Арцыбіскуп Кандрусевіч да арцыбіскупа Станеўскага: “Бог пасылае цябе да народа, які прайшоў праз агонь, ваду і медныя трубы”
У кіраўніцтве беларускага Касцёла пачынаюцца сапраўды эпахальныя змены. Паволі адыходзіць у цень цэлае пакаленне біскупаў, эстафету пераймаюць маладзейшыя. Хтосьці сказаў, што нельга глядзець у будучыню, не трымаючыся мінулага. Менавіта таму я папрасіў арцыбіскупа Тадэвуша акінуць позіркам пройдзены шлях. Не абышлося таксама без віншаванняў і сяброўскіх парад новаму мітрапаліту.
– Ваша Эксцэленцыя, Вы памятаеце момант, калі Вам прапанавалі стаць Мінска-Магілёўскім мітрапалітам? Што адчувалі тады?
– Вельмі добра памятаю. На пачатку верасня 2007 года мяне заклікаў да сябе Апостальскі Нунцый у Расійскай Федэрацыі кс. абп Антоніа Меніні і сказаў, што папа Бенедыкт XVI хоча даручыць мне кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай мітраполіяй. Спытаўся, ці згаджаюся.
Божы Провід дазволіў мне распачаць адбудову Касцёла ў Беларусі ў якасці біскупа ў 1990–1991 гадах, дзе ўсё складвалася вельмі добра. Затым у 1991 годзе прыйшло прызначэнне ў Расію, дзе трэба было распачынаць практычна з нуля. Я прыняў гэта прызначэнне як Божую волю і стараўся выконваць даверанае мне заданне з поўнай аддачай.
І тут ізноў у 2007 годзе новае прызначэнне – вяртанне на Радзіму. Прызнаюся, што нялёгка было яго прыняць. Я ўжо зросся з Касцёлам у Расіі, хаця заўсёды памятаў і маліўся аб Касцёле ў Беларусі і сваёй Бацькаўшчыне, часта яе наведваў. Аднак я выхаваны ў духу “Roma locuta – causa finita” (“Рым сказаў – справа скончана”), таму без ваганняў у той самы момант адказаў нунцыю, што куды Папа мяне пасылае, туды і іду.
Паслухмянасць павінна быць прыкметай кожнага святара і біскупа, бо ў ёй крыецца поспех нашага служэння. Мы пакліканы служыць там, куды Бог нас накіроўвае праз біскупа ці Папу. Таму пытанне “Хачу ці не?” ніколі не стаяла ў маім жыцці. Калі так трэба, то трэба.
– Скажыце, пасля 16-ці гадоў працы ў Расіі, якім было вяртанне на Радзіму? Увогуле, ад чаго тады было больш радасці: ад новых выклікаў ці ад вяртання на родную зямлю?
– Вядома, што была радасць ад вяртання на Радзіму, да людзей, сярод якіх вырас і з якіх быў пакліканы да Божай службы, хаця ў Расіі заставалася частка сэрца. Была таксама і радасць ад новых выклікаў і заданняў, для вырашэння якіх Божы Провід мяне выбраў і пасылае. Гэта падобна, як у спартсменаў: яны не ведаюць, як завяршыцца спаборніцтва, але цешацца, бо прымаюць у ім удзел, прадстаўляюць сваю краіну ці спартыўны клуб. Я ніколі не шукаў сваёй выгады, а заўсёды на першым месцы ставіў справу Касцёла і вернікаў.
– Вы пераймалі Мінскую катэдру пасля чалавека-легенды – кардынала Казіміра Свёнтка. Як тады прымаліся справы? Ці часта Вы размаўлялі з кардыналам? Магчыма, ён даваў нейкія парады, якія запалі Вам у душу?
– На самой справе я прымаў Мінска-Магілёўскую катэдру ад кс. біскупа Антонія Дзям’янкі, які больш за год кіраваў архідыяцэзіяй у якасці Апостальскага адміністратара “sede vacante”. Ён шмат учыніў, каб распачатая кс. кардыналам Казімірам Свёнткам справа адраджэння і ўмацавання Касцёла дынамічна прадаўжалася.
Аднак гэта не азначае, што я не раіўся з ксяндзом кардыналам. Нават сам інгрэс абмяркоўваў з ім. Раіўся як у персанальных справах духоўных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, так і адносна арганізацыі і ўдасканалення пастырства.
