Сёлета адзначаецца 120-годдзе з часу нараджэння ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча, які ў апошнія гады свайго служэння быў пробашчам парафіі ў Каменцы. Гэты святар – выбітная постаць Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Ксёндз Юзаф Грасевіч з’яўляецца адным з заснавальнікаў манаскай супольнасці сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), сябраваў з бл. ксяндзом Міхалам Сапоцькам, паспрыяў захаванню ад знішчэння першага цудатворнага абраза Езуса Міласэрнага, напісанага паводле ўказанняў св. Фаўстыны па жаданні самога Хрыста.
Варта пазнаёміцца з жыццярысам ксяндза прэлата, які сапраўды быў святаром паводле Божага сэрца, асаблівым чынам паспрыяў развіццю культу абраза Езуса Міласэрнага, прагнуў служыць Богу і людзям, не шкадуючы сваіх сіл і часу, моцна клапаціўся аб аднаўленні духоўнага жыцця сярод даручаных яму вернікаў.
Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч нарадзіўся 27 лістапада 1903 года. Яго маці, Анэля з дома Сарноўскіх, жыла ў Варшаве, дзе пазнаёмілася з яго бацькам, Юзафам Грасевічам, які паходзіў з вёскі Багушы Сакульскага павета і служыў у войску.
Маці будучага святара ў маладосці не была вельмі пабожнай, але малілася перад алтаром Пана Езуса ў касцёле св. Антонія і прасіла, каб, калі ў іх з мужам народзіцца хлопчык, ён стаў святаром. Пан Езус, як сцвярджала яна, кіўнуў ёй галавой.
Бацька, Юзаф Грасевіч, служыў у паліцыі спачатку ў Варшаве, потым у Лодзі і Беластоку і, на жаль, меў праблемы з алкаголем, з-за чаго яго звольнілі з працы. Сям’я пераехала ў вёску Багушы да бацькавага брата Адольфа і цётак Тэафіліі, Марыяны і Стэфаніі. У сям’і на той час было ўжо чацвёра дзяцей – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі, а на новым месцы жыхарства нарадзілася яшчэ адна дачка. У 1913 г., калі будучаму святару было 10 гадоў, ён страціў тату, калі той, вяртаючыся з рыбалкі, пераходзіў праз раку і ў вадзе з ім здарыўся інфаркт.
Пасля смерці бацькі маці сама падрыхтавала Юзафа да школы. У тым жа годзе ён здаў экзамен у першы клас сярэдняй школы ў Сакулцы. У школу ён хадзіў пехатой чатыры кіламетры. У 1914 годзе, з пачаткам Першай сусветнай вайны, вучоба скончылася, пачалася праца па гаспадарцы. Юзаф разам з маці вучыў дзяцей, а ў Вялікі пост, калі праводзілася хатняе набажэнства Крыжовага шляху, чытаў некаторыя яго стацыі. Разам з сябрамі ён заснаваў супольнасць Жывога Ружанца. Пасля вучыўся ў гімназіі ў Беластоку, затым, здаўшы экзамен, паступіў у сёмы клас гімназіі ў Новай Вілейцы. Там ён арганізаваў самавыхаванне вучняў і склаў статут, прыняты дырэктарам.
Пасля заканчэння гімназіі Юзаф паступіў на факультэт паланістыкі ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Правучыўшыся там чатыры гады, пачаў выкладаць польскую мову ў гімназіі езуітаў, а таксама стаў пісаць вершы.
У 1930 годзе ён падаў заяву ў Віленскую семінарыю. Пакуль чакаў адказу, яго прызвалі ў войска і накіравалі ў афіцэрскае кадэцкае вучылішча ў Румлёўцы недалёка ад Гродна. У вучылішчы ён атрымаў “4” па стральбе і там, як сам зазначаў, навучыўся шанаваць уладу. Пасля месяца прабывання ў войску Юзаф атрымаў адказ з семінарыі аб прыняцці.
Восенню ён распачаў фармацыю. Варта адзначыць, што, згодна са звычаем, у семінарыі над кожным з малодшых студэнтаў ажыццяўляў нагляд старэйшы – у Юзафа ім быў дыякан Балеслаў Грамс. Паколькі ва ўніверсітэце Юзаф вывучаў філасофію, яму залічылі адзін год і ён скончыў семінарыю за пяць гадоў – на год раней, чым звычайна.
У 1935 годзе ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, дыплом магістра тэалогіі і быў прызначаны вікарыем парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Вільні, касцёл якой у той час будаваўся і, на жаль, не захаваўся. У парафіі ён працаваў паўгода, затым арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі прызначыў яго рэдактарам архідыяцэзіяльнага часопіса пры “Каталіцкай акцыі” і накіраваў на курсы журналістыкі ў Кракаў.
Працуючы рэдактарам часопіса, ксёндз Юзаф жыў на кватэры ў ксяндза Міхала Сапоцькі, рэктара касцёла св. Міхала. Яны шмат размаўлялі пра культ Божай міласэрнасці, пра абраз “Езу, давяраю Табе”, намаляваны Казіміроўскім, і пра сястру Фаўстыну, пра аб’яўленні якой ксёндз Міхал, аднак, не апавядаў. Тады ж кс. Грасевіч заснаваў святарскую арганізацыю, мэтай якой было садзейнічаць святасці духавенства і ўдасканальваць душпастырскае служэнне і якая была зацверджана арцыбіскупам Ялбжыкоўскім.
У 1937 годзе ксёндз Юзаф сустрэўся з Тадэвушам Бірэцкім і па яго просьбе стаў кіраўніком школы для мужчынскай моладзі. 25 сакавіка 1938 года ён быў прыняты ў заснаваны Бірэцкім інстытут “Марыянум”, мэтай якога было працаваць над асабістай святасцю і садзейнічаць праяўленню Божага Валадарства ў грамадстве. Дзякуючы ксяндзу Юзафу былі намаляваны два абразы – Маці Божай Вастрабрамскай і Езуса Міласэрнага.
Ксёндз Юзаф быў заняты справамі Тадэвуша Бірэцкага, калі пачалася Другая сусветная вайна. 3 сакавіка 1942 года яго арыштавалі і вывезлі з Вільні ў лагер у Правенішках, у якім існавала пагроза ў любы момант быць расстраляным па загадзе свавольнага каменданта. З Правенішак святароў перавезлі ў лагер у Шалтупы, дзе кс. Юзаф знаходзіўся да вызвалення савецкім войскам у 1944 годзе. У час зняволення ён верна выконваў святарскае служэнне: цэлебраваў Імшу, спавядаў людзей перад смерцю, быў з’яднаны з Богам праз малітву, асабліва малітву на брэвіярыі.
У 1944 г. ва ўрачыстасць Перамянення Пана ён прыехаў у Вільню і быў прызначаны пробашчам парафіі ў Бабруйску. Камуністычныя ўлады не дазволілі яму здзяйсняць там святарскае служэнне, таму праз месяц ён вярнуўся ў Вільню. У вігілію Божага Нараджэння 1944 года ён быў прызначаны пробашчам парафіі ў Новай Рудзе, куды затым прыбылі дзве законныя сястры з інстытута “Марыянум”.
У 1951 годзе кс. Грасевіч зноў быў арыштаваны, цяпер ужо савецкай уладай, за тое, што спавядаў партызан, а таксама “ведаў аб парушэнні закона іншымі і не данёс”. Суд праходзіў у Гродне, святар быў асуджаны па двух артыкулах, атрымаўшы паводле кожнага 25 гадоў лагера – у суме 50. Пасля апеляцыі быў пакінуты толькі адзін артыкул, паводле якога ён асуджаўся на 25 гадоў працы ў вугальнай шахце і канфіскацыю маёмасці. Пасля суду ксёндз Юзаф быў пераведзены ў гродзенскую вязніцу, у якой было больш часу на малітву, а за мурамі былі чутныя касцёльные званы. На Звеставанне вязняў вывезлі ў Маскву, а пасля ў лагер недалёка ад Варкуты. Пакаранне ён адбываў у вугальнай шахце Інты. Адзін з латвійскіх святароў, калі ад’язджаў, пакінуў там перапісаны ад рукі распарадак святой Імшы, дзякуючы гэтаму кс. Юзаф кожную ноч стараўся цэлебраваць Эўхарыстыю каля ложка. Пазней яго прызначылі на працу са свіннямі, дзе было больш магчымасці для індывідуальнай малітвы і цэлебрацыі Імшы. Пасля смерці Сталіна, ва ўрачыстасць Перамянення Пана, ён быў вызвалены і рэабілітаваны.
Пасля вызвалення ў 1956 годзе ён вярнуўся ў Новую Руду. Праз нейкі час дзякуючы яго намаганням туды быў прывезены арыгінальны абраз “Езу, давяраю Табе”. Калі па загадзе ўладаў касцёл у Новай Рудзе павінны былі зачыніць, была намалявана копія абраза, а арыгінал сёстры Тэрэса і Цэцылія ў 1986 годзе завезлі спачатку ў Гродна, а затым у Вільню ў касцёл Святога Духа, дзе яго прыняў пробашч кс. Аляксандр Кашкевіч, сённяшні біскуп Гродзенскі.
Пасля года працы ў Новай Рудзе ксёндз Юзаф быў накіраваны служыць у Крамяніцу, а таксама абслугоўваць касцёл у Зэльве. У Крамяніцы было шмат працы: рамонт даху, роспіс касцёла ўнутры і звонку, прывядзенне ў парадак галоўнага аўтара. Праз некаторы час туды прыехалі тры законныя сястры з “Марыянума”. Займаючыся рамонтнымі працамі, кс. Грасевіч перадусім дбаў пра духоўнае жыццё – уласнае і парафіян. За ўдзел дзяцей у святой Імшы і за пратэсты супраць знішчэння прыдарожных крыжоў, якія былі спілаваны ноччу і завезены на хлебакамбінат у Зэльву, ён быў пераведзены ў Каменку.
Распачаўся новы этап жыцця ксяндза Юзафа. У Каменцы ён працаваў з 1969 года да адыходу ў вечнасць 1 сакавіка 2000 г. Пасля прыезду адразу трэба было брацца за рамонт: вокны ў большасці былі забіты дошкамі, дах працякаў, у касцёле не было электрычнасці. Ксёндз Пётр Пупін з Рубяжэвіч дапамог знайсці электрыка і бляху на дах. Акрамя працы ў гэтай парафіі, кс. Грасевіч ездзіў у суседнія, дзе не было святароў: у Ляцк, Вавёрку, Мікелеўшчыну. Калі святар удзяляў сакрамэнт пакаяння, сёстры тлумачылі парафіянам праўды веры. Таемна, за зачыненымі дзвярыма, часцей ноччу і на плябаніі, пробашч спавядаў, хрысціў, благаслаўляў сужэнскія саюзы. У Каменцы быў распрацаваны новы статут інстытута Маці Міласэрнасці, паводле якога той падзяляўся на мужчынскую і жаночую супольнасці (у сваю чаргу падзеленыя на тых, хто жыве ў супольнасці, і тых, хто жыве асобна ці ў сям’і) і калегію святароў. Статут зацвердзіў біскуп Беластоцкі Эдвард Кісель.
Ксёндз Грасевіч заўсёды ставіў на першае месца ўнутраную працу над сабой, дбаў пра ціхую малітву, схаванае цярпенне і дакладнае выкананне абавязкаў, каб разам з Езусам, Добрым Пастырам, шукаць згубленыя душы, якія ўсе хацеў далучыць да Хрыстовай аўчарні. У 1945 годзе ён стварыў некалькі “колаў”: па 30 чалавек для ўшанавання сакрамэнтаў і па 24 для ўшанавання дваццаці чатырох гадзін Мукі Пана Езуса, гэтыя практыкі ён стараўся пашыраць затым у кожнай парафіі, дзе служыў. Важным для яго быў клопат аб святарах – спачатку Віленскай, а потым Гродзенскай дыяцэзіі. Ён заснаваў калегію святароў, мэтай якой быў клопат аб іх святасці; быў духоўным айцом святароў дыяцэзіі, дзяліўся з імі сваімі духоўнымі і жыццёвымі перажываннямі.
Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч пакінуў пасля сябе вялікую духоўную спадчыну.