Пётр Курыла – першы чалавек, які за 365 дзён аббег свет і пераадолеў больш за 20 тыс. км. Сваё самотнае падарожжа ён адбыў у імя супакою ў свеце. За гэты час змяніў 15 пар абутку. Парталу “Wirtualna Polska” Пётр распавёў, адкуль ён браў сілы, як перамог стада каётаў і трапіў у сібірскую саўну, а таксама якую ролю падчас бегу адыграла малітва. На нашым сайце аўтарка Яна Ткачук распачынае рубрыку "Пра цікавых людзей", у якой будзе змяшчаць пераклады матэрыялаў з неардынарнымі асобамі.
Як зрэагавала сям’я, калі вы сказалі, што плануеце такое падарожжа?
Заўсёды жартую, што сям’я нічога не ведала, бо я толькі выйшаў з дому, каб вынесці смецце. Але калі сур’ёзна – я не рушыў адразу вакол зямлі, спачатку я бегаў карацейшыя дыстанцыі: самотныя бегі праз Польшу, потым па Еўропе. А ўжо напрыканцы гэты забег. Вярнуўшыся з прабегу, я сказаў, што больш не буду бегаць. Тады я ўбачыў на тварах вялікае здзіўленне, пасля чаго дадаў: “Яшчэ толькі адзін раз”. І ўжо можна было зразумець, што справа ідзе пра нешта большае. І думаю, што гэты бег, бег дзеля супакою, быў якраз на заканчэнне, такая своеасаблівая “кропка над і”. Пасля гэтага ўжо няма сэнсу браць удзел у іншых.
Што было ў валізцы, з якой вы вырушылі?
Абутак на змену, адзенне на дождж і халоднае надвор’е, штосьці для рамонту валізкі і ежа – я заўсёды меў трохі правіянту на чорны дзень. Часамі здаралася, што я павінен быў гэтым скарыстацца. Таксама патрэбна было шмат вады – нават зімой, калі халадно. Калі цэлы дзень цяжка працуеш, то вып’еш каля 5 літраў, улетку яшчэ больш.
Колькі пар абутку вы змянілі?
Мала, таму што я заўсёды стараўся яго рамантаваць – у суме выйшла 15 пар. Я прыклейваў кавалкі гумы супер-клеем, напрыклад, з камераў ад колаў, пакінутых пры дарозе. Да таго ж змяніў яшчэ 7 маленькіх валізак – дастаткова шмат, бо яны так не рэгенеруюцца, як чалавек. Калі баліць калена ў адной назе, то дастаткова бегчы, перахіліўшыся на другі бок. Летам я карыстаўся крапівой, а зімой снегам, каб змякчаць раны.
Як выглядала штодзённасць падчас бегу? Што елі, дзе спалі, дзе хаваліся ад навальніцы?
Спаў я заўсёды каля дарогі, каб далёка не адыходзіць ад трасы. Часта таксама на дарозе. Напрыклад, у Расеі спаў на мастах, бо баяўся мядзведзяў – там пачуваў сябе ў бяспецы. Заўсёды пад нагамі ў мяне быў нейкі багаж, каб былі вышэй галавы. Што тычыцца сну, то спаў, як дзіцё – нішто не магло мяне абудзіць, нават грузавік, які праязджаў побач. Уставаў я вельмі рана, бегаў каля 30 хвілін і адмаўляў малітву. Пазней сняданак – заўсёды на хаду – не затрымліваўся ніколі, бо гэта быў сухі правіянт. Ежу і ваду я купляў кожныя 3 дні ў крамах. Галоўным чынам, малако і пячэнне, часам каларыйныя прадукты, як, напрыклад, пончыкі.
Як выглядала справа з адзінотай?
Увечары заўсёды было маркотна, асабліва, калі заходзіла сонца. Стартаваў я ў кірунку на захад і заўсёды бег у тым кірунку. Таму заўсёды, калі заходзіла сонца, я ведаў, што там дзесьці на захадзе мая сям’я.
Ці мелі кантакт з сям’ёй? Вы тэлефанавалі дахаты?
У сярэднім, тэлефанаваў раз на тыдзень, але гэта быў такі ўзаемны падман. Я казаў, што ўсё добра, і жонка казала, што ўсё ў парадку. Але ж было зразумела, што ні мне, ні ім не было лёгка.
