“Радыё Марыя” – найбуйнейшае з каталіцкіх медыяў у Беларусі. Яго штодзённая аўдыторыя налічвае ад 500 да некалькіх тысяч слухачоў.
Сёння размаўляем пра фінансавы бок справы з Яўгеніяй Найдовіч – каардынатарам праекта і адной з яго заснавальніц. Шчыры аповед пра тое, як самая вялікая каталіцкая рэдакцыя ўтрымліваецца выключна на ахвяраванні беларускіх католікаў.
Нам казалі, што такое немагчыма
– Гісторыя з “Радыё Марыя” пачалася ў 2014 годзе, а запрацавала яно толькі ў 2016-ым. Якім быў гэты шлях? Праз церні да зорак?
– Не ведаю наконт зорак – можа, да якіх іншых нябесных свяцілаў, – але дакладна праз церні (смяецца – заўв. аўт.). Гэта была жудасная адміністрацыйна-юрыдычная праца, і яе вынікі не залежалі ад нас. Мы ўвесь час сутыкаліся з лянівасцю, недаадукаванасцю і нежаданнем увогуле ўнікаць у сэнс пытанняў з боку розных людзей у розных установах. Гэта страшна злавала.
– У сілу сваёй прафесійнай дзейнасці Вы ўжо мелі вопыт абівання парогаў. Гэта дапамагала?
– Я ведаю, што заўсёды павінен быць вынік. У сваім жыцці праходзіла шмат розных рэгістрацый, перарэгістрацый, ліквідацый прадпрыемстваў... Мяне гэта не страшыць. Аднак гісторыя з “Радыё Марыя” была надзвычайнай. Два яго складнікі – рэлігійны і інфармацыйны – ставілі чыноўнікаў у такое становішча… То-бок, ідзеш туды, куды цябе накіравалі па рэлігійнай частцы, а табе кажуць: “Не-не-не! Гэта вам па інфармацыйнай, на агульных умовах”. Прыходзіш туды, а там кажуць: “Не, вам трэба не да нас, а да тых першых”. І так па кругу, па кругу, па кругу... Прычым вельмі доўга. Але мы ведалі, што вынік будзе. Мусілі проста быць безэмацыйнымі і метадычнымі.
– Узгадваюцца словы кс. Ігара Лашука, што, працуючы з дакументацыяй для будаўніцтва касцёла, яму часам падаецца, быццам будуе касмічны карабель. З рэгістрацыяй “Радыё Марыя” было таксама?
– Так, думаю, гэта прыкладна як пабудаваць касцёл.
Адказныя людзі не разумеюць, як радыё можа быць некамерцыйным праектам. Нас пыталі: “Дык а хто будзе вас фінансаваць?”. А мы адказвалі, што будзем існаваць на ахвяраванні. Складана было патлумачыць, што ў радыё няма мэты атрымліваць нейкі прыбытак. Наш праект быў хіба ці не адным з першых падобных у Беларусі.
Многім цяжка ўцяміць карысць, якую нясе наша радыё для людзей
– Я чуў, што Ваша рэдакцыя называе “Радыё Марыя” “невідавочна карысным” праектам. Чаму?
– Гэта ўзялося з таго, што, калі ў самым пачатку мы пачалі запрашаць да сябе валанцёраў і прасіць аб ахвяраваннях, нам было цяжка патлумачыць сваю карыснасць. Ахвяраванні звычайна ідуць ад людзей з мяккім і адкрытым сэрцам. Такім яно робіцца ад жалю, спачування камусьці. Напрыклад, хворым дзецям, бадзяжным жывёлам, якіх адстрэльваюць ці якім трэба палячыць падбітую лапу. Тыповае “бяздомных укрыць, сасмаглых напаіць, галодных насыціць”. Вось гэта ў межы звычайнага чалавечага разумення добра ўкладаецца.
Але “Радыё Марыя” кажа пра духоўныя патрэбы, якія таксама існуюць, але яны невідавочныя. Мы не ведаем, напрыклад, што робіцца ў душы старэнькай самотнай бабулі. Ці як адчувае сябе чалавек, які знаходзіцца сам-насам са сваім невылечна хворым дзіцём. Калі табе балюча, страшна, самотна, ты не будзеш слухаць нейкае забаўляльнае радыё. Гэтае ўмоўнае вяселле, музычка там – яно ні аб чым.
Вось чаму многім цяжка ўцяміць карысць, якую нясе “Радыё Марыя” для людзей.
– Калі слухаеш “Радыё Марыя”, узнікае пачуццё моцнай супольнасці сярод пастаянных слухачоў. Ды і Вы ў рэдакцыі нярэдка пра гэта кажаце. Я правільна разумею, што ёсць кола асоб, якія слухаюць Вас бесперапынна і для якіх Вы жыццёва важныя?
– Такія людзі ёсць. Яны нібыта чальцы нашай радыё-сям’і. Я таксама слухаю “Радыё Марыя”, яно мне падабаецца, бо тое, што чую там, – разумнае і добрае.
Увогуле, калі мы знаёмім людзей з “Радыё Марыя”, гаворым: “Проста паверце. Проста знайдзіце ў сабе сілы пераадолець боязь інтэрнэту, сваё нежаданне знаёміцца з нечым новым. Націсніце на гэтую кнопку аднойчы і больш ужо не зможаце вушэй адляпіць”. Калі ўключыш і паслухаеш, што тут кажуць, дык ужо сорамна неяк выключаць робіцца (смяецца – заўв. аўт.).
– А Вас слухаюць духоўныя асобы? Мне часам падаецца, што праект не карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод іх.
– Я думаю, гэта залежыць ад духоўных асоб. Мае знаёмыя святары, напрыклад, кажуць, што праект ім падабаецца. Я ж не магу залезці ў іх галовы і праверыць, ці рэальна яны слухаюць, ці проста хочуць зрабіць мне камплімент. Аднак мы дакладна ведаем, што радыё слухаюць і яно падабаецца. Бачым пэўны прыток да “Радыё Марыя”. За апошнія 4 гады мы значна палепшыліся. Цяпер атрымліваем шмат добрых водгукаў, у тым ліку ад святароў і сясцёр. Ёсць манаскія дамы, дзе “Радыё Марыя” не выключаецца. Ёсць святары, якія кажуць:
“Я слухаў вось гэта – было класна, а вось гэтаму скажыце, каб папрацаваў над мовай”.
Чым далей жыву, тым больш хачу бегчы і прасіць грошы на гэтае радыё
– У Вас чацвёра дзяцей, бізнес, сабакі і да гэтага ўсяго яшчэ “Радыё Марыя”, на працу якога трэба знайсці 10 тысяч рублёў у месяц. Як Вы з гэтым жывеце?
– У гэтай з’явы – у 10-ці тысячаў рублёў – ёсць канкрэтная назва – “гільятына”. Гэта наша фінансавая гільятына, калі трэба заплаціць за арэнду, выплаціць заробкі пяці супрацоўнікам, падаткі на гэтыя заробкі. Напрыканцы яшчэ аплата камуналкі і розныя дробныя плацяжы. Сякера падае на шыю некалькі разоў на месяц – плацяжы надыходзяць адзін за адным.
Дзякуй Богу, я не адна адказная за пошук гэтых сродкаў. Кс. Аляксандр Фаміных (духоўны кіраўнік “Радыё Марыя” – заўв. аўт.) таксама нястомна ездзіць па Беларусі, знаёміць людзей з радыё, просіць аб фінансавай падтрымцы. Есць валанцёры, якія шмат дапамагаюць. Есць і ахвярадаўцы, якія падтрымліваюць радыё значнымі ўнёскамі, але нават не кажуць сваё імя.
З-за таго, што выдаткі на працу студыі вялікія, а праз АРІП прыходзіць недастаткова, мы вырашылі не прапускаць ніводных выхадных, калі можам выехаць да людзей у якуюнебудзь парафію. А ўвогуле, калі б у нас было больш грошай, маглі б яшчэ больш рабіць: і паляпшаць якасць праграм, і манціраваць цікавыя відэафільмы, і шмат яшчэ чаго.
Некаторыя кажуць: “О, 10 тысяч, якая велічэзная сума!” ці “Навошта вам столькі? Вы ж інтэрнэт-радыё!”. Аднак, калі гляджу на лічбы выдаткаў, у мяне ад іх валасы дыбам устаюць.
– Я правільна разумею, што з гэтых 10-ці тысяч рублёў 30-40% ідзе на падаткі?
– Так, значная частка сродкаў ідзе на аплату падаткаў на заробкі. Калі справа жыве за кошт ахвяраванняў і не мае бізнес-мэты, такія вялікія выдаткі асабліва заўважаюцца.
Дарэчы, заробкі ў людзей на радыё зусім невялікія. Думаю, касіры ў краме зарабляюць больш, чым плацім мы. Аднак тут робіцца неверагодны аб’ём працы. Жартуем, што ад гукачоў, якія манціруюць праграмы, часам валіць дым. Хочам нарэшце дайсці да такога ўзроўню, каб плаціць супрацоўнікам заробкі, якіх яны сапраўды заслугоўваюць сваім прафесіяналізмам і адказнасцю. Пакуль мы не ў стане гэта рабіць, але спадзяюся, што зменім сітуацыю.
– Такі аб’ём адказнасці, які на Вас вісіць у “Радыё Марыя”, прыляцеў адразу ці паступова?
– Мне не было страшна браць адказнасць ад самага пачатку радыё. Мы бачылі прыклады з іншых краін і разумелі, што гэта працуе і што мы не можам быць іншымі. Усе хрысціяне, католікі, аднолькавыя. Ім патрэбна інфармацыйнае асяроддзе, якое дае “Радыё Марыя”, і, у прынцыпе, няма такіх краін, дзе на гэта не ахвяруюць. Ёсць краіны, дзе гэтых ахвяраванняў мала, напрыклад, у Расіі. Гэта такі сумны прыклад. Але ў цэлым, людзі падтрымліваюць “Радыё Марыя” паўсюль.
Чым далей жыву, тым больш хачу бегчы і прасіць грошы на гэтае радыё. Ужо сёння я ведаю, хто нашы слухачы, ведаю, якія яны, іх лёсы. І дакладна ведаю таксама, што ім вельмі патрэбна наша радыё.
– Вам шмат разоў хацелася ўсё кінуць?
– Ніколі не хацелася. Магу сказаць, што, магчыма, “Радыё Марыя” – адзіная рэч, якая трымае мяне цяпер у Беларусі. Мой муж ужо не жыве тут, і я б хацела жыць разам з ім. Думаю, што магу з’ехаць з краіны, закрыць свой бізнес, здаць ці прадаць дом. Аднак калі ўзгадваю “Радыё Марыя”, мне проста як нажом па сэрцы.
– Колькі парафій за ўсе гэтыя гады Вы з “Радыё Марыя” аб’ездзілі?
– Складана палічыць, трэба было б статыстыку паглядзець. Але парафій 100 дакладна ёсць.
Трэба ставіцца да ахвяраванняў як да платы за шчасце
– Мне падаецца, што беларускія католікі гатовы ахвяроўваць большыя сумы грошай пры нейкай нагодзе. Аднак з тым, каб штомесяц падтрымліваць пэўныя ініцыятывы невялікай сумай – ужо цяжэй. Пры такім раскладзе “Радыё Марыя”, напрыклад, было б прасцей. Кожны месяц некалькі тысяч слухачоў маглі б скідвацца невялікай сумай і цалкам пакрываць усе расходы. Чаму гэта так не працуе?
– Складана сказаць. Мы з’яўляемся некамерцыйным медыйным праектам, на які тэхнічна і юрыдычна дастаткова складана арганізаваць такія штомесячныя ўклады. Прасцей за ўсё гэта робіцца г. зв. рэкурэнтным (паўтаральным) плацяжом з банкаўскай карткі. Гэта значыць, штомесяц у цябе аўтаматычна спісваецца, напрыклад, 5 рублёў.
Мы такую штуку зрабілі праз падпіску на наш архіў. Думаю, калі арганізаваць вялікую інфармацыйную кампанію, то ўмоўныя дзве тысячы асоб, якія былі б гатовы даваць нам штомесяц па 5 рублёў, знайшліся б. І сярод католікаў, і сярод людзей, якія спачуваюць католікам.
– А чаму тады не арганізуеце?
