Жыве чалавек, і нібы ўсё ў яго ў парадку. Але як толькі штосьці выбівае са звыклай каляіны, з’яўляецца той самы панічны страх. Як жа так?! Яшчэ столькі патрэбна паспець! Яшчэ столькі планаў!
Смерць – гэта нармальна
Заўсёды балюча адпускаць блізкіх людзей у падарожжа працягласцю ў вечнасць. Балюча назіраць за тым, як адыходзяць маладыя. Здараецца, што чалавек памірае без прычыны: жыў сабе, нічога не непакоіла… і раптам сэрца перастала біцца.
– Я б не сказаў, што людзі баяцца смерці. Хутчэй, таго, што яна прыходзіць нечакана, – гаворыць Станіслаў Этэль, кіраўнік пахавальнай службы “ЭТіЯН” – адзінай у Гродне, якая прадстаўляе каталіцкія паслугі па пахаванні. – У чалавека можа быць боязь за родных, за нейкія накопленыя багацці… Напэўна, не хочацца пакідаць нажытае.
А ці баяцца веруючыя людзі смерці?
– Ніколі не чуў, што сам момант смерці быў страшным. Магчыма, ён быў балючы, але не страшны, – заўважае спадар Станіслаў. – Як распавядаюць людзі, у большасці выпадкаў дыханне чалавека запавольваецца. Тыя, хто побач, бачаць і разумеюць, што душа паволі адыходзіць. Даюць у руку свечку – сімвал вечнага жыцця, – і душа пакідае зямны свет. Людзі хваляць Бога, калі чалавек адыходзіць ува сне. Лічыцца, што гэта “цудоўная” смерць.
Нам з маленства тлумачаць, што кожнае жыццё мае свой пачатак і канец. Таму з часам успрымаем гэта як штосьці натуральнае: памерці так жа нармальна, як і нарадзіцца.
2 лістапада – успамін усіх памерлых вернікаў, або Задушны дзень. Падчас актавы (1–8 лістапада) існуе магчымасць атрымання поўнага адпусту. Знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі, неабходна прыняць св. Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі.
Не тое, што неабходна часта задумвацца над смерцю, хутчэй, проста не забываць: не ведаем, калі яна прыйдзе, можа наступіць у любую секунду. Таму жывём, каб прыгатавацца да смерці. Жыццё з’яўляецца такім шляхам да сустрэчы з Богам.
– Смерць, на мой погляд, – гэта вызваленне, – разважае мужчына. – Аддзяленне ад матэрыяльнага свету і з’яднанне з Творцам.
Памерлы не знікае
“Мы не павінны прывыкаць да цела”, упэўнены спадар Станіслаў. Паміж жывымі і памерлымі існуе нябачная сувязь. Канешне, цяжка губляць гэты фізічны кантакт, але, згодна веры, усе мы разам ствараем адзіны Хрыстовы Касцёл.
– Я страціў брата ў маладым узросце, – успамінае суразмоўца. – Адчуваў вельмі моцны боль. Таму добра разумею людзей, як цяжка ім перажыць страту блізкага чалавека…
Гісторыя жорсткага забойства 33-гадовага таксіста Андрэя Этэля прагрымела ў Гродне ўлетку 2016-га. Двое маладых людзей спакусіліся на дзённую выручку кіроўцы. Па гарачых слядах зламыснікі былі затрыманы. Гродзенскі абласны суд прыгаварыў іх да 25-ці і 23-ох гадоў пазбаўлення волі.
– Магу дакладна сказаць адно: сувязь з памерлымі застаецца, – гаворыць спадар Станіслаў. – У думках мы часта ўзгадваем блізкіх. Многія рэчы нам пра іх нагадваюць. Сувязь застаецца таксама праз родных людзей. Памерлы не пайшоў бясследна – ён у нашым сэрцы. І гэтая сувязь тым больш будзе трывалай, калі самі будзем намагацца яе падтрымліваць.
Станіслаў Этэль
кіраўнік каталіцкай пахавальнай службы “ЭТіЯН”
Пахаваць “па-хрысціянску”
Вельмі важна прыстойна правесці памерлага ў апошні шлях. Гэта даніна памяці і павага да годнасці чалавечага жыцця.
Падчас пахавання не павінна быць спешкі. Сярод людзей існуе такі агульнапрыняты этыкет. Добрасумленная пахавальная служба таксама нікуды не спяшаецца.
