Падчас нядзельнай св. Імшы 3 сакавіка кс. Казімір Жыліс будзе дзякаваць Богу за 40 год свайго святарства. Напярэдадні мы паразмаўлялі з айцом, якімі былі гэтыя гады. А было ўсё: і барацьба з атэістычнымі ўладамі, і падпольная езуіцкая дзейнасць, і навучанне ў Амерыцы і шмат чаго іншага. Кс. Казімір паспрабаваў адказаць на нашыя пытанні, хоць часам яны былі і нязручныя…
Святарскае пакліканне як супраціў савецкай уладзе
Як Вы прынялі рашэнне пайсці ў святары?
У дзяцінстве я не думаў, што стану святаром. Мой брат быў міністрантам, а я не. Калі я пайшоў у 5 клас, то з настаўнікамі ў мяне пачалі здарацца канфлікты. Я пастаянна хадзіў да касцёла і меў з-за гэтага рэлігійныя спрэчкі. Настаўнікі з дырэктарам спрабавалі мяне ламаць, пераследаваць, але я заўпарціўся на зло ім усім і проста пачаў з імі ваяваць. У Вялікую суботу нас загналі ў кіно, а я не хацеў ісці. Урэшце мне надакучыла там сядзець і я выйшаў з залі, пры гэтым добра ляпнуўшы дзвярыма. Настаўніца ўслед мне крычала і пагражала, у выніку замест крыжа загадала мне цалаваць клямку дзвярэй. Ах, клямку цалаваць?! Я цвёрда ёй паабяцаў, што за два тыдні стану міністрантам. І праз гэты час ужо прыслужваў на св. Імшы. Такая пастаянная барацьба ў школе цягнулася некалькі год, і я пачаў задумвацца, куды я павінен пайсці вучыцца. І ў 6 класе вырашыў, што пайду на святара. Мяне падштурхнула да гэтага мая барацьба: школа мяне хацела зламаць за рэлігію і касцёл, а я вырашыў, што буду ксяндзом.
А пасля даводзілася такім чынам адстойваць свае погляды і перакананні?
Канешне. І ў тэхнікуме пастаянная барацьба была. Мяне алтарыст звёў, які сказаў: ідзі ў тэхнікум, бо невядома, ці пусцяць цябе ў семінарыю, то будзеш мець прафесію. Так я скончыў будаўнічы тэхнікум. Там ведалі, што веруючы, і барацьба была сур’ёзнай. Ціснулі таксама і ў войску. Год прайшоў пасля войска, і я ў паступіў у Каўнаскую духоўную семінарыю. 17 красавіка 1973 года мяне асвяцілі ў святары. Падчас майго служэння ў розных літоўскіх парафіях я пастаянна задзіраўся з уладамі. Праз колькі гадоў я паехаў працаваць святаром на Украіну, дзе прабыў 3 гады. Ваяваў супраць савецкай улады і там. Давялося вярнуцца дахаты ў сваю родную дыяцэзію. Пасля працаваў у Алітусе, хоць улады з-за маіх спраў на Украіне не хацелі мяне рэгістраваць. Нейкі час я працаваў пробашчам у адной з парафій Варэнскага раёна. А пасля да мяне прыехала дэлегацыя і запрасіла ў Індуру. Гэтак ў 1983 годзе я трапіў у Беларусь. Хоць біскуп не хацеў мяне пускаць, бо я быў патрэбны ў сваёй дыяцэзіі.
Падпольная езуіцкая дзейнасць
Вы казалі, што былі падпольным езуітам. Як гэта атрымалася?
Пры савецкай уладзе ўсе манаскія ордэны былі зачыненыя. Я патаемна ўступіў у ордэн езуітаў, будучы яшчэ клерыкам. У нашай Кайшадорскай дыяцэзіі пробашчам працаваў правінцыял езуітаў, і я паехаў да яго, каб мяне прынялі ў езуісты. Чаму Вы хацелі ўступіць менавіта ў гэты ордэн? Бо я ведаў, што яны вядуць вельмі актыўную барацьбу з савецкай уладай: друкуюць падпольныя газеты і часопісы. Я хацеў быць добрым ксяндзом і пры магчымасці кіраваць падполлем супраць улад. Таму і ўступіў у езуіты.
І як выглядала Ваша дзейнасць супраць савецкай улады?
Ужо будучы клерыкам, я ўдзельнічаў у выданні падпольнай рэлігійнай літаратуры. Я звязваўся ў выдавецтвамі, плаціў ім грошы і друкаваў тысячамі экзэмпляраў рэлігійную літаратуру. Траплялі за гэта ў пераслед? Так, было шмат вобшукаў. І на суткі затрымлівалі, калі вазіў катэхізісы на Украіну. Увогуле за час працы ў Літве і Украіне цягам 1973-1983 гг. выдаў 100 тысяч катэхізісаў на літоўскай, польскай і рускай мовах, каля 10 тысяч рэлігійных кніг і малітоўнікаў. У Беларусь я пасля прывозіў катэхізісы і малітоўнікі.
Чаму Вы засталіся ў Беларусі, а не вярнуліся ў Літву?
