Skip to main content

“Я хацела б убачыць свае працы чужымі вачамі”. Ядзвіга Сянько, мастачка, якая піша іконы

изображение viber 2021 07 02 17 21 48 843З 12 па 18 чэрвеня 2021 года паломнікі на аўтамабілях правезлі па Беларусі 8 копій абразоў Маці Божай з вядомых санктуарыяў краіны. Іх напісала мастачка-афармляльніца Ядзвіга Сянько з Маладзечна па просьбе ініцыятара паломніцтва кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка.

Праект быў задуманы восенню 2020 года.

Да новага года мастачка аддала эскізы будучых абразоў, але толькі ў красавіку атрымала званок ад кс. Уладзіслава: “Ядзвіга, прыступаем да працы!”. Па просьбе біскупа Казіміра Велікасельца да шасці напісаных копій дадаўся абраз Маці Божай Брэсцкай і, у апошні момант, гродзенская Маці Божая Кангрэгацкая.

Першая ікона – пачатак шляху

Ядзвіга Сянько – мастачка і іканапісец. Сваю першую буйную працу – “Сэрца Марыі” – напісала ў 20 гадоў. Раму для палатна зрабіў тата-сталяр. Абраз мастачка падарыла касцёлу ў пасёлку Краснае, Маладзечанскага раёна, дзе ён доўгія гады вісеў на адным з галоўных месцаў – ля амбона, а пазней быў перавешаны на калону.

Сваю ўсвядомленую творчую дзейнасць Ядзвіга пачала ў 1997 годзе ў праваслаўнай кнізе ў Мінску. Убачыла аб’яву аб супрацоўніцтве з мастакамі-іканапісцамі і прыехала ў сталіцу. Мастачку блаславіў мітрапаліт Філарэт, і яна пачала працаваць. З таго часу творчасць жанчыны звязана з іконамі і абразамі.

Зараз Ядзвіга піша ў асноўным каталіцкія абразы. На яе рахунку ўжо каля 2 300 работ. Але ў капілцы ёсць і пейзажы з нацюрмортамі: іх за творчую кар’еру назбіралася ўжо каля 600.

8 копій абразоў Маці Божай пасля паломніцтва па Беларусі да 30 чэрвеня знаходзіліся ў Гродне. З 1 па 3 ліпеня яны былі выстаўлены на ўрачыстасцях у Будславе, 10–11 ліпеня – у Тракелях. 18 ліпеня выявы Багародзіцы прывязуць у парафію Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. Таксама іх можна будзе ўбачыць на ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.


изображение viber 2021 07 02 17 20 15 344

У планах Ядзвігі Сянько – дапісаць копіі абразоў Юравіцкай і Гомельскай Маці Божай


Працаваць, не выходзячы з дому

Мастачка працуе дома, каб не плаціць арэнду за майстэрню. “Пішу шмат, я працаголік! – кажа жанчына. – Устаю ў 7.15. Затым малітва ды кава. І адразу саджуся за працу”.

Самую “пыльную работу” – падрыхтаваць палатно, зашліфаваць, наклеіць, прагрунтаваць – робіць муж. Ён прыносіць гатовыя палотны пад памер, які просіць Ядзвіга.

Малюнак наносіцца алоўкам і ў агульных колерах фарбамі. Затым абраз сохне (у добрае надвор’е гэта займае суткі). Праз дзень можна прапісваць усё грунтоўна: драпіроўкі, вочы, рукі – і палатно зноў прасыхае. Пасля дадаецца фарба залатога колеру, кладзецца толькі на сухі слой. Прапісваецца яшчэ раз тонкі пласт: румянец, дробныя штрыхі. Перад апошнім этапам палатно сохне двое сутак і ўжо потым пакрываецца мастацкім лакам для выраўноўвання паверхні і захавання алейных фарбаў.

Каб вочы не стамляліся, у абед мастачка стараецца выходзіць на вуліцу. “Былі выпадкі, калі не выбіралася з дому некалькі дзён. Напрыклад, калі пісала гэтыя абразы для пілігрымкі, бо шкадавала часу, трэба было тэрмінова скончыць, – дзеліцца Ядзвіга. – З трапятаннем і малітвай я ў думках нібыта ішла з абразамі ў гэтай пілігрымцы. Гэта вельмі кранальна, што іконы, якія выйшлі з-пад майго пэндзля, аб’ехалі такую тэрыторыю. Калі бачыла, як людзі маліліся перад гэтымі абразамі, у мяне аж мурашкі па нагах бегалі: там жа часціца маёй душы! Я сачыла за паломніцтвам, глядзела фатаграфіі”.

У Ядзвігі Сянько ёсць 4 праекты выстаў:

1. Выстава “Кветкавы рай” – кветкавыя кампазіцыі, анёлы, Мадонны з кветкамі;

2. Выстава іканапісу, дзе толькі каталіцкія і праваслаўныя іконы;

3. Выстава “Святло ікон” – уключае таксама працы пад даўніну;

4. Выстава “Свет душы маёй” – праект да юбілею Жыровіцкага манастыра.

“Гэтыя праекты запланаваны на год наперад, і яны пераязджаюць па Беларусі”, – кажа Ядзвіга.


изображение viber 2021 07 02 17 20 46 717

Выстава мастачкі ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску


На Гродзеншчыне я таксама жыву!

Іконы, якія піша мастачка раз’ехаліся па ўсёй Беларусі і не толькі. Дзве працы ёсць у Гродзенскім манастыры сясцёр назарэтанак: абраз бласлаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка і абраз заснавальніцы кангрэгацыі бл. Францішкі Сядліскай.

У Гродзенскім раёне абразы Ядзвігі Сянько знаходзяцца ў Міхалішках, Вярэйках і ў ваўкавыскай парафіі св. Станіслава Косткі.

Самы запамінальны заказ – 11 навагрудскіх мучаніц, 2 метры. Мастачка пісала яго для ксяндза ў Літве. Заказчык сам забіраў палатно, было праблематычна правезці яго праз мяжу. “Ды і 11 твараў напісаць досыць складана”, – адзначае Ядзвіга.

Запомніліся таксама два абразы памерам каля 2 метраў для бакавых алтароў касцёла ў Міхалішках. Ядзвіга ставіла каля сцяны палотны, якія ўпіралася ў столь, а ўнізе на каленях дапісвала працу. “Я вельмі хвалявалася, таму што пісала не з арыгіналаў (яны былі выкрадзены), а з выявы ў календары. На здымку ўсё каля алтара застаўлена кветкамі. Але святар сказаў: «Памаліцеся, Ядзвіга». І я так працавала”, – успамінае мастачка.

Калі ты запатрабаваны і патрэбны – гэта адна з галоўных прычын быць маладым душой

Ядзвіга Сянько дорыць іконы сябрам і блізкім, ахвяруе храмам. “Я выбарча дару свае работы, ведаючы, што чалавеку будзе гэта прыемна і што ён разумее ўсю праробленую працу, – распавядае мастачка. – Лічу, што высілак ідзе на карысць, калі ахвяруеш, дорыш святыні. Да таго ж добрая справа грэе душу”.

“Я спадзяюся, што тыя малітвы, якія людзі ўзносяць каля напісаных мною абразоў, тыя добрыя пасылы перадаюцца часцінкай і мне. Што Бог узнагароджвае за маю працу. Мне ўжо 63 гады, але не адчуваю гэтага ўзросту. Калі ты запатрабаваны і патрэбны – гэта адна з галоўных прычын быць маладым душой. Усемагутны дае мне жаданне працаваць і жаданне тварыць, а таксама сілу і аптымізм. Сысці на пенсію і ўсесціся на лаўцы – барані, Божа!” – сцвярджае мастачка.

У Ядзвігі ёсць мара, якая ніколі не споўніцца. “Я хацела б убачыць свае працы чужымі вачамі”, – дзеліцца жанчына.

Паводле "Слова Жыцця", Вольга Сяліцкая

 

Рэдагавана: 14 Ліпеня 2021