Skip to main content

Адгукнулася болем у сэрцах многіх: 30 дзён з часу смерці кс. Яна Гавецкага

gawecki 320 сакавіка адзначаецца трыццаць дзён з таго часу, як адышоў у вечнасць кс. Ян Гавецкі, былы пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі і дэкан Іўеўскага дэканату.

Падчас шматгадовай працы на Іўеўшчыне ксёндз Ян быў ініцыятарам розных мерапрыемстваў, конкурсаў і акцый. Ён умеў падысці да справы з любоўю і душою, нягледзячы на тое, сціплыя сустрэчы гэта ці маштабныя мерапрыемствы, такія, як вядомы фестываль “Gloria in еxcelsis Deo”. За час амаль 30-гадовага служэння на іўеўскай зямлі святар пазнаў душу мясцовага верніка, традыцыйны хрысціянскі ўклад жыцця парафіі і зрабіў усё, каб пашырыць яго, накіраваць у больш сучаснае і прадуктыўнае рэчышча. Па прыкладзе святога Яна Паўла ІІ, які быў для ксяндза Яна настаўнікам у служэнні Богу і людзям (што вельмі адчувалася), ён заўсёды надаваў вялікае значэнне малітве, выхаванню ў кожнага парафіяніна любові да бліжняга, актыўнасці ў жыцці Касцёла.

Экуменічны дыялог

Іўеўшчына – месца, дзе здаўна пераплятаюцца розныя культуры, канфесіі і народы, прычым усе яны жывуць у згодзе. Прыклад дыялогу Вялікага Папы стаў натхненнем для ксяндза Яна, каб працягнуць руку сяброўства праваслаўным, мусульманам і іўдзеям. Усё пачыналася з самага простага, а гэтае простае перарасло ў цудоўную традыцыю. Святая Імша на такія ўрачыстасці, як Божае Нараджэнне і Уваскрасенне Пана, ніколі не праходзіла без цёплых і душэўных слоў праваслаўнага святара, імама і пісьмовага віншавання зямлячкі-яўрэйкі з Ізраіля.

Сапраўднай жамчужынай Іўя з’яўляецца памятны знак “У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны”. Па ініцыятыве ксяндза Яна на каталіцкай стэле размешчаны барэльеф св. Яна Паўла ІІ з надпісам “Адчыніце дзверы Хрысту!”. Гэты помнік, як унікальны элемент горада, з’явіўся дзякуючы дыялогу як паміж рэлігійнымі суполкамі, так і з мясцовай уладай на чале з тагачасным старшынёй райвыканкама Міхаілам Валчэцкім. Канструктыўны дыялог паміж святарамі і мясцовай уладай, ператварыўшыся ў сяброўскія зносіны, пакінуў добры след у летапісе Іўя і парафіі. Так атрымалася, што двое з самых актыўных прыхільнікаў міжканфесійнага сяброўства на іўеўскай зямлі, ксёндз Ян і Міхаіл Валчэцкі, адышлі да Пана з розніцай у два дні. А пацвярджэннем павагі да іншай рэлігіі і асабістага сяброўства стала прысутнасць настаяцеля праваслаўнага храма святога Гаўрыіла Беластоцкага ў Іўі протаіерэя Вячаслава Пашкевіча на жалобных Імшах у дзень пахавання ксяндза Яна.

gawecki 2

Яго смерць адгукнулася болем у сэрцах многіх, хто яго ведаў.

Выказванне Ядвігі Юферавай, Заслужанага работніка культуры, Акадэміка Акадэміі расійскай прэсы, намесніка галоўнага рэдактара “Российской газеты”, кіраўніка (з 2015 года) праекта інтэрнэт-партала “ГодЛитературы. РФ”, Ганаровага грамадзяніна горада Іўе: “Кожны можа ўспомніць многія светлыя і гаротныя дні, калі побач быў ксёндз Ян, і жыццё выпраўлялася ад яго малітваў і прысутнасці. Разам з дзяржаўнай уладай прадстаўнікі трох канфесій у Іўі зрабілі вельмі многае для духоўнага бытавання людзей, для адказнага жыцця ў супольнасці. Тая талерантнасць і памяркоўнасць, якой мы ўсе так ганарымся, – гэта штодзённая праца духавенства. Так, ксёндз Ян завёў у Іўі такую традыцыю: мула, ксёндз і протаіерэй ходзяць разам віншаваць парафіян на галоўныя святы ў мячэць, царкву і касцёл…”

