Skip to main content

Інтэрв’ю з беларускай сястрой-місіянеркай пра веру, патрыятызм і гасціннасць у Грузіі

siostra Ogar8Сярод беларускіх святароў і манахінь ёсць шмат місіянераў. Салезіянка сястра Верóніка Огар з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі, якая амаль тры гады працуе ў Грузіі, падзялілася з “Каталіцкім Веснікам” асаблівасцямі свайго служэння ў Закаўказзі.

– Хвала Хрысту! Паважаная сястра, раскажыце крыху пра сябе.

– Хвала навекі! Я нарадзілася на Лідчыне ў вёсцы Бердаўка. У маім дзяцінстве ў нас не было касцёла. Таму ў нядзелю на Імшу мы ездзілі або ў Ліду, або ў Ліпнішкі. Калі я была ў трэцім класе, у нашай вёсцы адкрыўся касцёл, пробашчам якога стаў салезіянін кс. Станіслаў Лугоўскі. У той жа год ён падрыхтаваў нас да Першай Камуніі. Вёска з прыходам гэтага святара, можна сказаць, ажыла. Ён збіраў дзяцей, моладзь, дарослых, да кожнага маючы свой падыход. Не баяўся адважных прапаноў, запрашаў нас на малітву, на працу і адпачынак. Мне вельмі падабалася жыццё ў Касцёле. Мама прывіла нам жаданне штодзённай святой Імшы.

Нас у сям’і было пяцёра: яшчэ тры мае браты і сястра. І дзе толькі была магчымасць патрапіць на “Канікулы з Богам”, пайсці ў пілігрымку, паехаць на сустрэчу моладзі або рэкалекцыі, я ўсюды ахвотна ехала. Спачатку як удзельнік, пасля, ў больш сталым узросце, як аніматар.

– Якім быў Ваш шлях да манаства?

– Летам, пасля Першай Камуніі, маючы дзевяць гадоў, я патрапіла ў пілігрымку з Варшавы ў Чэнстахову. І сястра, якая арганізавала нашу групу, мяне вельмі ўразіла. Яна моцна клапацілася пра кожную з нас. І тады мне захацелася быць як яна…

Закончыўшы вучобу, я звярнулася да сясцёр-салезіянак з просьбай прыняць мяне ў Кангрэгацыю. На духоўнай фармацыі была некаторы час у Беларусі, пасля ў Італіі, на зямлі нашых заснавальнікаў – св. Яна Боска і св. Марыі Дамінікі Маддзарэлла. Пакліканне лічу вялікім дарам ад Бога, які я адкрывала паступова. Але найбольш мне дапамог прыклад шчаслівых святароў і сясцёр, а таксама чытанне біяграфій святых.


siostra Ogar7


– А як Вы патрапілі на місіі?

– У 2014 годзе я склала першыя манаскія абяцанні і два гады працавала ў Бараўлянах, пасля ў Смаргоні. А ў 2018 годзе наша настаяцельніца накіравала мяне ў Грузію. І вось ужо амаль тры гады жыву і працую ў Тбілісі.

– У чым асаблівасці служэння ў Грузіі?

– Грузія ў пераважнай большасці праваслаўная краіна. Католікаў тут толькі 1% ад усяго насельніцтва. Гэта з аднаго боку складанасць, а з другога, дар – быць сямейным Касцёлам, дзе амаль усе між сабою знаёмыя.

Ва ўсёй краіне ёсць шаснаццаць парафій, дзе рэгулярна адпраўляецца Святая Імша, і яшчэ некалькі капліц, куды даязджаюць з літургічнай паслугай. Некаторыя святары абслугоўваюць па некалькі парафій.

– Мясцовых святароў толькі пяцёра. Іншыя ж місіянеры з Італіі, Польшчы, Беларусі. Ёсць таксама дзесяць манаскіх мужчынскіх і жаночых супольнасцей. Гэта місіянеры з Індыі, Польшчы, Буркіна-Фасо, Італіі, Беларусі, Францыі, Конга, Літвы, Перу.

– Колькі сясцёр у Вашай салезіянскай супольнасці?

– Нас тры чалавекі. Дзве сястры з Польшчы і я, з Беларусі. Ёсць яшчэ адна наша супольнасць у паўднёвай частцы Грузіі. Там нашы сёстры-салезіянкі моляцца ў армянскім абрадзе. Дарэчы, ёсць таксама чатыры мясцовыя манахіні армянскага паходжання.

– Распавядзіце пра Вашы асноўныя заняткі і абавязкі ў Грузіі?

– У Тбілісі мы маем невялікі выхаваўчы цэнтр для дзяцей. Таксама ўжо другі год я працую пры Апостальскай адміністрацыі для католікаў лацінскага абраду на Каўказе. Адказваю за “Моладзевы пастаральны цэнтр”. Давераныя абавязкі нясуць за сабой не толькі адказнасць, але і магчымасць бліжэй быць да людзей, асабліва да моладзі. Лепш пазнаць іх быт, мары, клопаты, быць побач у патрэбах і радасцях, суправаджаць на шляху хрысціянскага ўзрастання.

Зараз па прычыне пандэміі наш выхаваўчы цэнтр не можа працаваць, як раней. Аднак мы шукаем розныя спосабы, як дапамагчы людзям. І апроч усіх цяжкасцяў і мінусаў пандэміі, знайшліся і плюсы. Магчыма, наша дзейнасць у пэўным сэнсе страціла сваю маштабнасць, але адкрыўся шлях для больш індывідуальнага, блізкага падыходу. Таксама мы пачалі даязджаць у некаторыя вёскі і дапамагаць святарам, збіраючы дзяцей і моладзь у араторый і на фармацыйныя сустрэчы.


siostra Ogar5


– Якая яна, каталіцкая моладзь Грузіі?

– Працуючы з моладдзю і лічачы сябе маладой таксама, заўважаю, што грузінская моладзь, так як і моладзь усяго свету, мае жаданне глыбей пазнаць і свядома даручыць Богу сваё жыццё. У грузінскай моладзі адчуваецца вельмі моцнае пачуццё патрыятызму. Маладыя людзі хочуць ганарыцца тым, што яны католікі, хочуць зрабіць нешта важнае для свайго Касцёла, для сваёй краіны. Мы ж са свайго боку стараемся суправаджаць, дапамагаць. Напрыклад, адна з ініцыятыў нашага пастаральнага цэнтра – школа лідараў, якую праводзім у супрацоўніцтве з кс. Паўлам Рудзьманам і яго камандай.

Такім чынам прадстаўнікі моладзі розных парафій атрымліваюць фармацыю і веды для таго, каб дапамагаць сваім святарам у моладзевай пастаральнай дзейнасці. Так, у прыватнасці, адна дзяўчына захацела арганізаваць араторый для дзетак. Пачала з дваіх дзяцей тры месяцы таму, а зараз іх ужо пятнаццаць чалавек. А адзін юнак, разумеючы, што ў сілу сваіх абавязкаў пакуль не можа рэгулярна ахвяраваць свой час для служэння пры парафіі, вырашыў падрыхтаваць інфармацыю пра касцёлы Грузіі і змясціць у Вікіпедыі.

– У адной грузінскай прыказцы гаворыцца: “Кожны госць – падарунак ад Бога”. Ці адчулі Вы гэта?

– Гэта сапраўды так. З самага пачатку, як прыехала сюды, я з радасцю ўдзельнічаю ў парафіяльных святах. Уявіце, на іх прыязджаюць вернікі з усіх парафій, каб разам сустрэцца, памаліцца, адсвяткаваць, падзяліцца, падтрымаць адно аднаго.

Спачатку ўсе сустракаюцца вакол эўхарыстычнага стала. А пасля не абысціся без традыцыйных спеваў і танцаў, і, канешне ж, смачнага абеду. Грузінская гасціннасць вельмі ўражвае.

– А што з грузінскай мовай?

– Мне вельмі моцна падабаецца служэнне ў Грузіі сярод цудоўных людзей. Аднак адной невялікай складанасцю з’яўляецца мова. Таму вучуся, стараюся. А таксама малюся аб новых пакліканнях з гэтай зямлі да манаскага і святарскага служэння, каб Евангелле прапаведавалася тут на прыгожай чыстай грузінскай мове.

 

Рэдагавана: 01 Ліпеня 2021