Ксёндз кардынал вельмі перажываў недахоп святароў і кансэкраваных асоб, а таксама касцёлаў, асабліва ў Мінску. Вялікую ўвагу звяртаў на неабходнасць адпаведнай якаснай фармацыі святароў. Быў таксама заклапочаны праблемай развіцця адносін з дзяржавай, асабліва адсутнасцю Канкардата, ці адмысловага пагаднення Беларусі з Апостальскім Пасадам, што давала б большыя магчымасці для дзейнасці мясцовага Касцёла. Будучы ўжо ў сталым узросце, ён памятаў аб належнай духоўнай фармацыі моладзі як нашай будучыні. Гэтыя і іншыя праблемы, якія прадставіў мне ксёндз кардынал, былі адначасова парадамі, што неабходна прысвяціць больш увагі для іх вырашэння.
– На якіх прыярытэтах Вы будавалі сваё бачанне развіцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі? Ці змяняліся яны?
– Галоўным прыярытэтам была арганізацыя пастырства, адпаведнага выклікам часу і насутным праблемам.
Мы ведаем словы змагара за правы афраамерыканцаў Марціна Лютэра Кінга: “I have a dream” – “Я маю мару”. Маёй марай было і застаецца бачыць моцны і самадастатковы Касцёл у Беларусі, што найперш патрабуе ахвярнага служэння біскупаў, святароў і кансэкраваных асоб пры актыўным удзеле свецкіх. Таму патрэбна добра арганізаванае пастырства пакліканняў і грунтоўная фармацыя духоўных асоб як слуг людзей. Езус прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць іншым. Такімі павінны быць духоўныя асобы, бо толькі тады яны будуць добрымі пастырамі, а не наймітамі.
Акрамя таго, беларускаму Касцёлу патрэбна адмысловая фармацыя свецкіх. Гэта адна з яго ахілесавых пят. Многія свецкія думаюць, што адказнасць за Касцёл нясе выключна ксёндз. Здараецца таксама і наадварот, калі святар лічыць, што толькі ён можа вырашаць абсалютна ўсё. Гэта не так. Духоўныя асобы і свецкія вернікі разам адказныя за лёс Касцёла. Спадзяюся, што чарговы Сінод біскупаў, прысвечаны сінадальнасці, дапаможа нам адысці ад візіі “я” да візіі “мы” і навучыць таму, што мы ўсе складаем адказную за Касцёл і грамадства супольнасць.
Беларусь перажывае крызіс сям’і і Божага дару жыцця. Нашай Бацькаўшчыне патрэбна адпаведная духоўная вакцына супраць пандэміі разводаў, абортаў і маніпуляцыі з дарам жыцця.
Асаблівую ўвагу неабходна звяртаць таксама на выхаванне моладзі ў духу вучэння Евангелля і Касцёла. Моладзь – гэта будучыня Касцёла і краіны. Трэба памятаць, што час заўсёды ідзе наперад і ніколі не вяртаецца. Калі мы яго не выкарыстаем адпаведна, то страцім моладзь і – паслядоўна – нашу будучыню.
Нельга прадставіць сучасную евангелізацыю без сродкаў масавай камунікацыі. Гэта новы арэапаг і адначасова новы сучасны амбон, з якога можна вельмі эфектыўна евангелізаваць.
Гісторыя і сучаснасць паказваюць неабходнасць выкарыстання сацыяльнага вучэння Касцёла з мэтай вырашэння розных праблем, крызісаў, захавання годнасці і правоў чалавека і да т. п. Больш чым 100-гадовы досвед Паўсюднага Касцёла ў гэтай галіне павінен выкарыстоўвацца і на нашай Бацькаўшчыне, каб мы маглі будаваць цывілізацыю міру і жыцця.
Адсутнасць храмаў, асабліва ў вялікіх гарадах, становіцца хранічнай праблемай і новым выклікам. Нам патрэбны месцы малітвы, у якіх мы будзем будаваць Касцёл як містычнае Цела Хрыста. Касцёл не з гэтага свету, але ў ім, – а таму павінен развіваць адносіны з дзяржавай і грамадствам. Касцёл і дзяржава – гэта асобныя аўтаномныя адзінкі, але яны мусяць служыць адной мэце – чалавеку і грамадству. Таму неабходна выкарыстоўваць сацыяльнае вучэнне з мэтай вырашэння ўзнікаючых праблем.
У Беларусі склаліся добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны, якія дарагога варты. Іх неабходна развіваць далей, каб, зыходзячы з тых самых маральных прынцыпаў, сумесна адказваць на небяспечныя выклікі часу.
