Беларускі манах-францішканін Дзмітрый Лукша ўжо дзевяць гадоў служыць у Астрахані. Законнік даў інтэрв’ю “Каталіцкаму Весніку” напярэдадні свайго ад’езду ў Расію.
– У кожнай духоўнай асобы ёсць свая цікавая і прыгожая гісторыя паклікання. Раскажыце, калі ласка, сваю.
– Я лічу, што пакліканне нараджаецца з таго моманту, як толькі чалавек прыходзіць у касцёл. Мяне ў святыню прывялі ў дзяцінстве. Пасля Першай Камуніі я стаў міністрантам. У нашай парафіі ў Астраўцы дапамагалі служыць айцы-францішкане з Польшчы. У той час адбылося першае маё знаёмства з гэтым ордэнам. У нейкай ступені ўжо тады нарадзілася маё пакліканне. Ужо тады Бог меў пэўны план адносна мяне, міністранта, якому было прыкладна дзевяць гадоў. Мае першыя ўражанні пра манахаў – вельмі наіўныя, бо я глядзеў адразу на іх адзенне. Законнікі мяне заўсёды натхнялі, асабліва калі наш закрыстыянін казаў: «Гэта не проста святары, яны “вышэй”. Гэта моцна кранала.
Пасля 9-га класа я паступіў на майстра па рамонце і пашыве абутку. Аднойчы ў цягніку сустрэў аднаго міністранта, брат якога быў першым ксяндзом з Астраўца. Пакуль мы ехалі, ён мне расказваў пра жыццё гэтага святара. Яго аповед мяне моцна ўразіў і стаў пэўным пачаткам у ажыццяўленні майго паклікання. Пасля першага курса я вырашыў пайсці ў семінарыю. Хацеў кінуць вучобу, але маці параіла адразу давучыцца. Я паслухаў яе і скончыў вучылішча датэрмінова. Пасля паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Але думкі пра манаства мяне не пакідалі. Гісторыю Касцёла ў семінарыі выкладаў францішканін айцец Юзаф, чалавек вельмі пазітыўны і вясёлы. Я захапляўся яго аптымізмам. Усё ж пакінуць семінарыю было вельмі складана.
– Як урэшце выйшла, што Вы сталі манахам, а потым апынуліся ў Расіі?
– Так атрымалася, што, навучаючыся ў семінарыі, я аднойчы не здаў два залікі. Тады дакладна вырашыў, што пайду ў манастыр. Але пасля трох месяцаў прабывання ў Польшчы мне сказалі, што ў мяне няма паклікання і адправілі дамоў. Тады айцец Юзаф параіў мне паехаць да братоў у Расію. Ужо назаўтра я адправіўся туды і знаходжуся там па сённяшні дзень.
– Цікава, якая розніца паміж святаром-манахам і проста братам-манахам?
– Святар-манах адпраўляе святую Імшу, спавядае, удзяляе сакраманты. Манах, які не з’яўляецца святаром, займаецца ў асноўным хатняй гаспадаркай, можа праводзіць катэхезу. Розніца ёсць і ў навучанні. Паколькі я вучыўся проста на брата, а не на святара, у семінарыі я быў вольным слухачом. Я хадзіў на выбарачныя прадметы. Семінарысты здаюць усе экзамены і залікі, вольны слухач жа здае толькі пэўныя дысцыпліны, пра якія дамаўляецца яго настаяцель. Але здае абавязкова, бо гэта частка манаскай фармацыі. Напрыклад, “Маральную тэалогію” я здаваў па свайму асабістаму жаданню. Таксама мае адзнакі ні на што не ўплывалі.
– Чым у асноўным Вы займаецеся штодня?
– У манастыры я адказваю за кухню і гатую ежу для братоў, забяспечваю манастыр усімі неабходнымі ў гаспадарцы рэчамі. Штодня адчыняю касцёл, падрыхтоўваю ўсё патрэбнае да Імшы, сачу за чысцінёй літургічнага адзення, адказваю за тэрыторыю каля святыні. Таксама праводжу экскурсіі для турыстаў, расказваю ім пра гісторыю касцёла і пра жыццё нашых манахаў.
– Колькі чалавек служыць разам з Вамі?
– Усяго ў Астрахані служаць тры чалавекі. Адзін манах-святар з Польшчы і два браты-манахі з Беларусі.
– З гісторыі вядома, што Астрахань заўсёды вызначалася этнічнай разнастайнасцю. Раскажыце крыху пра Вашу парафію сёння, хто яе наведвае?
– У Астраханскім рэгіёне прыкладна тысяча католікаў. У нашай парафіі ёсць недзе дзвесце чалавек. Аднак на самай справе на нядзельную Імшу да нас прыходзіць каля 60-70 вернікаў. У будні дзень ўвогуле толькі адзін-два чалавекі. Сярод тых, хто наведвае святыню ў нядзелю, значная частка студэнтаў з Афрыкі. Сапраўды, наша парафія складаецца з розных нацыянальнасцей. Ёсць вернікі армянскай нацыянальнасці, прыходзяць сем’і, дзе муж паляк, а жонка руская. Наведваюць парафію і тыя, хто калісьці пераехаў з Украіны. Чыста рускія сем’і ёсць, але больш з нямецкімі каранямі.
– Якія адносіны ў мясцовых католікаў з мусульманамі?
– Наша парафія знаходзіцца ў мусульманскім раёне, які з’яўляецца тэрыторыяй павышанай небяспекі. Таму настаяцелю даводзіцца афармляць антытэрарыстычны пашпарт, з якім заўсёды шмат валакіты. Часам здаралася, што на дзень ПДВ былі сутычкі паміж дэсантнікамі і мусульманамі. Аднойчы прадстаўнікі АМАП папрасілі нас нават выйсці з касцёла і правесці малітву дома, бо заставацца там было небяспечна. З боку мусульман да нашай парафіі ніколі не ўзнікала ніякіх пытанняў. Іх муфтый (асоба вышэйшага мусульманскага духавенства) ставіцца да нас з павагай. На вуліцы, калі хтосьці з мусульман бачыць, што я іду ў касцёл па пешаходным пераходзе, заўсёды прыпыняецца. На жаль, рускія часта могуць праехаць, не спыніўшыся.
– А якая сітуацыя з мясцовымі пакліканнямі?
– З пакліканнямі ўсё складана. З нашай парафіі ёсць толькі адна дзяўчына, якая нядаўна пайшла ў кляштар. Калі казаць пра францішканаў, то ў Расіі ёсць толькі адзін брат з Калмыкіі.
– У Беларусі духоўныя асобы часта сустракаюцца на спецыяльна арганізаваных сустрэчах. Ці праводзіцца штосьці падобнае ў Вашай дыяцэзіі?
– Наш біскуп любіць арганізоўваць сустрэчы за мяжой для духоўных асоб нашай дыяцэзіі раз на два гады. Дарэчы, на адной з такіх сустрэч у Чэнстахове я на сваё здзіўленне сустрэў знаёмую манахіню з маёй роднай Астравецкай парафіі. Раз на год мы сустракаемся таксама ў Расіі. Часта рабіць штосьці падобнае няма магчымасці праз вялікія адлегласці. Толькі наш дэканат цягнецца каля 400 км. І такіх дэканатаў у нашай Саратаўскай дыяцэзіі шмат, з адлегласцю паміж сабой ад 300 да 1000 км. Калі атрымаецца, то наступны раз мы ўсёй дыяцэзіяй сустрэнемся ў Дамбаі, на Каўказе. Нашы дыяцэзіяльныя духоўныя сустрэчы – гэта найбольш яркія моманты, бо мы бачымся вельмі рэдка. Усе з розных краін: з Беларусі, Польшчы, Аргенціны, Мексікі, Індыі, Інданэзіі і г.д. Кожны са сваёй культурай, традыцыяй. Такія сустрэчы нас як місіянераў вельмі аб’ядноўваюць.
– Як выглядае Ваша споведзь, калі паміж парафіямі такая вялікая адлегласць?
– Жывучы ў Расіі, я пачаў шанаваць споведзь. Калі ж знаходзіўся ў Беларусі, побач было шмат святароў, багата выбару. Ад Астрахані да найбліжэйшай парафіі – 420 км. Каб паспавядацца, трэба ехаць вельмі доўга. Увечары я сядаю на цягнік, які толькі ранкам прыбывае ў Валгаград. Еду на споведзь да айцоў-вербістаў, у іх знаходжуся ўвесь дзень. Назад зноў такі ж доўгі шлях. На жаль, да нас святары прыязджаюць вельмі рэдка, бо мы знаходзімся “на краі зямлі”, далей толькі мора. Часам даводзіцца спавядацца ў свайго настаяцеля, што не рэкамендуецца. Ёсць яшчэ адзін выратавальны момант: з дазволу мы маем права спавядацца ў святароў іншай канфесіі, напрыклад, у армянскага святара, што я часам і раблю.
– Якія галоўныя адрозненні католікаў Беларусі і Расіі Вы можаце назваць?
– Калі беларус прыходзіць у касцёл, ён становіцца на два калены. У Астрахані я бачу такое вельмі рэдка. У асноўным становяцца на адно калена або робяць паклон. У гэтым нічога страшнага няма, але гэта крыху не па нашай каталіцкай традыцыі. Аднойчы да нас прыйшлі чатыры чалавекі, якія сталі на калені. Тады я зразумеў, што гэта не мясцовыя вернікі. І сапраўды, гэта былі спартсмены з Беларусі, якія гулялі за гандбольную каманду Астрахані. Было бачна, што іх выхоўвалі ў традыцыйнай каталіцкай сям’і. У размовах з мясцовымі вернікамі, у іх паводзінах таксама бачна, што няма каталіцкага падмурку. Так адбываецца, бо сярод мясцовых вернікаў шмат хто перайшоў у каталіцтва з пратэстантызму, праваслаўя або проста стаў вернікам у дарослым жыцці.