Ці можа католік звяртацца за дапамогай да асцеапата? Вольга Арашкевіч
Кожны чалавек усведамляе крохкасць свайго здароўя. Спакон вякоў людзі рознымі спосабамі спрабуюць абараніць сябе ад слабасці, старасці і смерці. Гэта паспрыяла ўзнікненню альтэрнатыўнай медыцыны і працягвае выклікаць з’яўленне розных метадаў “лячэння” ў яе межах.
Адзін з іх – асцеапатыя, дыягностыка і лячэнне захворванняў з дапамогай умелых рук, што палягае на г. зв. “цэласным падыходзе”. Метад робіць акцэнт на тым, што чалавек – адно фізічнае, духоўнае і псіхалагічнае цэлае, і гэтыя плоскасці нельга раздзяліць. Такім чынам, асцеапатыя мяркуе, што мануальнае ўздзеянне на арганізм можа паўплываць на розум і дух. Вядома, мы павінны браць пад увагу ўсяго чалавека, але цэласны падыход не заўсёды з’яўляецца правільным.
Для мяне няма ніякіх сумневаў, што некаторыя хваробы можна “вымасаваць” і вылечыць з дапамогай масажа. Напрыклад, перамагчы боль у плячах або змякчыць перанапружанне цягліц. Аднак нельга замяняць мануальным уздзеяннем традыцыйную медыцыну там, дзе яна неабходна. Калі гаворка ідзе пра дэпрэсію, прычынай узнікнення якой напэўна не з’яўляецца здранцвелая мышца, варта звярнуцца да лекаў.
Трэба проста глядзець на рэчы мудра і аналізаваць, дзе корань хваробы ляжыць на паверхні, дзе глыбей, а дзе чалавеку звычайна патрэбна таблетка ад грыпу.
З пашанай, кс. Алег Кудэрка