З той моладзі, што маем, выходзяць будучыя святары. І кожны з нас можа стаць тым прыкладам, які сфарміруе ў асобе ці пацвердзіць яе правільныя каштоўнасці. Таму і адказнасць за тое, якіх духоўных кіраўнікоў будзем мець, таксама ляжыць на кожным з нас.
Пра духоўную сталасць маладзёнаў, семінарыйныя будні і выхаванне клерыкаў размаўляем з прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Янам Раманоўскім.
– Кс. Ян, што за маладыя людзі прыходзяць у семінарыю?
– Улічваючы тэндэнцыю, якая цяпер існуе, кантынгент семінарыстаў змяніўся. Раней, калі я паступаў, у большай ступені прыходзілі хлопцы адразу пасля школы або з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Цяпер магу з упэўненасцю сказаць, што многія прыходзяць пасля значнага жыццёвага досведу (такіх 40%). Магчыма, хочуць паглядзець, ці не з’яўляецца іх жаданне пайсці ў семінарыю часовай эйфарыяй. Бо гэтае рашэнне на ўсё жыццё.
– На духоўную сталасць семінарыстаў больш уплывае сям’я ці парафія?
– Першапачаткова на рэлігійнае, духоўнае развіццё ўплывае сям’я. Таму што з яе чалавек выносіць каштоўнасці і прыярытэты. Нездарма шматлікія дакументы Касцёла кажуць пра тое, што сям’я – гэта хатні Касцёл. Гэта тое асяроддзе, дзе будучы семінарыст і святар вучыцца базавым рэчам. Адназначна важнай з’яўляецца і фармацыя ў парафіі: прыклад святара, яго адданасць служэнню могуць натхніць маладога чалавека абраць адпаведны шлях. Здараецца, канешне, што сям’я слабая ў плане веры і менавіта камунікацыя ў парафіі адкрывае голас паклікання. Кожны выпадак выключны. Нельга ставіць усіх пад адзін шаблон, нібы ўсе семінарысты бяруцца з канвеера. У тым і ёсць багацце, што клерыкі выходзяць з розных сем’яў і парафій.
– У чым бачыце найбольшыя прабелы ў духоўнай сфарміраванасці алюмнаў?
– Значная большасць семінарыстаў – гэта асобы, якія паходзяць з традыцыйных сем’яў, дзе практыкуецца вера, і з парафій, дзе добра наладжана парафіяльнае жыццё. Таму патрэбную фармацыю яны атрымліваюць і цяжка казаць пра нейкія прабелы. Што тычыцца Катэхізіса – маюць дастатковы ўзровень ведаў. Адзінае – нельга выключаць асабісты фактар – разуменне і ўспрыманне пэўных рэчаў кожным асобным чалавекам. Напрыклад, калі ў семінарыю прыходзіць хлопец 18-ці гадоў, і асоба, якая мае 26 гадоў, іх успрыняцце духоўнага жыцця будзе адрознівацца ў любым выпадку. Важную ролю тут будзе адыгрываць “багаж” у якасці працы ці навучання ў ВНУ, перапынак ва ўдзеле ў жыцці Касцёла, пэўны жыццёвы крызіс і г. д.
– Які працэнт з паступіўшых сыходзіць з семінарыі? У чым могуць быць прычыны?
– Час семінарыйнай фармацыі – гэта таксама час распазнавання свайго жыццёвага шляху. Таму натуральна тое, што падчас навучання малады чалавек усведамляе, што трэба шукаць сябе ў іншым месцы. Усведамляе, што хоча служыць Богу, людзям, Касцёлу іншым чынам. Не магу падаць працэнтныя суадносіны, колькі чалавек сыходзіць. Напрыклад, калі вучыўся я, на першым курсе нас было 12, на апошнім – 6. Аднак я не браў бы на сябе адказнасці казаць, што адсейваецца палова. Часам маладому чалавеку складана радыкальна змяніць свой лад жыцця: ён бачыць, што трэба жыць згодна з пэўным распарадкам дня, што адносна яго ёсць патрабаванні. Магчыма, ён уяўляў семінарыйнае жыццё інакш. Аднак усе патрабаванні існуюць не для таго, каб абмежаваць, а каб дапамагчы ў духоўнай і інтэлектуальнай фармацыі. Ідучы ў семінарыю, гэта трэба разумець. Дзеля паклікання трэба будзе адмовіцца ад пэўных рэчаў, дзеянняў. Дарэчы, хлопцу пасля школы прасцей “уліцца” ў семінарыйны распарадак, чым маладому чалавеку з пэўным жыццёвым досведам, які сам уладкоўваў сваю паўсядзённасць. У канчатковым выніку, аднак, шмат што залежыць ад установак і самадысцыпліны самога кандыдата. Госпад дае пакліканне, і важна тое, як мы супрацоўнічаем.
