Як святкаваць дзень нараджэння ці 8 сакавіка, калі яны прыпадаюць на Вялікі пост? Ці забаронена ўвогуле святкаваць?
Адказвае а. Аркадзь Куляха OCD
Усім падабаецца святкаваць, радавацца і перажываць жыццёвыя падзеі ў коле сям’і, сяброў, знаёмых ці калег. Зразумела, святкаванне прыемнае і вясёлае, калі яно сапраўднае. Мы добра ведаем, што любая штучнасць і няшчырасць не толькі шкодзяць святкаванню, але і могуць яго разбурыць, пакінуўшы кашмарныя ўспаміны.
Урачыстае адзначэнне гадавіны дня нараджэння глыбока ўкаранёна ў традыцыі нашага народу і служыць пабудове сямейных і сяброўскіх сувязей у атмасферы любові і цеплыні. Ва “Уладары пярсцёнкаў” Рональда Толкіна апісваецца вельмі ўрачыстае святкаванне дня нараджэння Більба і Фрода Бэгінсаў, якія зладзілі сапраўдны банкет для 144 гасцей. Усе выдатна і радасна бавілі час. Зусім інакш святкаванне апісвае Оскар Уайльд у “Дні нараджэння інфанты”. Эгаістычная дачка іспанскага караля, якая прызвычаілася да таго, што ёй служаць, не можа ні да кога праявіць суперажыванне, а засяроджана толькі на сабе. Калі ў дзень яе нараджэння танцуючы карлік памёр з-за сардэчнага прыступу, маленькая прынцэса сказала: “На будучыню распарадзіцеся, каб у тых, хто гуляе са мной, не было сэрцаў”.
Добра адсвяткаваныя дзень нараджэння, імяніны ці іншая ўрачыстасць з’яўляюцца нагодай, каб уважыць чалавека, але таксама, асабліва ў выпадку дзяцей, вучаць суперажываць, думаць пра іншых і цешыцца не толькі ўласнаму шчасцю.
Ёсць вельмі шмат людзей, чые дні нараджэння прыпадаюць на Вялікі пост. Яны пытаюцца, як святкаваць у посце? Давайце паглядзім, чаму вучыць катэхізіс. 4-ты касцёльны наказ гучыць наступным чынам: “Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах”. Многія чытачы, напэўна, з урокаў рэлігіі ведаюць аб пазбяганні “гучных” забаў. Дзеючы ў цяперашні час закон гаворыць аб забавах наогул, не ўдакладняючы, якія яны. Касцёл пакідае на сумленне вернікаў вызначэнне рамак і спосабу перажывання Вялікага посту. Безумоўна, дыскатэкі, танцы і гучную музыку неабходна выключыць. Варта памятаць, што мэта гэтых наказаў – дапамагчы вернікам у самакантролі і фарміраванні свабоды сэрца.
Дзень нараджэння, падобна як імяніны і розныя гадавіны, з’яўляецца добрай нагодай, каб падзякаваць Богу за атрыманае жыццё і незлічоныя дары. На самой справе, такія дні нагадваюць нам пра Божую дабрыню! Таму здаецца, што лепшы спосаб адзначыць уласныя святы – гэта, перш за ўсё, малітва. Па магчымасці варта паклапаціцца пра ўдзел у св. Імшы ў гэты дзень. Годным для пераймання з’яўляецца замаўленне многімі вернікамі св. Імшы з нагоды важных дат сваіх блізкіх альбо ўласных. Я асабіста раю ў гэты дзень альбо напярэдадні прыступіць да споведзі, каб з чыстай душой прыняць св. Камунію. Паколькі асабістыя і сямейныя святы – гэта нагода для будавання сямейнай супольнасці, варта паклапаціцца пра ўдзел у св. Імшы як родных, так і сяброў. Я сустракаў вернікаў, якія з нагоды свайго дня нараджэння разам з удзельнікамі вечарыны спачатку маліліся на св. Імшы ў касцёле. Гэта вельмі прыгожы і варты пераймання прыклад.
Падчас Вялікага посту можна арганізаваць дзень нараджэння ці імяніны, але трэба памятаць пра забарону на ўдзел у забавах. Канешне, не трэба адмаўляць маленькім дзецям у святкаванні дзён нараджэння і ў дзіцячых гульнях. Спадзяюся, дарослыя чытачы пагодзяцца са мной, што можна адчуць радасць і без дыскатэкі ці гучнай музыкі, без алкаголю або, па меншай меры, без напівання. У такім выпадку нават ёсць больш магчымасцей для сяброўскіх размоў. Іншае пытанне, калі нас запрашае на свята хтосьці, хто не захоўвае пост. Тады, пасля добрага роздуму, можна абмежавацца складаннем пажаданняў і ўручэннем падарунка, адмаўляючыся ад удзелу ў прыёме. Вядома, ёсць святы, якія можна перанесці. Аднаму парафіяніну ў Нарачы ў Вялікім посце спаўнялася 50 гадоў. У той дзень ён разам з сям’ёй прысутнічаў на св. Імшы ў касцёле, а юбілей святкаваў толькі пасля Вялікадня. Мне здаецца, што гэта добры прыклад для пераймання.
Вельмі часта ў Вялікі пост адзначаецца Жаночы дзень – адно са свят, якое глыбока ўкаранілася ў культуры нашага народу. Як і ў выпадку дня нараджэння, імянін ці любой іншай нагоды, у гэты дзень вернікі маюць асаблівую прычыну маліцца праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, апякункі ўсіх жанчын. Безумоўна, не парушым дух Вялікага посту, павіншаваўшы дарагіх жанчын і з’еўшы кавалак смачнага торта альбо выпіўшы бакал віна. Наша семінарыйная супольнасць у Пінску штогод віншавала жанчын, якія служылі ў семінарыі. Была супольная малітва, пажаданні, спеў алюмнаў і ўрачыстая трапеза. Удзел у масавых мерапрыемствах з нагоды 8 сакавіка, а таксама арганізацыя ў гэты дзень шумнай забавы, звязанай са злоўжываннем алкаголем і вечарынамі (з гучнай музыкай і танцамі), несумненна, будзе парушэннем 4-га касцёльнага наказу.
У перыяд Вялікага посту можна сустрэцца з сям’ёй ці сябрамі, схадзіць у тэатр, кінатэатр ці філармонію. Для некаторых людзей, залішне паглынутых паўсядзённымі справамі, такое баўленне часу можа быць нават добрым велікапосным учынкам. Правільнае перажыванне Вялікага посту – гэта не толькі адмаўленні і абмежаванні, але, перш за ўсё, час добрых спраў і самарэфлексіі, малітвы, міласціны, дапамогі бедным і дбайнага выканання сваіх абавязкаў.
Усім жанчынам, а таксама тым, хто ў бліжэйшы час святкуе свае дні нараджэння, імяніны і іншыя святы, я жадаю шчодрага бласлаўлення і каб дзякуючы Божай ласцы яны змаглі добра выкарыстаць час падрыхтоўкі да свята Уваскрасення Пана.
З малітвай, а. Аркадзь