Як Касцёл тлумачыць урывак з Евангелля паводле Мацвея: “А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць” (Мц 5, 32)? Ці значыць, што калі жонка здрадзіла мужу, і ён даведаўся пра гэта, то шлюб становіцца нядзейсным, і муж мае права развесціся з ёй? Іван Зізюля
Чытаючы фрагмент з Евангелля паводле св. Мацвея (Мц 5, 32), можа ўзнікнуць уражанне, нібы нявернасць, дапушчаная праз жанчыну, неадхільна караецца аддаленнем, разводам. Такую выснову можна зрабіць, калі даслоўна, літаральна ўспрымаць Божае Слова, не зважаючы на герменеўтыку евангелічных тэкстаў. Гэта значыць, калі не браць пад увагу сацыяльныя абставіны, культуру, спецыфіку сужэнскіх адносін таго перыяду.
Гледзячы з перспектывы часу, можна сцвердзіць, што справа сужэнства з’яўляецца прыярытэтнай для Касцёла і грамадства. Мы, як католікі, не можам карыстацца выключна і даслоўна Божым Словам, бо з Ім у пары ідзе як традыцыя, так і навучанне Касцёла. Гледзячы на згаданы фрагмент праз гэтыя тры прызмы, трэба адзначыць, што сужэнская здрада не з’яўляецца падставай для разводу і аддалення сваёй другой паловы.
Каб больш дакладна растлумачыць справу, варта правесці маральную паралель з пункту гледжання Касцёла. Калі хрысціянін грашыць, калі дапускае нават цяжкія правіны, Касцёл не ліквідуе сакрамант хросту, праз які далучыў чалавека да супольнасці. Наадварот, ён прабачае і дае магчымасць выправіцца. У такім выпадку, чаму ў адносінах паміж двума людзьмі не заіснавала бы прабачэнне? Менавіта справа прабачэння павінна быць ключавой у сужэнстве, а не развод. Бо якое ўвогуле значэнне мела б шлюбная прысяга, калі б не брала пад увагу такую праблему як здрада?
З пашанай, кс. Максім Бачарнікаў