Skip to main content

Як пазбавіцца ад самабічавання? Як правільна ставіцца да адчування, што не выконваеш свае абавязкі перад Богам, блізкімі? Як перастаць параўноўваць сябе з навакольнымі і адчуваць сябе на іх фоне нікчэмным?

woman with magnifying glass magnifier white space 163305 8915Як пазбавіцца ад самабічавання? Як правільна ставіцца да адчування, што не выконваеш свае абавязкі перад Богам, блізкімі? Як перастаць параўноўваць сябе з навакольнымі і адчуваць сябе на іх фоне нікчэмным? Ганна, 28 гадоў

Адказвае кс. Артур Ляшнеўскі

Самабічаванне, незадаволенасць з таго, што я раблю для Бога і іншых, параўнанне сябе з іншымі і пастаяннае прыніжэнне сябе – гэта яскравыя рысы скрупулёзнага чалавека, часта звязаныя з неапрацаваным эгаізмам і, магчыма, нарцысізмам.

У жыцці скрупулёзных асобаў дамінуюць страх і няўпэўненасць. Нібы я горшы за іншых і няздатны да таго ці іншага. Такія самыя адчуванні нараджаюцца наконт адносінаў з Богам у духоўным жыцці. Такія асобы губляюць здольнасць ацэньваць свае паводзіны на практыцы. Хоць яны могуць дакладна ацаніць тэарэтычныя сітуацыі, падобныя да іх, і даць добрыя парады іншым, яны застаюцца бездапаможнымі перад сабой.

Каб зразумець прыроду скрупулёзаў, трэба звярнуцца да лацінскага кораня тэрміна гэтай праблематычнай з'явы. Скрупул – літаральна “каменьчык” – першапачаткова азначаў надзвычай дробную вагу, якая нахіляла шалі толькі самых адчувальных вагаў. Такім чынам, выкарыстанне гэтага слова ў маральным сэнсе азначала залішнюю педантычнасць пры абмеркаванні пытанняў, звязаных з функцыянаваннем сумлення. Вы можаце параўнаць скрупулі з малюсенькім каменьчыкам, які трапляе ў ваш абутак і робіць любы рух балючым. Праблема, аднак, у тым, што гэтага каменьчыка няма ў чаравіку, хаця карыстальніку абутку здаецца зусім іншае, альбо – што робіць справу яшчэ больш заблытанай – ён не зусім упэўнены, ёсць ён ці не. Такім чынам, скрупулёзны чалавек захоўвае памылковае меркаванне, якое фактычна паралізуе яго.

Часам чалавечыя і духоўныя комплексы нас перапаўняюць... Празмерная самакрытычнасць – не рэдкая праблема, яна часта ўключаецца як аўтапілот у жыцці многіх з нас. У перспектыве гэта можа паўплываць на нашае псіхічнае здароўе і функцыянаванне жыцця.

На падставе ўласнага досведу св. Ігнацый Лаёла прапаноўвае такім асобам як сродак для барацьбы “разважанне пра міласэрнасць”. Гэтая медытацыя базуецца на тым, што чалавек цалкам не ў стане выплаціць велізарную запазычанасць перад Панам, велічыню якой ён нават не можа ацаніць. Гэта становіцца немагчымым, бо чалавек не прымае, што Той, каму ён вінны, даруе, забывае і дае яму незразумелую і свабодную любоў. Гэта вопыт, які здымае хваравітае пачуццё запазычанасці, нараджаючы мір і ўдзячнасць Богу.

Такім чынам, св. Ігнацый раіць актыўна ахопліваць сваё жыццё – значыць выйсці з безнадзейнасці, увайсці ў вопыт вылячэння і ўбачыць сваю будучыню, а не спыняцца ў разбуральным мінулым, на ранах і недахопах. Такая сітуацыя больш не разбурае псіхіку дзякуючы прымірэнню з самім сабой. Прымірэнне, крыніцай якога з'яўляецца Божая міласэрнасць, дае сапраўдны супакой душы.

Кожны з нас – вобраз Божы, унікальны і непаўторны. Гэта значыць, няма горшых у Божых вачах: ёсць іншыя, але не горшыя. Нам трэба больш засяроджвацца не на сваіх ранах, але на ранах Езуса Хрыста, бо ў іх, як кажа прарок Ісая, “аздараўленне нашае”.

З павагай, кс. Артур

 

Рэдагавана: 21 Студзеня 2021