У кастрычніку Касцёл асабліва напаўняецца ружанцовай малітвай, а вернікі актыўна ўдзельнічаюць у розных тэматычных конкурсах, акцыях і майстар-класах па стварэнні ружанцаў. Сястра Наталля Дрэмо, палатынка з Воранава, таксама займаецца пляценнем ружанцаў. Манахіня адказала на некалькі пытанняў “Каталіцкага весніка” і распавяла пра сваё захапленне.
– Сястра Наталля, калі Вы пачалі займацца стварэннем уласных ружанцаў?
– Ствараць ружанцы першы раз я паспрабавала ў навіцыяце, калі знаходзілася ў Польшчы. Мне было вельмі цікава займацца гэтай справай. Заўсёды ёсць цудоўная магчымасць каму-небудзь падарыць уласна створаны ружанец. Потым з’явілася шмат іншых абавязкаў і не было часу займацца пляценнем. Аднак у гэтым годзе падчас рэкалекцый пад натхненнем Духа Святога я адчула: у штодзённасці таксама патрэбны адпачынак. І тады з Божай дапамогай зразумела, што менавіта маё захапленне ружанцамі дапаможа мне.
– Раскажыце крыху пра тое, які матэрыял Вы выкарыстоўваеце, па якой тэхніцы працуеце?
– Сам ружанец робіцца са шнура, які мае назву “сутаж”. Сутаж – гэта шчыльны, плоскі шнур, які падзелены на дзве часткі. Кожная з іх аплецена каляровай або металізаванай ніткай. Абедзве часткі падзеленыя “жалабком”. Пасля шнура я падбіраю крыжык і распачынаецца праца.
– Каб пэўны выраб быў зроблены “з душой”, кожны майстар выкарыстоўвае сваю ўласную фішку. А што незвычайнага ў ружанцах, зробленых Вамі?
– Кожны створаны ўласнаручна ружанец для мяне – гэта не проста штучны выраб і тым больш не бізнес. Калі нейкі чалавек просіць зрабіць ружанец, то я, плетучы кожную маленькую ружачку, малюся за гэту асобу.
– Можа, ёсць штосьці яшчэ, што адрознівае Вашы ружанцы ад іншых?
– Так. Калі робіш такі ружанец, то ў ім змяшчаюцца акурат трыццаць тры рухі, якія сімвалізуюць колькасць гадоў знаходжання на зямлі Езуса.
– Колькі часу Вы ў асноўным траціце на адзін выраб?
– Каб зрабіць адзін ружанец патрэбна каля трох гадзін.
– Цікава, колькі за ўвесь час вы сплялі ружанцаў?
– Цяжка палічыць, але дзесьці больш за сто.
– Якімі творчымі рэчамі Вы яшчэ займаецеся?
– Насамрэч я вельмі люблю займацца творчасцю. Раблю ўсё, што неабходна і патрэбна ў залежнасці ад сітуацыі. А таксама, калі хтосьці просіць, то па меры сваіх сіл і ідэй дапамагаю. Я раблю дэкарацыі, дэкор з кветак, сервірую святочныя сталы, часам фуршэт, афармляю падарункі, рабіла таксама розныя паштоўкі. Праводжу часам для дзяцей майстар-класы.
– Нездарма кажуць, што творчы чалавек таленавіты ва ўсім…
– Дзякуй вялікі.
– Чым для Вас з’яўляецца малітва на ружанцы?
Кастрычнік – гэта асаблівы час, калі ў нашых руках пераплятаюцца маленькія пацеркі “Вітай, Марыя”. Час, калі мы можам праз Марыю стаць яшчэ бліжэй да Яе Сына! Разважаючы над часткамі святога ружанца, мы разважаем над Божым Словам, якое не раз таксама пераплятаецца і ў нашым жыцці ў розныя моманты радасці або болю. А яшчэ малітва на ружанцы з’яўляецца магутнай зброяй. Калісьці святы Ян Марыя Віянэй сказаў: “Ад аднаго “Вітай, Марыя”, добра сказанага, трасецца ўсё пекла!”
– Як можна звязацца з Вамі пры жаданні набыць ружанец?
Набыць такі ружанец можна, патэлефанаваўшы мне па нумары: +375 (29) 5244155. Па магчымасці я зраблю