання. Стаўленне а. Кандыда да той жыццёвай сітуацыі, у якой ён апынуўся і якую не мог змяніць, было годным яго паклікання. Як моцны ў веры чалавек ён не зламаўся, а зразумеў, што новае месца яго прабывання патрабуе яго, як святара, не менш, чым радзіма. Аранбургскія католікі ў перыяд, калі а. Зялёнка апынуўся там, не мелі пастаяннага святара. Каталіцкі святар прыязджаў у горад толькі раз у год. Таму пасля прыезду а. Кандыда мясцовы губернатар дазволіў адпраўляць набажэнствы для мясцовых католікаў.

Калі праз два гады, у 1835, а. Кандыду было дазволена вярнуцца ў адзін з застаўшыхся дамініканскіх кляштараў на Беларусі, святар апынуўся перад складаным выбарам. Ён зрабіў яго на карысць Аранбурга, матывуючы гэта тым, што мясцовыя людзі не маюць пастаяннага святара, а таксама тым, што ў Аранбургу ён меў магчымасць займацца навукай.

А.Зялёнка працягваў займацца душпастарскай працай, першапачаткова адпраўляючы набажэнствы па дамах у жыхароў горада. У 1837 г. а. Зялёнку прызначылі ваенным капеланам. Тады ж ён пачаў рабіць захады па атрыманні дазволу на будаўніцтва каталіцкага храма ў Аранбургу, і дабіўся яго. Восенню 1844 г. а. Кандыд распачаў будаўніцтва касцёла і завяршыў справу ў 1847 г.

Не спыняў святар і навуковай дзейнасці. Менавіта К. Зялёнка з’яўляўся заснавальнікам заалагічнага музея ў Аранбургу і яго першым дырэктарам. Кіраванне музеем а. Кандыд ажыццяўляў да сваёй смерці 31 кастрычніка 1860 г. За “27-летние заслуги покойного, любовь и уважение, которое он приобрел служа всем, без разбора вероисповедания” святар быў пахаваны каля пабудаванага ім касцёла.

Аднак гісторыя не заканчваецца пахаваннем. Вось аб чым распавяла Алена Шавялёва: “Оренбургская католическая церковь Божьей Матери Лоретанской просуществовала до 1932 года. 10 января 1932 года Оренбургский горсовет закрыл храм, сославшись на отсутствие в нём прихожан. В пятидесятых годах прошлого века, когда прокладывали коммуникации на территории бывшего уже храма, нашли могилу Кандида Зеленко. Когда выкопали гроб с останками, немногочисленные ценные вещи, которые были в захоронении, мгновенно исчезли, кости и остатки одежды и гроба вместе со строительным мусором вывезли на городскую свалку, а голову ксендза долго пинали по двору, пока она не рассыпалась в прах… Эту историю мне рассказывала еще бабушка (Лідзія Уладзіміраўна Нейзель, жыхарка Аранбурга – заўв. Р.З.), но мне как-то не верилось в такую дикость, а потом, когда я работала в храме, пришел человек посмотреть на восстановленную церковь и рассказал мне эту же историю, но более подробно, так как сам, тогда еще мальчишка, был ее свидетелем…”

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:

1)матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна і г. Мінску
2) Модестов Н. Кандид Зеленко в Оренбурге
3) Jodkowski J. Gimnazjum po-dominikańskie w Grodnie, Grodno, 1924
4) http://odri-maat.livejournal.com Выява з: Модестов Н. op.cit.
Падрыхтавала Раіса Зянюк
Рэдагавана: 07 Снежня 2015