– Чаму маладыя людзі, якія прынялі рашэнне сысці з семінарыі, не становяцца актыўнымі свецкімі членамі супольнасці Касцёла? Яны ж першапачаткова хацелі прысвяціць яму жыццё.
– У мяне ёсць досвед камунікавання з людзьмі з розных культур, і я сапраўды бачыў, наколькі важную ролю адыгрываюць ініцыятывы парафіян. Думаю, культурны фактар нашай краіны ўплывае і на згаданую сітуацыю. Многія ўспрымаюць удзел у парафіяльным жыцці як нешта ананімнае: схадзіў на св. Імшу ў нядзелю, паспавядаўся, калі адчуў патрэбу, прывёў дзяцей на катэхезу, прыняў святара з душпастырскім візітам – і дастаткова. Магчыма, думка “Навошта мне штосьці яшчэ рабіць?” знаходзіцца ў ментальным характары людзей. З іншага боку, ад свецкага чалавека актыўны ўдзел у парафіяльным жыцці патрабуе часу і стараннасці, паміма яго сямейных і працоўных абавязкаў. Кожная ініцыятыва патрабуе пастаяннай руплівасці, бо не будзеш жа заўсёды пераліваць з пустога ў парожняе.
– Вы як прэфект, адказны за выхаванне, якой стратэгіяй кіруецеся, на што звяртаеце ўвагу?
– Нічога новага я не прыдумваў. Існуюць дакументы Касцёла, якія выразна рэгулююць працэс падрыхтоўкі да святарства. Між іншым, у іх гаворыцца, што першапачаткова прыкладам фармацыі будучых святароў з’яўляецца супольнасць 12-ці апосталаў. Гэта першая семінарыя вучняў, якую сабраў Хрыстос. Разам з Ім яны спасцігалі, як абвяшчаць Божае слова і гісторыю збаўлення. Пераймаючы гэта на сучасны лад, я як прэфект з’яўляюся толькі інструментам, што дапамагае кандыдату ў яго падрыхтоўцы. А Тым, хто фарміруе і выхоўвае, у першую чаргу, з’яўляецца Госпад. Асабіста я намагаюся быць у пастаянным дыялогу з семінарыстамі, каб яны адчувалі сябе свабодна ў камунікаванні, не саромеліся казаць пра асабістыя праблемы і ўздымаць праблемы, якія ёсць у Каталіцкім Касцёле. Важна таксама, наколькі гэта магчыма, быць у “трэндзе” з імі, каб разумець выклікі сучаснасці. Бо не ўдасца будаваць дыялог, калі не размаўляеш на адной мове, і я не маю на ўвазе слэнг. Зразумела, ёсць і мяжа, якую трэба захоўваць. Калі семінарыст не прытрымліваецца норм, якімі мы жывём, павінны быць наступствы. Трэба клапаціцца і пра вольны час навучэнцаў – гэта іх аб’ядноўвае. Ёсць біблійнае кола, якое вядзе духоўны айцец. Ёсць спартыўныя мерапрыемствы – раней шмат гулялі ў футбол, цяпер менш. Ёсць “кавярня” – пакой, дзе стаіць кавамашына, і клерыкі могуць зрабіць сабе напой, пагутарыць, адсвяткаваць супольна дзень нараджэння. Разам глядзім фільмы, часцей на рэлігійную тэматыку, але ёсць і выключэнні. Выбірае звычайна семінарыст, адказны за кінатэку, але параішыўся з іншымі. Клерыкі любяць святкаваць “Андрэйкі”, бо гэта добрая магчымасць адпачыць і ў крыху гумарыстычным кантэксце адлюстраваць семінарыйнае жыццё ў пастаноўках. Цяпер маем клерыкаў з розных дыяцэзій, і магу адзначыць, што маладыя людзі добра пасябравалі. Аднак за выхаванне адказны не толькі прэфект, але і ўвесь прафесійны склад семінарыі. Больш за тое, за выхаваўчы працэс адказны святары з тых парафій, адкуль паходзяць кандыдаты. Бо мы назіраем іх, калі жывуць згодна з рэгуламінам, а пробашч ці вікарый могуць бачыць, як яны арганізуюць свой лад жыцця, будучы на канікулах.
Кс. Ян Раманоўскі – прэфект ВДС у Гродне (адказны за навучальны і выхаваўчы працэс). З 2015 па 2017 гг. навучаўся ў Наварскім Універсітэце ў Памплоне (Іспанія) па спецыяльнасці філасофія. Мае 10 гадоў святарства
– Як упісаны ў жыццё семінарыі гаджэты, ці ёсць нейкія абмежаванні ў карыстанні? Як увогуле паўплывала з’яўленне смартфона на існаванне ў “закрытай” установе?
– Мы жывём у ХХІ стагоддзі, прагрэс ідзе наперад, і нельга гэтага не ўлічваць. Трэба разумець, што клерык, заканчваючы семінарыю, выйдзе да людзей, да моладзі і, не меўшы кантакту з сучаснымі тэхналогіямі, будзе адчуваць сябе разгубленым, не зможа арыентавацца ў пэўных рэчах. Таму, зразумела, семінарысты карыстаюцца і тэлефонамі, і планшэтамі, і ноутбукамі – але гэта ўсё прызначана ў першую чаргу для навучальнага працэсу. Разам з тым, існуюць і часовыя абмежаванні ў карыстанні гаджэтамі, таксама як ёсць час на малітву, абавязкі і г. д.
– Чаму маладыя ксяндзы імкнуцца працаваць з моладдзю, а пасталеўшы, губляюць да гэтага цікавасць, хоць маглі б надалей дзяліцца назапашаным досведам?
– Думаю, можа наступіць момант выгарання, аднак не прафесійнага, бо святарства не прафесія, а пакліканне. Мы служым незалежна ад таго, хто перад намі: малады чалавек, стары ці іншы кантынгент. Гэта, хутчэй, момант чалавечага выгарання, бо праца з моладдзю патрабуе дадатковай руплівасці, падрыхтоўкі, тонусу, так як неабходна нястомна пагружацца ў актуальныя для яе тэмы. Зразумела, можна растлумачыць штосьці згодна вучэнню Касцёла, але заўсёды ўмець тлумачыць на “мове” маладзёнаў – гэта ўжо іншая справа.
– З чым, на Вашу думку, звязаны крызіс пакліканняў?
– Па-першае, дэмаграфічная сітуацыя – дзяцей у сем’ях нараджаецца менш. Па-другое – і гэта можа быць камень у мой агарод, – недастаткова пераканаўчая пастава ксяндза. Важна паказаць сябе як святара не толькі ў касцёле, але і ў розных жыццёвых сітуацыях. Па-трэцяе, сучасная тэндэнцыя імкнення да большай свабоды. А ў Касцёле ёсць пэўная дысцыпліна, звязаная з паслухмянасцю, і не ўсе гэта прымаюць. Па-чацвёртае, паўсюдны матэрыялізм, а жыццё святара звязана са служэннем, не з жаданнем карысці. І апошняе – няспеласць маладых людзей, але гэта выражаецца не толькі ў негатоўнасці да святарскага служэння, але і да сямейнага жыцця, да сувязі з адным чалавекам, ахвярнасці ў імя іншай асобы. Усё гэта фактары, што ўплываюць на крызіс пакліканняў.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская