Духоўныя асобы часцей за ўсё святкуюць Вялікдзень разам з тымі, хто служыць побач, а пасля едуць да родных.
Вялікдзень – свята, якое звычайна збірае разам усю сям’ю, бо радасць ад Уваскрасення Пана настолькі вялікая, што складана ёю не падзяліцца, нават калі хтосьці з родных знаходзіцца ў сварцы. Прабачаюцца або хаця б на момант забываюцца ўсе крыўды, бо і той, хто адцягваў з велікоднай споведдзю да апошняга дня, імчыць да канфесіянала ў дзень Уваскрасення Хрыста, каб з чыстым сумленнем і супакоем на душы адпачыць у коле сям’і.
Часам у клопаце пра сябе і сваіх самых блізкіх забываемся пра тых, хто дапамагае нам крочыць да Езуса і ўваходзіць у Велікодны перыяд абноўленымі. А яны таксама хочуць святкаваць.
“Апошнія дні Вялікага посту – адны з самых «гарачых» для святароў, бо менавіта ў гэтыя дні адбываецца самы вялікі наплыў людзей, ахвотных паспавядацца. Мне аднойчы давялося прасядзець у канфесіянале на працягу 8 гадзін з невялікімі перапынкамі на глыток кавы, каб кожны меў магчымасць спазнаць Божую міласэрнасць і ласку адпушчэння грахоў, – распавядае кс. Павел Скуба, пробашч парафій у Раготне і Дварцы. – І гэта выдатна, бо цешыць, што людзі сумленна імкнуцца выканаць абавязковую ўмову – прыступіць да споведзі прынамсі раз у год. Аднак часта здараецца, што некаторыя падыходзяць і ў Нядзелю Уваскрасення, просячы сесці ў канфесіянал, каб яны мелі магчымасць паспавядацца. Заўсёды стараемся дапамагчы чалавеку прымірыцца з Богам, але, няглядзечы на гэта, хацелася б, каб паслуга святара шанавалася і мы таксама мелі крыху часу для сябе ў гэты важны дзень”.
І зразумела. Мы ўсе прызвычаіліся да сваёй, свецкай, традыцыйнай велікоднай схемы: яйкі – Рэзурэкцыя – святочны стол. А як жа выглядае адзначэнне Вялікадня ў духоўных асоб, калі іх графік больш напружаны?
Час служыць і час святкаваць
Да таго, як заняць пасаду пробашча ў невялікіх парафіях, кс. Павел служыў вікарыем у гродзенскім катэдральным касцёле і лідскім касцёле Святой Сям’і – парафіях, дзе колькасць вернікаў вылічаецца тысячамі.
“Калі нёс паслугу ў Гродне, пасля рэзурэкцыйнай св. Імшы, якая звычайна цэлебруецца а 7-ай гадзіне раніцы, святары з усяго горада збіраліся на велікодны сняданак у сталовай Вышэйшай духоўнай семінарыі. Гэта заўсёды быў прыгожы, урачысты пасілак. Мясцовае духавенства станавілася адной вялікай сям’ёй – біскупы, ксяндзы, клерыкі. І сняданак быў багацейшы, чым звычайны семінарыйны пасілак. Часта пра ежу ў Alma Мater казалі, што харчаванне, як у арміі – макароны і грэчка, бульба ў розных формах і, канешне ж, сасіскі, а ў святочны дзень кухаркі вельмі стараліся: кексы, булачкі, жэле, салаты, гарачыя стравы”, – дзеліцца святар.
Пасля ўрачыстага сняданка святары вяртаюцца кожны ў сваю парафіі, каб ізноў занурыцца ў служэнне: цэлебраваць св. Імшы і заспакойваць духоўныя патрэбы вернікаў. Важна, каб у гэты дзень у святыні чуваў святар, бо, на жаль, для часткі парафіян Вялікдзень – адзіны арыенцір, які прыводзіць іх у святыню.
Са слоў кс. Паўла, у катэдры ксяндзы заўсёды дамаўляліся, хто застаецца ў касцёле у першай палове дня, а хто ўвечары, каб у кожнага была магчымасць ненадоўга завітаць да родных.
“Зразумела, бацькі заўсёды застануцца бацькамі, аднак з прыняццем сакраманту святарства ў чалавека з’яўляецца яшчэ адна сям’я. Гэтак жа ў хлопца ці дзяўчыны, якія бяруць шлюб. Яны маюць права адзначыць свята ўдваіх, а пасля наведаць родных. Таму і духоўныя асобы часцей за ўсё святкуюць Вялікдзень разам з тымі, хто служыць побач, а пасля едуць у адведкі. Гэта натуральна”, – адзначае кс. Павел.
Адзін Вялікдзень – два ўваскрасенні
Служачы пробашчам, кс. Павел цэлебруе дзве Рэзурэкцыі ў адзін дзень – у парафіі ў Раготне а 6-ай гадзіне раніцы і ў парафіі ў Дварцы – а 8-ай. Калі мясцовыя справы вырашаны, а ўсе вернікі разышліся дадому сустракаць гарадскіх гасцей, святар мае магчымасць наведаць сваіх бацькоў і бабулю ў Крамяніцы (Зэльвенскі раён). “У нашай сям’і так павялося, што ані дні нараджэння, ані іншыя свецкія ўрачыстасці не маюць такога значэння ў святкаванні, як Вялікдзень. У гэтую ўрачыстасць мы заўсёды мелі найбольш разнастайны і багаты стол. Бабуля была адказная за печыва, самае смачнае – з начынкай з яблычнага варэння. Далей, зразумела, яйкі. А яшчэ вялікая колькасць салатаў, на розны лад прыгатаванае мяса і рыба. Раскоша!” – дадае з усмешкай святар.
Кс. Павел таксама мае цёплыя ўспаміны з супольнага сямейнага перажывання Святога Пасхальнага Трыдуума. Ён з братамі звычайна прыслужваў каля алтара, а іх бацька імкнуўся прыняць больш актыўны ўдзел у набажэнстве, напрыклад, несучы балдахін над Найсвяцейшым Сакрамантам ці крыж падчас працэсіі. “Памятаю, у Вялікую пятніцу ў сям’і панаваў асаблівы настрой. Адметна, што кожны з нас перажываў яе на адной хвалі, цалкам пранікаючыся атмасферай. У гэты дзень мы абыходзіліся без тэлевізара і камп’ютэра, а пасля набажэнства абмяжоўваліся сціплай вячэрай – гарбатай з хлебам – і клаліся спаць, – распавядае святар. – Калі я яшчэ не быў навучэнцам семінарыі, сямейную велікодную малітву заўсёды ўзначальваў бацька, а калі я перайшоў на трэці курс і атрымаў сутану – перадаў гэтае права мне. Так і дагэтуль – з Божым словам да родных звяртаюся я, а тата набожна моліцца побач”.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская