Skip to main content

Як працуе адна з найбуйнешых каталіцкіх тэлекампаній у свеце? Беларуская журналістка распавяла пра стажыроўку ў EWTN

GlobalCatholicNetwork 620x330Сёлета Ангеліна Марцішэўская скончыла стажыроўку ў Рыме на амерыканскім каталіцкім тэлеканале Eternal Word Television Network, ці коратка EWTN. У 2023 годзе яна ўжо распавядала пра свой досвед навучання ў летняй Акадэміі EWTN, а цяпер натхняе беларускіх каталіцкіх журналістаў азнаёміцца з працай у міжнароднай каталіцкай медыяпрасторы.

– Як выглядала Ваша стажыроўка?

– Мая практыка доўжылася шэсць месяцаў. Калі стажор прыходзіць у офіс, ён спачатку супрацоўнічае з рознымі аддзеламі: тэхнічным, прадзюсарскім і гэтак далей. Потым яго замацоўваюць за аддзелам, у якім у яго лепш за ўсё атрымліваецца працаваць.

Я прайшла той жа шлях, што і ўсе стажоры: паспрабавала сябе ў розных ролях. Напрыклад, я рабіла фотаздымкі Папы Францішка і яго кантактаў з вернікамі. Першы раз на аўдыенцыю з Пантыфікам я хадзіла з фатографам EWTN, які даваў мне рэкамендацыі, падказкі, а пасля працавала адна. Цікава, што фатографы перамяшчаюцца па строга акрэсленых лініях і згодна з сігналамі, які падае спецыяліст з ватыканскага прэс-офіса. Было вельмі хвалююча і кранальна, таму што я ўпершыню ўбачыла Папу Францішка так блізка.

У выніку мяне замацавалі за аддзелам, які займаецца прадусаваннем. Гэта было відавочна, таму што мой асноўны навык – сторытэлінг. Я пісала сцэнарыі для відэасюжэтаў.

– Які праект ці задача былі асабліва цікавымі для Вас? Можа быць, нешта асабліва ўразiла?

– Найбольш яскравым момантам падчас стажыроўкі ў EWTN было супрацоўніцтва з польска-італьянскай журналісткай Магдаленай Валіньскай-Рыедзі. Яна выйшла замуж за швейцарскага гвардзейца, салдата узброеных сіл Ватыкана, і шмат гадоў пражыла ў Ватыкане. Пані Магдалена – перакладчыца, пісьменніца, журналістка. Яна ведала Папу Яна Паўла II, а таксама Папу Бэнэдыкта XVI, які ўдзяляў ёй сакрамант шлюбу, калі быў кардыналам. Таксама яна супрацоўнічала з Папам Францішкам падчас яго падарожжаў па розных краінах свету. Гэта было з яе асноўных задач. Быць яе асістэнткай стала для мяне вялікім гонарам. Я ведаю польскую мову, таму нам было лёгка заставацца на адной хвалі.

У цэлым супраца з пані Магдаленай складалася з інтэрв’ю і транскрыпцый знятых матэрыялаў. Напрыклад, мая апошняя транскрыпцыя была зробленая з інтэрв’ю з кардыналам Дзівішам, які сябраваў з Папам Янам Паўлам II. Кардынал – сталы чалавек, яму каля 90 гадоў, таму ён многае бачыў на ўласныя вочы. Напрыклад, ён распавядаў пра трывожныя хвіліны чакання машыны хуткай дапамогі падчас замаху на Папу Яна Паўла II.

Увогуле падчас практыкі было шмат цікавых знаёмстваў. Мне вельмі запомнілася мая першая праца над відэасюжэтам пра апосталаў Сымона і Юду Тадэвуша, калі я брала інтэрв’ю ў пробашча парафіі, дзе захоўваюцца рэліквіі гэтых святых.

Яшчэ быў матэрыял пра майстэрню сям’і Гамарэллі, якая з канца XVIII стагоддзя шые вопратку для Папы і кардыналаў. Уладальніца гэтага прадпрыемства распавядала, што падчас канклаваў яны рыхтуць тры белыя сутаны розных памераў. Іх перадаюць у Ватыкан у спецыяльны пакой. Потым новы Папа выбірае адну з іх згодна са сваімі памерамі.

Часцей за ўсё падчас прыктыкі мне была патрэбная англійская мова, але аднойчы давялося выкарыстаць рускую, таму што я брала інтэрв’ю ў расейскага мастака, у якога былі асабістыя сустрэчы з Папам Францішкам. Гэты мужчына не ведаў ніякай мовы, акрамя роднай, таму мяне папрасілі з ім паразмаўляць.

Увогуле было шмат цікавых тэмаў, але я заўважыла, што асноўны прыярытэт EWTN сёння – тэма вайны і міру ў свеце і новыя спосабы евангелізацыі.


448488889 8041900545821136 7596247737367575863 n


– Як праходзіць дзень у рэдакцыі? Апішыце «ўнутраную кухню» EWNT

– EWTN мае два офісы ў Рыме, якія размяшчаюцца па два бакі вуліцы Via della Conciliazione. Гэта вуліца ідзе ад сабора святога Пятра. Адзін офіс займае тэхнічны аддзел. Там уся апаратура, студыя, дзясяткі экранаў. Другі офіс займаюць рэдактары, social media team і project menedgment. Там працоўная зона, зона адпачынку, кухня, тэраса з цудоўным краявідам на Цібр, на славуты мост Анёлаў і прыгожую рымскую архітэктуру. Ёсць асобная невялікая студыя для гуказапісу, канферэнц-залы. Гэта сапраўды вельмі камфортны офіс, у якім можна спакойна і працаваць, і хвілінку адпачыць, і запрасіць госця на каву.

Кожны аўторак для абмеркавання актуальных пытанняў праводзіцца сустрэча для ўсіх супрацоўнікаў офіса, недзе каля сарака чалавек. Гэта сумесны сняданак і агульная святая Імша. У EWTN ёсць свой святар. Ён жыве ў ЗША, але некалькі разоў на год прыязджае ў рымскі офіс, каб духоўна падтрымаць супрацоўнікаў, паспавядаць, правесці рэкалекцыі.

– Практыка на EWTN паўплывала на Вашае разуменне, як павінны працаваць каталіцкія медыя? Як Вы думаеце, што было б карысна пераняць беларускім СМІ?

– Я заўсёды марыла пра магчымасць паназіраць за працай каталіцкай рэдакцыі, якая функцыянуе на высокім узроўні. EWTN стала прыкладам каталіцкага медыя, дзе створаныя ўсе ўмовы для таго, каб чалавек быў матываваны, каб працаваў у спрыяльнай атмасферы з неабходным абсталяваннем. Каб ён атрымліваў годны заробак за тое, што ён робіць.

Хіба што самая важная мая выснова – гэта патрэба ў незалежных беларускіх каталіцкіх СМІ. Я вельмі цешуся, што ў нас ёсць дыяцэзіяльныя медыя, з якімі я колькі гадоў працавала і працую, яны займаюць асаблівае месца ў маім сэрцы. Аднак трэба таксама разумець, што дыяцэзіяльная журналістыка – гэта вельмі кампліментарная журналістыка. Каб каталіцкія медыя і Касцёл развіваліся ў здаровых умовах, неабходна люстэрка, у якое яны будуць глядзець. І такім люстэркам павіны быць незалежныя СМІ, якія звяртаюць увагу таксама і на тое, што ёсць дрэннае, што трэба змяніць. З іншага боку, я разумею, што сёння гэта няпростая справа.

Але ёсць тое, з чаго беларускія каталіцкія медыя могуць узяць прыклад ужо зараз. Гэта супольнасць, камандны дух. Гэта тое, што мне найбольш спадабалася ў EWTN і што давала матывацыю. Было б добра раз на год праводзіць рэкалекцыі для ўсіх каталіцкіх журналістаў, каб яны абменьваліся ідэямі, перажываннямі, маліліся разам. Бо менавіта ў супольнасці ты развіваешся. Будаванне беларускай каталіцкай медыйнай супольнасці – гэта магчыма і не патрабуе шматлікіх фінансавых выдаткаў.

– Што Вы параілі б нашым журналістам, якія мараць патрапіць на стажыроўку ў EWTN?

– Я хацела б дадаць, каб гэта гучала не так салодка, што праходзіць стажыроўку было не так проста. Я адчувала такі «сіндром самазванца», часам увогуле не разумела, што я там раблю. Тэмы былі занадта лакальныя або, наадварот, вельмі глабальныя. Напрыклад, у Беларусі я пісала пра святара з невялічкай парафіі, а тут у рэдакцыі абмяркоўваецца візіт прэзідэнта Байдэна да Папы Францішка і хто будзе браць у яго інтэрв’ю. Таму было складана, але калектыў прыняў мяне, і я адчула вельмі цёплае стаўленне з іх боку.

Спачатку я падала заяўку ў летнюю Акадэмію EWTN для каталіцкіх журналістаў, і мяне прынялі. Потым я пераехала ў Рым, каб вучыцца ў магістратуры. На працягу першага года вучобы я падавала заяўкі на розныя стажыроўкі, але мяне або ігнаравалі, або пісалі адмоўныя адказы.

Мне падаецца, што вялікую ролю адыграла мая настойлівасць. У Рыме я хадзіла на ўсе публічныя мерапрыемствы, якія арганізоўваў EWTN. Іх офіс не часта асвятляе навіны нашага рэгіёна, таму браць чалавека з маім бэкграўндам ім не асабліва важна. Тут працуюць людзі з ЗША, Велікабрытаніі, Італіі, Іспаніі, Нарвегіі, Швейцарыі. Сярод стажораў таксама з нашага рэгіёна нікога не было.

Таму, калі хтосьці хоча падавацца з беларусаў, я б параіла спачатку прайсці летнюю Акадэмію, каб атрымаць разуменне, як працуе офіс EWTN. Таксама гэта дае правільнае разуменне каталіцкай журналістыкі як місіі.

Я, напрыклад, ведаю, што ў гэтым годзе ў разы больш заявак з Беларусі, чым у мінулым. Вельмі цешуся, бо таксама прыкладала намаганні, каб знайсці людзей і натхніць іх даслаць заяўку ў летнюю Акадэмію. Крок за крокам у міжнародных медыя будзе з’яўляцца больш матэрыялаў ад беларусаў і пра беларускі Касцёл.

– Якія ў Вас прафесійныя планы?

– Мой эмігранцкі шлях распачаўся толькі два з паловай гады таму. Я вырашыла будаваць жыццё ў Італіі, аднак мае планы – гэта адно, але абставіны – іншае. Пакуль я не стаю моцна на абедзвюх нагах, я абмежаваная шэрагам акалічнасцяў: бюракратыя, фінансы, італьянская мова. Аднак пакрысе буду развівацца ў міжнароднай журналістыцы. Стажыроўку я скончыла, атрымала шмат кантактаў. Разам з тым планую і далей працаваць для беларускіх каталіцкіх СМІ.

Паводле Catholicnews.by

Рэдагавана: 31 Сакавіка 2025