– Мы плануем 1-2 пахаванні ў дзень, не больш, – дзеліцца спадар Станіслаў, распавядаючы пра працу ў пахавальнай службе. – Трэба ўсё рабіць спакойна, памяркоўна. Хоць некаторыя ўмудраюцца і 4 пахаванні паспець.
Нават падчас піку каранавіруса служба прытрымлівалася таго ж правіла. Гэтая справа ніколі не выходзіла на паток.
Складана было, калі людзей хавалі ў закрытай труне.
– Некаторыя настойліва прасілі, каб адкрылі, – распавядае мужчына. – Людзі прывыклі, што можна на развітанне пацалаваць руку, абраз ці ружанец. Нават быў страх, што раптам там ляжыць не іх блізкі чалавек. Даводзілася тактоўна тлумачыць, што нічога ўжо не зробім для памерлага, калі адкрыем труну. Трэба аднесціся да сваіх перажыванняў разумна.
Як узгадвае спадар Станіслаў, напачатку пандэміі каранавіруса пахаванняў было ў разы болей: у горадзе не маглі знайсці “свабодную” труну. Сёння ж, дзякуючы намаганням медыкаў, сітуацыя крыху стабілізавался. Смяротнасць не такая высокая, як была напачатку. Аб гэтым можна меркаваць, зыходзячы з загружанасці пахавальнай службы:
– Маем адно пахаванне ў дзень. Можа быць два. А часам тыдзень цішыня.
І калі спачатку пандэмія абвастрыла ў чалавечай свядомасці пытанне смерці, то пасля – прытупіла. Некаторыя людзі сталі больш раўнадушна да гэтага ставіцца: “ну памру і памру”.
– А Вы баіцеся смерці? – пытаюся.
– Па праўдзе, не, – адказвае суразмоўца. – Магчыма, раней… Хоць насамрэч ужо і не памятаю, што думаў раней. У нас у сям’і нават жартуюць на гэты конт. Я гатовы ў любы момант прыступіць да смерці. Адзінае, застаецца ўнутранае перажыванне за блізкіх: дзяцей, бацькоў. А як яны тут?
Хуткая для памерлых
За час размовы ў спадара Станіслава тройчы зазваніў тэлефон. Разумею, што пакуль мы тут, дзесьці чыйсьці жыццёвы гадзіннік спыніўся. Пытаюся, а ці адпачывае ён калі-небудзь? Высветлілася, што без водпуску 11 гадоў, колькі працуе ў пахавальнай службе. Тлумачыць тым, што “мы патрэбныя”:
– Стараемся быць побач з людзьмі ў цяжкі час. Часта яны губляюцца, не ведаюць, што рабіць. Часам гэта вельмі нечакана. Некаторыя ўжо рыхтуюцца... У любым выпадку наша задача – палегчыць іх цярпенне.
Велізарных унутраных рэсурсаў каштуе такая праца. Неабходна адчуць чалавека, яго сям’ю, для кожнага знайсці патрэбнае слова.
– Парой і выбачыцца за штосьці трэба, – дзеліцца спадар Станіслаў. – Можа, нешта мы зрабілі не так, стараліся як лепш… У горы чалавек надзвычай уразлівы. Ты павінен быць далікатным, каб нікога не абразіць.
А сітуацыі розныя здараюцца. Некаторыя спадчыну дзеляць на пахаванні. Некаторых, наадварот, гора збліжае – часам аб’ядноўвае сем’і.
– Вельмі цяжка хаваць дзяцей, – гаворыць мужчына. – Я б нават сказаў, што гэта няправільна. Гэта вечны боль.
А хаваць даводзілася ўсіх: і католікаў, і праваслаўных, юдэяў, мусульман, нават няверуючых. І хоць чалавек ні ўва што ў жыцці не верыў, блізкія ўсё роўна хочуць пахаваць яго “па-рэлігійнаму”, бо так прынята. Інакш не па-людску атрымліваецца!
– Некаторыя тэлефануюць мне і гавораць, што бацькі, мабыць, хутка памруць. Ужо не рухаюцца, не ўжываюць ежу і піццё. Што рабіць? – распавядае спадар Станіслаў. – Я заўсёды адказваю: не спяшайцеся хаваць чалавека, ён яшчэ жывы! Тэлефануйце ў хуткую. Шмат выпадкаў было, калі людзі жылі яшчэ і месяц, і паўгады… Нічога не трэба рабіць. Калі здарыцца, тады набірайце. Наша хуткая дапамога для памерлых, а не для жывых.
Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Пакачайла