У красавіку працягнула сваю працу біблійная школа “Профэтос” пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. Гэта ўжо чацвёртыя заняткі (першыя адбыліся 22-24 студзеня).
Дзеля інтэрв’ю ў перапынках паміж лекцыямі карэспандэнт сустрэлася з яе выкладчыкамі.
Па-першае, хацелася больш дэталёва прыгледзецца да гэтай новай ініцыятывы ксяндза Юрыя Жэгарына ў справе евангелізацыі насельніцтва, вядома, каб потым праз парафіяльную газету расказаць людзям пра плён, які яны могуць атрымаць ад школы.
Па-другое, вельмі вабіла знаёмства з выкладчыкамі.
А зараз хачам падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы.
Знаёмцеся:
Ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, доктар біблійнага багаслоўя, канцлер Гродзенскай дыяцэзіі, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжа святога Казіміра ў Гродне, выкладае чатыры прадметы, якія скарочана можна назваць біблійнымі навукамі. Нарадзіўся ў Гродне, пасля заканчэння гродзенскай семінарыі служыў вікарыем у Ашмянах. З благаслаўлення біскупа Аляксандра Кашкевіча вучыўся ў Рыме, скончыў Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт, абараніў там доктарскую дысертацыю.
Ксёндз Валерый Марціноўскі, доктар біблійнага багаслоўя, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, рэзідэнт парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах, духоўны айцец Віцебскай дыяцэзіі. Родам з Міёраў Віцебскай вобласці. Скончыў пінскую семінарыю. Служыў вікарыем у Віцебску, пробашчам у Гарадку Віцебскай дыяцэзіі. Працягваў адукацыю ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне (Польшча). Ужо другі год працуе ў семінарыі ў Гродне, выкладае Святое Пісанне – пяцікніжжа, гістарычныя кнігі. Яму таксама даручана біблійная спецыялізацыя.
Ксёндз канонік Юрый Санько, ліцэнзіят пастаральнага багаслоўя, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, пробашч касцёла святога Роха ў Мінску. Быць душпастырам (пробашчам) лічыць сваёй галоўнай функцыяй. Родам з Нясвіжа. Пасля заканчэння ў 23 гады семінарыі паўгода (з лютага па верасень) быў на практыцы ў Маладзечне, дзе ладзіў 15-ю пілігрымку ў Будслаў. Будучы дыяканам, быў пераведзены ў Мінск сакратаром на Кальварыю. 2 чэрвеня 2007 года біскуп Антоні Дзям’янка ўдзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне. У 2007-2014 гадах быў душпастырам у Шабанах, у 2014 годзе прызначаны ў парафію Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску, дзе раней працаваў сённяшні біскуп Юрый Касабуцкі.
Ксёндз Юрый Жэгарын, доктар пастаральнага багаслоўя, ліцэнзіят журналістыкі і сацыяльнай камунікацыі, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Катэхетычнага каледжа ім. Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку. Родам з Гродзенскай вобласці, пасля заканчэння семінарыі ў Гродне быў скіраваны на практыку ў в. Макараўцы (Бераставіцкі р-н) і Забалаць (Воранаўскі р-н). У 2007 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Аляксандрам Кашкевічам, і быў скіраваны на служэнне ў Сапоцкін (Гродзенскі р-н), а пазней на навучанне ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, дзе ў 2011 г. абараніў доктарскую дысертацыю.
Са святарамі пагутарыла Фаіна Малюжэнец.
- Хвала Хрысту, паважаныя святары і выкладчыкі біблійнай школы “Профэтос”! Найперш раскажыце, якія дарогі прывялі вас у Навагрудак, дакладней у біблійную школу. Што пасадзейчала таму, каб вы, маючы выкладчыцкія абавязкі па навучанні будучых святароў, усур’ёз заняліся рэлігійнай адукацыяй свецкіх людзей?
Кс. Юрый: На векі вечныя! Калі дазволіце, я адкажу за ўсіх прысутных тут ксяндзоў. Мы ў Навагрудку па запрашэнні вашага пробашча, ксяндза Юрыя Жэгарына. Але адносна сябе дадам, што я тут не проста ў якасці запрошанага, у нейкім сэнсе я нават маю дачыненне да арганізацыі гэтай школы. Пачну, як кажуць, здалёк.
Мы з ксяндзом Юрыем разам вучыліся і сябравалі на працягу шасці гадоў вучобы ў семінарыі. Разам рыхтаваліся, удвух здавалі cantus (спеў), гэта такі абавязковы прадмет, які, як і літургія, у семінарыі вывучалі на працягу шасці гадоў. Мы і да сённяшняга дня захавалі добрыя стасункі і маем зносіны.
Калі гадоў дзесяць таму ў маім жыцці наступіў духоўны крызіс, Бог праз Біблію дапамог мне справіцца з гэтым. Бог – той, хто здольны змяніць наша сёння, і Ён адкрыў у маім жыцці новае. Адбылася сустрэча са свецкім чалавекам, доктарам па прафесіі – спадаром Васілём Шутавым, які больш за 20 гадоў самастойна вывучае Біблію, дарэчы, ён таксама выступае ў школе “Профэтос”. І мы разам паглыбіліся ў Біблію. Гэта мне дапамагло справіцца з крызісам.
Пра ўсё гэта мы часта разважалі з ксянзом Юрыем, і так з’явілася ідэя арганізацыі біблійнай школы. Так што школа спалучыла мой досвед і праграму ксяндза Юрыя, спадзяёмся, людзям будзе цікава.
- І вось школа пачала працаваць. Дзякуючы сацыяльным сеткам пра яе даведаліся ва ўсёй Беларусі, і для многіх людзей яна стала чаканай сустрэчай з Бібліяй. Дарэчы, як вам падаліся слухачы школы? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі пра ўдзельнікаў. Напэўна, вы ўжо паспелі да іх прыгледзецца.
Кс. Валерый: Так, я ўжо другі раз праводжу тут заняткі і бачу зацікаўленасць слухачоў. Але адначасова бачу і розны ўзровень іх падрыхтоўкі. Самае складанае для выкладчыка – усвядоміць, што перад табой не навукоўцы. Я таксама не адразу ведаў Біблію, цалкам я яе прачытаў толькі ў семінарыі. У школе ж некаторыя з слухачоў нават цытуюць Святое Пісанне, яны свядома слухаюць яго. Біблія – гэта невычарпальная кніга. Таму са слухачамі школы на працягу года будзем сістэматычна працаваць па яе вывучэнні – чытаць, разбіраць і г.д.
Кс. Аляксандр: Слухачы школы маюць вельмі добрае прагненне – пазнаваць Святое Пісанне. Біблія – слабое месца многіх католікаў, звычайна людзі знаёмыя з ёю павярхоўна. Таму лічу, што біблійная школа вельмі патрэбная! Тут добрыя слухачы, уважлівыя, зацікаўленыя ў вывучэнні Бібліі. Вядома, што школа для свецкіх людзей мае сваю спецыфыку. У семінарыі студэнты вывучаюць Біблію па праграме навучання, больш глыбока і дэталёва. Для свецкіх людзей немагчыма выкладаць Святое Пісанне ў такім аб’ёме. Але, на маю думку, праграма заняткаў у школе для свецкіх таксама дастаткова грунтоўная і шырокая. Відаць, што слухачы знаёмыя са Святым Пісаннем, любяць яго, сістэматычна чытаюць, папросту жывуць Бібліяй. Ва ўсялякім разе, у мяне склалася такое ўражанне. Радуюся, што ёсць людзі, зацікаўленыя словам Божым, гатовыя прысвяціць час і старанні, каб яго яшчэ лепей пазнаць.
- Ксёндз Аляксандр, Вы, у адрозненне ад ксяндза Валерыя і ксяндза Юрыя, у школе першы раз. Якой яна Вам падалася?
Кс. Аляксандр: Мне ў школе спадабалася. Наколькі я зарыентаваўся, тут ёсць не толькі лекцыі, але і праца ў групах, дыскусіі. Такая інтэрактыўная праца ў групах яшчэ болей развівае слухачоў. Спадабалася, што пасля лекцый адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, што ёсць магчымасць індывідуальнай малітвы. Біблійная школа – гэта не толькі ўзбагачэнне інтэлектуальнае, але і абавязкова духоўнае. Усебаковае развіццё – гэта калі веды плюс вера. І “Профэтос” гэта спалучае.
- Значыць, на Вашу думку, у гэтай біблійнай школы ёсць будучыня? Якім бачыце яе развіццё? А можа, што параілі б змяніць?
Кс. Аляксандр: Гэта вялікая радасць, што ёсць такая школа, якая стварае магчымасць вывучаць Божае слова. Гэта ўсяляе аптымізм. Магчыма, маё першае ўражанне не поўнае. Яно эмацыйнае. Але мне здаецца – гэта пазітыўная ініцыятыва.
- Ну а зараз мне хочацца, каб кожны з вас адным сказам абазначыў будучыню біблійнай школы “Профэтос”.
Кс. Юрый: Школа будзе развівацца.
Кс. Аляксандр: На маю думку, школа мае будучыню, хаця немагчыма сёння сказаць, наколькі масава гэта будзе.
Кс. Валерый: Што з гэтага атрымаецца, пакажа час.
- У свецкім жыцці зараз модна, каб кожны праект, кожная ініцыятыва мелі свой слоган, такі кароткі рэкламны заклік. Раней гэта называлася дэвізам. Не ведаю, наколькі гэта можна прымяніць да рэлігійнага праекту, але тым не менш, які слоган, на вашу думку, можа мець біблійная школа “Профэтос”?
Кс. Аляксандр: Слоган? Сама назва школы. Профэтос – у перакладзе з грэчаскай мовы – прарок. Біблійныя прарокі абвяшчалі сучаснікам слова Божае. Назва цікавая, арыгінальная. Кожны хрысціянін з’яўляецца ў пэўным сэнсе прарокам, калі слухае Божае слова і дазваляе, каб яно ім кіравала.
Кс. Валерый: А вось вам слоган ад мяне. На маю думку, ідэю і мэты школы дакладна адлюстроўваюць словы “Выплыві на глыбіню!”.
- Пра школу мы пагаварылі, яна для дарослых, а можа, вы б яшчэ далі і нейкія рэкамендацыі па далучэнні дзяцей да чытання Бібліі?
Кс. Аляксандр: Дзяцей далучаць да Бібліі – цяжкі, але важны занятак. Сёння можна знайсці дзіцячыя Бібліі з малюнкамі. Але выхоўваць трэба не такім спосабам, што садзім дзяцей і чытаем, ім неабходна расказваць. Дзецям лягчэй зразумець вобразы. Сітуацыі запамінаюцца. Да самастойнага чытання Бібліі чалавек павінен дарасці. Аповеды збоку дапамогуць дзіцяці зразумець. А бацькам трэба разумець, што вера нараджаецца са слухання. Аб гэтым піша святы апостал Павел у Пасланні да Рымлянаў 10, 17: “Таму вера – ад пачутага, а пачутае – праз слова Хрыста”. Менавіта так і нарадзілася Біблія.
Кс. Валерый: Я згодзен з ксяндзом Аляксандам: вера нараджаецца са слухання. Я, як чалавек, які духоўна падтрымлівае святароў (мы ўсе слабыя людзі), бачу моцную сілу Божага слова.
Кс. Юрый: Магчыма, я скажу не зусім па тэме біблійнага выхавання дзяцей, пра што казаў ксёндз Аляксандр, але, азіраючыся на сваё дзяцінства і юнацтва, разумею, што для фарміравання дзіцяці, у тым ліку і рэлігійнага, вызначальным з’яўляецца і слова, і таксама станоўчы прыклад… бацькоў, святароў – усіх тых, хто сустракаецца на іх жыццёвым шляху. Дзякуючы таму, што ў маім жыцці былі менавіта тыя, што трэба, людзі, я ўжо ў 11 класе ведаў, што пайду ў семінарыю, і дакладна ўсведамляў, кім хачу быць. І Бог благаславіў мяне.
Я трэці сын ў сям’і. Маці праваслаўная, бацька быў католік. Гэта ён навучыў мяне чалавечнасці. Сваімі ўчынкамі. Паказаў, якія павінны быць сямейныя адносіны. Цудоўны фундамент добразычлівасці, спагады, чым хочацца дзяліцца з людзьмі. Увогуле, мае бацькі былі чалавечнымі.
У касцёл мяне ніхто не прымушаў хадзіць, нават бабуля. Я сам пайшоў з сябрам, мне было 9 гадоў, яму – 7. У 11 гадоў прыняў Першую святую Камунію. І вось тут у маё станаўленне важкі ўклад унёс ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які служыў у нас у Нясвіжы, я быў тады міністрантам. Па нядзелях ездзіў з ім па святынях, дзе ён цэлебраваў Імшы. Бачыў, як людзі чакаюць святара, каб паўдзельнічаць у Эўхарыстыі, а мы, трэба сказаць, іншы раз спазняліся туды, бо вельмі далёкая была адлегласць. Ксёндз паказваў мне сваё стаўленне святара, таксама расказваў і пра цяжкасці святарскага жыцця.
Таму, калі хочаце, каб з дзяцей штосьці атрымалася, паказвайце ім асабісты прыклад, размаўляйце з імі!
- Дзякуй вам усім за размову, за вашу працу ў біблійнай школе, за тую навуку і тыя настаўленні, якія вы паспелі даць нават у ходзе гэтага інтэрв’ю нам, парафіянам касцёла святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. На завяршэнне, можа, хто з вас яшчэ выкажа свае ўражанні ад нашага горада, зробіць і яму рэкламу таксама, бо, напэўна, гэты нумар газеты слухачы школы павязуць да сябе дамоў у розныя куткі Беларусі? Хай і там ведаюць пра нас.
Кс. Аляксандр: Навагрудак? Прыгожы гарадок. Унікальныя пейзажы. Багатая гісторыя, культура. Калі бываю тут праездам, абавязкова спыняюся і здзяйсняю прагулкі, каб палюбавацца. Навагрудак, несумненна, мае месца ў маім сэрцы. Горад уражвае, дае новыя эмоцыі, захапляе.
Жадаю… мы жадаем усім навагрудчанам заставацца з Богам і жыць біблійным словам!