А. Казіміра Жыліса SJ называюць святаром-легендай. І сапраўды, жыццё езуіта было напоўнена такой колькасцю незвычайных гісторый, што падаецца, нібы знаёмішся з жыццяпісам святога з сярэднявечча, дзе быль часам перасякалася з выдумкай. Аднак, на шчасце, мы маем шмат сведкаў яго зямной вандроўкі, якія дзеляцца сваімі ўспамінамі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі: “Правілам яго жыцця было Евангелле: белае ёсць белым, а чорнае – чорным”.
З 1989 па 1991 год а. Казімір Жыліс быў маім сакратаром. Ён прапанаваў вазіць мяне паўсюль, дзе трэба, бо і так шмат ездзіў здымаць сюжэты, а я з радасцю пагадзіўся.
Ён заўсёды быў вельмі ўслужлівы. І прынцыповы падчас складаных пытанняў маральнасці, здаровага ладу жыцця і вяртання касцёльнай маёмасці. Калі неабходна было весці нялёгкія перамовы з уладамі, яго прынцыповая пазіцыя дапамагла вярнуць не адзін касцёл. Памятаю, як на другі дзень свят Божага Нараджэння ў 1990 годзе я прыехаў у Полацк, каб памаліцца з вернікамі, якія не мелі месца сталай малітвы – збіраліся на вуліцы або ў прыватных дамах. Калі я папрасіў улады выдзеліць для святочнага набажэнства памяшканне, то а. Жыліс адразу прапанаваў цэлебраваць св. Імшу ў актавай зале гарвыканкама. Вядома, улады не пагадзіліся. А. Казімір працягваў настойваць і прапанаваў маліцца каля елкі на цэнтральнай плошчы, але гэта таксама ім не адпавядала. У адказ улады выдзелілі пустуючы кінатэатр, дзе і адбылася св. Імша. Пасля гэты кінатэатр быў перабудаваны ў прыгожы касцёл. Увогуле а. Казімір быў зоркай на небасхіле ваюючага атэізму савецкіх часоў. Нават у цяжкі перыяд ганенняў на хрысціянства ён верыў, што Божая праўда затрыумфуе. Так і сталася: тыя, хто праследаваў езуіта, пазней дзякавалі яму.
Узгадваю таксама, як перад маім пераводам у Маскву ў 1991 годзе я паслаў а. Казіміра ў Далас (ЗША) у тэлевізійную школу “Lumen 2000”, каб падрыхтаваць для Касцёла ў Беларусі кваліфікаванага спецыяліста ў галіне відэамедый. Да той пары ён, здымаючы найважнейшыя набажэнствы, ужо шмат учыніў у справе дакументавання гісторыі адраджэння мясцовага Касцёла. Аднак выклікі часу патрабавалі адпаведна падрыхтаваных спецыялістаў. Наведваючы а. Казіміра ў Амерыцы, я пачуў шмат пахвалы адносна нашага езуіта ад дырэктара тэлешколы. Аднак у той самы час некаторыя звычкі а. Казіміра былі абсалютна незразумелыя для амерыканцаў. Так, напрыклад, вядома, што тамтэйшыя жыхары ўжываюць шмат лёду, кідаюць яго практычна ва ўсе напоі. Таму паўсюль стаяць спецыяльныя машыны, якія прадукуюць лёд. Дык вось, у тэлешколе заўважылі, што іх машына пачала выдаваць замала лёду. Выклікалі майстра. Ён доўга шукаў прычыну паломкі і не змог яе знайсці. Пачуўшы пра гэта, а. Казімір паспяшыў усіх супакоіць, распавёўшы, што машына працуе выдатна, а ён проста вёдрамі выносіў з яе лёд, каб паляжаць у халоднай ванне… У святара паднялся тэмпература, і ён такім чынам хацеў збіць гарачку. Такі быў а. Жыліс!
Вядома, ён з’яўляўся сапраўдным “вязнем” канфесіянала. Вернікі ведалі, што ў гродзенскай катэдры заўсёды можна застаць спаведніка, і ім быў а. Казімір Жыліс.
Лічу, што сваім ахвярным служэннем Касцёлу ў Беларусі а. Казімір збудаваў сабе духоўны помнік, малітоўная сцежка да якога не можа зарасці. І ён сам не можа адысці ў забыццё.
С. Агнешка Лешко, кансэкраваная панна, шматгадовая гаспадыня а. Казіміра Жыліса: “Ён проста рабіў сваю справу, змагаўся супраць сатаны”.
Мы доўга чакалі, каб у нас у Індуры з’явіўся ксёндз. Я сама неаднаразова ездзіла да дэкана, каб ён паспрыяў у гэтай справе. І нарэшце нам прызначылі а. Казіміра, які адразу зрабіў уражанне вельмі сціплага чалавека. Памятаю, як пры сустрэчы сказала яму: “Ойчанька, у нас тут ніякіх умоў няма, ні вады, ні ацяплення”. А ён у адказ: “Дык мне толькі людзі патрэбны”. Быў вельмі сціплы і ў харчаванні. Нічога не хацеў і меў толькі адно да мяне патрабаванне: каб раніцай і ў абед быў малочны суп, а ўвечары – бульба з кіслым малаком.
На самой жа справе яму яшчэ і нагадваць пастаянна прыходзілся, каб паеў, бо з-за шматлікіх абавязкаў заўсёды не меў часу.
Адна з яго галоўных заслуг падчас служэння ў Індуры – барацьба за цвярозасць сярод мясцовых жыхароў. Як распавядаў сам а. Казімір, у юнацтве ягоныя сябры напаілі яго гарэлкай, пасля чаго яму стала так блага, што паабяцаў Госпаду: заўсёды буду змагацца з алкаголем! Аднак рабіў гэта незвычайнымі спосабамі. Адмаўляўся служыць пахавальныя св. Імшы, калі даведваўся, што падчас памінак вернікі збіраюцца спажываць алкаголь. На амбоне ў яго заўсёды вісела вяроўка, якой пагражаў адлупцаваць, калі ўбачыць кагосьці п’яным. Зразумела, падобная пазіцыя не ўсім была даспадобы, але прынесла плён: многія перасталі піць і навярнуліся. Разам з тым, а. Казімір і чуласць праяўляў, калі бачыў, што чалавека зацягвае алказалежнасць. Развозіў мужчын па хатах, калі знаходзіў іх п’яных, а сустракаючы з пахмеллем, купляў ім прадукты: ці то кефір, ці то хлеб…
Увогуле айцец быў сапраўдным міласэрным самаранінам. Ніколі нічога не патрабаваў ад людзей, толькі аддаваў. Нават калі будаваў ці аднаўляў касцёл, самастойна шукаў або зарабляў грошы на гэтую справу, не просячы ў парафіян.
Усе ведаюць яго смеласць у супрацьстаянні савецкай уладзе, аднак гэтая адвага праяўлялася ва ўсім. Аднойчы ён заўважыў, што атруцілі яго сабаку, і сцяміў, што хтосьці рыхтуецца да злачынства. Пачаў класці пад ложак сякеру. І сапраўды, пэўнай ноччу нехта паспрабаваў улезці ў яго хату. Пачуўшы нехарактэрныя гукі, а. Казімір падышоў да акна і высунуў з яго сякеру… Злачынцы ўбачылі, спужаліся і ўцяклі!
Я пачала сумаваць па айцу, як толькі ён пакінуў Індуру, каб пераехаць у Гродна. Неаднаразова наведвала яго там, вазіла ўлюбёны малочны суп. Некалькі гадоў таму прыязджала да яго ў Варшаву, калі быў на лячэнні. Ачуняўшы пасля комы, а. Казімір прызнаўся, што бачыў Езуса, які сказаў, што яго час яшчэ не наступіў. А цяпер, атрымліваецца, час усё-такі прыйшоў…
Кс. Анджэй Ганчар, былы турэмны душпастыр, пераемнік абавязкаў а. Казіміра: “Ён прымаў кожнага чалавека і быў прыкладам у служэнні”.
Я пазнаёміўся з а. Казімірам, калі праходзіў практыку ў гродзенскай катэдры, дзе ён служыў. Першае, што кінулася ў вочы, – гэта бясконцы пазітыў святара: ён быў здольны радавацца, нават калі яму дакучалі хваробы, і ніколі не скардзіўся на боль. Жартаваў і над уласнай немаччу. Часта казаў: “Я замарожу або засмажу гэты рак!” (маецца на ўвазе ў палонцы ці ў парылцы. А. Казімір любіў нетрадыцыйную медыцыну – заўв. аўт.). Да радаснай асобы заўсёды цягнуцца людзі, так і з а. Казімірам хацеў быў побач кожны, хто хоць аднойчы сустрэў яго.
Аднак наколькі моцна здольна любіць сэрца гэтага езуіта, я зразумеў толькі тады, калі пачаў спадарожнічаць а. Казіміру ў служэнні вязням. Прыходзячы ў камеры, ён даваў гэтым людзям надзею на перамены, на любоў. Стараўся знайсці падыход да кожнага, карыстаўся турэмным жаргонам, каб размаўляць на адной мове з вязнямі.
У турме яго ведалі і шанавалі ўсе: і “першаходы”, і “аўтарытэты”.
У першую чаргу, а. Жыліс клапаціўся, каб кожны са зняволеных быў ахрышчаны, чытаў Біблію і прымаў св. Камунію.
Аднойчы мы даведаліся, што вязень, якога айцец толькі ўчора паспавядаў, уначы спрабаваў здзейсніць самагубства. А. Казімір адразу прыбег у камеру і пачаў нагадваць пра каштоўнасць гэтага чалавека ў вачах Бога. І той зноў прыступіў да споведзі, маючы слёзы пакаяння ў вачах.
Калі айцец з’ехаў у Варшаву, яго падапечныя вязні яшчэ доўга пыталіся ў мяне пра яго і абяцалі малітвы ў інтэнцыі добрага здароўя езуіта. У сваю чаргу а. Казімір марыў, каб святары, якія абслугоўваюць турму, дапамагалі людзям і пасля заканчэння тэрміну іх заключэння. Сам ён неаднаразова і духоўна, і матэрыяльна падтрымліваў тых, хто выйшаў з вязніцы. Ведаю, што дзякуючы намаганням а. Жыліса многія навярнуліся і працягнулі практыкаваць веру на волі.
Адзначу, што а. Казімір вельмі любіў ісці ў заклад. І аднойчы мы заклаліся, што ён пахудзее на 20 кг. Калі айцец пераможа, я павінен быў купіць яму 20 бутэлек “амерыканскай гарэлкі” – так езуіт называў “Кока-Колу”. І ён скінуў гэтую вагу! Але прычынілася хвароба. Я ўзяў яму 5 бутэлек напоя замест 20-ці (бо навошта столькі?!), а ён у адказ паабяцаў, што калі памрэ, будзе прыходзіць да мяне ўначы і казытаць! Ну, цяпер чакаю, калі ён наведае мяне. А падсумоўваючы… гэта быў святы чалавек!
Генуя Шведко, прадстаўніца каталіцкай супольнасці літоўцаў у Гродне: “Нельга было не адчуць яго дабрыню”.
Вядома, што а. Казімір Жыліс нарадзіўся ў Літве, дзе і стаў святаром, аднак, адчуўшы місійнае пакліканне, апынуўся ў Беларусі. Нас, прадстаўнікоў літоўскай супольнасці Гродна, на дадзены момант налічваецца 170 сямей і, зразумела, нам ад самага пачатку хацелася мець адмысловага духоўнага кіраўніка, чуць Божае слова на роднай мове. З хвіліны ўзнікнення супольнасці літоўцаў мы звярнуліся да біскупа Аляксандра Кашкевіча з просьбай праводзіць св. Імшу па-літоўску. Спачатку ён рабіў гэта сам, а пасля запрасіў а. Казіміра. На працягу доўгіх гадоў збіраліся з ім на св. Імшу кожную нядзелю ў пабрыгіцкім касцёле.
Мне ён запомніўся як вельмі добры, клапатлівы святар з выдатным пачуццём гумару. Ён заўсёды забаўляў нас выкананнем частушак на літоўскай мове – вельмі любіў гэты занятак. Прыгадваю таксама, як падчас шлюбнай св. Імшы, чытаючы малітву верных, а. Казімір адзначыў і мяне: “Памолімся за нашую Генечку, каб яна знайшла сабе добрага мужыка, а то самому даводзіцца прыходзіць у яе сад і трэсці яблыні, каб дапамагчы сабраць ураджай”. Я была ўдавой, і мне сапраўды неабходна была падтрымка па гаспадарцы, а а. Казімір быў тым чалавекам, які не пакіне бліжняга ў патрэбе. Аднак у той дзень смяяліся ўсім касцёлам.
Мы любілі ладзіць Дзень цэпелін – нацыянальнай літоўскай стравы. Звычайна праводзілі яго ў Дзень незалежнасці Літоўскай Рэспублікі. Сутнасць была ў тым, каб кожны з удзельнікаў прыгатаваў цэпеліны на свой лад і прынёс іх частавацца. Зразумела, не адно такое свята не абыходзілася без а. Казіміра, які заўсёды хваліў мае цэпеліны з начыннем з трайнога мяса: птушкі, ялавічыны і свініны.
І хоць звычайна святар быў цалкам непераборлівы ў ежы, у гэты дзень ён адводзіў душу. Аднак насамрэч, ці былі цэпеліны, ці не, за ўсім гэтым хавалася жаданне проста быць побач з людзьмі, якіх даверылі яго апецы.
Дарэчы, а. Казімір спачыў у вігілію свята незалежнасці Літвы. А мы, пакуль тут, будзем штомесяц на роднай мове святара ўзносіць малітвы аб вечным шчасці для яго ў Божым Валадарстве.
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Марцішэўская