Часам на вуліцах Гродна можна назіраць наступную карціну: сярод натоўпу блукае мужчына, падыходзіць да мінакоў і паказвае ім кішэнную Біблію. "А ў Вас ёсць?", – пытаецца ён. На станоўчы адказ пачынае заахвочваць да чытання Святога Пісання. Заўважаю, як да яго ставяцца людзі. Іх рэакцыя разнастайная, але ў большасці – ненавісны погляд або недарэчная ўсмешка і словы накшталт: "Так-так, я ўсё ведаю. Давайце не будзем працягваць…".
Па колькасці жыхароў, якія лічаць сябе веруючымі, Гродна можна назваць хрысціянскім горадам. Няўжо сярод нас так мала тых, каго б словы пра Добрую Навіну цешылі, а не напружвалі? Мне здаецца, справа не ў тым, што няма жадання размаўляць з вулічным прапаведнікам. Людзі не ўмеюць весці падобныя размовы, і, у рэшце рэшт, адсутнічае звычка гаварыць на духоўныя тэмы па-за святыняй.
Мужчына меў пры сабе пакет з надпісам: "Кожны хрысціянін – дабравеснік". А ці з’яўляемся мы, каталікі, дабравеснікамі? Зразумела, ведаем, калі трэба сена пакласці пад абрус, асвяціць ваду, устрымацца ад спажывання мяса і прыйсці ў касцёл. Але справа не ў захаванні традыцый. Так, гэта важныя элементы духоўнага жыцця каталіка, але толькі адны са сродкаў, якія набліжаюць нас да Бога. Перад унебаўшэсцем Езус сказаў сваім вучням: "Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню" (Ян 16,15). Гэтыя словы адрасоўваюцца кожнаму хрысціяніну. Каб выконваць даручэнне Хрыста, неабходна знаёміцца са Словам Божым. Мы, каталікі, рэгулярныя нядзельныя наведвальнікі храмаў, можам з упэўненасцю сказаць, што ведаем большасць гісторый з літургічных чытанняў. Але ці ўмеем мы карыстацца Святым Пісаннем?
Аднойчы а. Антоній Суражскі дзяліўся ўласным перажываннем Слова. Распавядаў, як пэўным разам, прачытаўшы урывак з Евангелля перад парафіянамі, адмовіўся гаварыць казанне. Папрасіў прабачэння і прызнаўся, што ўрывак з Бібліі яго не закрануў. Ён яго не перажыў, таму пропаведзі не будзе. Прычыну гэтага святар бачыў у сабе – ва ўласнай закрытасці на Духа Святога. А ці праймаюць мяне словы са Святога Пісання? Ці адкрыты я на іх?
Богу недастаткова нашых малітваў, рытуалаў, удзелу ў Імшах. Ён чакае ад людзей большага, хоча верных сведкаў, якія выйдуць са сваіх "межаў" і будуць абвяшчаць Евангелле. Усемагутны дае нам чарговы адрэзак жыцця. Што за гэты перыяд зменіцца ў духоўнасці? Ці будзе дынаміка? Магчыма, зноў давядзецца спаткаць на вуліцы дабравесніка, і гэтым разам атрымаецца раздзяліць з ім радасць Добрай Навіны
Ірэна