Так атрымалася, што ўжо развальвалася савецкая ўлада. У той час я паехаў навучацца працы на тэлебачанне ў Амерыку. І пасля гэтага вяртацца ў Літву ўжо не было сэнсу: там была свабода, патрэбы ў падпольным друку і дзейнасці ўжо не было. А ў Беларусі патрэба была: тут не хапала ксяндзоў, таму я і застаўся. Да таго ж езуіты мяне прадалі (смяецца). Калі стварылі новую правінцыю расійскага рэгіёну, мяне скіравалі туды. Літоўскай правінцыі езуітаў я ўжо не належу, а належу да расійскай правінцыі. Яна мяне можа накіраваць ў любую постсавецкую краіну, але не ў Літву. Зараз я маю беларускае грамадзянства, і хутчэй за ўсё больш мяне нікуды не накіруюць. Застануся тут да смерці.
Стварэнне каталіцкай тэлестудыі ў Гродне
А як Вы трапілі на навучанне ў Амерыку?
Я туды выехаў яшчэ пры савецкай уладзе. Наш сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на той час быў ужо ў Маскве. Там ён сустракаўся з дырэктарам амерыканскага каталіцкага тэлебачання ў Даласе “Lumen 2000”. І ён папрасіў даць кандыдата, каб ксёндз скончыў курсы і мог заснаваць тут каталіцкі тэлецэнтр. І Кандрусевіч узгадніў з маім генеральным правінцыялам, каб мяне пагадзіліся выслаць у Амерыку. Як доўга там навучаліся? І ці былі цяжкасці? Год і 8 месяцаў. Было цяжка: не ведаў ніводнага англійскага слова, а было 50 з лішнім гадоў. Я ведаў польскую, літоўскую, рускую, англійскай было вельмі цяжка вучыцца. Яшчэ была цяжкасць у тым, што я трапіў не ў чыста англійскі асяродак, бо так было б лягчэй вывучыць. А так штодня я чуў польскую, рускую, літоўскую мовы.
І пасля гэтага Вы вярнуліся ў Беларусь?
Так. Бо ў Расіі магчымасці стварыць каталіцкі тэлецэнтр не было. Тады біскупы – Аляксандр Кашкевіч і іншыя, а таксама айцы правінцыялы вырашылі, што будзем адкрываць каталіцкі тэлецэнтр у Гродне. З Амерыкі я прывёз неабходную апаратуру, так ўсё і запрацавала.
Застацца добрым святаром да канца
Вяртаючыся да тэмы святарскага служэння. Вы можаце заўважыць розніцу ў тым, якія выклікі стаялі перад святаром, калі Вы толькі пачыналі служыць, і якія зараз?
За савецкім часам было цікавей працаваць, хоць і было цяжэй. Але тады была барацьба, была цікавасць, быў ідэалізм у людзей, аддадзенасць веры, моладзь была іншай. А сёння ідзе заняпад. Паглядзіце, якая ідзе мараль у сённяшняй моладзі. Калі адкрылі заслону, калі ў нас з’явілася ўсё, то “ўсё” ўсё і разбурае. Гасне вера. Сітуацыя пагоршылася, хоць і ёсць свабода. Рэлігію ніхто не забараняе, але няма таго духу, энтузіязму. Слуга Божы кардынал Стэфан Вышыньскі казаў пры савецкай уладзе: мы ненавідзім атэізм, мы змагаемся з ім, мы яго разбурым, але практычны заходні матэрыялізм са сваёй свабодай будзе для нас горшы. Савецкая ўлада рэпрэсіямі заганяла людзей у касцёлы, а заходні атэізм іх адтуль выганіць.
Але ж у нас збіраюцца поўныя касцёлы…
Не такія ўжо і поўныя. А зараз святар павінен рабіць сваю працу, ужо палітыкай мы не можам займацца, а павінны выконваць свае чыста святарскія абавязкі: катэхізаваць людзей, рыхтаваць іх, прапаведаваць – весці людзей да Бога і да веры.
Ці той формы, у якой Касцёл гэта робіць, сёння дастаткова?
Цяжка сказаць. Зараз хто хоча, мае магчымасць чытаць і глядзець усё: ёсць літаратура, шмат мас-медый, нічога не забараняецца. Каб пазнаць Бога і паглыбіць веру, ёсць зараз усе ўмовы. Сама свабода не проста кажа: што хочаш, тое і рабі. А людзі ўспрымаюць гэтую заходнюю ідэалогію такім чынам, і ад свабоды губляюцца і думаюць, што можна жыць і без Бога. Едзь, куды хочаш, рабі, што хочаш. Вось у гэтым і небяспека, што людзі адыходзяць ад Бога. Мараль свабоды разумеецца няправільна.
У Вас былі калі-небудзь сумненні ў правільнасці абранага шляху?
Не. У мяне ніколі не было спакусаў сысці са святарства ці ордэна езуітаў.
За што б Вы асабліва падзякавалі Богу за час свайго святарства?
Калі я быў клерыкам і захварэў, дактары сказалі, што буду жыць не больш за тры гады. Але дзякуй Богу, што Ён даў мне значна больш – ужо 68-ы год сканчаецца. І за святарства дзякуй. Буду і далей старацца працаваць па ступені сваіх магчымасцей.
І апошняе пытанне: чаго б Вы хацелі папрасіць у Бога на юбілей свайго святарскага служэння?
Каб я да канца заставаўся добрым ксяндзом.
Дзякуй за размову!
Размаўляла Алеся Бяленік