– Праз гэтыя тэхнічныя складанасці. Калі б мы сказалі: “Падпішыся на «Радыё Марыя»!” – і з тваёй карты спісваліся б грошы, было б, магчыма, прасцей. А так трэба тлумачыць, што такое архіў і як зрабіць падпіску на яго. Гэта складана. А можа, мы лянуемся проста. Пакуль што выбралі такі шлях: ездзім па парафіях і просім аб ахвяраваннях. Ёсць, канешне, і ўсе магчымыя сучасныя шляхі, якімі можна скласці ахвяраванне і падтрымаць працу радыё.
– Значыць гэтыя нядзельныя выезды больш эфектыўныя і з пункту гледжання збірання ахвяраванняў, і для распаўсюджвання “Радыё Марыя”?
– Так, нам важна ўбачыць людзей, паразмаўляць з імі. Адна з галоўных мэт нашых падарожжаў – навучыць людзей карыстацца радыё. А яшчэ з такіх паездак прывозім цікавыя гісторыі, якія нам расказваюць людзі, і якія пасля пераўтвараюцца ў праграмы. Заўважылі, што калі ў парафіі ўжо ёсць хтосьці, хто слухае “Радыё Марыя”, і калі святар ужо сам паслухаў нас і ўбачыў відавочную карысць для людзей, тады колькасць слухачоў там хутчэй памнажаецца. Да прыкладу, мы нядаўна былі ў Баранавічах, і там у касцёле не было ніводнай асобы, хто б слухаў нас. У такіх парафіях цяжэй, там людзі проста праходзяць міма. Першыя гады мы плакалі ад такога. А цяпер ужо прызвычаіліся (амаль) і ставімся да гэтага паіншаму. З уласнага досведу ведаем, што наступны прыезд сюды будзе ўжо іншым. Галоўнае, што яшчэ з аднаго месца на карце мы атрымаем цяпер тэлефонны званок і ўключанае радыё.
– Атрымліваецца, што, нягледзячы ні на што, беларускія католікі дастаткова ахвярныя і яны, у прынцыпе, у стане цалкам самастойна ўтрымліваць рэдакцыю “Радыё Марыя”?
– Ёсць людзі вельмі ахвярныя, ёсць тыя, хто кажа: “Ксёндз сказаў даць, на табе 20 капеек”. І гэта таксама ахвярнасць. Мы яшчэ ідзём да культуры фінансавай адказнасці за свае ініцыятывы. Мы расцём. Сёння ў Беларусі словам “данаты” ўжо нікога не здзівіш, гэта цалкам нармальна. Мы развіваемся.
Вось кажуць, што пратэстанты ў плане ахвяраванняў на свае справы вельмі эфектыўныя. Напрыклад, калі ў супольнасці няма храма, яны за кошт дзесяціны і высокай фінансавай адказнасці скідваюцца і дастаткова хутка яго будуюць. А ў католікаў з гэтым больш праблем – шматтысячныя парафіі гадамі ўзводзяць касцёлы.
На маю думку, няма праблемы ў ахвярнасці католікаў. Праблема хутчэй у арганізаванасці. А яшчэ мне падаецца, што ў нас, беларусаў, ёсць пакуль крыху няправільнае стаўленне да грошай. Існуюць правілы “зэканоміць, а не зарабіць” і “зарабіць і патраціць на відавочна карыснае”. Лепш парамантаваць ці набыць машыну, чым звазіць сям’ю на адпачынак кудынебудзь – пабыць усім разам і атрымаць супольныя эмоцыі і нематэрыяльны скарб на усё жыццё ў выглядзе ўспамінаў. Няма такога стаўлення, што грошы – гэта надзвычайна карысная рэч, якую можна зарабляць і якой можна кіраваць, а не прыціскаць да сэрца.
Увогуле, назвы, якімі мы часта называем грошы – капейчына, “дзенюжка” – досыць красамоўныя. Нібыта саромеемся іх, саромеемся таго, што так проста і неабходна. Грошы – цудоўная рэч. Іх трэба даваць, іх трэба зарабляць, трэба думаць, як іх зарабіць, а не зэканоміць. І як зарабіць іх болей, каб падтрымаць і дзіця, што патрабуе на лячэнне, і ката з сабакам, і выданне кнігі, і духоўны праект “Радыё Марыя”...
У нас, людзей, ёсць галава і рукі. А яшчэ мы католікі. У нас Бог стаіць на чале ва ўсіх справах, у якіх хочам зрабіць свой зямны свет лепшым і палепшыцца самім.
Паводле "Слова Жыцця", Артём Ткачук