Чакалі так доўга, што нібы прызвычаіліся. Аднак раптам навіна – маем новага арцыбіскупа! Для нас гэтая падзея атрымала яшчэ больш асаблівае значэнне, бо новы мітрапаліт – біскуп Юзаф Станеўскі, былы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
Пра ролю Божага Провіду ў апошніх падзеях, пра свае трывогі (альбо не) адносна новай пасады і пра позірк у будучыню Касцёла на Беларусі ў сённяшнім інтэрв’ю распавядае новы арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.
– Пасада Мінска-Магілёўскага мітрапаліта заставалася вакантнай на працягу года. Наколькі нечаканым для Вас было гэтае прызначэнне? З якімі думкамі прынялі навіну?
– Напэўна, на працягу сваёй доўгай гісторыі Мінска-Магілёўская мітраполія і арцыбіскупства неаднойчы былі вакантныя. Таму з аднаго пункту гледжання, абранне новага арцыбіскупа – гэта нібы звыклая сітуацыя. Аднак мы жывём у свеце, які не заўсёды разумее нас і які мы таксама часам не разумеем. І ў паўсталай сітуацыі, якая зацягвалася, заставался толькі маліцца. Маліліся ўсе: і вернікі, і святары – прасілі Святога Духога, каб асвяціў справу. Зважаючы на гэта, новае прызначэнне я прыняў з верай, што Святы Дух ведае дарогу, па якой далей нас павядзе.
– На гэтай пасадзе Вы змянілі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пасля яго сыходу на пенсію. Аднак гэтаму папярэднічала сітуацыя з выгнаннем, якая магла паўплываць на сыход Мітрапаліта, дагэтуль поўнага энергіі. Аб чым падобны стан рэчаў сведчыць для Вас?
– Шляхі Божыя нязведаныя. І не мае значэння, датычыць гэта звычайнага верніка ці мітрапаліта.
– Вы былі першым чалавекам, які сустрэў арцыбіскупа Кандрусевіча на мяжы пасля яго вяртання на Радзіму. Падзяліцеся, калі ласка, аб чым Вы размаўлялі тады?
– Першае, што было вельмі красамоўным, – гэта нашы братэрскія абдымкі, у якіх мы сустрэліся. Пасля іх словы здаваліся лішнімі. Мы не гаварылі шмат, з яго паводзін было бачна, што перажывае вялікую радасць, але разам з тым і трывогу. Напэўна, на твары дадалося маршчынак.
Аднак лінія была падведзена, калі мы ўжо выехалі з прыгранічнай тэрыторыі. Арцыбіскуп Тадэвуш папрасіў затрымаць машыну. Ён выйшаў, хоць надворе было дрэннае, стаў на калені і пацалаваў зямлю. “Я на Радзіме”, – толькі і прамовіў ён.
– Ваш папярэднік заўсёды быў вельмі чуллівы адносна тэмы атэістычнага мінулага Беларусі, адраджэння мясцовага Касцёла і асаблівым чынам звяртаў увагу на маштабы сучаснага рэлятывізма. А ці ёсць тэма, якая “баліць” Вам?
– Мяне заўсёды бянтэжыла, што вернікі часта ўспрымаюць Бога як таго, хто быў раней, выканаў сваю місію і стаў гісторыяй. Нібы Евангелле заканчваецца на ўкрыжаванні. Зразумела, калі мы глядзім на крыж, то бачым фігуру Хрыста. Аднак Езус з яго сышоў! Ён жывы, Ён сярод нас, а крыж – гэта толькі наша дарога на неба. Таму я хачу, каб у Евангеллі мы бачылі больш радасці, каб канцэнтраваліся менавіта на радасці і былі шчаслівыя ад таго, што Бог – гэта не мінулае, што Ён працягвае прамаўляць да нас, і кожны можа гэта пачуць, калі толькі пастараецца.
– Арцыбіскуп Кандрусевіч застаецца значнай асобай у гісторыі сучаснай Беларусі. Што Вы адчуваеце, пераймаючы гэтую эстафету ад такой аўтарытэтнай асобы?