Такімі былі галоўныя прыярытэты майго служэння. Не ўсё ўдалося. Бог і гісторыя дадуць сваю ацэнку. Аднак хачу заверыць, што заўсёды служыў Касцёлу і Беларусі. Калі нешта было не так, то прашу прабачэння. Біскуп, хаця і мае ласку стану, тым не менш, не з’яўляецца дасканалым. Дасканалы толькі Бог, і Яму неабходна даверыць усе нашы справы, са свайго боку робячы ўсё магчымае для іх рэалізацыі.
Сёння неабходна большую ўвагу звярнуць на інвестыцыю ў людзей, асабліва ў іх духоўную фармацыю. Нават калі будзем мець дастаткова касцёлаў, што яшчэ будзе не хутка, то яны павінны быць запоўнены вернікамі. Вернікі таксама мусяць быць сведкамі хрысціянства, а не пасіўнымі гледачамі паводле прынцыпу “мая хата з краю, нічога не знаю”.
– Падзяліцеся, калі ласка, якія справы, здзейсненыя за 13 гадоў Вашага кіравання, “грэюць” душу?
– Такіх спраў нямала. Найперш, гэта Будслаўскі фэст, які стаў лакмусавай паперкай нашай набожнасці і заслужана быў прызнаны ЮНЕСКА сусветнай нематэрыяльнай каштоўнасцю. Таксама будова і адраджэнне святынь. Прычым не толькі і не столькі як культурных і гістарычных аб’ектаў, але перадусім як месцаў спаткання чалавека з Богам. Падрыхтоўка катэхетаў, спецыялістаў касцёльнай музыкі, каталіцкіх медый і сацыяльных працоўнікаў Каледжам каталіцкай тэалогіі імя св. Яна Хрысціцеля. Гэта таксама актывізацыя служэння дабрачыннага таварыства “Карытас”, якое вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. І развіццё каталіцкіх медый, перадусім выдавецтва “Pro Christo” ды іншых, партала Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі “catholic.by” і “Радыё Марыя”. Падрыхтоўка і выданне літургічных кніг і афіцыйных дакументаў Касцёла на беларускай мове. Гэта арганізацыя IV Каталіцка-праваслаўнага фоуму: “Рэлігійная і культурная разнастайнасць: выклікі для хрысціянскіх Цэркваў у Еўропе”, які адбыўся ў Мінску ў 2014 годзе. І арганізацыя Пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, прысвечанага праблемам моладзі і будучыні нашага кантынента як супольнага дома, што прайшоў у Мінску ў 2017 годзе. Гэта таксама арганізацыя пілігрымак да святах месцаў у Беларусі ды за мяжой. І развіццё міжканфесійных ды міжрэлігійных адносін, а таксама адносін Касцёла з дзяржавай і грамадствам.
– Магчыма, ёсць рэчы, якія не атрымаліся, “не выгаралі”, як кажуць? Ці, можа, праекты, якія Вы не паспелі давесці да канца?
– Я марыў адкрыць каталіцкую вышэйшую навучальную ўстанову ў Мінску. Удалося зарэгістраваць Статут Каталіцкай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ. Аднак з-за таго, што не быў выдзелены зямельны надзел, справа не атрымала свайго далейшага развіцця. Колькасць святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі павялічылася значна, аднак не настолькі, як хацелася б. Вялікую трывогу выклікае крызіс пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Колькасць касцёлаў у Мінску і іншых гарадах вырасла, аднак яшчэ далёка не дастаткова, каб задаволіць патрэбы вернікаў. Таксама не ўдалося атрымаць адпаведную радыёхвалю для функцыянавання “Радыё Марыя”, бо вэб-радыё ўжо не хапае.
– Якія накірункі дзейнасці Касцёла, на Вашу думку, сёння патрабуюць асаблівай увагі?
– Дацэньваючы ўзрастаючую роль свецкіх у жыцці і дзейнасці Касцёла, тым не менш трэба станоўча сказаць, што без святароў і кансэкраваных асоб ён не выканае сваёй місіі быць сакрамантам паўсюднага збаўлення. Таму адным з прыярытэтаў беларускага Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца інтэнсіфікацыя пастырства пакліканняў. Асаблівую ўвагу таксама неабходна звяртаць на пастырства моладзі, сем’яў, інтэлігенцыі.
