Напярэдадні свята Божага Нараджэння кс. арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, апостальскі нунцый у Беларусі згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў для нашай дыяцэзіяльнай інтэрнэт старонкі. У гэтым інтэрв'ю прысвечаным надыходзячаму святу Нараджэння Езуса Хрыста, можна даведацца аб прадстаўніку Святога Айца з крыху іншага, неафіцыйнага боку.
1. Кс. Арцыбіскуп, нашым чытачам хацелася б даведацца пра вас з трошкі іншага, не афіцыйнага боку. За некалькі дзён будзем адзначаць святы Божага Нараджэння, таму хацелася б даведацца, чым для вас асабіста яны з’яўляюцца. Можа, падзеліцеся сваімі ўспамінамі з дзяцінства, як адзначалі Божае Нараджэнне ў вашай сям'і.
Думаю, што для дзіцяці момант Божага Нараджэння – найлепшы момант, увесь год мы чакалі Божага Нараджэння і ведалі пра тое, што гэтая ноч мае асаблівае святло. Апоўначы мы прымалі ўдзел у св. Імшы і асаблівым чынам перажывалі таямнічую атмасферу святла, якое асвятляе цемру начы. Менавіта там мы сустракалі простую сям’ю, падобную да нашай сям’і – Марыю, Юзафа і Маленькае Дзіця, Дзіця, якое хацела нас абняць і нам жадала дабра - для нас гэта былі простыя, але асаблівыя перажыванні. Чым больш я жыву, тым больш для мяне становіцца зразумелым, што перажыванні з дзяцінства глыбока пазначаюць мае перажыванні гэтага свята цяпер. Я вывучаў багаслоўе і іншыя рэчы, але рэакцыя сэрца на гэтае свята засталася тая ж самая.
2. Вы памятаеце, чаго вы прасілі ў св. Мікалая? Ці была ў вас такая традыцыя?
Не было ў нас св. Мікалая. У Італіі ў кожным рэгіёне ёсць свая традыцыя. У нас была св. Люцыя, свята якой адзначаецца 13 снежня. Мы нічога не прасілі ў гэтай святой, таму што гэтага нельга было рабіць, бо яна сама павінна была ведаць нашыя думкі і прагненні. Важна было тое, што калі прыйдзе ноч, каб святая не спаткала нас з расплюшчанымі вачыма. Бо калі б так здарылася, мы атрымалі б з яе рук мяшок вуглей, а не падарункі. Св. Люцыя прыходзіла, прыносіла дзецям падарункі, але не адна, а са сваім шафёрам, які кіраваў аслом. Таму на стале мы рыхтавалі апельсін для св. Люцыі, шклянку віна для шафёра і траву для асла. Мы мелі таксама дазвол ад бацькоў спазніцца на адну гадзіну ў школу, каб паспець убачыць свае падарункі. Адным з найбольш сумных момантаў майго жыцця быў момант, калі нам расказалі, што святой Люцыяй з’яўляюцца нашыя бацькі.
3. Вы працавалі таксама прадстаўніком Святога Айца ў Каўказскіх краінах. Якія традыцыі святкавання Божага Нараджэння існуюць у мясцовых хрысціян? Што вам найбольш запомніліся?
Я быў у трох краінах, якія вельмі адрозніваюцца адна ад адной. У Грузіі каталіцкая супольнасць вельмі маленькая. І амаль ніхто не звяртаў увагі на дату святкавання нашага Божага Нараджэння, таму што рытм дзяржавы быў іншы. Святкаванне Божага нараджэння адбывалася ў маленькай супольнасці, ў вельмі асабістай атмасферы. Крыху падобна было у Арменіі, але там была магчымасць ісці ў мясцовыя храмы 6 студзеня і ўбачыць, як армяне гэта перажывалі. У Азербайджане святкаванне мела іншы каларыт, таму што грамадства гэтай краіны ў сваёй большасці вызнае іслам. Божае Нараджэнне мы святкавалі разам з праваслаўнымі. Напачатку яны наведвалі нас, а потым мы гасцілі ў іх. Гэта быў прыемны экуменічны момант і знак хрысціянскага братэрства.
4. Як вы сёлета будзе святкаваць Свята Божага Нараджэння?
Божае Нараджэнне я правяду разам са сваёй матуляй. Ёй 99 гадоў. І засталіся толькі мы удваіх, яна і я - адзіны яе сын. Адчуваю, што чацвёртая Божая Запаведзь ў гэты дзень асаблівым чынам адносіцца да мяне. На жаль, яна ўжо не з’яўляецца мабільнай і ў нас не будзе магчымасці наведаць разам святыню, таму мы будзем разам у памяшканні. Ствараючы нейкую асаблівую святочную атмасферу я буду старацца, каб не стаміць яе. Пастэрку буду цэлебраваць ў прыгожым касцёле св. Зянона ў Вероне.
5. Ці паспелі заўважыць розніцу паміж святамі Божага Нараджэння ў Беларусі і Італіі?
На жаль, у мінулым годзе я не быў на святы Божага Нараджэння ў Беларусі, бо быў побач са сваёй маці. Атмасфера прыгатавання да святаў Божага Нараджэння тут вельмі блізкая да той атмасферы, якая была ў маім дзяцінстве. Такой атмасферы ўжо няма ў маім горадзе, і можа, яшчэ менш з гэтага засталося ў вялікіх гарадах Заходняй Еўропы. У той час гэта было свята ўсіх, усе святкавалі гэтае свята, можа, за выключэннем зусім невялікай групы людзей. Цяпер жа, калі я іду на св. Імшу апоўначы і бачу бары, перапоўненыя людзьмі, якія там п’юць – для мяне гэта цяжкае перажыванне.
6. Што бы вы хацелі пажадаць для нашага электроннага дыяцэзіяльнага СМІ з нагоды свята Божага Нараджэння?
Я вельмі мала ведаю пра тое, чым з’яўляюцца электронныя СМІ і як яны функцыянуюць, але я вельмі шаную людзей, якія працуюць у гэтай галіне. Я перакананы ў тым, што сёння можна рабіць нязвыклыя рэчы, ужываючы электронныя прыстасаванні. Але ў гэтым можа быць пэўная небяспека, таму што чалавек прызвычаіваецца да віртуальнага свету, асабліва гэта дачыць дзяцей і моладзі, якія праводзяць шмат часу за камп’ютэрам. Таму мае пажаданні вельмі простыя, каб прынамсі ў гэтую ноч маладыя вернікі перажылі не віртульнае, але сапраўднае спатканне Езуса, Які нараджаецца.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын