Місіянер – не толькі той, хто нясе Хрыста туды, дзе Яго не ведаюць, але і кожны хрысціянін, што нясе Добрую Навіну ў сваё асяроддзе.
Я паходжу з Лідчыны, з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Бердаўка. Належу да Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціян, больш распаўсюджаная і вядомая назва якой – супольнасць сясцёр салезіянак. Фармацыю праходзіла ў Італіі. Пасля складання першых манаскіх абяцанняў працавала на салезіянскіх пляцоўках у Бараўлянах і Смаргоні, а цяпер амаль ужо на працягу 4-ох гадоў служу ў Грузіі. Наша супольнасць размяшчаецца ў сталіцы краіны – Тбілісі. Тут маем невялікі выхаваўчы цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэтая пляцоўка – вялікая дапамога для грузінскіх сем’яў, многія з якіх пакутуюць ад беднасці. Пакуль мы апекуемся дзецьмі і праводзім з імі заняткі, іх маці выходзяць на працу, каб зарабіць грошай на ўтрыманне сям’і. Дарэчы, менавіта ў гэтым цэнтры я на працягу першага году вучылася размаўляць. Маем таксама араторый, служым пры парафіях і ўвогуле не адкідваем ніводнай магчымасці паклапаціцца пра моладзь. Напрыклад, два гады таму ахвотна прынялі прапанову мясцовага біскупа – і цяпер я адказваю за моладзевы цэнтр.
Часцей за ўсё, калі мяне просяць падзяліцца сведчаннем, то хочуць пачуць сведчанне місіянеркі. Аднак адна мясцовая манахіня адзначыла: “Прыязджаючы сюды, вы лічыце сябе місіянерамі, але Грузія – хрысціянская краіна з яшчэ больш доўгай і багатай гісторыяй веры, чым тыя краіны, з якіх вы прыбываеце”. І гэта праўда. Таму калі разглядаць слова “місіянер” у яго прамым значэнні, як “той, хто нясе Хрыста туды, дзе Яго не ведаюць”, то наўрад ці я магу быць сведкай.
Разам з тым, пасля ІІ Ватыканскага сабору місійнае заданне Касцёла стала разглядацца шырэй, таму цяпер кожны хрысціянін мае місію быць сведкам Хрыста, г. зн. несці Добрую Навіну ў тое асяроддзе, дзе жыве. І вось з гэтай перспектывы я магу назваць сябе місіянеркай.
Я вельмі ўдзячна Богу і маёй Кангрэгацыі за шанс служыць у Грузіі. Таму што магу не толькі падзяліцца вопытам, які атрымала ў беларускім Касцёле або падчас фармацыі ў Італіі, але і самa ўзбагаціцца новым досведам.
Служэнне ў моладзевым цэнтры дае магчымасць сустрэчы з моладдзю з розных куткоў краіны, пазнаць бліжэй іх лад жыцця, каштоўнасці і клопаты. Цікава, што ў ім пратаганістамі з’яўляюцца самі хлопцы і дзяўчаты. Наш касцяк складаецца з трох чалавек: малады хлопец, я і святар, прызначаны духоўным айцом моладзі.
Наша задача – разам з маладзёнамі садзейнічаць арганізацыі розных івэнтаў, якія будуць спрыяць іх аб’яднанню і духоўнаму ўзрастанню. Напрыклад, сёлета мы праводзілі “Школу лідэраў” з мэтай падрыхтоўкі аніматараў, якія будуць у сваіх парафіях дапамогай святарам у моладзевай душпастырскай дзейнасці. Ладзілі рэкалекцыі для хлопцаў і дзяўчат; школу аніматараў, дзе аніматары рыхтаваліся да служэння ў дзіцячых лагерах; вакацыі з Богам для дзяцей; спартыўны турнір між парафіямі; валанцёрскі лагер, у якім прыводзілі ў годны стан руіны старога касцёла; пілігрымку; адпачынак для моладзі. Мяркую, кожны, хто пабываў у Грузіі, быў уражаны мясцовай гасціннасцю. Асабліва нас, беларусаў, якія звычайна адрозніваюцца памяркоўнасцю і разважлівасцю, уражвае грузінская празмернасць. Калі яны цябе частуюць, гатовыя аддаць усё, гатовыя аддаць апошняе, і не важна, што яны цябе амаль не ведаюць і нічога ад цябе не атрымаюць узамен. Гэта сапраўднае шчасце – дзяліцца з іншым, аддаваць штосьці, у чым сам маеш патрэбу. Іншымі словамі, гэта мастацтва дзяліцца сабою. І гэта той вопыт, які я штодзённа тут атрымліваю.
Калі гляджу на крыж, то бачу, што Хрыстос таксама любіў празмерна. Бо Ён не разважаў, колькі пакут здольны знесці.
Не думаў, дзе мяжа болю.
Не выбіраў, за каго памерці, а за каго – не. Ён проста аддаў усё да канца.
І пазнаючы грузінскі менталітэт, у чарговы раз пазнаючы Хрыста ўжо ў грузінскім Касцёле, я таксама вучуся не баяцца празмернасці. Стараюся не праграміраваць, што будзе далей. Калі штосьці раблю, не шкадую нічога. Калі малюся, малюся ўсёй сабою. Калі нешта аддаю, стараюся аддаваць усё, што маю. Калі прабачаю, не чакаю, што іншы зменіцца.
“Потым” можа і не быць. “Зараз” – час, каб жыць. “Зараз” – час, каб любіць і рабіць гэта празмерна.
Паводле "Слова Жыцця", с. Вераніка Огар FMA