Дзякуючы каталіцкім медыям за іх актыўную працу ў справе евангелізацыі, нельга затрымлівацца на дасягнутым, а развівацца. Выклікі нарастаюць лавінападобна і неабходна імгненна адказваць на іх. Сацыяльнае вучэнне Касцёла павінна стаць настольнай кнігай кожнага католіка, бо толькі там можна знайсці адказ на этычныя і грамадскія праблемы сучаснасці. Акрамя таго, патрэбна далейшае развіццё адносін з дзяржавай, перадусім з мэтай вырашэння насутных праблем, з якімі сутыкаецца Касцёл.
– Існуе меркаванне, што менавіта падчас Вашага кіравання Касцёл у Беларусі стаў беларускім, вельмі блізкім беларусам. Для прыкладу, Будслаўскі санктуарый стаў месцам яднання ўсяго народу. Пагодзіцеся з гэтым? Гэты накірунак быў важны для Вас?
– Трэба сказаць, што слова “каталіцкі” паходзіць ад грэчаскага слова “καθολικός”, што азначае “паўсюдны”. Паўсюль, дзе я служыў святаром і біскупам, стараўся прамаўляць зразумелай вернікам мовай, улічваючы пры гэтым і нацыянальна-культурны аспект. Дзіўным было б, калі б у Беларусі не размаўлялі на беларускай мове (хаця гэта ўсё яшчэ застаецца вялікай праблемай) і не маліліся на ёй. Вядома, што мова з’яўляецца сведчаннем нацыянальнай свядомасці і культуры. Калі яна слаба выкарыстоўвалася ў штодзённым жыцці доўгія часы, то нельга ўсё змяніць імгненна. Гэта таксама справа культурнай самасвядомасці.
Падобна і ў Касцёле. Патрэбна адпаведная літаратура, лексіка, традыцыі і да т. п. Аднак ужо напрыканцы 80-ых – пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя мы думалі пра гэта. Падчас майго служэння біскупам у Беларусі ў 1989–1991 гадах было падрыхтавана і выдадзена на беларускай мове 50 тысяч асобнікаў “Парадку св. Імшы” і 95 тысяч асобнікаў “Кароткага катэхізіса”. Потым гэтая праца прадоўжылася. Пасля майго вяртання на Радзіму ў 2007 годзе я стараўся інтэнсіфікаваць справу падрыхтоўкі і выдання літургічнай і рэлігійнай літаратуры, афіцыйных дакументаў Касцёла, малітоўнікаў і іншых каталіцкіх кніг на беларускай мове. Я лічыў і прадаўжаю лічыць гэта нармальным і патрэбным. Такая літаратура не толькі забяспечвае патрэбы Касцёла, але таксама развівае і ўзбагачае беларускую культуру.
Адносна будслаўскага фэсту, то ён сапраўды стаў падзеяй агульнабеларускага маштабу і не толькі яднае католікаў, але таксама спрыяе яднанню нашага народа. У фэсце прымаюць удзел не толькі католікі, але таксама праваслаўныя і пратэстанты, наведваюць яго і няверуючыя. Такім чынам і гэтая рэлігійная падзея, і сам санткуарый з’яўляюцца месцам яднання нашага народа, чаго ён так патрабуе ў наш час.
– Нярэдка гаворачы падчас казанняў пра Беларусь, Вам цяжка стрымаць эмоцыі. Якія струны Вашай душы тады закранаюцца?
– Беларусь – гэта мая Радзіма. Я тут нарадзіўся, вырас, бацькамі і нешматлікімі святарамі быў выхаваны ў каталіцкай веры. Адсюль паехаў у шырокі свет. Радзіма і вынесеная з яе вера дапамагалі ў складаных умовах ваяўнічага атэізму захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць. Беларусь – гэта крыніца майго духоўнага жыцця. Гэта мая Маці, якая мяне нарадзіла і выхавала. Ці можна забыцца сваю Маці? Не!
Усё жыццё я памятаў аб гэтым і памятаю надалей. Таму шчаслівы, што пасля святарскага і біскупскага служэння ў іншых краінах, магу служыць на сваёй Бацькаўшчыне. Радзіму нельга выкінуць з сэрца! Яна, як добрая Маці, нават калі мы знаходзімся далёка ад яе, памятае пра нас. Адсюль і эмоцыі, і слёзы…
– Вы нярэдка прасілі аб малітве, каб “быў для вас біскупам, а разам з вамі – хрысціянінам”. Што было цяжэй? Быць біскупам ці заставацца хрысціянінам?
– Адно дапаўняе другое. Аднак – і аб гэтым трэба памятаць – нельга стаць біскупам, не будучы хрысціянінам. Быць біскупам, асабліва ў наш час, нялёгка, але найперш трэба быць хрысціянінам. Менавіта таму і прасіў аб малітве.
