Сёння ва ўспамін св. Лукі, евангеліста, апекуна лекараў, прапануем размову з хірургам Гродзенскай абласной бальніцы Аляксандрам Цыліндзем. Сп. Аляксандр распавядае пра тое, на якім месцы павінна быць сям'я ў хірурга, пра Божы провід і цуд у працы ўрача, пра тое, чаму часам даводзіцца весці размову з пацыентам вострую, "як скальпель", пра тое, якім павінен быць хірург, пра пытанне хрысціянскай біяэтыкі і інш.
- Аляксандр Тэадоравіч, скажыце, калі ласка, чаму Вы захацелі стаць урачом?
- Ведаеце, калi мне было год гэтак 5, мае бацькi вучылi нас з братам заўсёды вiтаць ксяндза i доктара. I вось, калi ксёндз ехаў на сваёй машыне, мы спынялi гульню i вiталi яго, махаючы рукой, а перад урачамi схiлялi галаву. Ксяндзом я так і не стаў, вось i давялося стаць доктарам. На жаль, часы, калi пры сустрэчы з доктарам здымалi шапку, даўно мінулi.
- Чым для Вас з’яўляецца гэтая праца? І наколькі цяжка сумяшчаць працу хірурга з абавязкамі ў сям'і?
- Гадоу 15 таму я б адказаў, што праца для мяне - гэта усё, гэта самае галоўнае, што ў мяне ёсць. На сённяшнi дзень гэта толькi праца, гэта спроба сумленна выконваць свае абавязкi там, дзе мяне прызначыў Бог. Пры гэтым нiколi не згаджуся з думкай, што сям’я ў хірурга павiнна адыходзiць (а ў многiх адыходзiць) на другое месца. Перад тым, як адказаць на Вашыя пытаннi пасля дастаткова напружанага дня ў шпiталi, я паспеў 2 гадзiны пахадзiць з газонакасiлкай. Трэба разлiчваць час так, каб яго хапала i на працу, i на сям’ю, i на адпачынак. На гэты конт ёсць вельмi павучальная гiсторыя. Прыходзiць з працы змораны доктар, да яго падыходзiць сын i пытае, колькi ў бацькi каштуе 1 дзень працы. Раззлаваны бацька нешта буркнуў, думаючы, што сыну зноў на штосьці непатрэбнае давядзецца даваць грошы. Але малы адказаў, што ён за некаторы час назбiраў пэўную суму грошай i хацеў бы за iх купiць 1 працоўны дзень, каб тата пабыў дома. Вось гэта недапушчальна, якiм бы ты занятым нi быў на працы.
- На Ваш погляд, якім павінен быць ідэал хрысціянскага ўрача? І ці дапамагае неяк Вам ў працы веравызнанне?
- Пачну з другой часткi пытання. Так, дапамагае. Галоўнае, я ведаю: калi раблю самую складаную аперацыю (i нескладаную таксама), на ўсё Божая воля. I тады ўсё робiцца лёгка. Адказ на першую частку пытання вельмi складаны. Ведаеце, Вы ад мяне не пачуеце тых гучных iмёнаў вядомых у краiне i свеце хiрургаў, вучоных, якімі насычаныя медыцынскiя i немедыцынскiя выданнi. Кан’юнктурныя пытаннi мяне не цiкавяць. Калi чытаеш аб жыццi такiх урачоу, як святыя Косма i Дам’ян, разумееш, як нам, сучасным медыкам, далёка да iх. Чалавекам, якi стараецца сумленна выконваць сваю працу, не думаючы пра нейкiя там званнi, публiкацыi i ўзнагароды – быць хаця б такiм.
- Працуючы з хворымі і церпячымі людзьмі, існуе небяспека з цягам часу згубіць чуласць. Як з гэтым можна змагацца?
- На гэтае пытанне я Вам найлепей адказаў бы на першым годзе працы, а яшчэ лепей на 1 курсе iнстытута. Тут была б i чуласць, i “слова лечыць”, i гэтак далей. А праз 25 год я сказаў бы так. I слова лечыць, толькi яно заўседы павiнна быць праўдзiвым i часам дастаткова жорсткiм. Любоў да блiжняга павiнна быць на толькi ахвярнай, але i патрабавальнай. Калi мой пацыент, якому я збiраюся рабiць аперацыю, палiць тытунь (асноўная прычына атэрасклероза) i нiчога з гэтым рабiць не збiраецца, размова з iм будзе дастаткова вострая, не менш, як скальпель. Не заўсёды трэба гладзiць па галаве. Але вырашыць, што больш карысна ў кожным выпадку – гэта ўжо вопыт.
- Ці здараліся нейкія невытлумачальныя сітуацыі ў Вашай практыцы, якія можна было трактаваць як Божы цуд ці провід?
- Усялякi добры вынiк цуд. Напэўна, чытачы хацелi б пачуць гiсторыю пра нейкае цудоўнае аздараўленне. А я Вам раскажу другую цудоўную гiсторыю. Адной ужо немаладой жанчыне немагчыма было зрабiць аперацыю, каб выратаваць ногi. Болi былi невыносныя, i таму была паказана вымушаная аперацыя – ампутацыя двух ног. Мне жанчына сказала, што ў малiтве просiць у Бога смерцi да выканання аперацыi, адмовiцца ад каторай не давалi жудасныя болi. Жанчына памерла ў ноч перад аперацыяй ад iнфаркта мiакарда. Для мяне гэта цуд i адказ на ўсе пытаннi па праблеме эўтаназii.
- Якія яшчэ могуць узнікаць праблемы, у выніку якіх урач можа знудзіцца сваімі абавязкамі і служэннем іншым людзям?
- Помнiце пра шапку i ўрача? Не ведаю чаму, але ў сваёй большасцi сённяшнi пацыент яшчэ да сустрэчы з доктарам настроены дастаткова агрэсiўна. Доктар юрыдычна амаль што не абаронены, пазбаўлены права на памылку. А не памыляецца толькi той, хто нiчога не робiць, як вядома. Скаргi невядома за што, “гарачыя лiнii” i гэтак далей. Сумленна працаваць у гэтых абставiнах працягвае толькi той, хто ведае, што нам дадзены запавет любiць сваiх блiжнiх, нягледзячы на тое, што гэтыя блiжнiя робяць усё, каб пачуццi былi супрацьлеглымi.
- На Захадзе здараюцца такія выпадкі, што веруючым працаўнікам службы здароўя забараняюць, напрыклад, насіць нацельныя крыжыкі або размаўляць з пацыентамі аб Богу. Скажыце, калі ласка, ці цяжка ў асяроддзі медыкаў сведчыць аб Хрысце, праяўляць бачныя азнакі сваёй веры?
- Ведаеце, астатнім часам мы вельмi шмат глядзiм на Захад. Як быццам бы 70 год таму ў нас не было яшчэ горай. Як быццам бы не забiвалi святароў, не ператваралi храмы ў клубы i прыбiральнi. Але i ў тыя часы знаходзiлiся людзi, якiя мужна сведчылi аб сваёй веры. Ведаеце, нiколi не выстаўляў сваю веру на паказ. Дазвольце прывесцi верш на мове арыгiнала.
Вера – вещь сокровенная, веруют не напоказ.
Крест не может служить украшеньем иль знаком артельным.
Пусть он к телу живому прильнёт потаённый от глаз.
Неспроста на Руси его называют нательным.
Але i хавацца нi ад каго, хто б гэта нi быў, не збiраюся.
- У нашых шпіталях працуе шмат веруючых, якія адносяць сябе да каталіцкай або да праваслаўнай канфесіі. Паводле Вашых назіранняў, наколькі гэтыя людзі арыентуюцца ў справах хрысціянскай біяэтыкі?
-А хто iх вучыць у ёй арыентавацца? У праграме медунiверсiтэта такой дысцыплiны няма. Не было б Касцёла, зусiм не арыентавалiся б. Правядзiце апытанне сярод медыкаў-хрысцiянаў аб “дзецях з прабiркi” (метад ЭКА) i 80-90 % вам скажа, што гэта вельмi добра.
- Напэўна, ёсць таксама ў вашым асяроддзі пэўная група людзей, якія знаходзяцца далёка ад Бога, не ведаюць Хрыста і Яго запаведзяў. Скажыце, калі ласка, якім чынам веруючы калега можа ім дапамагчы наблізіцца да Тварца? Як трэба евангелізаваць такіх людзей?
- Вельмi складанае пытанне. Калi твой калега гаворыць: "Я разумею, напрыклад, прыгажосць літургіі, прыемна гучыць арган, але як у ХХІ стагоддзі можна стаць не каленi? (ну як з вышэйшай адукацыяй гэта зрабiць?!!! а калi яшчэ i кандыдат навук!!!)", то ўзгадваюцца словы Збаiцеля аб жэмчугу і свiннях. Але ў адказ гучыць у галаве “iдзiце i навучайце”. Як для мяне, то на сённяшнi дзень найбольш прымальнае вырашэнне такое. Не памятаю, хто са святых сказаў: выратуйся сам i вакол цябе выратуюцца тысячы. Вось i трэба старацца.
- Вы актыўны ўдзельнік душпастарства ўрачоў, як даўно Вы тут знаходзіцеся? Што Вам больш за ўсё тут падабаецца і што важнае Вы для сябе адкрылі ў гэтым душпастарстве?
- Знаходжуся тут з самага пачатку. На сённяшнi дзень, каб праца ксяндзоў Андрэя i Мiкалая не загiнула, неабходны выхад хаця б на Польшу, як краiну, дзе дастаткова сур’ёзна ставяцца да праблем хрысцiянскай бiяэтыкi.
- Распачаўся Год веры, абвешчаны Бенедыктам ХVI. Што бы Вы маглі пажадаць перш за ўсё для сваіх калег?
- Святы Аўгустын сказаў, што калi ты молiшся, малiся так, як быццам усё залежыць ад Бога, а калi нешта робiш, рабi так, як быццам усё залежыць ад цябе. Вось i думайце.
Цылiндзь Аляксандр Тэадоравiч нарадзiўся ў мястэчку Радунь у 1964 годзе ў каталiцкай сям’і. Як і ўсе дзеткi, быў ахрышчаны ў Радунскiм касцёле, дзе прыняў і першую камунiю. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся у Гродзенскiм медiнстытуце. Працуе хірургам з 1987 года, пачынаў працу Ў Брэсце, пасля вяртання ў Гродна ў абласным шпiталi з 1982 года.
Размаўляў кс. Юры Жэгарын