Даводзілася чуць, што сярод праваслаўных вернікаў існуе меркаванне: нельга ўяўляць Хрыста, калі звяртаешся да Яго ў малітве. Нібыта падобным чынам можна сысці з розуму. Як адказаць на падобную крытыку? Антон Занеўскі
Перш за ўсё, разгледзім дадзенае пытанне з пункту гледжання псіхалогіі. Чалавек не будзе супраціўляцца натуральным магчымасцям свайго розуму. Нават тую інфармацыю, якой мы валодаем, нам часта дапамагае знайсці ўяўленне (напрыклад, узгадваем, як штосьці выглядала, у якім месцы адбывалася падзея і г. д.).
Псіхалогія дапамагае зразумець і пэўныя духоўныя справы, якія адбываюцца ўнутры нас. У гэтых выпадках уяўленне можа саслужыць добрую службу: часта ў малітве Божым словам (разважаннях над Бібліяй) уяўленне дапамагае “ўвайсці” ў Евангелле – убачыць месца, абставіны, асоб, Езуса, які прамаўляе да сабраных. Можна заўважыць, што на пачатковых этапах малітвы ўяўленне стварае для чалавека пэўную атмасферу ўнутранага духоўнага жыцця. Пасля, калі чалавек глыбей уваходзіць у адносіны з Богам, Ён можа паддаць душу чалавека ачышчэннню (пра гэта гаворыць св. Ян ад Крыжа). Госпад ачышчае розум, волю, пачуцці і ўяўленне, каб чалавек, сутыкаючыся з Ім, не абапіраўся на сваім: на тым, што ён думае пра Бога, чаго хоча ад Яго, якім уяўляе, як адчувае. Падобнае ачышчэнне належыць да сферы хрысціянскай містыкі. Душа, якая знаходзіцца на этапе містычнага досведу, перажывае “сухасць” – моцна пакутуе і адчувае сябе апусцелай.
Разам з тым, многія духоўныя настаўнікі Каталіцкага Касцёла перасцерагалі сваіх вучняў ад таго, каб падчас малітвы не канцэнтравацца выключна на ўяўленні Езуса Хрыста ці Маці Божай. Уяўленне павінна дапамагаць паглыбляць сувязь з Богам, а не абмяжоўвацца да ролі крыніцы духоўнага задавальнення.
Тут варта ўзгадаць словы дамініканскага містыка Мейстэра Экхарта: “Уяўленне з’яўляецца магутным інструментам малітвы, калі вядзе ў глыбіні духоўнага жыцця, дапамагае ўдзельнічаць у ім і асэнсоўваць праўду, што падуманае намі пра Пана Бога не з’яўляецца Богам”.
Калі падыдзем да пытання з практычнага боку, то ўсвядомім, што, напрыклад, без уяўлення Пана праваслаўныя іканапісцы наўрад ці стварылі б такую багатую і напоўненую духоўным зместам школу праваслаўнага іканапісу. Працуючы над іконай, жывапісец моліцца, посціцца, чытае Святое Пісанне. Тым самым ён просіць Бога “паказаць”, якой павінна быць ікона, якую ён стварае. Сам працэс напісання святога абраза з’яўляецца па сваё сутнасці размовай з Усявышнім. Такім чынам, у напісанні іконы ўзаемадзейнічаюць і Божае натхненне, і ўласнае бачанне чалавека.
***
На заканчэнне варта адзначыць: каб уяўленне вяло нас да Нябеснага Айца і паглыблення духоўнага жыцця, мы павіны скіроўваць яго на тое, што Божае, святое, чыстае, годнае, прыгожае і сапраўднае.
З малітвай, кс. Павел Скуба