– Гэта вельмі адказная пасада, адказная паслуга. Аднак важна разумець, што Касцёл – гэта не свецкая ўстанова і тут не да месца кіравацца звыклымі нам параўнаннямі: хто больш пасуе, хто лепшы, а хто горшы. У Касцёле нас выбірае Хрыстос – затым пасылае і вядзе. Мы (святары і манаскія асобы – заўв. аўт.) – толькі прылады ў Божых руках. І я маю надзею, што Бог абраў мяне менавіта ў гэты час і ў дадзенай сітуацыі, бо штосьці ўва мне заўважыў. Да мяне моцна прамаўляе тое, што прызначэнне адбылося ў Год св. Юзафа. Носячы імя гэтага святога, якое выводзіцца з біблійных часоў і тлумачыцца як “Бог дадасць”, я не баюся і цалкам аддаюся Божай волі.
Як Госпад даручыў апеку над Святой Сям’ёй звычайнаму цесляру, так, напэўна, і мне даручае справу, ведаючы мае здольнасці.
– Дагэтуль Вы былі адказным за фармацыю маладых святароў, узначальвалі Раду па справах моладзі. Якімі Вы ўбачылі юнакоў і дзяўчат нашай краіны? Якія бачыце формы развіцця моладзі ў супольнасці Касцела?
– Сапраўды, гэтае пытанне блізкае майму сэрцу. Як і кожнаму, хто малады, нашым хлопцам і дзяўчатам уласцівыя энтузіязм, радасць, весялосць, песні і пляскі, хуткасць і вялікая гучнасць. Аднак, назіраючы за маладзёнамі падчас ДДМ ці на меншых моладзевых сустрэчах, я заўважыў, што яны здольны прабываць у цішыні, гадзінамі стаяць у нерухомасці на каленях, весці дыялог з Богам. Часам нават бабуля не вытрывае ў застылай позе на адарацыі, а юнак – так, бо здаровы і малады! Таму вельмі важна, каб побач з нашай моладдзю пры кожнай парафіі былі духоўныя кіраўнікі, якія змогуць накіраваць іх рэсурсы ў правільнае рэчышча.
Не менш важным момантам мне падаецца тое, каб духоўныя лідары з’яўляліся не толькі сярод духавенства, але і сярод саміх маладзёнаў, каб у кожнай маладой каталіцкай супольнасці быў хлопец ці дзяўчына, якія не пасаромеюцца падаць прыклад. Бо тады жыццё на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей будзе падавацца равеснікам больш магчымым да рэалізацыі.
Часта можна пачуць меркаванне, што супольнасць Касцёла – гэта супольнаць старэйшых людзей. Я хачу паставіць задачу, каб сённяшні Касцёл стаў таксама супольнасцю маладых.
– Калі Гродна называюць “беларускім Ватыканам”, то Магілёўскі рэгіён адрозніваецца найменшай колькасцю святароў і католікаў. Як Вы бачыце працу на гэтых тэрыторыях?
– Я лічу, што кожны рэгіён нашай краіны чымсьці багаты. Нядаўна вярнуўся з Бялынічаў (Магілёўская вобл – заўв. аўт), з урачыстасцей 260-годдзя каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Бялыніцкай. Гэта другі ў Беларусі – пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай – абраз, каранаваны папскімі каронамі. Нездарма і самі Бялынічы называюць “беларускай Чанстаховай”. Таму гэтыя землі маюць глыбокую і багатую гісторыю жыцця з верай, з Богам.
Але сёння сітуацыю маем такой, якая яна ёсць. І тут толькі нагадаю, што Хрыстовы Касцёл з’яўляецца таксама місійным Касцёлам, што запісана ў кананічным праве. Маем паняцце экскардынацыі (выключэнне святара з адной дыяцэзіі і далучэнне да іншай – заўв. аўт.), таму калі хтосьці з маіх паплечнікаў чуе заклік Святога Духа і мае моцнае жаданне накіравацца на ўсход краіны, каб выканаць там Божую волю, то я запрашаю.
– Вы пакідаеце Гродзенскую дыяцэзію і накіроўваецеся ў Мінска-Магілёўскую. Па чым будзеце сумаваць найбольш?
– Для веруючага чалавека вельмі важным з’яўляецца месца яго першага судакранання з Богам. Для мяне гэтая мая малая радзіма, в. Заневічы – месца, дзе я нарадзіўся, прымаў першыя сакраманты, дзе жыве мая сям’я. Калі служыў у Гродзенскай дыяцэзіі, заўсёды меў час, каб часцей наведаць родныя мясціны. Не прапускаў аніводнай сямейнай падзеі: хросты, шлюбы, пахаванні. Але буду хутчэй успамінаць, а не сумаваць, бо нам усім і так хапае прыкрых рэчаў.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская