Сёлета ў Каталіцкім Касцёле ўпершыню адзначалася Нядзеля Божага слова, якую ўстанавіў папа Францішак. Адпаведны дакумент Святы Айцец падпісаў у дзень літургічнага ўспаміну смерці св. Гераніма – вялікага перакладчыка Бібліі на зразумелую простым людзям мову.
Пра сутнасць Нядзелі Божага слова і каштоўнасць кнігі Святога Пісання распавядае кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, доктар біблійнай тэалогіі і выкладчык Святога Пісання ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі.
– Кс. Аляксандр, у чым сэнс Нядзелі Божага слова? На які плён разлічана ініцыятыва Святога Айца?
– Папа Францішак у апостальскім пасланні ў форме motu proprio “Aperuit illis” падкрэслівае, што ўстанаўленне Нядзелі Божага слова мае на мэце прыгадаць праўду пра тое, што Бог у сваёй бясконцай любові вядзе са сваім людам нястомны дыялог. Гэты дыялог адбываецца праз Святое Пісанне, якое Пантыфік называе скарбніцай, што змяшчае ў сабе невычэрпныя духоўныя багацці. Урачыстая цэлебрацыя Нядзелі Божага слова мае быць выразам нашай удзячнасці Пану Богу за такі цудоўны дар. Акрамя таго, адзначэнне нядзелі, прысвечанай Божаму слову, павінна заахвоціць нас да штораз глыбейшага ўключэння ў поўны любові дыялог з Богам праз частае, а лепш за ўсё рэгулярнае чытанне Святога Пісання, разважанне яго зместу і кіраванне ім у паўсядзённым жыцці.
Варта заўважыць, што ўзгаданы папскі дакумент не ўсталёўвае нейкіх канкрэтных літургічных норм ці абрадаў, звязаных з цэлебрацыяй Нядзелі Божага слова, але заахвочвае кожную супольнасць у Касцёле перажываць гэты дзень урачыста і знайсці такую форму святкавання, якая б выразна падкрэсліла значэнне Бібліі ў жыцці Касцёла і ўказала вернікам вартасць як асабістага, так і супольнаснага чытання Божага слова.
– Папа Францішак адзначыў, што цэлебрацыя Нядзелі Божага слова носіць экуменічны характар. Якім чынам гэта павінна дапамагчы ўмацаваць сувязь паміж рэлігіямі?
– Безумоўна, Нядзеля Божага слова выдатна ўпісваецца ў кантэкст студзеня – месяца, падчас якога стараемся ўмацаваць нашу духоўную сувязь з вызнаўцамі іудаізму і молімся аб еднасці хрысціян. Святы Айцец Францішак падкрэслівае, што выбар менавіта гэтага перыяду літургічнага года не быў выпадковасцю.
Верым, што Пан Бог скіраваў сваё Слова найперш выбранаму народу – люду Ізраэля. Тое, што мы, хрысціяне, называем Старым Запаветам, з’яўляецца Бібліяй яўрэйскага народу, якую мы “атрымалі ў спадчыну” ад сваіх старэйшых братоў у веры. Чытаючы Стары Запавет, даведваемся аб тым, як Пан Бог аб’яўляў сябе сынам Ізраэля, як нястомна ўваходзіў з імі ў дыялог любові, прамаўляючы да свайго люду рознымі спосабамі: як праз словы прарокаў і натхнёных біблійных аўтараў, так і праз канкрэтныя гістарычныя падзеі, у якіх народ Ізраэля бачыў рэалізацыю збаўчых Божых планаў. Чым глыбей як хрысціяне пазнаём Стары Запавет, тым лепш разумеем, якая моцная сувязь яднае нас з вызнаўцамі іудаізму: вера Ізраэля і яго гісторыя – частка супольнай гісторыі збаўлення.
У святле хрысціянскай веры Божае аб’яўленне дасягнула сваёй паўнаты ў Асобе Езуса Хрыста – уцелаўлёнага Божага слова.
Як чытаем у Пасланні да Габрэяў, “шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына” (Гбр 1, 1–2а). Усе хрысціянскія канфесіі прызнаюць Біблію крыніцай Божага аб’яўлення і вераць, што ўсё Святое Пісанне – як Стары, так і Новы Запавет – сведчыць аб Хрысце: пазнаванне Бібліі набліжае чалавека да Божага Сына і робіць магчымай асабістую сустрэчу з Ім. Таму паслядоўнікі Хрыста незалежна ад канфесіі, да якой належаць, не толькі глыбока паважаюць Святое Пісанне, але і імкнуцца рэгулярна чытаць і лепш пазнаваць Божае слова, каб магчы рэалізаваць яго ў сваім жыцці. Чым больш мы наблізімся да Хрыста, тым лепш пазнаем Яго, чым больш любові да Яго будзем мець у сваіх сэрцах, тым лягчэй нам будзе пераадольваць доўгі і цяжкі шлях да еднасці.
– У пратэстантаў і яўрэяў Біблія мае вельмі вялікае значэнне – штодня сягаюць да яе тэкстаў. Як прывіць гэтую звычку многім католікам?
– На жаль, у сувязі з рознымі гістарычнымі ўмовамі, і не толькі, Каталіцкі Касцёл не заўсёды дастаткова клапаціўся аб тым, каб пасяліць у сэрцах сваіх вернікаў любоў да Святога Пісання і імкненне да частага асабістага яго чытання. У гэтым плане можна шмат чаму навучыцца ў прадстаўнікоў іудаізму ці ў братоў пратэстантаў.
На шчасце, Каталіцкі Касцёл “даганяе”, асабліва пачынаючы з перыяду пасля ІІ Ватыканскага Сабору, вынікамі якога сталі, між іншым, вялікі рух біблійнага аднаўлення, паглыбленне важнасці Святога Пісання ў літургіі, катэхезе, у агульным і спецыялізаваным душпастырстве, а таксама ў іншых сферах жыцця Касцёла. У паслясаборны час нарадзілася шмат каштоўных душпастырскіх ініцыятыў, накіраваных на зацікаўленне вернікаў Бібліяй і палягчэнне вывучэння гэтай унікальнай Кнігі.
Варта адзначыць, што ў мясцовай рэчаіснасці гэты працэс пачаўся са значным спазненнем, таму што фактычна да пачатку 1990-ых гадоў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза немагчыма было набыць экземпляр Бібліі, а душпастырская дзейнасць Касцёла, асабліва ў катэхетычна-адукацыйным аспекце, была значна абмежаваная. Такім чынам, у адрозненне ад заходніх краін, у нашым кантэксце толькі ў апошнім дзесяцігоддзі XX стагоддзя сапраўды ўзніклі ўмовы, якія дазвалялі асабістае і супольнаснае вывучэнне Святога Пісання. Гэта, безумоўна, не азначае, што католікі да нядаўняга часу не ведалі Божага слова. Удзел у св. Імшы і іншых літургічных набажэнствах, падрыхтоўка да першых сакрамантаў, рэлігійнае выхаванне ў сям’і – усё гэта прыводзіла да таго, што самыя важныя моманты Бібліі былі вернікам вядомыя. Аднак абуджэнне ў людзей жадання асабістага чытання Божага слова па-ранейшаму застаецца вельмі важнай праблемай для ўсёй супольнасці Касцёла: не толькі для святароў, кансэкраваных асоб, катэхетаў, кіраўнікоў рэлігійных груп і рухаў, але і для тых вернікаў, якія ўжо адкрылі для сябе багацце і прыгажосць чытання Бібліі і якія цяпер, дзелячыся сведчаннем веры, могуць заахвоціць іншых (напрыклад, членаў уласнай сям’і, знаёмых, сяброў, калег) звярнуцца да Святога Пісання.
– Як спалучыць тое, што Біблія з’яўляецца Божым словам, але напісана людзьмі? Што азначае натхнёнасць яе тэкстаў?
– Біблійнае натхненне – адна з самых складаных тэалагічных праблем. Не ўнікаючы ў падрабязнасці і значна спрашчаючы, паняцце натхнення можна прадставіць наступным чынам: каб напісаць Біблію, Бог выкарыстаў людзей, якіх сам абраў і заклікаў да гэтай задачы, і адначасова так паўплываў на іх розум і волю, што яны верна і без памылак перадалі ўсё, што Ён хацеў адкрыць чалавецтву.
Тое, што Святое Пісанне – гэта натхнёная Кніга, азначае, што Усемагутны пэўным чынам “прынізіўся” да ўзроўню чалавека, скіроўваючы да яго сваё Божае слова ў выглядзе слова чалавечага. Тут можна ўбачыць аналогію з таямніцай Уцелаўлення, у якой Божы Сын прынізіў сябе і прыняў чалавечую натуру. Развіваючы гэтую думку, можам зрабіць выснову, што гэтак жа, як Езус Хрыстус стаў падобным да чалавека ва ўсім, акрамя граху, так і Божае слова падобна на слова чалавечае ва ўсім, акрамя памылкі. Аднак тут варта ўдакладніць: Святое Пісанне не ўтрымлівае памылак у пытаннях, якія непасрэдна звязаны з нашым збаўленнем. Таму не трэба здзіўляцца, калі ў Святым Пісанні знойдзем некаторыя гістарычныя, геаграфічныя і прыродныя недакладнасці. Гэта цалкам натуральна: Біблія была напісана натхнёнымі аўтарамі, якія мелі звычайныя чалавечыя абмежаванні. Аднак вера кажа нам, што Святы Дух “паклапаціўся”, каб у пытаннях збаўлення Святое Пісанне не ўтрымлівала нават найменшай памылкі. Таму разам з псалмістам можам хваліць Бога і дзякаваць Яму за такі цудоўны дар, якім з’яўляецца Біблія: “Слова Тваё – светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі” (Пс 119 (118), 105).
– Чым з’яўляецца практыка веры без звароту да тэкстаў Святога Пісання? Ці мае шанс на развіццё?
– Ва ўзгаданым ужо апостальскім паслані “Aperuit illis” папа Францішак цытуе вядомае выказванне св. Гераніма, доктара Касцёла (IV-V стагоддзе): “Няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста”. Зразумела, мы ўсе ў пэўнай ступені знаёмімся са Святым Пісаннем, нават прымаючы ўдзел у св. Імшы, слухаючы пропаведзі, удзельнічаючы ў традыцыйных набажэнствах і нават молячыся, таму што ўсе малітвы ў пэўнай ступені натхнёныя біблійным зместам. Думаю, цяжка было б знайсці католіка, які б зусім не кантактаваў з Божым словам.
І ўсё ж, глыбіня і інтэнсіўнасць нашага духоўнага жыцця могуць быць рознымі.
І калі сапраўды хочам, каб наша вера не была слабой і павярхоўнай, а станавілася мацнейшай і больш пэўнай, калі прагнем узбагаціць сваё духоўнае жыццё, усталяваць больш цесныя адносіны з Богам, даведацца, чаму верым так, а не інакш, адкуль бяруцца і на чым грунтуюцца праўды вызнаваемай намі веры – абавязкова трэба часта, а лепш за ўсё штодзённа чытаць Святое Пісанне.
У казанні, прамоўленым у першую Нядзелю Божага слова, Святы Айцец сказаў: “Нам патрэбна Яго Слова: слухаць сярод тысяч слоў кожны дзень тое адно Слова, якое гаворыць не пра рэчы, але распавядае пра жыццё. Дарагія браты і сёстры, давайце падрыхтуем у сабе месца для Божага слова! Давайце кожны дзень чытаць некалькі радкоў з Бібліі. Пачнём з Евангелля: будзем трымаць яго адкрытым на тумбачцы дома, насіць з сабой у кішэні ці сумцы, адкрываць на мабільных тэлефонах – дазволім яму натхняць нас кожны дзень. Тады ўбачым, што Бог побач з намі, што Ён асвятляе цемру і з любоўю вядзе наша жыццё на глыбіню”. Няхай гэтае заахвочванне Святога Айца ўпадзе на ўрадлівую глебу чалавечых сэрцаў ва ўсім свеце!
– Біблія паўстала тысячагоддзі таму. Якім чынам яна ўпісваецца ў сучасную рэальнасць, захоўваючы актуальнасць і даючы адказы на хвалюючыя пытанні?
– “Высыхае трава, вяне кветка, а слова Бога нашага трывае заўсёды”, – чытаем у Кнізе прарока Ісаі (Іс 40, 8). “Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць”, – гаворыць Езус (Мк 13, 31). “Слова Божае жывое і дзейснае […], здольнае судзіць думкі і намеры сэрца”, – піша аўтар Паслання да Габрэяў (Гбр 4, 12). Гэта толькі некаторыя з біблійных тэкстаў, якія падкрэсліваюць актуальнасць і нятленнасць Божага слова.
Мінаюць стагоддзі і тысячагоддзі, змяняецца свет і чалавек разам з ім, але людская прырода нязменная. Праблемы і выклікі, небяспекі і пагрозы – нягледзячы на велізарную прорву месца і часу, якая аддзяляе сучаснага чалавека ад аўтараў, герояў і першапачатковых адрасатаў кніг Бібліі, – у асноўным застаюцца тыя ж, як нязменным застаецца і шлях да выратавання, які нам паказвае Бог у словах Святога Пісання. Менавіта таму Біблія па-ранейшаму з’яўляецца (і застанецца назаўжды) самай чытаемай кнігай у свеце, перакладаемай на большасць моў, друкуемай у найбольшай колькасці экземпляраў, прадаваемай і распаўсюджваемай бясплатна самымі шматлікімі партыямі.
– З чаго лепш пачынаць чытаць Біблію? Якія існуюць спосабы пазнання Святога Пісання, і ў чым яны заключаюцца?
– Тым, хто раней наогул не чытаў Біблію, я б раіў пачаць з Новага Запавету, а дакладней – з Евангелляў, якія набліжаюць асобу Езуса Хрыста, Яго словы і ўчынкі. Прачытаўшы ўвесь Новы Запавет, неабходна пазнаёміцца са Старым, які ў святле Новага становіцца значна больш зразумелым і, несумненна, бліжэйшым.
Было б добра паставіць сабе за мэту прачытаць усё Святое Пісанне, таму што гэта самая важная і ўнікальная кніга, якая для нас, хрысціян, з’яўляецца крыніцай веры. Аднак я б не рэкамендаваў спяшацца, каб “праглынуць” Біблію як мага хутчэй. Лепш чытаць павольна, але сістэматычна: кароткімі ўрыўкамі, спрабуючы засяроджвацца на тэксце. Такім чынам мы з часам “адчуем смак” у чытанні Святога Пісання, і яно стане нашай штодзённай патрэбай сэрца.
У Інтэрнэце можна знайсці розныя планы чытання Бібліі, якія прапануюць знаёміцца з асобнымі кнігамі ў адпаведным парадку. Мы, безумоўна, можам іх выкарыстоўваць. Аднак я б не рэкамендаваў карыстацца планамі і даведнікамі, якія абяцаюць чытачу, што, напрыклад, з іх дапамогай ён пазнае Святое Пісанне за тры дні альбо прачытаўшы дзесяць выбраных “найбольш важных” урыўкаў і да т. п. Мы не павінны чакаць, што такога тыпу “біблійныя дапаможнікі” паглыбяць наша веданне Божага слова ці абудзяць запал да яго вывучэння.
Канешне, каб зразумець складаныя, няясныя месцы ў Бібліі, мы можам выкарыстоўваць розныя дапаможныя сродкі: перш за ўсё, зноскі і каментарыі ў самім Святым Пісанні (калі ў нашым выданні такія ёсць), а таксама спецыялізаваныя каментарыі тэолагаў, біблістаў ці душпастыраў, біблійныя атласы, розныя даведнікі, слоўнікі, энцыклапедыі. Такога тыпу дапаможнікі аблягчаюць зразуменне розных складанасцей і таямніц біблійнага тэксту.
– У якіх крыніцах трэба шукаць каментарыі да Святога Пісання, каб не трапіць на вольнае і суб’ектыўнае трактаванне?
– Неабходна прызнаць, што Біблія па прычыне сваёй старажытнасці і прыналежнасці да іншага, зусім чужога для нас культурна-цывілізацыйнага асяроддзя, з’яўляецца складанай кнігай, часам нават загадкавай, адкрытай для розных інтэрпрэтацый. Таму правільнае разуменне сэнсу сакральных тэкстаў часта патрабуе значных спецыяльных ведаў.
На жаль, бывае, што задачу тлумачэння або каментавання Святога Пісання бяруць на сябе людзі, якія не маюць належнай навуковай падрыхтоўкі ці хочуць па розных прычынах здзейсніць свядомую маніпуляцыю тэкстам. Так узнікаюць каментарыі і іншыя “біблійныя дапаможнікі”, якія адлюстроўваюць некаторыя суб’ектыўныя перакананні іх аўтараў і якія замест таго, каб тлумачыць, засланяюць ці нават скажаюць сэнс тэкстаў Святога Пісання. Каб мінімізаваць рызыку трапіць на літаратуру такога тыпу, варта карыстацца экземплярамі, выдадзенымі ў надзейных і аўтарытэтных выдавецтвах, якія звычайна старанна клапоцяцца пра сваю рэпутацыю і не друкуюць кнігі сумніўнай каштоўнасці. Калі гэта магчыма, можна пазнаёміцца з біяграфіяй аўтара, каб даведацца, ці мае ён адпаведную спецыяльную адукацыю і ці прафесійна займаецца дысцыплінамі, звязанымі з Бібліяй.
Трэба таксама памятаць пра тое, што ў тэалогіі называецца аналогіяй веры: Святое Пісанне, якое з’яўляецца Божым Адкрыццём, не можа ўтрымліваць відавочных і непераадольных супярэчнасцей альбо зместу, які не згаджаецца з асноўнымі праўдамі веры.
Таму калі ў каментарыі да Бібліі ці ў іншым падобным выданні знаходзім занадта экстравагантныя выказванні, якія выклікаюць у нас унутраны пратэст, паколькі яны несумяшчальныя з праўдамі веры, якія вызнаём, альбо яўна супярэчаць іншым тэкстам Святога Пісання, неабходна разглядаць гэта як сігнал папярэджання: магчыма, мы маем справу з, мякка кажучы, не вельмі вартай публікацыяй.
– Ці можам інтэрпрэтаваць Святое Пісанне даслоўна?
– Каб адказаць на гэтае пытанне, выкарыстаю простую аналогію. Уявім сабе, што знаходзімся ў кнігарні, якая прапануе чытачам разнастайную літаратуру: энцыклапедыі, слоўнікі, падручнікі, афіцыйныя выданні дзяржаўных законаў, а таксама мастацкую літаратуру, паэзію, тэатральныя п’есы, дзіцячыя кнігі, анталогіі старажытных легенд, крымінальныя дэтэктывы і навуковую фантастыку, дзённікі і ўспаміны вядомых людзей і г. д.
Ці будзем аднолькава даслоўна інтэрпрэтаваць кожную з гэтых пазіцый, не беручы пад увагу ні намер аўтараў, ні жанр, ні літаратурныя ўмоўнасці, у якіх яны былі напісаны? Вядома, што не. Так і са Святым Пісаннем. Хоць як Божае Адкрыццё яно з’яўляецца адным цэлым, усё ж складаецца з мноства кніг, якія былі створаны ў розныя перыяды і адрасаваны розным катэгорыям чытачоў. Асобныя кнігі і нават асобныя часткі адной кнігі часта належаць да розных літаратурных жанраў і перадаюць Божыя ісціны рознымі сродкамі выражэння. Гэтая вялікая разнастайнасць Бібліі патрабуе не менш разнастайнага падыходу пры інтэрпрэтацыі яе тэкстаў.
Паказальна, што афіцыйны дакумент Папскай біблійнай камісіі пад назвай “Інтэрпрэтацыя Святога Пісання ў Касцёле” (1993), прадстаўляючы багацце метадаў і падыходаў да інтэрпрэтацыі біблійнага тэксту з іх моцнымі і слабымі бакамі, адназначна негатыўна ацэньвае г. зв. фундаменталісцкае чытанне, якое заключаецца ў даслоўным, літаральным трактаванні ўсіх без выключэння тэкстаў Святога Пісання, без належнага ўліку разнастайнасці літаратурных форм і жанраў, а таксама працэсаў, звязаных са стварэннем натхнёных Кніг, што прыводзіць да дэфармацыі біблійнага паслання і скажэння яго сэнсу.
– Як тлумачыць тэксты Бібліі дзецям і выхоўваць у іх любоў да Святога Пісання? З якога ўзросту варта пачынаць знаёміць дзяцей з Божым словам?
– У Другім Пасланні да Цімафея св. апостал Павел піша адрасату прыгожыя словы: “Ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя Пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Езуса Хрыста” (2 Цім 3, 14–15). З кантэксту відаць, што св. Павел вельмі пазітыўна ацэньвае той факт, што Цімафей з ранняга дзяцінства вывучаў Біблію – Божае слова. Ці з’яўляецца што-небудзь перашкодай, каб і сёння маленькія хрысціяне знаёміліся са Святым Пісаннем?
Напэўна, азнаямленне дзіцяці з Бібліяй можна распачаць тады, калі яно можа зразумець самыя простыя гісторыі, расказаныя бацькамі. У Святым Пісанні ёсць шмат простых па форме, але ў той жа час вельмі маляўнічых аповедаў, якія ўзрушваюць дзіцячую фантазію і выдатна падыходзяць для гісторый, якія могуць расказваць бацькі: стварэнне свету і чалавека, патоп, Вавілонская вежа, некаторыя падзеі з гісторыі патрыярхаў, з жыцця каралёў і ізраільскіх прарокаў, а ў Новым Запавеце – выбраныя эпізоды з жыцця і дзейнасці Пана Езуса, асабліва здзейсненыя Ім цуды... Вядома, дзіця зразумее ўсё гэта па-свойму, крыху наіўна. Не трэба хвалявацца па гэтай прычыне і спрабаваць навязваць малому змест, які перавышае яго пазнавальныя здольнасці. Усё мае свой час, і па меры сталення дзіця будзе разумець Божае слова лепш і глыбей.
Выдатнай дапамогай з’яўляецца г. зв. Біблія для дзяцей, у якой побач з адпаведна падабранымі фрагментамі Святога Пісання, перададзенымі простай і даступнай мовай, змешчаны цудоўныя ілюстрацыі. Такая Біблія будзе служыць дзіцяці доўгія гады: спачатку можна разам з ім праглядваць ілюстрацыі і расказваць аб тым, што на іх прадстаўлена; з часам, калі навучыцца чытаць, будзе самастойна звяртацца да тэксту; а калі вырасце і возьме ў рукі “звычайнае” Святое Пісанне, у яго застанецца цудоўнае памяць пра дзяцінства – першая “ўласная” Біблія.
– Ці трэба працягваць чытаць Біблію, калі не разумееш прачытанага?
– Не варта адчайвацца, калі нешта ў ёй нам няяснае. Чым больш будзем чытаць Святое Пісанне, тым лепш будзем яго разумець. У вывучэнні Божага слова мы трохі падобныя да немаўлят, якія вучацца размаўляць, слухаючы словы бацькоў, асабліва маці. Спачатку малое не разумее, што яму кажуць мама і тата, потым адрознівае прасцейшыя словы і спрабуе іх паўтарыць, і нарэшце за адносна кароткі час дзіця цалкам засвойвае мову сваіх бацькоў і ўсё свабодней і лягчэй ёю карыстаецца. У Бібліі Бог звяртаецца да нас, як любячы Айцец да сваіх дзяцей: чым даўжэй і настойлівей мы слухаем Яго Слова, тым больш яно становіцца для нас зразумелым і даступным.
Ангеліна Марцішэўская, паводле "Слова Жыцця"