– Як Вы думаеце, гэта проста супадзенне, што ўжо другі раз запар кіраўніком Мінска-Магілёўскага Касцёла Папа прызначае ўраджэнца Гродзеншчыны?
– Касцёл на Гродзеншчыне з’яўляецца самым моцным і актыўным у нашай краіне. Тут найбольш святынь, пакліканняў і вернікаў. Тут вельмі моцныя шматвяковыя рэлігійныя традыцыі. Адчуваецца вялікі дынамізм веры. Акрамя таго, у Гродне дзейнічае духоўная семінарыя. Тут каталіцкая вера вельмі эфектыўна праяўляецца ў высокім узроўні евангелізацыі і катэхізацыі, а таксама ў дабрачыннай дзейнасці.
Новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі з’яўляецца выхаванцам гэтага Касцёла і адначасова, як рэктар Гродзенскай духоўнай семінарыі, выхавальнікам шматлікіх святароў. Яго прызначэнне – гэта не простае супадзенне. Яно заслужана верным і ахвярным служэннем Касцёлу. Гэта таксама гонар Гродзенскага Касцёла і яго дар Мінска-Магілёўскаму.
– “Людзі змяняюцца, Касцёл застаецца”, – сказалі Вы пасля таго, як было абвешчана аб прыняцці Вашай просьбы аб вызваленні ад абавязкаў. Што б Вы пажадалі арцыбіскупу Юзафу сёння? Якія парады далі б на старце гэтага шляху?
– Людзі прыходзяць і адыходзяць. Сёння яны выконваюць свае абавязкі, а заўтра зыходзяць і іх замяняюць іншыя. Гэта натуральна. Касцёл з’яўляецца жывым арганізмам і для свайго развіцця і дасканалення ён патрабуе свежай крыві, новых ініцыятыў, дынамізму і да т. п. Лацінскае выслоўе сцвярджае: “Non progredi est regredi” – “Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе”. Так было, так ёсць і так павінна быць. Змена біскупа – гэта нармальная практыка Касцёла. Біскупы меняюцца, але Касцёл застаецца.
Сёння стырно Мінска-Магілёўскага Касцёла ў свае рукі бярэ Яго Эксцэленцыя кс. арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Бярэ ў годзе свайго нябеснага апекуна св. Юзафа і ў Юбілей 30-годдзя адраджэння іерархічных структур Касцёла ў Беларусі. Я асабіста вельмі ўсцешаны, што папа Францішак прызначыў яго Мінска-Магілёўскім мітрапалітам. Я прымаў Юзафа Станеўскага ў семінарыю ў далёкім 1990 годзе, быў яго конкансэкратарам у 2014 годзе, а сёння з радасцю віншую з гэтым прызначэннем і вітаю як новага кіраўніка сталічнай каталіцкай кафедры.
Дарагі Уладыка, мой непасрэдны наступнік на мітрапалічай кафедры ў Мінску, наступнік легендарнага кардынала Казіміра Свёнтка, трэці Мінска-Магілёўскі мітрапаліт! Па прыкладзе свайго нябеснага апекуна св. Юзафа заўсёды з пакорай услухоўвайся ў словы Бога, якія прагучалі ў рашэнні папы Францішка: “Не бойся!”.
Бог пасылае цябе да народа, які прайшоў праз агонь, ваду і медныя трубы ў абароне веры і захаванні сваёй хрысціянскай тоеснасці. Пасылае да народа адкрытага на сваіх пастыраў. Пасылае да народа, які будзе маліцца за цябе і будзе падтрымліваць у цяжкасцях нясення крыжа біскупскага служэння, які на твае чалавечыя плечы ўсклаў Бог у свята Узвышэння Святога Крыжа. Не бойся, ідзі да гэтага народа з адкрытым сэрцам і багатым досведам святарскага і біскупскага служэння! Будзь яму біскупам і разам з ім – хрысціянінам! Не бойся адплысці на глыбіню, бо там цябе чакае багаты ўлоў!
Няхай апякунка Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Божая Маці Будслаўская, галоўны апякун Беларусі св. арханёл Міхал і твой нябесны заступнік св. Юзаф выпрошваюць у Бога для цябе патрэбныя ласкі і бласлаўленне.
“Ad multos et faecundos annos” – “На многія і плённыя гады!”
Паводле "Слова Жыцця", Арцём Ткачук