Вы апынуліся ў некалькіх непрыемных сітуацыях, сярод іх - выпадак на рацэ ў Партугаліі, але вы не здаліся…
Выпадак гэта адно, выгляд валацугі – гэта іншае, бо людзі, аднак, ацэньваюць па выглядзе. Таксама ў мяне была вельмі вялікая моўная праблема. Я не ведаў увогуле англійскай мовы, а калі я апынуўся ў ЗША, думаў, што хтосьці будзе мяне чакаць. Консульству ў Нью-Ёрку паведамілі пра мой прыезд, і хтосьці павінен быў мяне забраць. Спачатку я блукаў па горадзе і первыя дзве ночы правёў у Цэнтральным парку ў зарасніку, а там уначы небяспечна, як у кожным гарадскім парку ноччу. Хачу падкрэсліць, што нават, калі сітуацыя безнадзейная, не трэба адмаўляцца ад задуманага. Занялася мной спартыўная паланійная арганізацыя, але калі даведаліся, што я маю толькі 19 даляраў, то пачалі адгаворваць мяне ад далейшага падарожжа і хацелі нават купіць мне квіток дадому. Хто б не скарыстаўся такой магчымасцю? Але я ўпёрся, бо ведаў, што мне ўдалося вытрываць, нягледзячы на розныя выпадкі. Я ведаў, што гэта нічога не дасць, як хутчэй скончу. Я павінен скончыць гэты бег, каб паказаць, што можна прысвяціць сябе дзеля супакою. Я маліўся аб супакоі. Не аб грошах, не аб тым, што са мной будзе, бо думаў, што будзе тое, што павінна быць. Адпачынак доўжыўся каля 10 дзён, і тады я сустрэў “Палонію”, якая дапамагла арганізаваць вазок і абсталяванне. Яны адкрылі мне рахунак ў амерыканскім банку, і я атрымаў карту, якой мог карыстацца падчас бегу. Адзін з палякаў сказаў у медыях, што мой правал будзе іх правалам, бо я адзін, а іх так шмат, то як яны могуць мне не дапамагчы?
А якая была рэакцыя людзей, якіх вы сустракалі па дарозе? Хіба што часта былі здзіўленыя, казалі пра вас: “Які вар’ят, што бяжыць вакол свету”?
Перадусім пыталіся, куды я бягу, глядзелі на валізку, якую я цягнуў. Рабілі здымкі на памяць і жадалі поспеху. Звычайна рэакцыі былі пазітыўныя, хаця ж здарылася некалькі непрыемных гісторый. Лічу, што гэта вынікала са страху – я быў чужы і мяне цяжка было зразумець. Аднак цэлы бег хутчэй пазітыўна ацэньваўся па прычыне місіі, бо я бег дзеля супакою.
Вы прабеглі шмат краін – дзе людзі былі самымі гасціннымі?
Яшчэ не трапіўшы ў Расею, я прабег Еўропу і ЗША. Людзі, якія нават не былі ў Расеі, казалі мне, што чакае мяне найгоршае, бо як не абкрадуць, дык заб’юць. Аказалася, што гэта няпраўда. Расейцы сапраўды могуць быць вельмі карыснымі. На жаль, не ўсімі запрашэннямі я мог скарыстацца, бо бег федэральнай дарогай, якая абмінала шмат якіх мясцовасцей, а я не мог сыходзіць з трасы. Я пазнаў шмат расейцаў, край вельмі адкрыты для турыстаў. Палякаў любяць – расказвалі мне пра польскія фільмы, напрыклад, “Чатыры танкісты і сабака”.
Вы часта бегалі там, дзе гэта забаронена, напрыклад, на аўтастрадзе. Як рэагавала паліцыя?
Гэта праўда – часта дарогі даходзілі да аўтастрады, не было іншай магчымасці, асабліва ў ЗША. І тады паліцыянты ўмешваліся. Зазвычай знерваваныя, штосьці мне крычалі, трымаючы далонь на пісталеце – так, як у фільмах. Калі ім не хапала дыхання, я казаў “sorry, no speak english”, бо я ўвогуле не ведаю англійскай мовы. Звычайна стукалі пальцам па галаве і казалі „crazy”, пасля чаго ад’язджалі. Так было з паліцыяй.
Што такога пацешнага здарылася ў дарозе?
Гісторыя, якая скончылася весела (хоць на пачатку выглядала зусім па-іншаму), здарылася ў Сібіры. Мушу дадаць, што са школы мала памятаю расейскую мову, і толькі на месцы я асвяжыў веды. Я бег тады праз тайгу, праз такія маленькія вёсачкі. Абагнала мяне аўто, з якога выскачылі дзве дзяўчыны і сказалі, каб я вярнуўся з імі ў вёску, бо там Андрушка падрыхтаваў нейкую “баню”. Што гэта за “баня”, думаю, пэўна, нейкая ежа. А я быў галодны, то вярнуўся з імі ў вёску. Вёска такая пустая, нешта ўсё падазрона гэта выглядала. Іду на падворак, там стаіць сарай, з якога тырчыць труба, вылятае дым, а з дзвярэй б’е пара. Тады я зразумеў, што зіма быля цяжкая і яны перакінуліся на людзей (смяецца). Хацеў уцякаць, але Андрушка адчыніў дзверы і аказалася, што гэта лазня. Жартую, што афіцыйна магу толькі сказаць, што было горача. Расейцы таксама вельмі часта прапаноўвалі алкаголь – гэта хіба што такая традыцыя. Аднойчы здарылася, што на дарозе затрымала мяне нейкая сям’я і дала бутэльку гарэлкі. Я сказаў, што не п’ю, а яны на гэта “нічога, тады будзеш шмаравацца, калі штосьці будзе балець”. І так мусіў узяць. Здзівіла мяне гэтая іх гасціннасць, асабліва ў Сібіры.
Вернемся да малітвы – падчас бегу вы вельмі шмат маліліся. У чым гэта дапамагала?
Я маліўся ад самага пачатку, галоўным чынам, аб супакоі. Параўноўваю барацьбу аб супакоі з сітуацыяй безнадзейна хворага чалавека – калі ўжо няма надзеі, дапамагае толькі малітва. Таксама ў справе супакою – штосьці змяніць можа толькі малітва, таму што столькі людзей спрабавала штосьці зрабіць і нічога. Дапамагала мне малітва забыць аб болю. Маліўся я цэлы дзень.
І вы даказалі, што немагчымае можа стаць магчымым.
Так, перадусім заўсёды кажу, што няма мараў, якія не маглі б споўніцца. Трэба толькі ў гэта верыць і ўкласці ў гэта цяжкую працу. Дадаткова кажу, што трэба таксама маліцца.
І адтуль вы бярэце псіхалагічную сілу?
Так, асабліва ў хвіліны боязі і нявер’я ў поспех. Не хачу рабіць з сябе героя, але былі хвіліны, калі я баяўся, напрыклад, у тайзе, аб якой ходзіць вельмі шмат прыпавесцяў наконт мядзведзяў. Тады дапамагала малітва. Адным словам, гэта такі бег-пілігрымка.
Раскажыце, калі ласка, калі здараліся хвіліны страху.
У штаце Арызона я бег праз парк апачаў. Ужо вечарэла, і я якраз бег каля індзейскай вёскі, таму падумаў, што можа, там затрымаюся. Але паглядзеў на іх шалашы, дамы з бляхі і трохі спужаўся. Чалавек наглядзеўся тых фільмаў – яшчэ здымуць скальп (смяецца). Таму я пабег далей і затрымаўся каля агароджы высока ў гарах. Ледзве пачаў разбіваць шалаш, як з’явіўся фургон, поўны індзейцаў. Я падумаў: ну ўжо цяпер, напэўна, здымуць скальп (смяецца). Адправілі да мяне маладога хлопца, можа, 17 гадоў, які запытаўся, ці хачу я вады. Мяне гэта станоўча вельмі здзівіла – казалі мне, каб я не падыходзіў да агароджы з конямі. Я спытаўся, ці ёсць тут каёты. Сказалі мне “full”, і сапраўды, пакуль я спаў, яны акружылі мой шалаш. Абудзілі мяне піскам, дзякуючы якому разумелі адзін аднаго. Я бачыў, што іх вялікая зграя, таму ўзяў кавалак гумы, нейкую горшую кашулю і распаліў іх спачатку ў шалашы. Як ужо добра разгарэліся, выкінуў з шалашу, і тады каёты ўцяклі.
А якія сітуацыі былі найгоршымі – калі здараліся тыя самыя хвіліны нявер’я ў сябе і ў планы?
Такія сітуацыі былі тады, калі вельмі доўгі час я быў самотны, напрыклад, у пустынях у Арызоне ці паўднёвай Каліфорніі. Некалькі дзён зусім нікога не бачыў. Людзі ехалі аўтастрадамі, абміналі дарогі, якімі я бег. Тады заставалася толькі малітва – сувязь з Богам.
Вера чыніць цуды…
Трэба верыць, што ўсё атрымаецца, і маліцца, і старацца быць добрым да іншых. Здаралася, што гэта я людзям дапамагаў, калі яны былі ў патрэбе. Калі я быў у Расеі, то быў ужо канец сакавіка, пакуль вырушыў, ужо быў красавік. Здавалася, што ўжо будзе вясна, але як убачыў вялікую бяду на вёсцы, то аддаў абутак і зімовую куртку. А зіма пазней вярнулася, снег падаў яшчэ ў маі. Здарылася у Сібіры, што я мінуў чалавека, які ўжо, хіба, доўга вандраваў. Звычайна людзі там ходзяць уздоўж дарогі, калі шукаюць працу, нават некалькі дзён. Ён выглядаў вельмі небяспечна, таму калі ён быў ужо на досыць вялікай адлегласці, я пакінуў яму на кавалку паперы хлеба і вады.