Словы Тамары Барадач, каардынатара Міжнароднага цэнтра “Ізраіль-Беларусь”, аўтара праекта “Карані”, жыхаркі Нетаніі (Ізраіль): “У жыцці чалавека ёсць неаспрэчныя каштоўнасці. Для мяне гэта сям’я. І галоўная каштоўнасць – памяць пра дзяцінства, дом, прыроду, гісторыю месца свайго нараджэння. Для мяне гэта Іўе і яго людзі. Так і ў маім жыцці з’явіўся новы сябар і вельмі добры чалавек – ксёндз Ян. Мы заўсёды сустракаліся з ім на свяце горада як землякі, якім дарагі наш гарадок. З ім можна было размаўляць на любыя тэмы: пра веру, душу, праблемы, пра сапраўдную дапамогу людзям, пра мір, пра дзяцей. Я ў час прыездаў на малую радзіму з групамі ў межах праекта “Карані” заўсёды прыходзіла ў касцёл, каб расказаць людзям гісторыю. Ян заўсёды быў рады гэтым людзям. Для яго не было розніцы, якой нацыянальнасці чалавек перад ім, да ўсіх ён ставіўся з вялікай павагай і ўвагай, разуменнем. Людзі сваімі справамі пакідаюць памяць пра сябе. І заўчасны адыход ксяндза Яна ў іншы свет пакінуў у сэрцы боль. Шмат гадоў мы з ім перапісваліся, дзяліліся думкамі, сустракаліся, як сябры”.

Пілігрымаванне

З асаблівай пашанай ксёндз Ян адносіўся да Маці Божай Тракельскай. Лічу, што яго роля ў развіцці Яе культу вельмі вялікая. Пачынаючы з 1997 года Іўеўскі дэканат пілігрымаваў у Тракелі, наведваючы пры гэтым усе дэканальныя святыні. Правядзенне гэтага маштабнага пілігрымавання сфармавала своеасаблівыя традыцыі для мясцовага Касцёла. Працягваў святар і старадаўнюю традыцыю – пілігрымку да Маці Божай у Дуды. На працягу яго служэння ў іўеўскім касцёле адбываліся пілігрымкі па святынях Беларусі, Польшчы, Літвы, а таксама ў недалёкія ад Іўя Дуды.

gawecki 1

Дапамога людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе

Больш за 20 год пры іўеўскай парафіі дзейнічае дабрачыннае таварыства “Карытас”. Колькасць людзей, якім яно дапамагло, немагчыма падлічыць. Але ксёндз Ян ніколі не абмяжоўваўся выдачай матэрыяльных рэчаў: кожны атрымліваў і духоўную дапамогу, падтрымку. Штогод ён ініцыяваў сустрэчы для людзей пажылога ўзросту, інвалідаў, не абмінаў увагай дамы для састарэлых.

Творчы марафон

Бог надзяліў ксяндза Яна асаблівай назіральнасцю і ўвагай да кожнага чалавека. Ён заўважаў таленты і здольнасці вернікаў, заахвочваў да чытання вершаў, выканання песняў, ігры на музычных інструментах, арганізоўваў выступленне музычных калектываў з іншых парафій і мясцовасцей – не толькі для ўпрыгожвання літургіі. Неаднаразова пасля Імшы парафіяне мелі магчымасць захапляцца ў касцёле цудоўным спевам гасцей, чуць гучанне музычных інструментаў і нават назіраць заўзятыя танцы. Музычны гурт Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне выступленнем у мясцовым доме культуры віншаваў настаўнікаў Іўя з іх прафесійным святам. Ксёндз Ян арганізоўваў і выезды іўеўскіх музычных груп у іншыя парафіі, краіны.

Сапраўдным гонарам парафіі з’яўляецца фестываль калядных песень “Gloria in еxcelsis Deo”. Ксёндз Ян, стаўшы яго духоўным кіраўніком, правёў гэтае мерапрыемства па дарозе ад сціплага парафіяльнага фестывалю да маштабнага творчага форуму, пра які ведае ўся краіна. Сапраўднай марай для святара было мець пры касцёле парафіяльны хор. Дзякуючы яго падтрымцы і энтузіязму маладога верніка Антона паўстаў хор “Canticum Sacrum”, які каля пяці гадоў праслаўляе Бога сваім спевам і ўпрыгожвае галоўныя літургічныя цэлебрацыі не толькі ў Іўі, але і ў Тракелях і Барунах.

На працягу свайго служэння святар быў адкрыты на розныя ініцыятывы і падтрымліваў іх, паказаў прыклад канструктыўнага і ўзаемнага дыялогу, даў працяг і заклаў новыя традыцыі не толькі парафіі, але і ўсёй Іўеўшчыны.

Служэнне ксяндза Яна Богу і людзям пакінула памятны адбітак як у гісторыі парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла, так і ў гісторыі Іўя ў цэлым.

Раман Ярмош

 

Рэдагавана: 20 Сакавіка 2024