19 кастрычніка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася св. Імша падзякі за служэнне біскупа Аляксандра Кашкевіча, які ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту па рашэнні папы Францішка звольнены з пасады біскупа Гродзенскага і сыходзіць на пенсію. Іерарх дзякуе вернікам за малітву і падкрэслівае, што не развітваецца з дыяцэзіяй, а па меры сіл будзе старацца дапамагаць новаму ардынарыю ў пастырскім служэнні. Выказвае шчырую надзею, што наперадзе “яшчэ шмат нагод для сустрэч, сумеснай малітвы і праслаўлення Бога”.
– Ваша Эксцэленцыя, на св. Імшы падзякі за біскупскае служэнне ўзгадвалі пра тое, што калі ў 1991 годзе папа Ян Павел ІІ паклікаў Вас узначаліць Гродзенскую дыяцэзію, адчулі замяшанне і страх: “Ці спраўлюся я?”. І затым у сэрцы прыгадалі прарока Ерамію, пакліканага па імені Панам Богам, які пачуў Яго запэўніванне: “Я з табою…” (Ер 1, 8). Зараз, праз шмат гадоў, можаце засведчыць, што Бог заўсёды побач? За што сёння Яму дзякуеце?
– Дзякую Богу за дар жыцця і за дар паклікання: спачатку да святарства, а затым і да біскупства, што напачатку крыху палохала, бо адчуваў сябе нягодным прыняць гэтае прызначэнне. Але Святому Айцу не адказваюць “не”.
Як ужо ўзгадваў падчас св. Імшы ў катэдры, шмат разоў у сваім жыцці, як і тады, калі трэба было прыехаць у Гродна, я прыгадваў таксама словы Пана Езуса: “Хопіць табе Маёй ласкі” (2 Кар 12, 9). Гэтае запэўніванне было для мяне невычэрпнай крыніцай надзеі, даверу і супакою сэрца.
Дадаваў адвагі той факт, што я не ішоў на пустое месца, дзе не было жывога Касцёла і дзе мне давялося б кідаць першыя зярняты веры на сухую, зацвярдзелую і бясплодную глебу чалавечых сэрцаў. Я ведаў, што Гродзенская дыяцэзія, у якую мяне заклікае Пан, мае выдатную і багатую гісторыю, адрозніваецца моцнай і трывалай рэлігійнай традыцыяй, глыбока ўкаранёнай у простай пабожнасці Божага люду.
У гэтым была вялікая заслуга стомленых, заклапочаных, няўмольна старэючых, але ўсё яшчэ поўных стараннасці і адданасці святароў, а таксама бацькоў, бабуль і дзядуль, якія адчувалі вялікую адказнасць за Касцёл, абаранялі яго святасць на працягу доўгіх гадоў, былі гатовыя пакутаваць за яго, а ў выпадку неабходнасці нават памерці. Мне здаецца, справядлівым было б паставіць вялікі помнік старэйшаму пакаленню – дзякуючы ім гэтая вера пратрымалася.
– У далёкія 1990-я гады Вам, па сутнасці, давялося “будаваць дом” – цагліна за цаглінай. Не было ні сцен, ні даху – адзін толькі фундамент, вера людзей. Але і яго трэба было ўзмацняць. Перажывалі няпростыя часы адраджэння і развіцця Касцёла на нашых землях…
– Так, мне была дадзена ласка быць відавочцам вялікай вясны Касцёла – у савецкія часы яго знішчалі. Памятаю, як яшчэ святаром наведваў Беняконі. Дзверы ў святыні былі адчынены, зверху вісеў ланцуг і замок. Вокны выбітыя, галубы лятаюць… Такая жудасная, смутная карціна. Падумаў тады: “Божа мой, ці прыйдзе час, калі гэты касцёл адродзіцца?”. А які страшны выгляд быў пасля пажару касцёла ў Ашмянах, некалі аддадзенага пад льнасховішча… І такіх гісторый дзесяткі.