У іншым месцы я сустрэў па дарозе маладога чалавека, які таксама меў перад сабой некалькі дзён маршу, бо шукаў працу. Спрабаваў нават бегчы за мной, але доўга не вытрымаў, бо не быў прафесійным бегуном. Трохі далей, калі ўжо знік з поля зроку, пад’ехаў да мяне старэйшы чалавек і запытаўся, ці не патрабую я дапамогі. Я адказаў, што мне нічога не трэба, але мужчына, які ідзе за мной, мае яшчэ наперадзе некалькі дзён дарогі і не дасць сабе рады. Тады расеец вярнуўся і падвёз маладога чалавека.
Гэта неверагодна, што не маючы анічога, вы былі ў стане дапамагчы.
Не той чалавек багацейшы, які мае больш, а той, які больш можа даць. Здаралася, што гэтыя багатыя давалі мала, а бедныя ўсё, што мелі, каб толькі дапамагчы мне. Верылі, што мой бег мае нейкі сэнс. Разумелі, што толькі Бог можа штосьці змяніць.
Людзі кажуць, што не маюць грошай на падарожжа. Колькі вы мелі з сабою грошай, калі вырушылі вакол свету?
Канкрэтнай сумы не памятаю, але дастаткова, каб аббегчы Еўропу. Я атрымаў раней грошы на прафесійны абутак і адзенне. Пасля выпадку на рацэ я павінен быў, аднак, рамантаваць абсталяванне, таму, як апынуўся ў ЗША, меў вельмі мала грошай – толькі 19 даляраў.
Вы родам з малой вёскі на Падляшшы. Як рэагавалі людзі з роднай вёскі?
Я сціплы чалавек. Не хачу, каб хтосьці штосьці пра мне распавядаў. Хачу, каб людзі казалі на тэму бегу, каб пачалі думаць аб супакоі, а не аб тым, хто бег. Каб маё дасягненне не было толькі дасягненнем, параўнальным да рэкордаў Гінэса. Я не хачу славы – хачу, каб звярнулі ўвагу на праблему супакою.
Сваёй сціпласцю вы паланілі людскія сэрцы. Не хочацца пра сябе гаварыць, але на шчасце, паўстала кніга – думкі і перажыванні з падарожжа, і вы шукаеце цяпер выдавецтва, якое яе надрукуе. Што ў гэтай кніжцы найважнейшае?
Смяюся, што яна мае адзіны мінус – яна поўнасцю праўдзівая. Людзі прызвычаіліся да такіх баек, як Гары Потэр, калі будуць яе чытаць, могуць падумаць, што гэта таксама высасана з пальца. Нягледзячы на шмат непраўдападобных сітуацый, яны цалкам праўдзівыя. Кажу ў ёй таксама праўду наконт паводзінаў людзей. У пачатку кніжкі не асуджаю, але ацэньваю ксяндза з адной парафіі, які адмовіў мне ў 2 метрах зямлі каля плябаніі. Думаю, што проста баяўся. Потым апісваю кснядзоў, якія паводзілі сябе цалкам іначай, бо запрашалі на абед – напрыклад, ксяндзы з польскіх парафій у ЗША. Адзін з іх аддаў мне 4 касцёльныя ахвяры на тое, каб я мог бегчы далей.
У Вас ёсць дзве дачкі. Ці пайшлі яны па вашых слядах і таксама бегаюць?
Мае дочкі маюць 15 і 16 год і трошкі ўжо бегалі, але я іх да гэтага не прымушаю. Можа, калісьці захочуць сістэматычна бегаць, але лічу, што тое, што тата ў чымьсці добры, не значыць, што дзіця павінна гэта рабіць. Тым больш, яно не заўсёды мае такі талент, як тата. І дочкі былі б ў маім цені да тога моманту, пакуль мяне не перагналі, і гэта было б для іх цяжка. Таму цешуся, што яны вучацца і добра паспяваюць у школе. Гэты бег, нягледзячы на тое, што доўгі і цяжкі, ёсць нічым у параўнанні з выхаваннем дзяцей – цяпер перада мной яшчэ большае заданне.
Але ці не абражаеце вы самога сябе? Калі ногі хочуць бегаць, галава хоча бегаць, то будзеце праз сілу сядзець?
Павінен прызнацца ў адной рэчы. Я казаў, што перастаю бегаць, але…ўжо пачаў ездзіць на ровары. Баюся, аднак, ездзіць зашмат, каб мяне гэта не ўцягнула так, як гэты бег. Не хацелася б ездзіць дзеля канкурэнцыі. Лепш з сям’ёй, для турыстыкі.
Гэта значыць, канец з бегам?
Так, сказаў, што ўжо канец з марафонам. Лічу, што чалавек варты столькі, колькі яго слова. Калі даў слова, што так будзе, то трэба яго датрымаць.
Пераклад з польскай Яны Ткачук