Кнігі – адно з выдатнейшых дасягненняў людской цывілізацыі і культуры. У розныя часы яны выглядалі па-рознаму: ад цяжкіх гліняных табліц да папіруса, ад вялікіх скураных фаліянтаў да друкавальнага станка і нарэшце да электроннай кнігі. Дарогу ў свет гэтых цудаў адкрыла нам першая кніга, якую амаль кожны з нас прачытаў – азбука.
Своеасаблівай азбукай, якая адчыніла нам шлях да хрысціянскага жыццця, жыцця нашай душы, поўнага жыцця, з’яўляецца Біблія. Напэўна, у кожнай хрысціянскай сям’і ёсць дома Біблія, і часцей за ўсё не адна. Яна з’яўляецца своеасаблівым сведкам “хрысціянскасці” свайго ўласніка: ці недатыкальна пыльная, ці ўся зацёртая, з падкрэсленнямі і ўласнымі нататкамі. Насамрэч Біблія з’яўляецца настолькі надзвычайным здарэннем у агульначалавечай гісторыі, што можна паставіць гэтую кнігу не проста на першае месца, а на самае асаблівае.
Важней за ўсё тое, што Біблія – гэта Слова Бога. Бога, які ведае Цябе і мяне, Слова, накіраванае менавіта да Цябе і мяне. Біблія – гэта гісторыя нашага збаўлення, гісторыя любові Бога, гісторыя пра Цябе і мяне. Гэта кніга аб нашай грэшнасці і людскасці, сакрэтах, марах, жаданнях і памкненнях, аб нашым сапраўдным жыцці без дэкарацый. Біблія адначасова і вельмі простая, і вельмі складаная, але заўсёды актуальная. Яна змяшчае адказы на разнастайныя пытанні, і галоўная праблема толькі ў тым, ці патрэбны нам яе адказы. Калі мы ўсведамляем усё гэта, то, хутчэй за ўсё, у нас можа прачнуцца жаданне дакрануцца да гэтай незвычайнай Скарбніцы Мудрасці.
Выбіраем Біблію
Калі з’явілася ахвота да чытання, а Бібліі, аднак, пад рукой няма, то збіраемся і ідзём у парафіяльны ці, калі Вы з Гродна, у курыяльны магазінчык (вул. К. Маркса, 4) і выбіраем сабе Біблію. Вельмі важна выбраць Біблію правільна. Гэта вельмі часта залежыць ад спосабу нашага жыцця. Калі мы шмат падарожнічаем, то лепш прыглядзець сабе кампактнае выданне з добрай вокладкай. Калі вядзём размераны тэмп жыцця, то лепш, каб Кніга была большай, з вялікімі літарамі і добрымі каментарыямі. Вельмі важна, каб Біблія, якую мы набылі ці ўжо маем, падабалася нам. Гэта будзе дадаваць ахвоты ў чытанні. Таксама важна вызначыцца з мовай, якую мы найлепш разумеем. Біблію неабходна дастасаваць і да нашага ўзросту, узроўню ведаў. Так для дзетак ёсць дзіцячая Біблія з малюнкамі, каб лягчэй успрымалася Божае слова. Тым, хто толькі пачынае ўглыбляцца ў хрысціянскае жыццё, лепш чытаць Новы Запавет, Лісты св. Паўла. Падлеткам падыдзе Кніга Апакаліпсіса св. Яна. Біблія таксама змяшчае спецыфічныя раздзелы ці кнігі, якія дапамогуць падчас складаных жыццёвых момантаў. Для тых, хто шукае мудрасці і парад, Біблія мае і гэты дэпазіт. Божае слова ўніверсальнае, прыстасаванае да кожнага чалавека.
Адно з найсучаснейшых выданняў з навейшым перакладам і дзіцячая Біблія
Біблія для кожнага
Розныя мовы Бібліі нясуць адзін і той самы сэнс
Урачысты Евангелярый
Біблія прафесійна
Шматкніжжа Бібліі
Кнігі, якія дапамагаюць у вывучэнні Бібліі
Біблія з’яўляецца прадметам сур’ёзных навуковых даследаванняў тэалагічных навук, крыніцай абгрунтавання каталіцкай веры, яе ісцін, запаведзей, сакрамантаў, маральнасці і г.д. Каб правільна разумець і растлумачваць змест Бібліі, неабходны грунтоўныя шматбаковыя веды, якіх, дарэчы, не маюць прэтэцыёзныя сектанцкія “біблісты”. Сярод іх:
• Мова. Трэба вельмі добра ведаць мовы, на якіх захоўваўся першы пісьмовы змест Бібліі: арамейскую, стараяўрэйскую, сірыйскую, эфіёпскую, старагрэчаскую і іншыя складаныя і мёртвыя мовы і дыялекты.
• Гісторыя, аўтарства, асяроддзе, час, геапалітычныя абставіны ўзнікнення дадзенага тэксту Бібліі.
• Патрыстыка – разуменне першымі Айцамі Касцёла тэкстаў Бібліі і іх каментарыі да яе.
• Герменэўтыка.
• Семантыка.
• Лексіка і інш.
Прафесійна гэтаму навучаюць усяго дзве навучальныя ўстановы ў свеце. Адна з іх знаходзіцца ў Іерусаліме, другая – у Рыме (Грыгарыянскі ўніверсітэт).
У кожным выпадку Біблія адчынена для кожнага чалавека. Яна змяшчае надзённы і глыбокі сэнсоўны змест. Слова Бога адчынена для нас і на нас. А што на гэта мы? А што на гэта я?
Аляксей з Наваградка