Трэба сказаць, што на Гродзеншчыне амаль за два гады да майго прыезду мужна і энергічна дзейнічаў добра вядомы мне тады нястомны Апостальскі Адміністратар, цяперашні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Менавіта ён пачаў адкрываць і асвячаць дзесяцігоддзямі закрытыя, а пасля вернутыя вернікам касцёлы і капліцы.
Галоўнай праблемай напачатку ўтварэння дыяцэзіі быў недахоп святароў. Хіба, на Гродзеншчыне тады неслі душпастырскую паслугу каля 60 ксяндзоў. І перш чым выпусціліся святары з новаўтворанай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, неабходна было пачакаць. Але затым – кожны год радасць.
Памятаю запал дзяцей і моладзі, якія сталі наведваць катэхезу, хадзілі ў пілігрымкі. Памятаю вялікія чэргі да прыняцця сакраманту канфірмацыі. У гэтую важную справу адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне ўключаліся і святары, і манахіні, а таксама бацькі, бабулі і дзядулі, шматлікія людзі добрай волі. Па меры сваіх магчымасцей мы стараліся зрабіць штосьці добрае. І кожны, нават найменшы жэст быў па-свойму важны: часам яго плён незаўважны воку чалавека, аднак абавязкова будзе ацэнены калі не ў людзей, то ў Бога.
– Чым адрозніваецца сучасны Касцёл? Якім Вы бачыце яго задачы зараз?
– Катэхеза – раней і цяпер – з’яўляецца найважнейшай справай. Езус Хрыстус, пасылаючы сваіх вучняў у свет, гаварыў: “Ідзіце і навучайце” (параўн. Мц 28, 19). Таму спярша Касцёл пакліканы навучаць, а пасля хрысціць, удзяляць сакраманты.
Сёння шмат розных спосабаў абвяшчаць навучанне Хрыста: інтэрнэт, радыё, перыядычныя выданні, тэлебачанне і інш. Раней ксёндз прамаўляў з амбона – і ўсё на тым. Цяпер жа існуе безліч такіх магчымасцей. Варта з розумам карыстацца гэтым для дабра хрысціянскай супольнасці.
І важна разумець, што ад кожнага з нас, ад нашай любові, мужнасці і нашай уцягнутасці залежыць, якім будзе гэты Касцёл. Трэба быць добрым да людзей, як гаварыў св. брат Альберт Хмялёўскі, добрым, як хлеб: каб кожны мог падысці і адкраіць сабе кавалак. Не асуджаць, быць адкрытым на бліжняга. Усе мы дапаўняем адзін аднаго, напаўняем. Каб кожны гэта ўсвядоміў, свет быў бы зусім інакшы.
– Быць біскупам – вялікі прывілей…
– Але і яшчэ большая адказнасць перад Богам. У сувязі з гэтым мне ўзгадваецца песня, якую раней спявала моладзь: “Ойча, калі магчыма, адхілі ад мяне гэты келіх. Ойча, калі патрэбна, хачу Тваю волю споўніць”.
– Канешне, рашэнне аб адстаўцы не стала для Вас навіной ці нечаканасцю. Такое прашэнне кожны біскуп піша на імя Папы Рымскага па дасягненні 75-гадовага ўзросту, гэта звычайная практыка ў Касцёле. Ці можна сказаць, што ў апошнія гады Вы ўнутрана рыхтаваліся да таго, каб “адысці ў цень”?
– Вядома, так. Але як бы я не рыхтаваў сябе, усё роўна гэтыя дні перажываюцца па-іншаму. Патрэбны час, каб усё цалкам усвядоміць. Неабходна перастроіцца, што больш не трэба спяшацца ў курыю…
Аднак, нягледзячы на тое, што біскуп атрымлівае статус “эмерыт”, для малітвы і абвяшчэння Евангелля няма эмерытуры. Ён працягвае выконваць свае абавязкі як святар: адпраўляць св. Імшы, удзяляць сакраманты. Мне хацелася б да канца даваць прыгожае, добрае сведчанне.
