У нядзелю 4 лістапада моладзь з Італіі сустрэлася з гродзенскай моладдзю, якая належыць да акадэмічнага душпастырства. Падчас падарожжа ў Беларусь італьянскіх студэнтаў суправаджаў Тэймур Малікаў, які паходзіць з Азербайджана і навучаецца ў адным з папскіх каталіцкіх універсітэтаў. Тэймур паходзіць з ісламскай сям’і і з’яўляецца мусульманінам, што не перашкаджае яму жыць і навучацца ў каталіцкім асяроддзі. Падчас сустрэчы моладзі ён вельмі ахвотна пагадзіўся адказаць на нашых некалькі пытанняў.
- Чаму Вы вырашылі вывучаць філасофію і як у Вас атрымалася прыехаць у Папскі каталіцкі ўніверсітэт у Рыме?
- Перад навучаннем у Рыме я вывучаў арабскую мову ў Бакінскім дзяржаўным універсітэце на арыенталагічным факультэце і потым год вывучаў арабскую мову ў горадзе Доха ў Катары. У гэты час я паралельна вывучаў ісламскую філасофію, адначасова ў свеце адбываліся розныя падзеі, якія змянілі і да гэтага часу змяняюць аблічча многіх краін: гэта і войны на Блізкім Усходзе, сутыкненне ісламу з секулярызаваным Захадам. Гэта зацікавіла мяне ў параўнальным вывучэнні хрысціянскай і ісламскай філасофіі. На дадзены момант мне падаецца, што Папскі ўніверсітэт Анджэлікум - адпаведнае месца для вывучэння як сучаснай філасофіі, так і хрысціянскай філасофіі. У будучым маю надзею займацца параўнальным вывучэннем на навуковым узроўні хрысціянскай, заходняй і ісламскай філасофіі.
- Чым для Вас з’яўляецца вера?
- З дзяцінства ў мяне было моцнае рэлігійнае пачуццё, я быў практыкуючым чалавекам дзякуючы сваім бацькам. Пазней я зразумеў, што вера - неад’емная частка майго жыцця, тое, што я адчуваю ў кожным моманце майго існавання. У дадзены момант вера - гэта мае адносіны да жыцця, самога сябе і тых, хто вакол мяне. Вера ў адзінага Бога – гэта вера не толькі ў ідэю аб адзінстве Стварыцеля, але таксама і прымяненне гэтага адзінства ў сваім жыцці – адзінства мыслення, словаў і учынкаў, адзінства цела і душы.
- На аснове чаго можна будаваць дыялог паміж хрысціянскім Захадам і ў большасці ісламскім Усходам?
- Паводле маіх назіранняў, ва ўсім свеце ідзе адраджэнне рэлігіі: хрысціянства, менавіта каталіцызма, і іслама. Цяпер найбольш практыкуемыя рэлігіі ў Еўропе - гэта іслам і каталіцызм. На дадзены момант моладзь з розных пазіцый усебакова зацікаўленая рэлігіяй, а асабліва практычным аспектам праяўлення ўласнай веры ў сучасных умовах. Адраджэнне рэлігіі адбываецца ўсюды. Мы перапоўненыя энтузіязмам і цікаўнасцю, і хочам дзяліцца досведам. Другі аспект - гэта спецыфіка нашага сённяшняга дня, калі наступае глабалізацыя і прадстаўнікі розных культур і рэлігій часта сустракаюцца, дзеляцца сваімі поглядамі і меркаваннямі. Мы як прадстаўнікі розных бакоў вельмі зацікаўленыя праблемамі і жыццём нашых братоў па веры, так як з’яўляемся прадстаўнікамі монатэізма, і на дадзены момант вельмі важна весці граматны дыялог паміж канфесіямі і рэлігіямі. Узлюбі бліжняга свайго - адно з найчасцей цытаваных фраз з Евангелля, яго таксама можна зразумець як "зразумей бліжняга свайго". У дадзеным выпадку гэта можа быць таксама і пазнанне бліжняга, якое распасціраецца не толькі на розум, але і на пачуцці. Таму, апрача таго, што мы павінны ведаць (пазнаваць) самых сябе, мы таксама павінны пазнаваць і вывучаць без розных там стэрэатыпаў веру іншых людзей, таму што монатэізм заўсёды імкнецца да адзінства ва ўсім. І каб усталёўваць гэтае адзінства, у першую чаргу трэба разумець і любіць адзін аднаго.
- Навучаючыся ў каталіцкім універсітэце, Вы прабываеце ў каталіцкім асяроддзі, пазнаеце каталіцкую моладзь з розных краін. Паводле ўласных назіранняў, чым адрозніваецца каталіцкая моладзь ад ісламскай?
- На дадзены момант, калі мы выкарыстоўваем тэрмін хрысціянская ці ісламская моладзь, мы на самай справе разумеем штосьці культурнае, звязанае з канкрэтным народам і краінай. Цяпер рэлігія мае даволі моцную сувязь з нацыянальным адраджэннем і культурай дадзенага народа, таму і чалавечы фактар абапіраецца менавіта на культуру. Адрозненні паміж намі датычаць у сваёй большасці культурнай сферы. Хрысціянская культура і ісламская - гэта дзве вялікія рэчаіснасці, таму розніца вельмі вялікая. У самым ісламскім свеце вельмі шмат розных культур, таму вельмі цяжка гаварыць аб аднароднасці народаў краінаў Усходу. Калі казаць увогуле, то ёсць хрысціянін як прадстаўнік заходняй і мусульманін як прадстаўнік усходняй культуры. Усходні чалавек больш кансерватыўны, больш блізкі да традыцыйнага стылю мыслення, а заходні чалавек больш адкрыты на штосьці новае, крэатыўны.
- Якія супольныя пункты ў дыялогу і супрацоўніцтве мы можам знайсці?
- Гэтыя дзве рэлігіі ў філасофскім плане маюць пэўнае падабенства і маюць цепер падобныя праблемы, якія супольна маем вырашаць. Па-першае, гэта выражэнне пратэсту супраць сацыяльна-палітычнай несправядлівасці: эксплуатацыі бедных краін, палітычнай нестабільнасці. Па-другое, секулярызацыя грамадства. Сучасны свет стаіць на раздарожжы, аддзяленні рэлігіі ад грамадства і жыцця чалавека. Перад намі вельмі шмат працы. Калі мы супольна будзем дзейнічаць, то эфекты нашай супрацоўніцтва пабачым у вельмі хуткім часе.
- Вашыя ўражанні аб Беларусі?
- Я другі раз у Беларусі, вельмі задаволены. Мне падабаецца перш за ўсё прырода, якая стварае ўражанне такой паўночнай, далёкай і шчаслівай краіны. Прырода Беларусі дапамагае захаваць унутраны супакой. Таксама распавяду ў некалькіх словах аб горадзе Мінску. Параўноваючы яго з тымі гарадамі, якія я бачыў, то магу сказаць, што ён стварае ўражанне вельмі ўмеранага месца. Не настолькі вялікі і шумны, але адначасова жывы і цікавы, у яго свая спецыфіка і культурнае жыццё, а Гродна - гэта горад больш гістарычны і заходні, таксама вельмі прыгожае і мілае месца.
Размаўляў кс. Юрый Жэгарын