Тэма г. зв. work-life balance (балансу працажыццё) займае адно з цэнтральных месцаў у штодзённасці сучаснага чалавека. Разам з будаваннем кар’еры і самаразвіццём людзі імкнуцца не згубіць сябе, свае патрэбы і адносіны з блізкімі. З Ірынай Шмак, псіхолагам са шматгадовым досведам, разбіраемся, як не выгараць на працы, любіць сябе і іншых, а таксама эфектыўна дзейнічаць на працягу доўгага часу.
– Хацелася б паразмаўляць пра здаровы баланс працы і адпачынку. Ці ёсць нейкія галоўныя прыкметы таго, што чалавеку патрэбен адпачынак?
– Перш за ўсё, гэта парушэнне сну: калі звычайнай колькасці сну робіцца недастаткова, не атрымліваецца адпачыць за гэты час. Таксама калі сон становіцца нервовым: чалавек не можа заснуць, прачынаецца ноччу. Гэта з найбольш відавочнага.
Наступным будзе агульнае пачуццё стомленасці ад працы, адносін з людзьмі, ад самога сябе. А таксама адсутнасць задавальнення ад жыцця – пачуццё, што яно не дае радасці, поўні. Гэта такія тры агульныя рэчы.
– А колькі чалавеку трэба адпачываць, каб нармальна сябе адчуваць? Каб не выгараць на працы ці ў справах, якія робяцца?
– Калі лічыць у гадзінах, то гэтае пытанне лепш задаць фізіёлагам. Ведаю, што неабходна не менш за 8 гадзін сну, прычым жанчынам трэба спаць больш, чым мужчынам. Відавочнай адзнакай таго, што чалавек добра адпачывае, з’яўляецца дастатковасць энергіі для працы, заняткаў з дзецьмі, добрых адносін з мужам ці жонкай, сябрамі. Калі не хапае энергіі, гэта ўжо адзнака стомленасці, а нават, часам, і выгарання. Хоць выгаранне – крайняя ступень стомленасці.
Ірына Шмак – практыкуючы псіхолаг, псіхадраматэрапеўт. На працягу 10-ці гадоў была дыяцэзіяльнай дарадчыцай сямейнага жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Дзеючы практык і трэнер Еўрапейскага інстытута псіхадрамы. У мінулым уваходзіла ў Раду па справах сям’і пры ККББ.
– З пункту гледжання псіхалогіі, як зразумець, які адпачынак правільны, а які няправільны? Як ацаніць, што я добра адпачываю?
– Тут ёсць розныя погляды. Некаторыя кажуць, што найлепшы адпачынак – змена віду дзейнасці. Калі нехта працуе інтэлектуальна, то для яго фізічная праца будзе добрым адпачынкам, і наадварот. Гэта такі просты накірунак, які патрэбен, каб чалавек мог працаваць і жыць увогуле. Калі ёсць выключны ўзровень змучанасці, то змены дзейнасці будзе недастаткова, бо замена адных дзеянняў іншымі – гэта таксама ўжо пэўнае “сціранне шарніраў”. У падобнай сітуацыі любая дзейнасць будзе дадаваць яшчэ больш стомленасці. Таму ў такім выпадку трэба, напрыклад, ляжаць, глядзець у неба, шпацыраваць у лесе.
Усё залежыць ад узроўню стомленасці чалавека. Беларусы ўвогуле прызвычаіліся даводзіць сябе да крайняга стану.
– Скажыце, ці ёсць нейкая мяжа ляноты і рэальнай патрэбы адпачыць?
– Калі такое пытанне ўвогуле ўзнікае, то трэба адпачыць.
Паняцця “лянота” ў псіхалогіі няма. Лянота, напрыклад, можа быць прыкметай дэпрэсіі. Або бывае, што бацькі блытаюць яе са стомленасцю дзяцей. Часта дзіцё фізічна не можа штосьці зрабіць, бо перапады гармонаў ствараюць пачуццё вялікай знямогі. Лянота – гэта нежаданне дзейнічаць, а стомленасць – немагчымасць. Нежаданне і немагчымасць – розныя рэчы.
– Дзе б Вы правялі мяжу здаровага і нездаровага працагалізму?
– Зноў жа, у псіхалогіі няма такой розніцы. Любы “-ізм” з’яўляецца пабегам ад сябе сапраўднага, каб нешта забыць; устаноўкай накшталт “не буду пра гэта думаць, буду піць алкаголь ці шмат працаваць”. Любы “-ізм”, у тым ліку працагалізм, – гэта заўсёды залежнасць, таму да яго трэба ставіцца як да залежнасці.
Навошта ўвогуле патрэбна праца? Каб годна жыць. Гэтая мера годнага жыцця, магчымасцей для сябе і ўласных дзяцей у кожнага свая. А “-ізм” – уцёкі кудысьці, дзе чалавек несвабодны
– А што з людзьмі, апантанымі ідэямі, праектамі, якія з’яўляюцца аб’ектыўна добрымі справамі? У прынцыпе, такіх шмат у Касцёле. Дзе мяжа нармальнай уцягнутасці ў дзейнасць у такім выпадку?
– Гэтым разам адкажу па-хрысціянску. Тут трэба памятаць словы Езуса: “Любі бліжняга, як самога сябе”. Калі з-за ўзгаданай апантанасці я забыўся пра сябе, то гэта ўжо не хрысціянскі падыход. Таму што я не магу даць тое, чаго не маю, не магу раздаць усё і выгараць. Мусіць быць баланс паміж захаваннем сябе і клопатам пра іншага. Гэта нармальная мера такой дзейнасці.
Я добра разумею, што такое добрая ідэя і апантанасць справай, як гэта захоплівае і нясе чалавека. У такіх выпадках складана захаваць неабходны баланс. Але без яго людзі ўрэшце рэшт сыходзяць з дабрачыннасці, расчароўваюцца ў ідэях. Тут ёсць вялікая адказнасць на кіраўніках, якія павінны даносіць важнасць захавання балансу, каб не выгараць і захаваць веру.
– То-бок, здаровы хрысціянін, апантаны нейкай ідэяй, – гэта, перш за ўсё, марафонец?
– Так. Гэта вельмі добры вобраз. Той, хто клапоціцца, каб было дастаткова вады і сіл. Ёсць адрэзкі, дзе ён адпачывае і дзе крыху дадае.
– Хачу задаць рызыкоўнае пытанне. Калі чалавек не сочыць за сваім адпачынкам, ці трэба, на Вашу думку, з гэтага спавядацца?
– Канешне, бо гэта супярэчыць пятай запаведзі – “не забівай”. Такім чынам чалавек забівае сваё здароўе, духоўнае жыццё і сябе.
Мы так створаны, што патрабуем адпачынку. І Бог паклапаціўся пра гэта, наказваючы нам адпачываць. Ведаючы, што чалавек – гэта істота, якая будзе хістацца паміж усім і нічым: максімальна даць і нічога не даць. Гэтакая поўная адсутнасць балансу.
– Існуе меркаванне, што беларусы – працаголікі. Пагодзіцеся?
– У гэтым шмат праўды. Фактычна беларусы працаголікі. Аднак гэта вынікае не з захопленасці працай, а вельмі часта з боязі яе страты ці нейкага пакарання, з пэўнай сістэмы страхаў. Калі б чалавек сам мог кіраваць сваім часам, цяжкасцю працы і яе размеркаваннем, то многія беларусы мелі б з гэтым клопат, таму што яны прызвычаіліся, што хтосьці вырашае гэта за іх.
Яшчэ з іншага боку нас выхоўваюць да прыстойнасці: што трэба сумленна працаваць, усё рабіць найлепшым чынам. Гэта добрая характарыстыка, але яна таксама забірае шмат энергіі, бо гэта вельмі суб’ектыўная рэч. Тое, што для мяне перфекцыйна, для іншага можа так не выглядаць. Таму тут важная залатая сярэдзіна – не перфекцыйна, а дастаткова добра.
– Падаецца, што маладыя пакаленні беларусаў ужо лепш ставяцца да адпачынку. Так, хіба, большасць з нас прайшлі праз тое, што ў дзяцінстве ездзілі садзіць ці капаць бульбу, убіраць буракі, саджаць агароды. Сёння гэта ўжо рэдкасць. Маладыя цэняць адпачынак. Больш якасна адпачываюць?
– Так.
– Пагаджуся з Вамі. Гэтыя новыя пакаленні выхоўвалі людзі, якія разумелі каштоўнасць адпачынку. Маладзёны ўжо лепш адчуваюць свае патрэбы: напрыклад, што яны стомлены, а не лянуюцца. Дзядулі ці бацькі не ўмелі гэтага адчуваць, яны раслі з устаноўкай “павінен”.
Таму гэта ўжо здаровы баланс паміж любоўю да сябе і магчымасцю даваць любоў іншым. У такім сэнсе маладое пакаленне больш здаровае. Бабулі і дзядулі, напэўна, называюць такое стаўленне эгаізмам, але ў псіхалогіі гэта больш падобна на здароўе.
– Часта беларусы вымушаны шмат эканоміць, бо трэба збіраць на жыллё, машыну, рамонт, іншыя глабальныя сямейныя рэчы. Гэта нярэдка адбываецца коштам адпачынку: мы не едзем на мора ці кудысьці яшчэ, бо “трэба памяняць машыну”. Як да гэтага ставіцца?
– Гэта можна разглядаць як пэўную сямейную аскезу, бо неабходна закрыць першасныя патрэбы. Тут няма нічога дрэннага, проста адпачынак трэба больш асэнсавана арганізоўваць. Аскеза азначае, што не будзе мора, але ўвогуле адпачынак будзе. Трэба проста добра падумаць, як яго зладзіць.
– Значыць, справа зусім не ў грошах, а ва ўнутранай матывацыі?
– Так. Неабходна адказна ставіцца не толькі да нейкай матэрыяльнай патрэбы, але і да адпачынку. Варта ладзіць яго згодна з тымі магчымасцямі, якія ёсць у сям’і. Можа быць выхад у парк, сямейны пікнік, чытанкі. Ёсць шмат варыянтаў. Калі гэта, канешне, аскеза, а не ўцёкі ад сямейных клопатаў.
– А што з адпачынкам ад рэлігійных практык? Ці ёсць у Вас некалькі парад здаровага адпачынку ад рэлігіі?
– Цяжка ўявіць, што такое адпачынак ад рэлігійнага жыцця. Рэлігія і вера – гэта адносіны з Богам, і няясна, як ад гэтага можна адпачыць. Я разумею, што такое адпачыць ад рэлігійных актыўнасцей ці іх змены. Гэта тычыцца нейкіх практык, калі важны пераход, напрыклад, у сузіранне, адарацыю ці іншае адпаведнае для майго стану. Добра падабраная для сябе практыка веры таксама можа быць адпачынкам.
Так сужэнцы часта стамляюцца хадзіць на дзіцячую Імшу. Гэтыя практыкаванні не кормяць іх дарослую духоўнасць. Можна дамовіцца, што адну нядзелю мы ідзём на дзіцячую Імшу, а другую – паасобку на дарослую.
Калі чалавек “злавіў” рэлігійную стомленасць, гэта можа быць адзнакай рэлігійнага крызісу ў цэлым. У такім выпадку важна разабрацца з духоўным кіраўніком. Разам з тым, рэлігійны крызіс можа быць вынікам псіхалагічных праблем – дэпрэсіі, напрыклад. А гэта ўжо патрабуе лячэння. Часам нават лекамі.
Паводле "Слова Жыцця", Арцём Ткачук