– Вы завяршаеце сваю пастырскую місію ў 33 гады біскупскага служэння, ва “ўзросце Хрыста”. Ці ёсць адчуванне, што нейкія справы засталіся незакончаныя? Ці ёсць шкадаванні, з чалавечага пункту гледжання?
– Незавершаным у нас пакуль застаецца І Дыяцэзіяльны сінод. Так сталася, што ён прыпаў на час пандэміі каранавіруса, затым я застаўся адзін (дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў 2021 годзе быў прызначаны Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім – заўв. аўт.). Спадзяюся, што мой пераемнік біскуп Уладзімір Гуляй, які рознабакова адораны і мае адпаведную адукацыю і схільнасць, завершыць дыяцэзіяльны сінод. Хацелася б, каб былі бачныя плады гэтага сінода, каб усе дыяцэзіяне на чале са сваімі душпастырамі, як абвяшчае яго лозунг, сталі яшчэ больш “жыць Евангеллем”, укараняць гэтае Слова ў паўсядзённае жыццё. Жадаю, каб сінод спрыяў росту веры ў нашых людзях, паставіў адпаведныя дыягназы і прапанаваў рашэнні новых праблем, якія ўзнікаюць у сучасным свеце і ў сённяшнім Касцёле.
Завяршаючы сваё біскупскае служэнне, я таксама хацеў бы выбачыцца перад усімі, хто калісьці мог адчуць сябе пакрыўджаным маім словам, учынкам ці прынятым рашэннем. Пакорна прашу аб прабачэнні і запэўніваю, што зрабіць камусьці непрыемнасць ніколі не было маім намерам.
– Падзяліцеся радаснымі момантамі, якія грэюць Вашу душу.
– Сёлета на першым курсе ў духоўнай семінарыі ў Гродне навучаецца 9 кандыдатаў да святарства. Гэта вялікая радасць для Касцёла. Былі гады, калі ўвогуле не ўдзяляліся прэзбітэрскія пасвячэнні. А паглядзіце, колькі ўсяго ксяндзоў выйшла з семінарыі! Яны служаць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.
Нельга абмінуць увагай і развіццё кансэкраванага жыцця ў Касцёле на Гродзенскай зямлі. Напачатку было вельмі шмат пакліканняў: назарэтанкі, нотрдамкі… Гэта быў рывок. Сёння прадстаўнікі з 36 манаскіх ордэнаў і кангрэгацый узбагачаюць нашу дыяцэзіяльную сям’ю сваім прыгожым сведчаннем і служэннем.
Я таксама не перастаю праслаўляць Пана Бога і дзякаваць Яму кожны дзень за жывы Касцёл з людскіх сэрцаў. Гэта ўсё справа Божай міласэрнасці, якой Святы Дух адорвае нас, каб былі людзьмі надзеі, хрысціянскага аптымізму, веры і радасці духа.
– 2024 год стане знакавым для Касцёла ў Беларусі – гэта час вялікіх перамен. Старэйшыя іерархі адпраўлены папам Францішкам у адстаўку, у біскупскі сан узведзены два новыя святары… Можна сказаць, у нашым Касцёле мінае, а дакладней, змяняецца цэлая эпоха.
– Так, цяпер нас, эмерытаў, ужо чатыры: біскуп Уладзіслаў Блін, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Казімір Велікаселец і я. Біскуп Казімір, дарэчы, будуе касцёл у Гомелі. Жартую з ім у размове, што павінен пражыць 120 гадоў, каб скончыць усе справы (усміхаецца – заўв. аўт.).
На змену нам сёння прыходзяць маладыя біскупы – адукаваныя, разумныя. Мне падаецца, зараз самае галоўнае – не замінаць. Так, яны могуць мець іншае бачанне на многія рэчы, але гэта непазбежна, бо змяніўся час. Мы, старэйшыя іерархі, сапраўды ўжо з той эпохі… Думаю, усё будзе на сваім месцы.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Пакачайла